УЗНАЎЛЕ́ННЕ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,

сукупнасць працэсаў нараджальнасці, смяротнасці і натуральнага прыросту, што забяспечвае аднаўленне і змену людскіх рэсурсаў. На характар У.н. ўплываюць сац.-эканам. фактары (узровень дабрабыту насельніцтва, развіццё аховы здароўя, адукац. і культ. ўзровень, грамадскае становішча жанчын, рэлігія і інш.); прыродна-біял. (прыстасавальнасць жан. і мужч. арганізмаў да ўмоў навакольнага асяроддзя, наступленне палавой спеласці ў раёнах з цёплым і халодным кліматам, хваробы і інш.) і дэмаграфічныя (полаваўзроставая структура насельніцтва, шлюбнасць, разводнасць). Вылучаюць гіст. тыпы У.н.: архетып — высокая смяротнасць, кампенсаваная высокай нараджальнасцю, нізкі і няўстойлівы натуральны прырост; традыцыйны тып — павелічэнне колькасці насельніцтва і тэмпаў яго росту пры захаванні стыхійнай нараджальнасці; сучасны, або рацыянальны тып — зніжэнне смяротнасці ва ўсіх узростах, невысокая нараджальнасць ва ўмовах унутрысямейнага планавання, невысокія тэмпы прыросту насельніцтва.

Для характарыстыкі У.н. выкарыстоўваецца нета-каэфіцыент (суадносіны замяшчэння пакалення бацькоў пакаленнем дзяцей). Паводле натуральнага руху насельніцтва існуюць 3 тыпы У.н.: расшыраны — пакаленне дзяцей колькасна большае за бацькоўскае, высокая нараджальнасць, высокі натуральны прырост (большасць краін Афрыкі, Азіі, Лац. Амерыкі); просты — пакаленне дзяцей роўнае бацькоўскаму, невял натуральны прырост (Вялікабрытанія, Данія, Літва, Аўстрыя, Бельгія, ЗША, Канада, Японія, Аўстралія); звужаны, або дэпапуляцыя — пакаленне дзяцей меншае за бацькоўскае, смяротнасць перавышае нараджальнасць, натуральны спад насельніцтва (Латвія, Эстонія, Беларусь, Германія, Балгарыя, Венгрыя, Румынія, Украіна). Гл. таксама Народанасельніцтва, Дэмаграфія.

Літ.:

Шувалов Е.Л. География населения. 2 изд. М., 1985;

Стешенко В.С. Изучение воспроизводства народонаселения. Киев, 1981;

Вишневский А.Г. Воспроизводство населения и общество. М., 1982.

К.​А.​Анціпава.

т. 16, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДАМІ́РСКІ Барыс Уладзіміравіч (2.3.1923, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 4.5.1991),

бел. акцёр. Сын У.І.Уладамірскага. Засл. арт. Беларусі (1970). Скончыў Рэсп. тэатр. вучылішча (1941). У 1939—41, 1944—50 і з 1954 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы, у 1953—54 у Брэсцкім абл. драм. т-ры. Драм. тэмперамент, эмацыянальнасць, псіхалагізм, мастацтва пераўвасаблення — вызначальныя рысы яго творчасці. Сцэн. вобразам уласцівы сакавітасць фарбаў, сатыр. завостранасць, набліжаная да гратэску, выразны вонкавы пластычны малюнак: Салавей («Салавей» З.​Бядулі), Крыніцкі («Паўлінка» Я.​Купалы), Яўхім («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа), Аксаніч («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Чамалаеў («Начное дзяжурства» А.​Дзялендзіка), Глумаў («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Цялегін («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Ягор («Дзеці сонца» М.​Горкага), Мазепа («Смерць ваяводы» Ю.​Славацкага), Цёткін («У мяцеліцу» Л.​Лявонава), Куканаў («Сябры і гады́» Л.​Зорына), Карнееў («Вясёлы тракт» Б.​Васільева), Цімох Худзякоў («Характары» паводле В.​Шукшына), Рамэо («Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), Рэджэб-бей («Дзівак» Назыма Хікмета), Эзоп («Ліса і вінаград» Г.​Фігейрэду) і інш. Удзельнічаў у пастаноўках на радыё і тэлебачанні. Здымаўся ў кіно («Чырвонае лісце», «Першыя выпрабаванні», «Бацька» і інш.) і тэлефільмах («Час-Не-Чакае», «Руіны страляюць...», «Атланты і карыятыды»).

Літ.:

Браварская З. Сцэна на ўсё жыццё // Мастацтва Беларусі. 1983. № 3;

Брандабоўская Л. Акцёр, сын акцёра // Тэатр. Мінск. 1983. № 2. В.

С.​Іваноўскі.

Б.Уладамірскі (злева) у ролі Ягора.

т. 16, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛЬТРАФІЯЛЕ́ТАВАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

нябачнае вокам эл.-магн. выпрамяненне ў спектральнай вобласці паміж бачным і рэнтгенаўскім выпрамяненнямі ў дыяпазоне даўжынь хваль λ 400—10 нм.

Адрозніваюць вобласці блізкага, ці звычайнага У.в. (400—200 нм) і далёкага, ці вакуумнага (200—10 нм). Пры ўзаемадзеянні У.в. з рэчывам могуць адбывацца іанізацыя яго атамаў і фотаэфект. Характэрна памяншэнне празрыстасці (павелічэнне каэф. паглынання) большасці цел, празрыстых у бачнай вобласці (з памяншэннем λ каэф. паглынання У.в. павялічваецца, і пры λ < 105 нм празрыстых для У.в. цел няма). Крыніцы У.в.: Сонца, зоркі, туманнасці і інш. касм. аб’екты (з-за паглынання азонам, кіслародам і інш. кампанентамі атмасферы і міжзорнага асяроддзя да паверхні зямлі даходзіць толькі У.в. з λ > 290 нм), а таксама газы (аргон, ксенон) і пара металаў (ртуці, цынку) у стане ўзбуджэння (напр., у эл. разрадзе), некаторыя газавыя лазеры, высокатэмпературная плазма, паскораныя электроны і інш. Прыёмнікі У.в.: фотаэлементы, фотаэлектронныя памнажальнікі, іанізацыйныя камеры, лічыльнікі фатонаў і інш. Люмінафоры ператвараюць У.в. ў бачнае — на гэтым заснаваны прылады для візуалізацыі відарысаў у У.в. На выкарыстанні У.в. заснаваны метады люмінесцэнтнага аналізу, фотаэлектроннай спектраскапіі, ультрафіялетавай мікраскапіі, фоталітаграфіі, дэфектаскапіі і інш. Біял. дзеянне У.в. абумоўлена хім. змяненнем малекул біяпалімераў, у асноўным нуклеінавых кіслот і бялкоў, і выяўляецца ў парушэнні дзялення, узнікненні мутацый і гібелі клетак. Малыя дозы У.в. дабратворна ўплываюць на чалавека і жывёл — спрыяюць утварэнню вітамінаў групы D, паляпшаюць імунабіял. ўласцівасці.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 16, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ПЛІН (Chaplin) Чарлі (Чарлз Спенсер; 16.4.1889, Лондан — 25.12.1977),

амерыканскі акцёр, кінарэжысёр, сцэнарыст, прадзюсер. З 1895 (паводле інш. звестак з 1897) выступаў у мюзік-холе і т-ры пантамімы. У 1914 дэбютаваў у ЗША як акцёр, рэжысёр, сцэнарыст. Спалучаў акцёрскі талент з бліскучай клоунскай тэхнікай. Стварыў вядомую трагічную кінамаску «маленькага чалавека» — бадзягі Чарлі («Бадзяга», 1915; «Ціхая вуліца», «Імігрант», абодва 1917, і інш.). Герой Ч. арганічна існаваў у жанрах трагіфарсу («На плячо!», 1918), меладрамы («Малыш», 1921). У 1923 засн. уласную фірму «Чарлз С.​Чаплін філм карпарэйшэн». Пасля фільма «Парыжанка» (1923, без удзелу Ч. як акцёра) зноў звярнуўся да вобраза Чарлі. Непаўторная творчая індывідуальнасць Ч. прынесла поспех стужкам «Залатая ліхаманка» (1925), «Цырк» (1928), «Агні вялікага горада» (1931) і інш. Стварыў антыфаш. сатыр. фільм «Вялікі дыктатар» (1940). Пасля горкай прытчы «Месье Верду» (1947) паставіў фільм «Агні рампы» (1952, прэмія «Оскар» за музыку 1972), у якім выступіў як рэжысёр, сцэнарыст, акцёр і кампазітар. З 1953 у Еўропе. У Вялікабрытаніі паставіў фільмы «Кароль у Нью-Йорку» (1957), «Графіня з Ганконга» (1967). Пра яго мастацтва зняты біягр. фільм «Чарлі» (1992). Спец. прэміі «Оскар» 1928, 1972. Залатая прэмія на Міжнар. кінафестывалі ў Венецыі 1972 за творчасць.

Тв.:

Рус. пер. — Моя биография. М., 1966.

Літ.:

Кукаркин А.В. Чарли Чаплин. М., 1960;

Садуль Ж. Чарли Чаплин: Пер. с фр. М. 1981.

Г.​У.​Шур.

Ч.Чаплін у фільме «Агні вялікага горада».

т. 17, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУШКЕ́ВІЧ Станіслаў Пятровіч (19.2.1908, в. Бакінава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 1.2.1991),

бел. паэт. Засл. работнік культ. Беларусі (1983). Скончыў Бел. вышэйшы пед. ін-т (1934). З 1928 працаваў у Дзярж. б-цы Беларусі, б-цы НДІ сельскай і лясной гаспадаркі, газетах «Літаратура і мастацтва», «Калгаснік Беларусі», «Звязда», «Мінская праўда». У 1936 арыштаваны, асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі. Знаходзіўся ў турме, лагеры, ссылцы. У 1949 паўторна рэпрэсіраваны, высланы на спецпасяленне ў Краснаярскі край, дзе працаваў лесарубам, у геал. экспедыцыях. Рэабілітаваны ў 1975. З 1956 у газ. «Мінская праўда», у 1958—70 заг. аддзела газ. «Літаратура і мастацтва». Друкаваўся з 1924. Чл. літ. аб’яднання «Маладняк». У паэт. зб-ках «Вершы» (1934), «Дарогаю вясны» (1959), «Услед за марамі» (1961), «Навальніца» (1966), «Сябрам» (1972), «Дарога ў залатую восень» (1983), «Рэха маладосці» (1984), «Сонца над маім асеннім садам» (1987) і інш. любоў да Бацькаўшчыны, паэтызацыя сяброўства, кахання, прыгажосці роднай прыроды. Аўтар кніг успамінаў «Вяртанне ў маладосць», прозы «Апавяданні пра Марата Казея» (абедзве 1968), зб. сатыры і гумару «Грушы на вярбе» (1969). Пісаў для дзяцей: зб-кі «Звярыны баль» (1936), «Лясная калыханка» (1958), «Будзільнік» (1966), «Красавік» (1977), «Казачны церам» (1983), «Казёл на верталёце» (1987) і інш. Яго творы вызначаюцца дасціпнасцю, займальнасцю, аптымізмам, прастатой выкладання, багаццем мовы.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1978;

Выбранае: Вершы. Мн., 1988;

Непаседлівыя вавёркі. Мн., 1993;

Птушыны ранак: Вершы, казкі. Мн., 2001.

С.П.Шушкевіч.

т. 17, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКЗА́МЕНЫ (ад лац. examen выпрабаванне), іспыты,

форма выніковай праверкі ведаў па якім-н. вучэбным прадмеце. Бываюць вусныя і пісьмовыя; выпускныя, пераводныя (пачынаючы з 4-га класа) і прыёмныя (пры паступленні ў вышэйшыя, сярэднія спец. і інш. навуч. ўстановы); экстэрнам (за пэўны курс у навуч. установе без навучання ў ёй). У адрозненне ад залікаў веды на Э. ацэньваюцца адзнакай. Парадак правядзення Э. вызначаецца Мін-вам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Паводле яго пастановы (25.4.2001) выпускныя Э. праводзяцца ў школах агульнаадукацыйных у 9-х кл. за курс базавай школы і ў 11(12)-х кл. за курс сярэдняй школы, спец. агульнаадукацыйных (школах-інтэрнатах) — у 9(10)-х кл. за курс базавай школы і ў 11(12)-х кл. за курс сярэдняй школы. Тым, хто вытрымаў іх, выдаюць адпаведна пасведчанне аб заканчэнні няпоўнай сярэдняй школы і атэстат аб сярэдняй адукацыі. У школах, прафес.-тэхн. навуч. установах у якасці адзнакі выпускнога Э. залічваюцца вынікі цэнтралізаванага тэсціравання па адпаведным прадмеце. Па выніках тэсціравання і алімпіяд, што праводзяцца ВНУ, абітурыентаў залічваюць у адпаведныя ВНУ без экзаменаў. У сістэме вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі існуюць курсавыя семестравыя і дзярж. выпускныя Э., да якіх дапускаюць пасля здачы ўсіх залікаў і семестравых Э. У ВНУ, вышэйшых каледжах замест дзярж. Э. па спец. дысцыплінах праводзіцца абарона дыпломных работ, праектаў.

Т.​У.​Люковіч.

т. 18, кн. 1, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАМАГНІ́ТНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,

адно з фундаментальных узаемадзеянняў, крыніцай якога (на мікраскапічным узроўні) з’яўляюцца эл. зараджаныя элементарныя часціцы і якое ажыццяўляецца з дапамогай створанага імі электрамагнітнага поля (фатонаў). Тэорыя Э.ў. вывучаецца ў электрадынаміцы, квантавай электрадынаміцы, класічнай тэорыі поля, квантавай тэорыі поля.

З-за таго, што маса фатона роўная нулю, Э.ў. з’яўляецца далёка-дзейным, г.зн. радыус яго дзеяння неабмежаваны. З дапамогай Э.ў. ажыццяўляецца ўзаемадзеянне дадатна зараджаных ядраў і адмоўна зараджаных электронаў у атамах і малекулах. Тым самым яно вызначае (на аснове законаў квантавай механікі) магчымасць устойлівага стану такіх сістэм. Да Э.ў. зводзіцца большасць назіраных фіз. сіл (сілы пругкасці, трэння, паверхневага нацяжэння і інш.), эл., магн., аптычных, хім., біял. і інш. з’яў. Тэорыя Э.ў. з’яўляецца найб. поўна распрацаванай тэорыяй фундаментальнага ўзаемадзеяння і стала асновай для пабудовы тэорый інш. тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў (гл. Квантавая хромадынаміка, Электраслабае ўзаемадзеянне). Яна дазваляе даць адэкватнае тэарэт. апісанне ўсіх магчымых эл.-магн. працэсаў і праводзіць разлікі назіраных (вымераных) на эксперыменце характарыстык гэтых працэсаў з зададзенай ступенню дакладнасці.

На Беларусі праблемы Э.ў. даследуюцца ў Ін-це фізікі Нац. АН, БДУ, Гомельскім ун-це, Бел. ін-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теория поля. М., 1962;

Богуш А.А., Мороз Л.Г. Введение в теорию классических полей. Мн., 1968;

Ахиезер А.И., Берестецкий В.Б. Квантовая электродинамика. М., 1969;

Стражев В.И., Томильчик Л.М. Электродинамика с магнитным зарядом. Мн., 1979.

А.​А.​Богуш.

т. 18, кн. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́РАЎСКІЯ ПЕ́СНІ,

бел. песні веснавога цыкла гадавога круга, якія выконваліся на Юр’я (23 крас. с. ст.). Паводле функцыянальнасці падзяляліся на абрадавыя песні, звязаныя з першым выганам жывёлы на пашу, і творы, скіраваныя на магічнае забеспячэнне ўрадлівасці нівы. Мелі рэгіянальныя асаблівасці. Уключалі групу жартоўных песень.

Гал. іх вобразы — Юр’я і яго маці. У песнях Юр’я заклікаюць устаць рана, сядлаць каня і ехаць у поле выпускаць расу «на ўсю вясну і густую і частую... на ўвесь свет, на кожны цвет», «на цёплае лета, на буйнае жыта». У некат. песнях «земляныя ключы» носіць з сабою Юр’ева маці, якая таксама клапоціцца пра тое, каб «зямлю адамкнулі, траву выпусцілі, статак. накармілі». Ю.п. перадаюць карціну веснавога адраджэння зямлі, радасць з выпадку надыходу вясны. Некат. Ю.п. жанчыны пачыналі спяваць за тыдзень да Юр’я, седзячы на прызбе. Моладзь спявала Ю.п. пад вечар каля рунных палёў (магчыма, гэтым імкнуліся паспрыяць іх урадлівасці). На Гродзеншчыне на Юр’я дзяўчаты абыходзілі двары і спявалі песні з пажаданнем гаспадару багатага ўраджаю. Некат. песні перадавалі атмасферу святочнага гуляння моладзі. Для Ю.п. характэрны неразгорнутая кампазіцыя, імператыўныя формы. Замест прыпеву паўтараецца слова «Юр’я» («Ніваю, Юр’я, ніваю!» — стараж. форма абрадавага заклінання).

Публ.:

Веснавыя песні / Скл. Г.​А.​Барташэвіч, Л.​М.​Салавей, В.​І.​Ялатаў. Мн., 1979.

Літ.:

Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;

Калядна-абрадавая паэзія. Мн., 2001. С. 211—234.

А.​С.​Ліс.

т. 18, кн. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯФРЭ́МАЎ Міхаіл Рыгоравіч (11.3.1897, г. Таруса Калужскай вобл., Расія — 19.4.1942),

савецкі военачальнік, удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Ген.-л. (1940). Герой Расіі (1996). Скончыў Ваен.-паліт. (1930) і Ваен. імя Фрунзе (1933) акадэміі. Удзельнік 1-й сусв. вайны, прапаршчык (1916). У Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну вызначыўся як камандзір атрада бронепаяздоў пры ўзяцці г. Баку ў 1920. У 1920—30-я г. камандаваў дывізіяй, корпусам, войскамі Прыволжскай, Забайкальскай, Арлоўскай, Паўд.-Каўк., Закаўк. ваен. акруг. У пач. Вял. Айч. вайны пад яго камандаваннем войскі 21-й арміі (з ліп. 1941) і Цэнтр. фронту (са жн. 1941) абаранялі дняпроўскія рубяжы на Гомельскім напрамку (гл. Гомеля абарона 1941, Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1941). З кастр. 1941 камандаваў 33-й арміяй Зах. фронту. Удзельнік Маскоўскай бітвы 1941—42, у ходзе якой ударная групоўка 33-й арміі ў лют. 1942 прарвалася да г. Вязьма, але была акружана сіламі праціўніка. Пасля 2-месячных баёў у акружэнні пры спробе прарвацца на злучэнне з асн. сіламі Зах. фронту Я. цяжка паранены і, каб пазбегнуць палону, застрэліўся. Пахаваны гітлераўцамі з воінскімі ўшанаваннямі, пасля вызвалення гэтых мясцін у 1943 перапахаваны ў г. Вязьма, дзе яму пастаўлены помнік (аўтар Я.​В.​Вучэціч). Дэп. Вярх. Савета СССР (1936—40).

Літ.:

Капусто Ю. Последними дорогами генерала Ефремова. М., 1992.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 18, кн. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ТЫКА (грэч. grammatikē ад gramma літара, напісанне),

1) лад мовы; сукупнасць, сістэма яе формаўтваральных і формаўжывальных сродкаў.

2) Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца сістэма моўных формаў (марфалогія), сродкі і спосабы іх спалучэння ў сказе (сінтаксіс). Па грамат. асаблівасцях вызначаецца тып пэўнай мовы.

Грамат. семантыка якасна адрозніваецца ад семантыкі лексічнай: у грамат. паняццях адлюстроўваюцца пераважна ўласцівасці саміх моўных адзінак (марфем, слоў, словазлучэнняў, сказаў), а ў значэннях лексічных адзінак звычайна абагульняюцца ўласцівасці рэальных прадметаў, з’яў, прыкмет. Аднак тое, што ў адной мове выражаецца сродкамі граматыкі, у іншай можа перадавацца лексічна (напр., значэнне сумеснасці дзеяння ў манг. мове перадаецца дзеяслоўным суфіксам, у бел. — словамі «разам з»). Уласцівыя пэўнай мове грамат. паняцці абавязкова маюць у ёй матэрыяльнае выяўленне. Таму ў кожнай грамат. з’яве адрозніваюць граматычнае значэнне і грамат. спосаб яго перадачы. Асн. спосабамі перадачы грамат. значэнняў у бел. мове (як у рознай ступені і ў інш. мовах свету) з’яўляюцца: афіксацыя («дуб — дубы», «кідаць — кінуць»), суплетывізм («браць — узяць», «чалавек — людзі», «я — мяне»), інтанацыя («Дождж ідзе. — Дождж ідзе?»), службовыя словы («чытаў бы», «будзеш ведаць»), асноваскладанне (дыялектнае «хадзіцьмеш» з «хадзіць + маеш»), рэдуплікацыя («сівы-сівы»), парадак слоў («яшчэ зялёны лісток — лісток яшчэ зялёны»), а таксама розныя спосабы аналітычнага канструявання з грамат. значымай спалучальнасцю адзінак («ісці / бегчы / ехаць лесам» — акалічнасць; «валодаць / гандляваць /, любавацца лесам» — дапаўненне).

Слова разам з паказчыкам яго грамат. значэння ўтварае граматычную форму («братамі» — граматычная форма мн. л. тв. скл. ад назоўніка м.р. «брат»). Грамат. формы, што перадаюць змяненне аднаго слова ў межах пэўных грамат. значэнняў (склону, ліку, часу, асобы і інш.), утвараюць парадыгмы словазмянення (1-е скланенне назоўнікаў, 2-е спражэнне дзеясловаў, ступені параўнання прыметнікаў і да т.п.). Усе адзінкі моўнага ладу размяркоўваюцца па пэўных класах — граматычных катэгорыях. Стрыжань грамат. катэгорыі — катэгарыяльнае значэнне. У бел. мове адрозніваюць грамат. катэгорыі імені і дзеяслова, назоўніка і прыметніка і інш., а ў межах катэгорыі, напр., назоўніка — катэгорыі роду, склону, ліку, а таксама адзінкавасці і зборнасці, абстрактнасці і канкрэтнасці і г.д. Пытанне аб колькасці катэгорый у пэўнай мове вельмі складанае: побач з даўно заўважанымі і навук. зафіксаванымі цэнтр. катэгорыямі існуюць і перыферыйныя, часам лінгвістычна не распрацаваныя. Грамат. катэгорыі ўтвараюць складаную іерархічную сістэму з рознаскладанымі функцыян. ўзаемасувязямі. Найб. просты прыклад якіх — проціпастаўленне катэгорыі па наяўнасці — адсутнасці пэўнага грамат. значэння (простая апазіцыя: м. род — немужч. род).

Спосабы выражэння грамат. значэння падзяляюцца на 2 тыпы ў залежнасці ад таго, дзе (у межах слова ці па-за імі) знаходзіцца грамат. сродак; напр., «прачытае» — сінтэтычны спосаб выражэння грамат. значэння буд. часу, «буду чытаць» — аналітычны. У залежнасці ад таго, які спосаб пераважае ў пэўнай мове, мовы падзяляюцца на сінтэтычныя мовы і аналітычныя мовы. Бел. мова належыць да сінтэтычнага тыпу. Вакол аднаго грамат. значэння могуць групавацца розныя сродкі яго выражэння, утвараючы функцыянальна-грамат. палі. Напр., значэнне колькасці ў бел. мове перадаецца з дапамогай канчаткаў («сад — сады», «іду — ідуць»), лічэбнікаў («дзве сястры»), колькаснага займенніка і прыслоўя («некалькі бяроз», «многа клёнаў»), нумаралізаваных назоўнікаў («кошык грыбоў»), спец. сінтакс. канструкцыі («Камарэчы там — плойма!») і інш. Функцыянальна-грамат. поле мае свой цэнтр і перыферыю, будуецца па законах недакладнага мноства.

Адно з карэнных пытанняў грамат. ладу мовы — пытанне аб часцінах мовы, г.зн. аб размеркаванні ўсіх слоў лексікону па буйных грамат. разрадах. У залежнасці ад мэт вывучэння і апісання мовы граматыка ў мовазнаўстве падзяляецца на тыпы. Напр., навук.-апісальная граматыка адлюстроўвае грамат. лад мовы згодна з існуючай навук. канцэпцыяй. Нарматыўная граматыка вызначае, якія тыпы формаў і канструкцый суіснуюць у мове, і дае іх ацэнку з пазіцый правільнасці (гл. Норма моўная) або няправільнасці іх ужывання. Гістарычная граматыка падае сістэму мовы ў часе, апісваючы прычыны, працэсы і вынікі змянення моўных формаў. Параўнальная граматыка здзяйсняе сістэмнае супастаўленне і параўнанне фактаў розных моў у сінхронным ці дыяхронным (гіст.) плане. Тыпалагічная граматыка апісвае мову (ці мовы — як роднасныя, так і генетычна далёкія) у адпаведнасці з пэўнымі, тэарэтычна выпрацаванымі мадэлямі пабудовы натуральных моў або інш. знакавых сістэм. Структурная граматыка асн. ўвагу накіроўвае на аналіз функцый розных элементаў і іх сістэмныя сувязі. Трансфармацыйная граматыка мадэліруе мову як своеасаблівы механізм утварэння адзінак вышэйшых узроўняў (і тэксту ў цэлым) з пэўных зыходных элементаў па адпаведных правілах. Граматыка як частка мовазнаўства звязана з інш. яго галінамі — фанетыкай і фаналогіяй, лексікалогіяй і дэрываталогіяй (навука пра словаўтварэнне), фразеалогіяй, стылістыкай, а таксама з інш. філалагічнымі дысцыплінамі і інш. галінамі ведаў: логікай, псіхалогіяй, семіялогіяй і інш.

Распрацоўка грамат. тэорыі ў старажытнасці дасягнула высокага ўзроўню ў Індыі. Еўрап. традыцыі ў вывучэнні грамат. ладу моў бяруць пачатак у ант. навуцы, найперш звязанай з вытлумачэннем стараж. тэкстаў (паэм Гамера, біблейскіх паданняў). Асн. тэндэнцыяй у развіцці грамат. думкі ў Еўропе было паступовае вызваленне ад схем і ўяўленняў грэка-лац. навукі, пошук паняццяў і метадаў даследавання, якія б далі магчымасць адэкватна апісваць кожную канкрэтную мову. Значны ўклад у развіццё грамат. тэорыі зрабілі слав. вучоныя. Пачынальнікамі навук. распрацоўкі граматыкі бел. мовы былі Л.​Зізаній, П.​Шпілеўскі, К.​Нядзведскі, І.​Нядзёшаў, Я.​Карскі, К.​Каганец, Б.​Пачобка, Б.​Тарашкевіч, М.​Булахаў і інш.

Літ.:

Кузнецов П.С. О принципах изучения грамматики. М., 1961;

Виноградов В.В. Русский язык: (Граммат. учение о слове). 2 изд. М., 1972;

Шуба П.П. Уводзіны ў граматыку беларускай мовы. Мн., 1962;

Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;

Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн., 1985—86;

Есперсен О. Философия грамматики: Пер. с англ. М., 1958.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 5, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)