ГРАМПІЯ́НСКІЯ ГО́РЫ (Grampians),
самыя высокія горы в-ва Вялікабрытанія. Размешчаны на Пн, у Шатландыі: частка Паўночна-Шатландскага нагор’я. Працягнуліся з З на У амаль на 250 км. Выш. да 1343 м (г. Бен-Невіс). Складзены з гнейсаў, сланцаў, гранітаў. Характэрны згладжаныя вяршыні, старажытналедавіковыя формы рэльефу. Клімат умераны марскі. Ападкаў да 1000 мм за год. Тарфянікі, зараснікі верасу, лугі. Рэзерваты: Глен-Рой, Карнгарм, М’юір-оф-Дынет.
т. 5, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІШЫ́МАВА (Аляксандра Восіпаўна) (16.1.1805, г. Кастрама, Расія — 16.6.1881),
руская дзіцячая пісьменніца. Друкавалася з 1831. Выдавала час. для дзяцей «Звездочка» (1842—63) і «Лучи» (1850—60). Аўтар кніг «Гісторыя Расіі ў апавяданнях для дзяцей» (ч. 1—6. 1837—40), «Апавяданні бабулькі» (1839), «Свяшчэнная гісторыя ў размовах для маленькіх дзяцей» (1841), «Рускім дзецям» (1881) і інш., большая частка якіх была пераказам гіст. твораў (напр., М.М.Карамзіна).
т. 7, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГУ́НА (італьян. laguna ад лац. lacus возера),
мелкаводная частка акіяна (мора), аддзеленая ад яго барам або касой і злучаная з ім вузкім адным ці некалькімі пралівамі. Ад слабай сувязі з морам або ад поўнага адасаблення Л. маюць большую ці меншую салёнасць і спецыфічныя лагунныя адклады. Трапляюцца на ўзбярэжжах Чорнага, Каспійскага і інш. мораў. Таксама Л. наз. ўчастак мора паміж каралавым рыфам і берагам або ў сярэдзіне атола.
т. 9, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЗАЎ аўтамабіля,
частка аўтамабіля (або прычэпа), прызначаная для перавозкі грузаў, пасажыраў ці спец. абсталявання. Паводле тыпу К. адрозніваюць аўтамабілі (прычэпы) агульнага прызначэння (К. у выглядзе бартавой платформы) і спецыялізаваныя (самазвалы, фургоны, цыстэрны і інш.). Пасажырскія аўтамабілі маюць нясучы або рамны К. У легкавых аўтамабіляў найб. пашыраныя закрытыя К. тыпу седан, лімузін, купэ, адкрытыя (з адкідным верхам) — кабрыялет і фаэтон, а таксама двухмесныя (закрытыя і адкрытыя) тыпу «спорт».
т. 8, с. 560
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРУ́Н,
рака ў Іране, левы прыток р. Шат-эль-Араб. Даўж. 820 км, пл. бас. каля 60 тыс. км². Вытокі ў гарах Загрос, верхняе і сярэдняе цячэнні ў цяснінах і міжгорных катлавінах, ніжняе — па Месапатамскай нізіне. Веснавое разводдзе, летнія дажджавыя паводкі, асенне-зімовая межань. Сярэдні расход вады 770 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння, частка сцёку па тунелі паступае ў Ісфаханскі аазіс. Суднаходная да г. Ахваз.
т. 8, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́СЫ ДАКЛА́ДНАСЦІ ў машынабудаванні,
характарыстыка дакладнасці апрацоўкі вырабу (дэталі, вузла, машыны, прылады), якая вызначаецца значэннямі допускаў. Устанаўліваецца на асобныя геам. памеры вырабу (напр., лінейныя памеры, вуглы) і на выраб у цэлым, або т.зв. зборачную адзінку (напр., на падшыпнікі качэння, сілавыя вузлы металарэзных станкоў). К.д. геам. параметраў — састаўная частка стандартных сістэм допускаў і пасадак. Заменены на квалітэты, у вымяральнай тэхніцы захаваліся (гл. Класы дакладнасці сродкаў вымярэння).
т. 8, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАБІЯСФЕ́РА (ад літа... + біясфера),
частка біясферы, якая займае верхнія слаі зямной кары (кару выветрывання).
Звычайна да 8—10 м (максімальна да 6 км у вадзе нафтаносных слаёў). Асн. маса арганізмаў у Л. сканцэнтравана ў слоі глебы да глыбіні каля 1 м. Паняцце «Л.» можа разглядацца таксама як вобласць пашырэння жывых арганізмаў па трэшчынах, падземных вадаёмах або як вобласць біягенных асадкавых парод («былых біясфер» паводле У.І.Вярнадскага).
т. 9, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,
частка глебава-біякліматычнага пояса, глебавай зоны або падзоны са спецыфічнымі асаблівасцямі глеб і ўмоў глебаўтварэння, звязанымі з увільгатненнем і тэмпературным рэжымам. Займаюць тэрыторыі, межы якіх праходзяць у шыротным напрамку. Падзяляюцца на глебава-кліматычныя акругі. На тэр. Беларусі адпаведна глебава-геагр. раянаванню вылучаны Паўночная, Цэнтральная і Паўднёвая глебавыя правінцыі, якія адрозніваюцца глебавым покрывам, геамарфалагічнай будовай, тэмпературным рэжымам. Гл. Глебава-геаграфічнае раянаванне і карту да яго.
т. 5, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТУПЕ́Я (франц. porte-épée ад porter насіць + épée шпага),
частка воінскага рыштунку ў выглядзе вузкіх рамянёў рознай даўжыні, якія носяць ваеннаслужачыя цераз плячо і каля бядра. Верхняя (плечавая) П. была прызначана для падтрымкі паяснога рамня, падвешанай на ім халоднай (шашка, шабля), потым агнястрэльнай (пісталет, рэвальвер) зброі, біклагі і інш. Ніжняя (паясная) П. служыць для прышпільвання пісталетнай кабуры, шашкі (шаблі, корціка) і інш. Гл. таксама Рыштунак ваенны.
т. 12, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЗАВО́Д АЎТАМАТЫ́ЧНЫХ ЛІ́НІЙ.
Буд-ва пачата ў 1954 у Мінску. Першы станок выпушчаны ў 1957, аўтаматычная лінія — у 1959. Асн. прадукцыя: аўтаматычныя лініі з металарэзных станкоў, станкі такарныя з вертыкальным шпіндэлем і з лічбава-праграмным кіраваннем, станкі для наразання разьбы, рэзкі труб, паўаўтам. шматшпіндэльныя станкі для дакладных тэхналогій і інш. Выпускае таксама разнастайныя замкі, ключы, адліўкі з чыгуну і інш. Частка прадукцыі экспартуецца.
т. 10, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)