БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 6 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,21 км², даўж. 750 м, найб. шыр. 460 м, найб. глыб. 5,1 м. Пл. вадазбору каля 1 км².

Схілы катлавіны разараныя, на У і ПнУ пад лесам і хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі сплавінныя. У цэнтры невял. востраў. Зарастае да глыб. 4 м; у флоры рэдкі для Беларусі від — наяда марская. На ПдЗ злучана ручаём з воз. Ясна.

т. 2, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАКУ́РАЎ (Уладзімір Вячаслававіч) (8.7.1904, Казань — 28.1.1973),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1965). Праф. (1946). Скончыў тэатр. аддзяленне Вышэйшага ін-та нар. асветы ў Казані (1918). З 1936 у МХАТ. Характарны акцёр. Сярод роляў: Чычыкаў («Мёртвыя душы» паводле М.​Гогаля), Яша («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Гетманаў («Глыбокая разведка» А.​Крона). З 1932 у кіно: «Чкалаў», «Жукоўскі» (Дзярж. прэмія СССР 1951 за ролю Чаплыгіна). Здымаўся на кінастудыі «Беларусьфільм»: «Масква—Генуя», «Я родам з дзяцінства», «Запомнім гэты дзень», «Вайна пад стрэхамі», «Крушэнне імперыі», «Праз могілкі».

т. 2, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ЛАДЗЬ»

(«Byelorussian Youth»),

штоквартальны часопіс. Выдаваўся ў 1959—67, 1972—80 у Нью-Йорку на бел. і англ. мовах. Выйшлі 52 нумары. Выдаўцы: Згуртаванне бел. моладзі ў Амерыцы, Саюз бел.-амерыканскай моладзі (з № 16 за 1962). Друкаваў гіст. і літ.-маст. матэрыялы, хроніку культ. жыцця бел. эміграцыі, у т. л. моладзі і студэнцтва ў розных краінах свету, творы бел. (у т. л. эмігранцкіх) пісьменнікаў і дзеячаў культуры, успаміны. З 1972 меў англамоўную рубрыку «Амерыканцы гавораць пра Беларусь».

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ПА́РТЫЯ (БНП),

палітычная партыя дэмакр. кірунку. Створана ў крас. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Вышняя рада. Асн. мэты: нац. адраджэнне, дасягненне поўнай незалежнасці Беларусі, стварэнне прававой дэмакр. дзяржавы. Гал. прынцыпы дзейнасці: нацыяналізм як лепшая духоўная якасць чалавека, нац. ідэя як гал. дзейная сіла грамадства, духоўнае адраджэнне на аснове хрысц. этыкі і маралі. Выступае за стварэнне рыначнай эканомікі, развіццё навук. і вытв. патэнцыялу, макс. выкарыстанне ўнутр. прыродных рэсурсаў, выгаднага геапаліт. становішча Беларусі. Арг-цыі БНП дзейнічаюць ва ўсіх абласцях Беларусі.

т. 2, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯ́ЛЬНА-СПАРТЫ́ЎНАЯ ПА́РТЫЯ (БССП),

палітычная партыя дэмакр. кірунку. Створана ў ліст. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — савет партыі. Асн. мэты — аб’яднанне прагрэс. сіл Беларусі для сац. абароны ўсіх пластоў насельніцтва пры пераходзе да рыначных адносін, рэфармаванне Беларусі ў дэмакр., эканамічна моцную, незалежную і гуманную дзяржаву праз удасканаленне грамадскіх формаў і адносін. Выступае за ўкараненне альтэрнатыўных формаў адукацыі і фіз. выхавання, адраджэнне нац. культуры, рэалізацыю законаў аб моладзі і спорце, прыярытэтнае фінансаванне аховы здароўя, спорту, асветы, змену сістэмы падаткаабкладання і інш.

т. 2, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ МЯСНЫ́ ТЫП свіней.

Створаны ў Бел. НДІ жывёлагадоўлі на шматпароднай аснове, з удзелам буйной белай, эстонскай беконнай парод, ландраса і шведскага йоркшыра. Зацверджаны ў 1990. Гадуюць беларускі мясны тып на свінагадоўчых фермах і племзаводах рэспублікі, выкарыстоўваюць для прамысл. скрыжавання.

Свінні буйной канстытуцыі з моцным, шырокім, глыбокім і падоўжаным тулавам. Масць белая. Жывая маса дарослых кныроў 310 кг, свінаматак 270 кг, даўж. тулава адпаведна 180 і 165 см. Пладавітасць 10—11 парасят за апарос. Маладняк мае высокую энергію росту.

Свіння беларускага мяснога тыпу.

т. 2, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ТЧЫКАЎ (Генадзь Іванавіч) (10.3.1914, в. Міхееўка Кудымкарскага р-на Пермскай вобл., Расія — 10.12.1944),

удзельнік партыз. руху на Украіне і Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую ваен. школу сувязі (1936). У сак. 1943 на чале групы разведчыкаў закінуты ў тыл ворага, дзейнічаў у раёне Гомеля, Чарнігава, Шчорса, Ноўгарада-Северскага, са снеж. 1943 у Баранавічах, Ваўкавыску, Слоніме, Бярозе, Ружанах; група перадала ў штаб 1-га Бел. фронту больш за 450 данясенняў. Загінуў у баі на тэр. Польшчы.

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БРЭСЛА́Ў»

(«Breslau», № 36),

кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў у акупіраваным Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Праводзілася 5—19.9.1942 сіламі 5 батальёнаў вермахта, вучэбнага палка ВПС і паліцэйскіх падраздзяленняў з мэтай акружыць і знішчыць партызан, якія наносілі ўдары па гарнізонах фашыстаў у в. Прыбар і Ніканавічы. У ходзе аперацыі каля в. Ухлясць карнікі атрымалі адпор, вялі працяглы бой з партызанамі, але не здолелі акружыць іх і знішчыць. У раёне аперацыі фашысты загубілі больш за 1000 сав. грамадзян.

т. 3, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛКАМІ́РСКАЯ ((Wiłkomirska) Ванда) (н. 11.1.1929, Варшава),

польская скрыпачка. Вучылася ў бацькі, пазней у Я.​Умінскай, І.​Дубіскай і інш. Вядомая як выканаўца твораў К.​Шыманоўскага, Б.​Бартака, сучасных польскіх кампазітараў. Удзельніца фп. «Трыо Вілкамірскіх» (з сястрой піяністкай Марыяй Вілкамірскай і братам віяланчэлістам Казімежам Вілкамірскім) і Польскага квартэта імя К.​Шыманоўскага. Гастраліруе з 1950. З 1982 за мяжой. Займаецца выкладчыцкай дзейнасцю. Лаўрэат міжнар. конкурсаў скрыпачоў у Жэневе (1946), Будапешце (1948), імя Г.​Вяняўскага у Познані (1953). Дзярж. прэмія Польшчы 1953, 1961.

т. 4, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ДОМ-КАМУ́НА.

Пабудаваны ў Віцебску ў 1927—29 (арх. А.​Вышалескі). Задуманы як зручнае эканам. жыллё для працоўных, разлічаны на 280—300 чал. Першая на Беларусі пабудова такога тыпу. 4-павярховы будынак са складанай канфігурацыяй плана мае цэнтр. аб’ём і бакавыя крылы. На фоне гладкай паверхні сцен з пілястрамі нязначнага выступу кантрастна вылучаюцца 2 вынесеныя за план дома і закругленыя аб’ёмы лесвічных клетак. У час Вял. Айч. вайны будынак згарэў. Пасля рэканструяваны ў жылы дом.

А.​А.​Воінаў.

Віцебскі дом-камуна.

т. 4, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)