РЭЗЕРВА́ЦЫІ, рэзерваты,
спецыяльныя тэрыторыі ў краінах масавай еўрап. эміграцыі (ЗША́, Канада, Паўд. Афрыка, Аўстралія), якія былі замацаваны ўрадамі гэтых краін за карэнным насельніцтвам. Стварэнне Р. адбывалася пераважна прымусова, шляхам гвалтоўнага перасялення ў іх абарыгенаў, якія былі пастаўлены пад жорсткі кантроль дзяржавы і пазбаўлены грамадз. правоў. З 1930-х г. індзейцы Р. ЗША і Канады атрымалі правы грамадзянства, пашырана іх самакіраванне. Абарыгены Аўстраліі атрымалі падобныя правы ў 1960-я г. Улады Паўд.-Афр. Рэспублікі імкнуліся ператварыць Р. карэнных афрыканцаў у т.зв. «незалежныя дзяржавы» (гл. Бантустаны), але пасля скасавання апартэіду ў пач 1990-х г. усе яны ліквідаваны.
т. 13, с. 558
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФЛЕКТО́НАЯ ДУГА́,
сукупнасць утварэнняў, якія ажыццяўляюць рэакцыю арганізма (рэфлекс) на раздражненне рэцэптараў. У састаў Р.д. ўваходзяць нерв. канцы, што ўспрымаюць раздражненне (рэцэптары); адчувальныя (аферэнтныя) нерв. валокны (перадаюць імпульсы ад рэцэптараў у ц. н. с.); нервовы цэнтр (успрымае ўзбуджэнне і перадае яго ўставачным і эфектарным нейронам); рухальныя (эферэнтныя) нерв. валокны (праводзяць узбуджэнне ад нерв. цэнтра да выканаўчых апаратаў); эфектары, выканаўчыя органы (мускулатура, залозы і інш.), якія мяняюць сваю дзейнасць у выніку рэфлексу. У Р.д. нерв. імпульс праводзіцца ў адным напрамку ад аферэнтнага нейрона да эферэнтнага, што вызначаецца механізмам сінаптычнай міжнейроннай перадачы.
А.С.Леанцюк.
т. 14, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМА́ДА (ад ісп. armada флот, эскадра),
устарэлая назва вялікай колькасці сабраных у адным раёне караблёў, самалётаў або танкаў, якія дзейнічаюць адначасова і ўзгоднена. Гл., напр., «Непераможная армада».
т. 1, с. 487
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬВЫ,
у скандынаўскай міфалогіі ніжэйшыя прыродныя духі (першапачаткова, магчыма, і душы памерлых), якія ўплывалі на ўрадлівасць. Ім быў прысвечаны асобны культ. Часам альвы проціпастаўляліся вышэйшым багам — асам.
т. 1, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМО́ГРАФЫ [ад гама... + ...граф(ы)],
словы або іх формы, якія аднолькава пішуцца, але адрозніваюцца гучаннем (націскам) і значэннем. Напр.: «ка́са—каса́», «а́тлас—атла́с», «му́ка—мука́». Амографы можна адрозніць толькі ў кантэксце.
т. 1, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДАНЕЗІ́ЙЦЫ,
народы Інданезіі, якія гавораць на інданезійскай мове (больш за 95% нас. краіны, 188,2 млн. чал., 1993). Большасць вернікаў — мусульмане. У шырокім сэнсе — назва ўсіх грамадзян Інданезіі.
т. 7, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫТЭ́НЫЯ ЦЭ́НЫ,
цэны на с.-г. прадукцыю, якія дазваляюць вытворцу за нязменны аб’ём прадукцыі атрымліваць грашовы даход, дастатковы для пакупкі стабільнага набору несельскагаспадарчых спажывецкіх даброт і паслуг.
т. 12, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́СТАР (ням. Pastor ад лац. pastor пастух),
служыцель культу ў пратэстанцкіх цэрквах, якія адмаўляюць інстытут свяшчэнства. Вядзе звычайны лад жыцця і не лічыцца выключным уладальнікам «боскай ласкі».
т. 12, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКАРДСМЕ́Н (англ. recordsman),
спартсмен (каманда), які ўстанавіў рэкорд у якім-н. відзе спорту на афіц. спаборніцтвах. Р. называюць таксама людзей, якія дасягнулі найб. поспехаў у вытворчай працы.
т. 13, с. 569
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНЕГА́ДАС (ісп. renegados ад позналац. renegatus рэнегат),
у арабскіх дзяржавах Пірэнейскага п-ва ў 8—15 ст. хрысціяне, якія прынялі іслам; разглядаліся хрысціянскай царквою як «адступнікі» (рэнегаты).
т. 14, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)