МУЗЕ́Й ВЫЯЎЛЕ́НЧЫХ МАСТА́ЦТВАЎ імя А.​С.​Пушкіна ў Маскве,

збор замежнага мастацтва; другі ў Расіі па значнасці (пасля Эрмітажа). Утвораны на аснове Кабінета прыгожых мастацтваў пры Маскоўскім ун-це, існаваў з сярэдзіны 19 ст., пераўтвораны па ініцыятыве праф. І.​Цвятаева ў Музей злепкаў. Адкрыты ў 1912 як Музей прыгожых мастацтваў імператара Аляксандра III пры Маскоўскім ун-це; з 1917 Музей прыгожых мастацтваў, з 1937 сучасная назва. Першапачаткова ў калекцыю музея ўваходзілі злепкі з шэдэўраў ант. і зах.-еўрап. скульптуры, складзены гісторыкам У.​Галянішчавым: збор помнікаў мастацтва Стараж. Егіпта, твораў еўрап. жывапісу, ант. ваз і манет. Пасля 1917 фонды музея папаўняліся творамі з Эрмітажа, Траццякоўскай галерэі, Музея новага зах. мастацтва, інш. музеяў і прыватных калекцый (А.​Бракара, В.​Мандла, Дз.​Шчукіна і інш.). Музей захоўвае помнікі мастацтва Стараж. Усходу, ант. Грэцыі і Рыма, Візантыі, краін Усх. і Зах. Еўропы. У карціннай галерэі вылучаюцца зборы палотнаў галанд. і флам. (Рэмбрант, Я. ван Ройсдал, Г.​Тэрбарх, А. ван Астадэ, Я.​Іорданс, Ф.​Снейдэрс, П.​П.​Рубенс, А. ван Дэйк), франц. (Н.​Пусэн, К.​Ларэн, А.​Вато, Ф.​Бушэ, Ж.​Л.​Давід, К.​Каро, Г.​Курбэ) і інш. школ; адзін з лепшых у свеце збораў майстроў барбізонскай школы, франц. імпрэсіяністаў (К.​Манэ, К.​Пісаро, А.​Рэнуар), постімпрэсіяністаў (В. ван Гог, П.​Гаген, П.​Сезан), а таксама творы А.​Матыса і П.​Пікасо. У аддзеле гравюры і малюнка каля 350 тыс. твораў еўрап., усх. і рас. графікі. З 1981 музей праводзіць муз. фестывалі, якія суправаджаюцца тэматычнымі маст. выстаўкамі. У 1985 створаны фонд маст. фотаздымкаў, у 1994 — Музей асабістых калекцый (на правах навук. аддзела).

Літ.:

Государственный музей изобразительных искусств им. АС.​Пушкина: [Альбом]. М., 1989;

Государственный музей изобразительных искусств им. А.​С.​Пушкина: Кат. картинной галереи. Живопись. Скульптура. Миниатюра. М., 1986.

Будынак Музея выяўленчых мастацтваў імя А.​С.​Пушкіна.
Зала антычнай скульптуры Музея выяўленчых мастацтваў імя А.​С.​Пушкіна ў Маскве.

т. 11, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЯ МЕТЭАРАЛО́ГІЯ,

старажытная галіна нар. ведаў пра магчымае надвор’е ў бліжэйшы ці больш аддалены час. Выклікана неабходнасцю арыентавацца ў зменах стану надвор’я для аптымальнага вядзення гаспадаркі, земляробства. Прадказанні надвор’я засноўваліся на шматвяковым вопыце, назіральнасці, глыбокім веданні прыроды. Геагр. месцазнаходжанне, кліматычныя ўмовы і інш. вызначаюць характэрныя асаблівасці Н.м. ў розных народаў.

На Беларусі зыходнымі ў прадказанні надвор’я найчасцей былі каляндарныя святы, перыяды (адліга на Каляды — вясна будзе ранняя, а лета багатае). У прыкметах устанаўлівалася залежнасць характару надвор’я паміж асобнымі каляндарнымі днямі і перыядамі (калі перад Калядамі мароз і завіруха, то перад Вялікаднем будзе цёпла і ціха). Меркавалі пра будучае надвор’е таксама на падставе самаадчування чалавека, арганізм якога рэагаваў на змены атмасфернага ціску, набліжэнне ападкаў. Вял. колькасць метэаралагічных прагнозаў складаюць нар. павер’і, заснаваныя на назіраннях людзей за жывёльным светам, птушкамі, насякомымі (певень спявае ўвечары — будзе дождж ці адліга; калі пчолы з раніцы сядзяць у вуллі і гудуць, а мурашкі хаваюцца ў мурашніку — будзе дождж). Асаблівасці росту, цвіцення, выспявання пладоў розных раслін тлумачылі як прадказанне пэўных зрухаў у надвор’і, як прагноз на асаблівасці будучых пор года (напр., калі шмат баравікоў, то зіма будзе вельмі снежная). Прызнанымі арыенцірамі ў вызначэнні надвор’я лічыліся нябесныя свяцілы (сонца заходзіць у хмары — на дождж). Ад маладзікоў заўсёды чакалі атмасферных перамен. Уважлівае ўзіранне ў разнастайныя праявы навакольнага свету і ўменне ўлавіць іх прычынна-выніковую залежнасць дазволілі выпрацаваць цэлую сістэму ведаў у галіне Н. м. Пад увагу браліся таксама ўзаемасувязі атмасферных з’яў (чырвоныя воблакі пасля заходу сонца паказвалі на вецер). Прадказвалі надвор’е і па рэху: калі голас разлятаўся далёка, то чакалі пагоду, калі, наадварот, быў глухі — то непагадзь. Патрэба выклікаць тое ці інш. надвор’е нарадзіла ў свядомасці сялян комплекс магічных дзеянняў, рытуалаў (сыпалі мак у калодзеж, каб пайшоў дождж). Многія з нар. прыкмет знаходзяць у наш час навук. абгрунтаванне і ўзбагачаюць веды сучасных сіноптыкаў.

У.​А.​Васілевіч.

т. 11, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЎРАПАТАЛО́ГІЯ (ад неўра... + паталогія),

неўралогія клінічная, раздзел клінічнай медыцыны, які вывучае прычыны ўзнікнення, механізмы развіцця, дыягностыку, лячэнне і прафілактыку нервовых хвароб.

Захворванні нерв. сістэмы апісаны ўжо ў працах Гіпакрата, Цэльса і інш. У самаст. галіну медыцыны вылучылася ў сярэдзіне 19 ст., у Расіі — з прац А.​Я.​Кажэўнікава. які ў 1869 арганізаваў адну з першых у свеце клінік, у 1870 — першую ў Расіі кафедру нерв. хвароб.

На Беларусі заснавальнік Н. — М.Б.Кроль. Па яго ініцыятыве ў 1923 створана кафедра нерв. хвароб мед. ф-та БДУ, у 1924 — ін-т фіз. метадаў лячэння (з 1949 Неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі НДІ). Кіраўнікі школы бел. неўрапатолагаў (неўролагаў) — Д.А.Маркаў, І.П.Антонаў. Навук. даследаванні праводзяцца па пытаннях нейраінфекцый, эпілепсіі, дэміэлізуючых захворванняў нерв. сістэмы, сасудзістых пашкоджанняў галаўнога і спіннога мозга, грыпу і паразітарных захворванняў нерв. сістэмы, клінічных праяў паяснічнага астэахандрозу, выкарыстання выліч. тэхнікі ў Н. Вядучыя спецыялісты па Н.: В.І.Вацякоў, Я.Я.Гардзееў, С.Ё.Гінзбург, Л.С.Гіткіна, А.Л.Леановіч, М.С.Місюк, Г.К.Недзьведзь, І.І.Протас, І.Л.Саснавік, М.Ф.Філіповіч і інш. З 1957 развіваецца дзіцячая Н. (у 1980 адкрыта кафедра пры Бел. НДІ ўдасканалення ўрачоў). Вывучаюцца асаблівасці клінікі і цячэння захворванняў нерв. сістэмы ў дзяцей: неўралагічныя расстройствы пры рэўматызме і дыфузных хваробах злучальнай тканкі, гіперкінезы, эпілепсія і прыпадкі, дзіцячыя цэрэбральныя паралічы, спадчынныя хваробы, паражэнні нерв. сістэмы ў нованароджаных (Г.Г.Шанько і інш.). Працуюць (2000): 7 клінік нерв. хвароб у Мінскім, Гродзенскім, Гомельскім мед. ін-тах, Віцебскім мед. ун-це, Бел. НДІ удасканалення ўрачоў (2), Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі.

Літ.:

Антонов И.П., Шанько Г.Г. К истории развития невропатологии в Белоруссии за годы Советской власти // Вопросы истории медицины и здравоохранения. Мн., 1968;

Дривотинов Б.В. Неврологические нарушения при поясничном остеохондрозе. Мн., 1979;

Марков Д.А., Злотник Э.И., Гиткина Л.С. Инфаркт мозга. Мн., 1973;

Шанько Г.Г. Эпилепсия у детей: классификация, диагностика, лечение. Мн., 1997;

Энциклопедия детского невролога. Мн., 1993.

Г.​Г.​Шанько.

т. 11, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ́ТАН ((Newton) Ісаак) (4.1.1643, Вулстарп, каля г. Грантэм, Вялікабрытанія — 31.3.1727),

англійскі фізік, матэматык і астраном, стваральнік класічнай механікі і асноў сучаснага прыродазнаўства. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1672, з 1703 яго прэзідэнт). Замежны чл. Парыжскай АН (1699). Скончыў Трыніты-каледж Кембрыджскага ун-та (1665). У 1669—1701 заг. кафедры матэматыкі гэтага ун-та. З 1696 даглядчык, з 1699 дырэктар Манетнага двара ў Лондане. Навук. працы па механіцы, оптыцы, астраноміі, матэматыцы. Даў азначэнні зыходных паняццяў і сфармуляваў асн. законы класічнай механікі (гл. Ньютана законы механікі). Адкрыў сусветнага прыцягнення закон. Увёў тэрмін «гравітацыя» і стварыў класічную тэорыю гравітацыі. На яе аснове растлумачыў Кеплера законы, асаблівасці руху Месяца, прэцэсію Юпітэра, прапанаваў тэорыю фігуры Зямлі, тэорыю прыліваў і адліваў. У галіне оптыкі адкрыў дысперсію святла (1666), храматычную аберацыю, інтэрферэнцыю святла ў тонкіх слаях паветра (гл. Ньютана кольцы). Сканструяваў люстэркавы тэлескоп-рэфлектар (1668), вынайшаў рэфлектарны мікраскоп (1672) і секстант. Развіў карпускулярную тэорыю святла. Распрацаваў дыферэнцыяльнае і інтэгральнае злічэнні (1665—66; гл. Ньютана—Лейбніца формула), пашырыў бінаміяльную формулу на выпадак адвольных рэчаісных паказчыкаў (гл. Ньютана біном). Гал. праца Н. — «Матэматычныя асновы натуральнай філасофіі» (1687), якая стала фундаментам класічнай фізікі і вызначыла развіццё прыродазнаўства ў наступныя 2 стагоддзі. У аснову ньютанаўскай карціны свету пакладзены паняцці абс. прасторы і часу, апісанне фіз. ўзаемадзеяння праз паняцце сілы, тэорыя далёкадзеяння, а таксама філас.-тэалагічныя погляды Н. Яго імем названа адзінка сілы ў СІ — ньютан.

Тв.:

Рус. пер. — Всеобщая арифметика или книга об арифметических синтезе и анализе. М., 1948;

Оптика или трактат об отражениях, преломлениях, изгибаниях и цветах света. 2 изд. М., 1954;

Математические начала натуральной философии. М., 1989.

Літ.:

Исаак Ньютон, 1643—1727: Сб. статей к трехсотлетию со дня рождения. М.; Л., 1943;

Карцев В.П. Ньютон. М., 1987;

Вавилов С.И. Исаак Ньютон, 1643—1727. 4 изд. М., 1989.

М.​М.​Касцюковіч.

І.Ньютан.

т. 11, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАЗААЛО́ГІЯ (ад палеа... + заалогія),

навука аб выкапнёвых жывёлах; раздзел палеанталогіі і заалогіі. Падзяляецца на П. беспазваночных (палеаэнтамалогія, палеамалакалогія і інш.) і П. пазваночных (палеаіхтыялогія, палеаарніталогія, палеатэрыялогія і інш.). Звязана з інш. біял. навукамі, гіст. геалогіяй, стратыграфіяй.

Рэшткі выкапнёвых жывёл вядомы са стараж. часоў. Шмат іх сабрана і апісана ў 16—18 ст. (Г.Агрыкала, франц. вучоны Б.​Палісі, дацкі — Н.​Стэна, англ. — Дж.​Хантэр і інш.). Як навука П. ўзнікла ў канцы 18 — пач. 19 ст. (заснавальнік П пазваночных — Ж.Кюўе, беспазваночных — Ж.Б.Ламарк) і развівалася працамі А.Д.Д’Арбіньі, швейц. вучонага Ж.Л.​Р.​Агасіса, італьян. — Дж.​Брокі, ням. — Р.​І.​Фішэра фон Вальдгайма і інш. У пасля-дарвінаўскі перыяд уклад у развіццё П. зрабілі Л.Дало, М.Ноймайр, Р.Оўэн, амер. вучоныя Дж.​Лейдзі, О.​Ч.​Марш, Э.​Коп, Г.​Ф.​Осбарн, ням. — К.​А.​Цытэль, рас. — Ю.А.Арлоў, У.А.Кавалеўскі, Б.С.Сакалоў, П.П.Сушкін, Л.П.Татарынаў, У.​П.​Амаліцкі, А.​А.​Барысяк, А.​В.​Мартынаў, С.​М.​Нікіцін, Дз.​У.​Обручаў, М.​В.​Паўлава, А.​П.​Паўлаў і інш.

На Беларусі П. развіваецца з 19 ст. Сістэм. даследаванні вядуцца з 1950-х г. у Бел. геолагаразведачным НДІ (да 1970 Геал. ін-т АН БССР), з 1970-х г. таксама ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі (А.В.Фурсенка, В.​С.​Акімец, В.​К.​Галубцоў, С.​Ф.​Зубовіч, П.​Ф.​Каліноўскі, С.​А.​Кручак, А.​М.​Матузка, В.​М.​Мотуз, У.​І.​Назараў, В.​І.​Пушкін, В.​В.​Шчаглова і інш.). Вывучаюцца выкапнёвыя прасцейшыя, ракападобныя, малюскі, насякомыя, млекакормячыя і інш., у больш чым 250 месцах выяўлены рэшткі стараж. насякомаедных, рукакрылых, зайцападобных, грызуноў, драпежных, хобатных, няпарна- і парнакапытных.

Літ.:

Палеонтология беспозвоночных. М., 1962;

Антрапаген Беларусі. Мн., 1971;

Калиновский П.Ф. Териофауна позднего антропогена и голоцена Белоруссии. Мн., 1983;

Яго ж. Падарожжа ў мінулае да «братоў нашых меншых». Мн., 1999.

т. 11, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСКАРА́ЛЬНІКІ ЗАРА́ДЖАНЫХ ЧАСЦІ́Ц,

устаноўкі для атрымання зараджаных часціц (электронаў, пратонаў, атамных ядраў, іонаў і інш.) высокіх энергій (больш за 1 МэВ) за кошт іх паскарэння ў эл. полі.

У 1919—32 развіццё П.з.ч. грунтавалася на атрыманні высокіх напружанняў і іх выкарыстанні для паскарэння зараджаных часціц. У 1931 створаны электрастатычны генератар (гл. Ван-дэ-Граафа генератар), у 1932 — каскадны генератар, што дазволіла атрымліваць патокі паскораных часціц з энергіяй да 10 МэВ. У 1931—44 распрацаваны рэзанансныя метады паскарэння часціц, пры якіх паскораныя часціцы шматразова праходзілі паскаральны прамежак і набіралі энергію пры адносна невял. паскаральным напружанні (гл. Цыклатрон). У 1940 пабудаваны цыклічны індукцыйны паскаральнік электронаў — бэтатрон. У 1950-я г. прапанаваны прынцыпы аўтафазіроўкі і моцнай факусіроўкі часціц, у выніку павялічыліся межы дасягальных энергій у цыклічных і лінейных П.З.Ч. Існуюць лінейны паскаральнік даўжынёй больш за 3 км, дзе электроны і пазітроны маюць энергію да 45 ГэВ (г. Станфард. ЗША); цыклічны паскаральнік з даўжынёй арбіты каля 27 км з энергіяй да 103 ГэВ (г. Жэнева, Швейцарыя); тэватрон паскарае пратоны і антыпратоны да энергіі 940 ГэВ (г. Батавія, ЗША). Развіццё паскаральнікаў звязана з павелічэннем энергій паскораных часціц, нарошчваннем іх інтэнсіўнасці (сілы току ў пучку) і працягласці імпульсу паскоранага пучка. Распрацоўваюцца новыя і ўдасканальваюцца метады паскарэння, дзе выкарыстоўваюцца звышправодныя матэрыялы ў магнітах і паскаральных сістэмах. аўтам. кіраванне, паскаральнікі 3 накапляльнымі кольцамі (гл. Паскаральнік з сустрэчнымі пучкамі) і інш. Выкарыстоўваюцца для навук. мэт (нараджэння новых часціц, атрымання штучных нуклідаў, вывучэння ядз. рэакцый, для доследаў у радыебіялогіі, хіміі, фізіцы цвёрдага цела і інш.), а таксама ў металургіі (для дэфектаскапіі), дрэваапр. прам-сці (для хуткай высакаякаснай апрацоўкі вырабаў), харч. прам-сці (для стэрылізацыі прадуктаў), медыцыне (для прамянёвай тэрапіі, «бяскроўнай хірургіі» і інш.). Гл. таксама Фазатрон, Сінхрафазатрон.

Літ.:

Комар Е.Г. Основы ускорительной техники. М., 1975;

Лебедев АН., Шальнов А.В. Основы физики и техники ускорителей. 2 изд. М., 1991.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 12, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТСДА́М (Potsdam),

горад на У Германіі, каля паўд.-зах. ускраіны Берліна. Адм. ц. зямлі Брандэнбург. Каля 150 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт на р. Хафель. Прам-сць: маш.-буд. (буд-ва і рамонт цеплавозаў, рачных суднаў, дакладная механіка і оптыка, эл.-тэхн.), прыладабуд., тэкст., хім.-фармацэўтычная, паліграф., харчасмакавая. Кінастудыя. Астрафіз. абсерваторыя.

Засн. на мяжы 9—10 ст. як слав. паселішча, у пісьмовых крыніцах згадваецца з 993. Пасля 1150 пры Альбрэхце Мядзведзю засн. зноў як ням. паселішча. З 1317 горад (гар. права з 1345). З 1416 уладанне Гогенцолернаў, з 1660 другая (пасля Берліна) рэзідэнцыя курфюрстаў Брандэнбурга, з 1701 — каралёў Прусіі. У 1838 П. злучаны чыг. лініяй з Берлінам. З 1875 навук. цэнтр. У мясц. палацы Цэцыліенгоф адбылася Патсдамская канферэнцыя 1945. У 1952—90 адм. ц. аднайм. акругі ГДР. У 1945—52 і з 1990 адм. ц. зямлі Брандэнбург. У 1991 засн. Патсдамскі ун-т.

У 17—18 ст. адбудаваны як ваен. горад з палісадамі і манум. варотамі. Моцна пашкоджаны ў 2-ю сусв. вайну, адноўлены. Сярод помнікаў стылю барока: «Галандскі квартал» (1737—42), ратуша (1753), Брандэнбургскія вароты (1770). У палацава-паркавым ансамблі Сан-Сусі спалучэнне позняга барока, ракако і ранняга класіцызму; уключае рэгулярны франц. парк, палац (1745—62, арх. Г. фон Кнобельсдорф, прыбудовы 19 ст.), «Кітайскі чайны домік» (1754—56), карцінную галерэю (1755—62), «Павільён з драконамі» (1770) і інш. Ёсць пейзажны англ. парк з палацам Шарлотэнгоф (1826—29, класіцызм) і «Рымскімі лазнямі» (1828—44, абодва арх. К.​Ф.​Шынкель). Комплекс палацаў і паркаў П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Найб. значнае збудаванне 20 ст. — абсерваторыя (вежа Эйнштэйна, 1920—21, арх. Э.​Мендэльзон). Музей першабытнай і стараж. гісторыі.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Патсдам. Брандэнбургскія вароты. 1770.
Патсдам Карцінная галерэя палацава-паркавага ансамбля Сан-Сусі. 1755—62.

т. 12, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЯТУХО́ВІЧ (Міхаіл Мікалаевіч) (23.2.1891, в. Алексінічы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 20.12.1937),

бел. крытык і літ.-знавец. Правадз. чл. Інбелкульта (1925), праф. (1926). Скончыў Нежынскі гісторыка-філал. ін-т (1917). З 1921 у Мінску. Чл. навук.-тэрміналагічнай камісіі, выкладчык і сакратар Белпедтэхнікума. З 1922 выкладчык зах.-еўрап. і бел. л-р у БДУ. Працаваў і ў Інбелкульце, АН БССР (кафедра гісторыі бел. л-ры, Ін-т л-ры і мастацтва). У сувязі з абвінавачаннямі ў нацдэмакратызме ў 1934 (паводле інш. звестак, у 1936) пакінуў Беларусь. Выкладаў у пед. ін-тах Паўн. Каўказа. У 1937 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Універсітэцкі курс П. лёг у аснову яго «Нарысаў гісторыі беларускае літаратуры. Ч. 1 (Агляд літаратурна-ідэалагічных плыняў XIX і пачатку XX в.» (1928), якія мелі станоўчае значэнне ў тагачасных метадалаг. пошуках, хоць ён і не пазбег сацыялаг. схематызму. Аўтар артыкулаў пра фальклор, Ф.​Скарыну, Ф.​Багушэвіча, Я.​Купалу, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, Ц.​Гартнага, Ядвігіна І.П., М.​Чарота, К.​Чорнага і інш. Рэдактар-укладальнік гісторыка-літ. хрэстаматыі «Выпісы з беларускае літаратуры: Новы і найноўшы кругабегі» (1923). Рэдактар, аўтар уступнага артыкула да твораў П.​Труса (1934, 1935). Праца П. «Рукапісы А.​Рыпінскага» апубл. ў 1990 В.​Скалабанам.

Тв.:

Францішак Скарына і яго літаратурная дзейнасць. Мн., 1926;

Ля вытокаў лірыкі Янкі Купалы. Мн., 1927;

Паэтычнае светаадчуванне ў творчасці Якуба Коласа. Мн., 1927;

Звычаі і песні беларускага селяніна ў іх гаспадарчай аснове. Мн., 1928;

У кн.: Матэрыялы да гісторыі беларускай літаратуры. Т. 1. Мн., 1936.

Літ.:

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975. С. 90—101;

Киселев Г. Разыскивается классик... Мн., 1989. С. 356—376;

Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталин. репрессий. Мн., 1992. С. 86—87.

Г.​В.​Кісялёў.

М.М.Піятуховіч.

т. 12, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ МУЗЕ́Й БЕЛАРУ́СКАГА КНІГАДРУКАВА́ННЯ.

Адкрыты 7.9.1990 у г. Полацк Віцебскай вобл.; філіял Нац. Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Размешчаны ў будынку б. жылога корпуса Богаяўленскага манастыра. Пл. экспазіцыі 670 м², больш за 1,2 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). Тэматычныя раздзелы: развіццё пісьменства, форм і матэрыялаў кнігі; рукапісная кніга на Беларусі; жыццё і дзейнасць Ф.Скарыны; Скарыніяна; кнігадрукаванне 2-й пал. 16—18 ст. і 19 — пач. 20 ст.; гісторыя кніжнай ілюстрацыі; развіццё паліграфіі. Сярод экспанатаў помнікі слав. пісьменнасці 11—13 ст., у т. л. прасліцы, фрагменты керамікі, плінфы, тынкоўкі з надпісамі, кірылічныя і лац.-польск. выданні 16 — пач. 20 ст. («Евангелле вучыцельнае», 1595; «Катэхізіс» Л.​Зізанія, 1788; «Кніга аб веры», 1785 і інш.); выданні зах.-еўрап. друкарняў 16—19 ст. («12 прамоў» І.​Фалецкага, 1558; «Фландрыя ў ілюстрацыях» А.​Сандэра, 1644 і інш.); фрагмент Торы (канец 18 ст.), маст. творы, навук. працы, падручнікі, слоўнікі, часопісы, газеты, календары, альбомы, буклеты, паштоўкі і інш. выданні 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст.; выданні прыватных Кухты М. друкарні, Знамяроўскага У. выдавецтва, Клецкіна Б.А. выдавецтва, друкарань І.​Мятлы і І.​Дварчаніна, выдавецтва В.​Ластоўскага, суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», т-ва «Адраджэнне» і інш.; працы і даследаванні пра жыццё і творчую спадчыну Скарыны, матэрыялы Скарынаўскіх чытанняў і міжнар. канферэнцый; арыгінальныя ўзоры кніжнай графікі 2-й пал. 20 ст., у т. л. ілюстрацыі У. і М.​Басалыгаў, А.​Зайцава, А.​Кашкурэвіча, А.​Лось, Г.​Паплаўскага і інш. мастакоў; прадукцыя бел. выд-ваў. У экспазіцыі таксама інструменты і прылады працы мастакоў-графікаў, друкарскае і паліграф. абсталяванне; прадметы нумізматыкі, слайды, відэафільмы, звязаныя з працэсам кнігадрукавання; інтэр’еры майстэрань перапісчыка 16 ст. і друкарні канца 17 ст.

Г.​П.​Ладзісава.

У адной з залаў Полацкага музея беларускага кнігадрукавання.

т. 12, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІФАНІ́Я (ад полі... + грэч. phōnē гук),

1) від шматгалосся, заснаваны на сумесным гучанні кантрастных меладычна развітых галасоў. У шырокім сэнсе супадае з паняццем кантрапункта. У залежнасці ад мелодыка-інтанацыйных суадносін галасоў падзяляецца на 3 віды. Сутнасць імітацыйнай П. (гл. Імітацыя) у паслядоўным выкладанні адной і той жа мелодыі рознымі галасамі. Была пашырана ў еўрап. прафес. музыцы, спарадзіла шэраг поліфанічных форм, найвыш. з якіх — фуга. Падгалосачная П., у аснове якой ляжыць адначасовае спалучэнне варыянтаў адной і той жа мелодыі, уласціва нар.-песеннай культуры ўсх.-слав. народаў. На Беларусі мае спецыфічную форму спеваў з падводкай. Трэці від П. заснаваны на сумесным гучанні розных мелодый. Вядомы з сярэдніх вякоў (напр., у франц. матэце 12—14 ст. ў адным голасе гучаў царк. напеў, у той жа час у інш. — нар. песні). У музыцы 19—20 ст. сустракаецца эпізадычна пры сюжэтна ці сэнсава абумоўленым сумяшчэнні мелодый, якія раней выконваліся паасобку (лейтматываў у оперы, асн. тэм у кодзе сімф. твора і інш.). Побач з цалкам поліфанічнымі творамі (фуга, канон, інвенцыя, пасакалля, некат. нар. песні і інш.) ёсць і такія, дзе П. ўласціва асобнай частцы (напр., фінал 4-й сімфоніі І.​Брамса і павольная ч. 8-й сімфоніі Дз.​Шастаковіча з’яўляюцца пасакаллямі, 2-я ч. кантаты А.​Багатырова «50 гадоў» — фугай) ці эпізоду (фугата ў распрацоўках многіх сімфоній і інш.). Поліфанічнымі прыёмамі (імітацыйнымі, падгалосачнымі) шырока карыстаюцца і ў творах, дзе пераважае гамафонны прынцып (гл. Гамафонія).

2) Навука; адзін з гал. раздзелаў тэорыі музыкі. Як навук. дысцыпліна ўваходзіць у сістэму муз. адукацыі.

Літ.:

Скребков С.С. Учебник полифонии. 3 изд. М., 1965;

Дмитриев А.Н. Полифония как фактор формообразования. Л., 1962;

Протопопов В.В. История долифонии в ее важнейших явлениях. [Т. 1—2]. М., 1962—65.

А.​А.​Саламаха.

т. 12, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)