РАКІ́ЦКІ Пётр Фаміч (15.8.1903, в. Кустаўніца Мазырскага р-на Гомельскай вобл. — 21.10.1977),
бел. вучоны ў галіне генетыкі. Акад.АН Беларусі (1967), д-рбіял.н., праф. (1940). Засл. дз. нав. Беларусі (1973). Скончыў Маскоўскі ун-т (1927). З 1930 ва Усесаюзным ін-це жывёлагадоўлі, адначасова ў 1932—38 у Маскоўскім ун-це. З 1938 у Маскоўскім пушна-футравым ін-це (заг. кафедры, дэкан, нам. дырэктара), з 1949 у Комі філіяле АНСССР, з 1957 ва Усесаюзным ін-це навук. і тэхн.інфармацыі. У 1960—69 у БДУ (заг. кафедры), адначасова з 1965 у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН Беларусі (заг. лабараторыі). Навук. працы па пытаннях генетыкі колькасных прыкмет і генет. асноў селекцыі жывёл, радыяцыйнай генетыцы, выкарыстанні матэм. метадаў у біялогіі, філасофіі і гісторыі біялогіі. Сфармуляваў і эксперыментальна абгрунтаваў паняцце аб полі дзеяння гена. Дзярж. прэмія Беларусі 1974.
Тв.:
Генетика. 4 изд. М., 1937;
Биологическая статистика. 3 изд. Мн., 1973;
Введение в статистическую генетику. 2 изд. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБА́НАЎ Аляксандр Сяргеевіч (н. 12.9.1936, г. Слуцк Мінскай вобл.),
бел. фізік. Акад.Нац.АН Беларусі (1996, чл.-кар. 1989), д-рфіз.-матэм.н. (1976), праф. (1981). Засл. дз. нав. Беларусі (1999). Сын С.Ф.Рубанава. Скончыў БДУ (1958). З 1958 у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі (з 1978 заг. лабараторыі). Адначасова з 1996 старшыня савета Бел.рэсп. фонду фундаментальных даследаванняў. Навук. працы па лазернай фізіцы, кагерэнтнай оптыцы і галаграфіі. Распрацаваў фіз. асновы дынамічнай галаграфіі. Выявіў новую фіз. з’яву — абарачэнне хвалевага фронту святла пры чатыроххвалевым узаемадзеянні. Распрацаваў эфектыўныя метады пераўтварэння прасторавай структуры лазерных пучкоў, апрацоўкі аптычнай інфармацыі, вызначэння ўласцівасцей рэчыва, узбуджэння гіпергуку. Дзярж. прэмія Беларусі 1976. Дзярж. прэмія СССР 1982.
Тв.:
Методы расчета оптических квантовых генераторов. Т. 2. Мн., 1968 (у сааўт.);
Тепловой режим твердотельных оптических кванговых генераторов. М., 1973 (разам з Б.Р.Беластоцкім);
Некоторые вопросы динамической голографии // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА «ЧАЛАВЕ́К-МАШЫНА»,
складаная сістэма, у якой чалавек-аператар (ці група аператараў) узаемадзейнічае з тэхн. аб’ектам (напр., пракатным станам, транспартным сродкам, ЭВМ) у працэсах прамысл. вытв-сці, кіравання, апрацоўкі інфармацыі і інш. Праблемы С.«ч.-м.» вывучае эргатыка.
Асн. праблемы стварэння і выкарыстання С.«ч.-м.» — улік магчымасцей чалавека, аптымальнае размеркаванне функцый паміж чалавекам і машынай, узгадненне рэжымаў і ўмоў іх супольнага функцыянавання. Для праектавання С. «ч.-м.» распрацоўваюць мадэлі, якія апісваюць складаныя чалавека-машынныя алгарытмы рашэння задач. Рэалізуюць такія алгарытмы з дапамогай спец. пакетаў прыкладных праграм. У С.«ч.-м.» на аснове дасягненняў інжынернай псіхалогіі карыстаюцца візуальным і аўдыявізуальным абменам інфармацыяй, пры якім распазнаюцца таксама моўныя паведамленні чалавека (гл.Распазнаванне вобразаў, Распазнаванне вуснай мовы), генерыруюцца адказы ў гукавой і візуальнай форме. Гл. таксама Сістэматэхніка, Эрганоміка.
На Беларусі праблемы С.«ч.-м.» даследуюцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БПА і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАДАРО́ЖНІКАВАЯ РАДЫЁСУ́ВЯЗЬ,
сувязь паміж наземнымі радыёстанцыямі з дапамогай рэтрансляцыі сігналаў адным ці больш ШСЗ; адзін з відаў радыёсувязі.
Вызначаецца адначасовым доступам да спадарожніка сувязі вял. колькасці наземных радыёстанцый, якія знаходзяцца ў зоне яго радыёбачнасці. Па каналах С.р. перадаюцца сігналы тэлефаніі, лічбавыя даныя, відэасігналы, тэлетэкст і інш. з частотным, часавым ці кодавым раздзяленнем сігналаў. С.р. забяспечвае глабальны доступ да баз даных, сеткі Інтэрнет, тэле- і радыёпраграм і інш. мультымедыйнай інфармацыі. Дазваляе ўстанавіць кантроль за месцазнаходжаннем і станам рухомых аб’ектаў, а таксама забяспечыць персанальную сувязь з абанентамі з месцаў, недаступных для наземных сродкаў сувязі, у т. л. ў цяжкадаступных, аддаленых і маланаселеных раёнах. Для арганізацыі С.р. выкарыстоўваюць розныя тыпы наземных радыёстанцый (стацыянарныя, рухомыя, персанальныя і інш.) і розныя тыпы ШСЗ (шматфункцыянальныя, спецыялізаваныя і інш.). Рэтрансляцыя ажыццяўляецца ў рэальным маштабе часу (найб. пашырана), у некаторых выпадках — з часавай затрымкай (у нізкаарбітальных сістэмах С.р.). Выкарыстоўваецца для арганізацыі міжнар., нац., а таксама асобных (карпаратыўных, ведамасных, банкаўскіх структур і інш.) сетак сувязі незалежна ад месцазнаходжання карыстальнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВО́НАЯ КНІ́ГА БЕЛАРУ́СІ,
афіцыйны дакумент, які змяшчае сістэматызаваныя звесткі пра пэўныя віды жывёл і раслін на тэр. Беларусі, што з’яўляюцца рэдкімі або знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Засн. ў 1979. Выдае кнігу Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У першае выданне (1981) было ўключана 80 відаў ахоўных жывёл і 85 — ахоўных раслін. У 2-е выданне (1993) уключаны 182 віды жывёл, у т. л. млекакормячых 14 відаў, птушак 75, паўзуноў 2, земнаводных 1, рыб 5, насякомых 79, ракападобных 5, двухстворкавых малюскаў 1 від; раслін 180, грыбоў 17, лішайнікаў 17 відаў. Для кожнага віду прыведзены бел., рус. і лац. назвы, статус аховы, пашырэнне, месцы пражывання (росту), колькасць (трапляльнасць) у прыродзе, звесткі пра размнажэнне і феналогію, прычыны змены колькасці, магчымасць развядзення (вырошчвання) у няволі (у культуры), прынятыя і неабходныя меры аховы, крыніцы інфармацыі. Рыхтуецца 3-е выданне Ч.К.Б. ў 2 тамах, у якое плануецца ўключыць каля 330 відаў раслін і 200 — жывёл.
Літ.:
Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь. 2 выд.Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЧЫРВО́НЫЯ БРЫГА́ДЫ»
(італьян. Brigate Rosse),
леваэкстрэмісцкая (ультралевая) тэрарыст.арг-цыя ў Італіі. Засн. ў 1969—70; арганізатары і ідэйныя кіраўнікі — Курча і Франчэскіні. Асн. раён дзейнасці — прамысл. зона Мілан—Турын—Генуя. З 1974—75 складаліся з тэрарыст. сеткі (калоны; падзяляліся на брыгады да 5 чал. у кожнай — усяго да 500 баевікоў), разведкі, службы інфармацыі, псіхал. службы. У 2-й пал. 1970-х г. перайшлі да ўзбр. гвалтоўных дзеянняў (пік прыпаў на 1977—81). Намагаліся праз выкраданні, замахі і забойствы прадстаўнікоў дзярж. улады, журналістаў і інш. змяніць грамадскі лад краіны. У 1971—80 забілі 15 італьян. пракурораў і суддзяў, у 1978 паліт. дзеяча А.Мора. З 1980 большасць тэрарыстаў арыштавана (1000 чал. да 1983), іх акцыі сталі менш масавымі. У 1984 раскалоліся на «старых» і «маладых». Да 1985 на волі актыўна дзейнічалі каля 100 тэрарыстаў з наяўных 300. Пасля 1989 іх дзейнасць стала малазначнай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВАБО́ДА»,
амерыканская радыёстанцыя, засн. ў г. Мюнхен (ФРГ) у 1952, ва ўмовах «халоднай вайны», для вядзення інфармацыйна-прапагандысцкай барацьбы супраць СССР. Упершыню выйшла ў эфір у сак. 1953 як радыё «Вызваленне», неўзабаве перайменавана ў «С.» Фармальна выступала ад імя няўрадавай арг-цыі «Камітэт барацьбы за вызваленне ад бальшавізму» (з 1964 «Камітэт вызвалення»), але ў пач. 1970-х г. камісія Кангрэса ЗША афіц. прызнала факт яе фінансавання амер. спецслужбамі з дзярж. бюджэтных крыніц. У 1977 рэдакцыя «С.» пры фармальным захаванні самастойнасці аб’яднана ў адным будынку з рэдакцыяй радыёстанцыі «Свабодная Еўропа» (засн. ў 1950). Да канца 1980-х г. на радыёстанцыі «С.» карэспандэнтамі і каментатарамі працавалі пераважна эмігранты і перабежчыкі з СССР, у т. л. з Беларусі, кіруючыя пасады займалі кадравыя амер. спецыялісты. У складзе рэдакцыі «С.» былі арганізаваны адпаведныя нац. рэдакцыі (у т. л. з 1954 беларуская), якія вялі перадачы на 17 мовах народаў СССР. Асн. кірункамі радыёперадач «С.» ў гэты перыяд былі крытыка сацыялізму, сав. ладу і нац.-дзярж. ўпарадкавання СССР. У іх асвятляліся негатыўныя з’явы з гісторыі і сучаснага жыцця СССР (у т. л. парушэнні правоў чалавека, рэпрэсіі палітычныя ў СССР), паведамлялася пра падзеі і здарэнні, якія замоўчваліся ў сав. сродках масавай інфармацыі, пра праваабарончы рух у СССР, пра дысідэнтаў; чыталіся літ. творы А.Зіноўева, У.Максімава, Б.Пастарнака, А.Салжаніцына і інш., што былі забаронены ў СССР. Распад СССР і спыненне «халоднай вайны» не прывялі да закрыцця «С.». Яна ператварылася ў адзін з прапагандысцкіх інструментаў амер.-натаўскай палітыкі глабалізму. У 1995 штаб-кватэра «С.» пераехала з Мюнхена ў Прагу. Створаны новыя карэспандэнцкія пункты, у т. л. ў Беларусі, Расіі і інш. краінах б.СССР. Абнавіўся апарат «С.». У карэспандэнцкіх пунктах у краінах СНД штатнымі супрацоўнікамі пачалі працаваць журналісты, арыентаваныя на зах. ліберальна-дэмакр. каштоўнасці. Некат. б. супрацоўнікі «С.» (М.Дэйч, С.Шусцер, М.Сакалоў і інш.) цяпер працуюць у рас. сродках масавай інфармацыі. Бел. служба «С.» вяшчае 8 гадз у суткі і мае інфарм., аналітычныя праграмы па эканам., культуралагічных, этнагр., гіст., рэлігіязнаўчых, краязнаўчых і інш. праблемах. Сярод былых і сучасных супрацоўнікаў бел. рэдакцыі «С.» С.Станкевіч, Я.Запруднік, Г.Айзенштат, В.Жданко, Ю.Дракахруст, А.Лукашук, С.Навумчык і інш. «С.» прапагандуе прынцыпы зах. дэмакратыі, ліберальнай эканомікі і з гэтых пазіцый асвятляе падзеі ў свеце, выступае супраць аднаўлення геапаліт. адзінства б. рэспублік СССР.
Літ.:
Вачнадзе Г.Н. Антенны направлены на Восток. 2 изд. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-ПРАМЫСЛО́ВЫ КО́МПЛЕКС (ВПК),
альянс ваеннай прамысловасці, узбр. сіл і звязаных з імі дзярж. апарату, навукі і сродкаў масавай інфармацыі. Пачаў фарміравацца ў ЗША і СССР у 2-ю сусв. вайну. Тэрмін уведзены амер. прэзідэнтам Д.Эйзенхаўэрам у 1950-я г. ВПК асабліва актыўна развіваўся пасля 2-й сусв. вайны ў сувязі з нарастаннем процістаяння 2 процілеглых сусв. сістэм, «халоднай вайны». У выніку ўзніклі блокі ваенныя, у т. л. Паўночны Атлантычны пакт і Варшаўскі дагавор 1955. У ВПК выкарыстоўваліся найноўшыя дасягненні навук.-тэхн. прагрэсу, ён быў асновай мілітарызацыі эканомікі. У свеце ў канцы 1980-х г. у ваен. вытв-сці было занята каля 30 млн.чал. і столькі ж пастаўлена пад ружжо ва ўзбр. сілах, каля 500 тыс. вучоных займаліся ваен.-навук. распрацоўкамі. У сувязі з раззбраеннем, асабліва пасля распаду СССР, сусв.сацыяліст. сістэмы і яе ваен. блока на многіх прадпрыемствах ВПК пачалася канверсія. Але ён па-ранейшаму мае магутны патэнцыял, выпускае вял. колькасць узбраенняў для сваіх краін і ваен. бізнесу. На Беларусі на ВПК працавала больш за 100 прадпрыемстваў — пераважна радыёэлектроннай прам-сці і прыладабудавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ГРО́ДЗЕНСКАЙ ВО́БЛАСЦІ.
Засн. ў Гродне ў 1944. На 1.1.1997 у архіве 2135 фондаў, 347 745 спраў з 1919. Зберагае матэрыялы ўстаноў Польшчы з тэр. Навагрудскага ваяв. (акрамя Баранавіцкага і Валожынскага пав.), Ваўкавыскага, Гродзенскага, Аўгустоўскага (часткова) пав. Беластоцкага ваяв. за 1919—39 пра сац. становішча рабочых, сялян, правядзенне агр. рэформаў у Зах. Беларусі, стан асветы, нац. рух, дзейнасць БСРГ, ТБШ, КПЗБ, інш. грамадскіх, паліт. і рэліг. арг-цый. У дакументах ням.-фаш.акупац. устаноў перыяду Вял.Айч. вайны ёсць звесткі пра палітыку каланізацыі, масавыя расправы з мясц. насельніцтвам, барацьбу з партыз. і антыфаш. рухам, правядзенне гасп. мерапрыемстваў. Зберагае дакументы сав. устаноў, арг-цый і прадпрыемстваў за 1939—41 і з 1944; прыватныя калекцыі і архівы. Яны адлюстроўваюць працэс уз’яднання Зах. Беларусі з БССР, пасляваен. сац.-эканам. і культ. развіццё Гродзенскай вобл. Дакументы на бел., рус., польск., ням. і яўр. мовах.
Аддзелы: забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; інфарм.-пошукавых сістэм; камплектавання, ведамасных архіваў, справаводства і навук.-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў; інфармацыі, публікацыі і навук. выкарыстання дакументаў; матэрыяльна-тэхн. забеспячэння, эксплуатацыі і абслугоўвання будынка. С.А.Кандрашова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНЕ́ШНЯЯ ЛІНГВІ́СТЫКА, экстралінгвістыка,
галіна мовазнаўства, якая даследуе праблемы, што знаходзяцца на памежжы з інш.навук. дысцыплінамі (параўнальная ўнутраная лінгвістыка). Праблемы сутнасці і паходжання мовы, яе сувязь з навакольным асяроддзем і чалавекам вырашаюцца сумесна з філасофіяй, пытанні развіцця мовы і моўных змен — разам з гісторыяй. Пры раскрыцці характару суадносін мовы і мыслення, мовы і ўнутр. свету чалавека З.л. ўзаемадзейнічае з логікай і псіхалогіяй. Функцыянаванне мовы ў грамадстве, яе надіндывід. прырода вывучаюцца ў кантакце з сацыялогіяй. З навукамі негуманітарнага цыкла З.л. вырашае праблемы аўтам. апрацоўкі моўнай інфармацыі (з кібернетыкай); імаверны характар мовы і складаная прырода яе сістэмнасці разглядаюцца сумесна з матэматыкай, пытанні суадносін мовы і інш. знакавых сістэм — разам з семіётыкай. Пры вывучэнні жывой мовы (нар. гаворак, якія пашыраны на пэўнай тэрыторыі і маюць свае адметныя рысы) З.л. кантактуе з геаграфіяй і інш. Як правіла, на мяжы З.л. і інш. навук узнікаюць новыя дысцыпліны: лінгвістычная філасофія, гіст. мовазнаўства, псіхалінгвістыка, сацыялінгвістыка, лінгвасеміётыка, матэматычная лінгвістыка, лінгвістычная геаграфія і інш.
Літ.:
Якобсон Р.О. Избранные работы: Пер. с англ., нем., фр.М., 1985.