адлегласць па вертыкалі ад якога-небудзь пункта на паверхні зямлі да сярэдняга ўзроўню паверхні акіяна. Для мясціны, вышэйшай за ўзроўневую паверхню, абсалютная вышыня дадатная, для ніжэйшай — адмоўная. Найвыш. пункт Зямлі — г. Джамалунгма (8848 м), найб. нізкая адзнака Зямлі — узбярэжжа Мёртвага мора (-395 м); на Беларусі адпаведна г. Дзяржынская (345 м) і пойма р. Нёман на мяжы з Літвой (80 м). Для геадэзіі і гравіметрыі на тэр. рэспублікі за зыходную ўзроўневую паверхню прыняты сярэдні ўзровень Балтыйскага м., адзначаны нулявым дзяленнем на Кранштацкім футштоку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЯДНА́ННЕ СЯЛЯ́НСКАЙ ЛЯВІ́ЦЫ «САМАПО́МАЦ»,
рэвалюцыйна-дэмакратычная сялянская арг-цыя ў Польшчы, Зах.Беларусі і Зах. Украіне ў 1928—31. Створана з членаў левага крыла партыі «Стронніцтво хлопске» і Незалежнай сял. партыі. Праграма змяшчала рэв.-дэмакр. і часткова сацыяліст. патрабаванні: зямля сялянам без выкупу, нацыяналізацыя прам-сці, дэмакр. правы, самавызначэнне прыгнечаным народам і інш. У маі 1931 аб’ядноўвала 12,5 тыс. членаў. Кіраўнікі А.Бомба, С.Вуйтовіч, М.Гвяздовіч і інш. Друкаваны орган — газ. «Samopomoc chłopska» («Сялянская ўзаемадапамога»). Супрацоўнічала з левымі партыямі і арг-цыямі Польшчы. Забаронена польскімі ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМРЭ́СЛІНГ (англ. arm-wrestling ад arm рука + wrestling барацьба),
від спорту, спаборніцтва ў сіле рук двух спартсменаў. Рукаборац, абапёршыся локцем на стол і абхапіўшы кісць вертыкальна пастаўленай рукі праціўніка, імкнецца паваліць яе. Вольнай рукой ён трымаецца за спец. выступ стала. Як від спорту армрэслінг аформіўся ў пач. 1960-х г. у ЗША. Развіваецца больш як у 70 краінах свету. На Беларусі з 1990, першы чэмпіянат адбыўся ў 1991, праводзіцца міжнар. турнір па армрэслінгу «Белавежскі зубр». Існуе федэрацыя армрэслінгу. Бел. спартсменка А.Кандратава — чэмпіёнка свету па армрэслінгу. (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРО́Л-КА́РЛІК (Hieraaetus pennatus),
птушка сямейства ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі сустракаецца рэдка ў паўд. раёнах, занесены ў Чырв. кнігу.
Невялікі даўгахвосты арол, даўж. 46—60 см, масай 500—900 г. Размах крылаў каля 1,2 м. Апярэнне зверху бурае, знізу белаватае з вузкімі цёмнымі стракацінамі Прылятае ў красавіку. Гнёзды на галінах дубоў і елак на выш. 8—22 м. Нясе 1—3 яйцы. Корміцца дробнымі птушкамі і грызунамі. Здабычу высочвае ў палёце або падпільноўвае ў засадзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТАКЛА́З (ад арта... + грэч. klasis трэшчына),
мінерал з групы палявых шпатаў, K[AlSi3O8]. Прымесі натрыю, радзей барыю, жалеза, кальцыю і інш. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя (характэрны двайнікі), агрэгаты зярністыя. Бясколерны, белы, шэры, ружовы, чырванаваты і інш. Бляск шкляны. Цв. 5—6,5. Шчыльн. каля 2,6 г/см³. Празрыстыя крышталі артаклазу, найб. чыстыя паводле саставу, наз.адулярам. Паходжанне магматычнае, часткова метамарфічнае; пародаўтваральны мінерал гранітаў, сіенітаў, гнейсаў і інш. На Беларусі пашыраны ў антрапагенных адкладах розных генетычных тыпаў. Выкарыстоўваецца ў шкляной і керамічнай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТРАДЫ́РЫ, членісташыйныя (Arthrodira, або Coccostei),
падклас вымерлых марскіх і прэснаводных храстковых рыб кл. пласцінаскурых. 11 атрадаў. Выяўлены ў адкладах позняга сілуру — позняга дэвону ўсіх мацерыкоў, на Беларусі — у Аршанскай упадзіне ў лагунна-марскіх адкладах сярэдняга дэвону. Тыповыя прадстаўнікі артрадыраў — плаурдастэусы.
Даўж. да 6 м. Форма цела і памеры разнастайныя. Шкілет храстковы. Галава і пярэдняя ч. тулава ўкрытыя касцявым панцырам, які ўтвораны касцямі вонкавага плечавога пояса. Сківіцы ў выглядзе касцявых пласцін з рэжучымі краямі і біўнепадобнымі выступамі. Грудныя плаўнікі пад касцявымі шыпамі. Хвост звычайна голы. Прыдонныя драпежнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАГРАФІ́ЧНЫ ЗБО́РНІК ДАКУМЕ́НТАЎ («Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси, издаваемый при Управлении Виленского учебного округа»),
серыйнае выданне дакументаў па гісторыі Беларусі і Літвы 15—19 ст. Выйшла 14 т. (Вільня, 1867—1904). Матэрыялы выяўлены ў архівах, бібліятэках, манастырскіх і прыватных зборах. Асн. групы дакументаў зборніка: сац.-эканам. (інвентары, прывілеі, фундушы, цэхавыя статуты, судовыя справы), матэрыялы, у якіх асвятляюцца паліт. і культ. адносіны, войны (дыпламатычная перапіска, пасольскія дыярыушы), гісторыя правасл. царквы, брацтваў, манастыроў. Складальнікі зборніка імкнуліся даказаць прыналежнасць бел. і ўкр. народаў да адзінай рускай народнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІ́ПАЎ (Абрам Яфімавіч) (другое прозвішча Спірыкаў; 27.8.1862, в. Ягорава Разанскай вобл. — 25.9.1930),
рускі жывапісец. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (1916). Нар. мастак Рэспублікі (1927). У 1884—86 вучыўся ў Пецярбургскай АМ. Перасоўнік (з 1891), чл. Саюза рус. мастакоў (з 1904), Асацыяцыі мастакоў Расіі (з 1924). З 1894 выкладаў у навуч. установах Масквы. Аўтар карцін: «Па этапах» (1893), «Прачка» (1890-я г.), партрэтаў (пераважна сялян; «Маладая сялянка ў чырвоным», 1925), пейзажаў «Па рацэ Ацэ» (1890), «Лёд прайшоў» (1895) і інш.
А.Архіпаў. Маладая сялянка ў чырвоным. 1925. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКАЯ АКРУ́ГА,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1924—30. Утворана 17.7.1924. Цэнтр — г. Орша. Пл. акругі 7,9, у 1927 11,7 тыс.км²; нас. 423,3 у 1924, 572,3 тыс.чал. у 1927. Уключала: 10 раёнаў — Аршанскі, Багушэўскі, Горацкі, Дрыбінскі, Дубровенскі, Копыскі, Коханаўскі, Круглянскі, Ляднянскі, Талачынскі; 3 гарады — Горкі, Дуброўна, Орша; 5 мястэчак — Копысь, Коханава, Ляды, Смаляны, Талачын; 108 сельсаветаў. У 1927 у склад акругі ўвайшлі са скасаваных Барысаўскай акругі Крупскі і Чарэйскі, з Калінінскай — Мсціслаўскі і Расненскі р-ны. Акруговая газ. «Камуністычны шлях». Скасавана 26.7.1930.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ ЛЬНОКАМБІНА́Т.
Пабудаваны ў 1928—37 (1-я чарга) у Оршы. У 1963 уведзена 2-я, у 1972 — 3-я чарга. У 1973 у склад камбіната ўвайшла Аршанская льнопрадзільная ф-ка «Дняпро» (пастаўляе пражу дывановым прадпрыемствам Беларусі). З 1975 — ВА «Аршанскі льнокамбінат», з 1990 — арэнднае вытворча-гандл. прадпрыемства. Асн. прадукцыя (1995): бытавыя (дэкаратыўныя, бялізнавыя, сукеначна-касцюмныя, кашульныя, на сурвэткі, абрусы, пакрывалы, ручнікі), тэхн. і тарныя тканіны. У 1994 выраблена 41 тыс.м² ільняных тканін (макс. выпуск 215 тыс.м² быў у 1989). Пры камбінаце тэхнікум і ПТВ тэкстыльшчыкаў.