АДАХО́ЎСКІ (Хрыстафор) (? — 1661),

ваенны дзеяч ВКЛ. Палкоўнік. Служыў у гусарскай харугве Х.​Паца (1648). За свой кошт сфарміраваў харугву лёгкай кавалерыі, на чале якой змагаўся са шведамі ў Жамойці, Інфлянтах і Курляндыі (1655—60). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 камандаваў палком, у 1660—61 на чале 15 харугваў удзельнічаў у баях супраць войска Далгарукага на тэр. Беларусі. Удзельнік канфедэрацыі супраць караля Яна II Казіміра, бітвы пад Кушлікамі 1661. Выступіў прыхільнікам замірэння з каралём. Загінуў у час узбр. сутычкі сярод канфедэратаў.

П.​Р.​Казлоўскі.

т. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДКРЫ́ТЫ ГРУНТ,

зямельныя ўчасткі без укрыццяў для вырошчвання агародніны або дэкар. раслін. У адкрытым грунце насенне холадаўстойлівых раслін (з сям. парасонавых, крыжакветных, а таксама буракоў, салаты, шпінату, гароху) высяваюць ранняй вясной, як толькі паспее глеба, пры сярэднясутачнай т-ры 1—5 °C, насенне цеплалюбівых раслін (з сям. гарбузовых, паслёнавых, а таксама фасолі, кукурузы) — пры т-ры 10—15 °C; расаду высаджваюць пры сярэднясутачнай т-ры адпаведна 5—10 і 15 °C, пасля заканчэння веснавых замаразкаў. На Беларусі ў адкрытым грунце вырошчваюць каля 98% агародніны і кветак. Гл. таксама Ахаваны грунт.

т. 1, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДКРЫ́ТЫ ЛІСТ,

1) дакумент на права правядзення даследчыкамі археал. разведак і раскопак. Выдаецца навук. ўстановамі. На Беларусі першы адкрыты ліст (грамату) атрымаў 14.12.1818 А.​Чарноцкі (З.Я.Даленга-Хадакоўскі) за подпісам рэктара Віленскага ун-та. З 1992 наз. дазвол.

2) Дакумент, які выдаецца ведамствам замежных спраў або дыпламат. прадстаўніцтвам іншаземцу, што карыстаецца дыпламат. прывілеямі і імунітэтам або з’яўляецца госцем краіны. Адрасаваны мытнай і пагранічнай службе сваёй краіны з просьбай садзейнічаць уладальніку адкрытага ліста ў час яго пераезду праз граніцу. Асобы, якія маюць адкрыты ліст, як правіла, вызваляюцца ад мытнага дагляду.

т. 1, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДСТРЭ́Л,

нарміраваная здабыча дзікіх жывёл з дапамогай агнястрэльнай або механічнай зброі дыстанцыйнага дзеяння. Праводзіцца ў вызначаныя гасп. ці прыродаахоўнымі органамі тэрміны і паводле ўстаноўленых імі нормаў здабычы ў прамысл., старт. і навук. мэтах, а таксама для аздараўлення ці аптымізацыі структуры (селекцыйны адстрэл) папуляцый. Адстрэл відаў, занесеных у Чырвоную кнігу, забаронены. Адстрэл многіх інш. відаў рэгулюецца нормамі міжнар. і нац. прыродаахоўнага заканадаўства, ажыццяўляецца на падставе ўзгодненых квот (напр., адстрэл кітоў) або выдадзеных ліцэнзій (на Беларусі, напр., ліцэнзійная здабыча аленяў, дзікоў і інш. Звяроў). Гл. таксама Паляванне.

т. 1, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЯРО́Д,

1) гаспадарчая пабудова на Беларусі; збудаванне са слупоў і жэрдак для дасушвання збажыны, сена, бульбоўніку і інш. Лакальныя назвы пераплот, астраўкі. Найб. пашыраны ў цэнтр. і паўн. раёнах. У фальварках азярод размяшчалі непасрэдна каля гумнаў, стадол, такоў. Цяпер у меншай ступені бытуе ўсюды.

2) Бел. нар. гульня. Удзельнікі бяруць дугу за адзін канец, а другім стукаюць аб зямлю так, каб дуга, саспружыніўшы, пераляцела цераз азярод (адсюль назва). Пераможца той, у каго дуга пераляціць цераз азярод больш разоў.

Азярод на сялянскай сядзібе. Пач. 20 ст.

т. 1, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАЛО́ВА,

вёска ў Беларусі, у Лагойскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 35 км на Пн ад Лагойска, 74 км ад Мінска, 60 км ад чыг. ст. Смалявічы, на шашы Мінск—Віцебск. 103 ж., 51 двор (1994). Лясніцтва, сярэдняя школа.

У 1770 мястэчка ў Барысаўскім пав. У 1798 пісар ВКЛ М.​Валовіч заснаваў драўляны касцёл. У 1880 мястэчка Прусавіцкай вол., 268 ж., касцёл, 3 крамы. З 1924 цэнтр сельсавета Плешчаніцкага р-на, у 1926—35 цэнтр нац. польскага сельсавета. З 1962 у Лагойскім р-не.

т. 1, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛО́ГАВАЯ ТЭ́ХНІКА,

машыны, прылады, прыстасаванні, якія ў стараж. часы выкарыстоўвалі для прыкрыцця атакуючых, штурму і разбурэння ўмацаванняў. Уключала пераносныя і рухомыя (на катках) шчыты, вінеі, рухомыя аблогавыя вежы ў некалькі ярусаў з адкіднымі мосцікамі, штурмавыя драбіны, кідальныя машыны, тараны і інш. На Беларусі аблогавая тэхніка выкарыстоўвалася да 14—15 ст., калі на змену ёй стала прыходзіць аблогавая артылерыя.

Віды аблогавай тэхнікі: 1 — шчыт; 2 — вінея; 3 — рухомая вежа; 4 — рухомыя і падвешвальныя на круках драбіны; 5 — крук-разбуральнік; 6 — штурмавыя драбіны (самбук); 7 — таран.

т. 1, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБО́ЛЕ,

возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрысвята. Пл. 4,67 км². Даўж. 6,55 км, найб. шыр. 1,43 км, найб. глыб. 9,2 м. Пл. вадазбору каля 750 км². Праз возера цячэ р. Дрысвята (у вытоку наз. Прорва). Берагі выш. 0,3—0,5 м, пясчаныя, месцамі забалочаныя, параслі хмызняком.

Схілы выш. да 15 м, стромкія. Паўночны плёс невялікі, мелкаводны, паўднёвы—глыбокі. Дно да глыб. 1 м пясчанае, глыбей глеістае. 2 астравы агульнай пл. 1,6 га. Уздоўж берагоў паласа расліннасці шыр. 30—600 м.

т. 1, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́МЕНКА (Тамара Мікалаеўна) (н. 26.11.1938, г. Смалявічы),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі і малекулярнай фізікі. Д-р тэхн. н. (1987), праф. (1994). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1960). З 1960 у Ін-це цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава, з 1980 у Ін-це прыкладной фізікі АН Беларусі. Навук. працы па тэрмадынаміцы працэсаў пераносу энергіі, цеплафіз. уласцівасцях газаў і іх сумесяў.

Тв.:

Термическая диффузия в газах. Мн., 1982 (разам з А.​Ф.​Залатухінай, Я.​А.​Шашковым);

Нелинейные эффекты в высокотемпературных газах // Обзоры по теплофизическим свойствам вещества. М., 1992.

т. 1, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРО́К,

від феад. рэнты, якую землеўласнікі атрымлівалі ад прыгонных сялян. Спаганяўся прадуктамі с.-г. вытворчасці і промыслаў (натуральны аброк) або грашыма (грашовы аброк). Найб. ранняй формай быў прадуктовы аброк, які прыйшоў на змену раннесярэдневяковай даніне. У краінах Зах. Еўропы аброк усталяваўся ў 12—13 ст. На Беларусі катэгорыя сялян-аброчнікаў вядома па гіст. крыніцах 14—16 ст., але аброк тут быў мала пашыраны, пераважала паншчына. У Расіі аброк быў адной з асн. формаў эксплуатацыі сялян, хоць часта спалучаўся з паншчынай. Пасля сялянскай рэформы 1861 заменены выкупнымі плацяжамі.

т. 1, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)