СТАНАЎЛЕННЕ, РАЗВІЦЦЁ І КАДЫФІКАЦЫЯ ЗАКАНАДАЎСТВА НА БЕЛАРУСІ

СТАРАЖЫТНАЕ ПРАВА.

У стараж. бел. княствах (Полацкім, Турава-Пінскім, Віцебскім, Новагародскім і інш.) дзейнічала пераважна звычаёвае права — сістэма няпісаных правіл паводзін людзей, што абапіралася на даўнасць і агульнапрынятасць ужывання. Звычаёвым правам рэгуляваліся маёмасныя і сямейныя праваадносіны, правы і абавязкі насельніцтва, сістэма органаў улады і інш., у т. л. парадак уступлення на трон князя, які на ўсеагульным вечы прысягаў верна служыць дзяржаве і дзейнічаць у адпаведнасці з мясц. звычаёвым правам. Умовы ўступлення князя на трон афармляліся граматай (калі ён займаў яго па спадчыне) або дагаворам (калі быў запрошаны на княжанне з інш. княства ці «чужой» зямлі).

Першыя пісаныя заканад. акты — Руская праўда і міжнар. дагаворы стараж. бел. княстваў з інш. дзяржавамі. Адным з першых пісаных дагавораў, які дайшоў да нашага часу, лічыцца дагавор 1229, заключаны Смаленскім, Віцебскім і Полацкім княствамі з Рыгай і Гоцкім берагам аб добрасуседскіх адносінах і свабодным гандлі па ўсёй Зах. Дзвіне і Балтыйскім узбярэжжы. Падобныя дагаворы заключаліся ў 1264, 1265, 1338 і інш. Гал. мэтай дагавораў у 13—15 ст. было ўстанаўленне і захаванне міру, рэгуляванне свабоды гандл. і дыпламат. зносін. Добрасуседскія адносіны замацоўваліся ў шэрагу дагаворных грамат з Псковам і Вял. Ноўгарадам Так, у 1471 Ноўгарад, імкнучыся захаваць сваю незалежнасць ад Масквы, заключыў дагавор з ВКЛ аб ваен. дапамозе і інш. На працягу стагоддзяў міжнар. дагаворы заключаліся з Маскоўскай дзяржавай. Асобнае месца ў дагаворным праве належыць васальным граматам, што замацоўвалі падпарадкаванне невял. княстваў больш магутным дзяржавам, якія часам не ўваходзілі ў склад дзяржавы-сюзерэна, але былі ў саюзе з ёй.

ЗАКАНАДАЎСТВА ВКЛ І РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ.

У працэсе ўтварэння ВКЛ складвалася ўласнае агульназемскае (агульнадзярж.) права, прымалася значная колькасць нарматыўных актаў — прывілеяў (грамат). У зборах дакументаў і матэрыялаў археаграфічных камісій (Віленскай, Пецярбургскай, Кіеўскай) надрукаваны розныя віды грамат: дагаворныя, даравальныя, устаўныя, ільготныя, ахоўныя, судныя, пазыўныя і інш. Граматы заканад. характару называліся звычайна «лістами» або «прывілеями». Яны ахоплівалі тэр. ўсёй краіны ці адрасаваліся прывілеяванаму саслоўю (т.зв. агульназемскія граматы); ахоплівалі асобныя землі, адм.-тэр. адзінкі і адрасаваліся ўсяму насельніцтву гэтых зямель (т.зв. абласныя граматы); выдаваліся асобным гарадам, пераважна на магдэбургскае права (т.зв. гарадскія граматы), пэўным установам (напр., цэрквам, манастырам) або асобным сац. і саслоўным групам насельніцтва (сялянам, духавенству, мяшчанам), нац. групам (татарам, яўрэям), а таксама прыватным асобам (падараванні зямельных угоддзяў ці промыслаў, наданні тытулаў, шляхецтва і інш.).

У ліку першых грамат агульнадзярж. характару былі граматы вял. князя Альгерда, выдадзеныя ў 1359, і граматы вял. князя Ягайлы, выдадзеныя ў 1387. Гарадзельская унія 1413 замацавана сумеснай граматай Ягайлы і Вітаўта. У грамаце ад 6.5.1434, выдадзенай вял. князем Жыгімонтам Кейстутавічам, пацвярджалася роўнасць правоў правасл. феадалаў з феадаламі-католікамі; усім феадалам гарантавалася права валодання маёнткамі, карыстання гербамі і інш. знакамі шляхецтва, а таксама асабістая свабода і недатыкальнасць асобы шляхціца.

Важным этапам у развіцці дзярж. заканадаўства была грамата Казіміра ад 2.5.1447, якая мела ярка акрэслены канстытуцыйны характар. У ёй вял. князь ВКЛ абяцаў ахоўваць тэр. цэласнасць дзяржавы і не даваць зямель і пасад іншаземцам. Грамата адрасавалася не толькі шляхце, але і гарадскому насельніцтву. Прынцыпы недатыкальнасці асобы і яе маёмасці, адказнасці за віну ў судовым парадку пашыраліся і на простых людзей. Адной з найб. прагрэсіўных норм канстытуцыйнага характару было дэклараванне права князям, рыцарам, шляхціцам, баярам свабодна выязджаць за межы дзяржавы, за выключэннем непрыяцельскіх зямель. Адначасова грамата заканадаўча афармляла права феадалаў судзіць сваіх залежных (падданых) людзей.

Агульназемская грамата 1492 замацоўвала асновы грамадскага і дзярж. ладу ВКЛ, суверэнітэт дзяржавы, вяршэнства Рады і інш. У гісторыка-прававой л-ры яна атрымала назву «малая феадальная канстытуцыя». Грамата замацавала асн. прынцыпы міжнар. палітыкі ВКЛ: падтрымліваць добрасуседскія адносіны з інш. дзяржавамі, прытрымлівацца заключаных пагадненняў аб міры, саюзах, канфедэрацыях, не парушаць раней заключаных дагавораў. Грамата гарантавала, што ўсе дзярж. пытанні і судовыя пастановы, вырашаныя з панамі-радай, вял. князь не мог «змяняць, выпраўляць або перапарадкоўваць»; што ўсе пасады ў дзяржаве будуць давацца са згоды Рады толькі ўраджэнцам ВКЛ; забараняла пазбаўляць службоўцаў пасад без вызначэння віны. Нормы граматы паклалі пачатак барацьбы са злоўжываннямі асоб мясц. адміністрацыі: ім забаранялася вымагаць у падначаленых і насельніцтва што-небудзь звыш вызначанага законам, браць хабары.

Важным законам, які таксама меў канстытуцыйны характар, стала грамата Жыгімонта 1 Старога, выдадзеная ў 1506. У ёй больш дэталізавана абагульняліся і паўтараліся палажэнні папярэдніх агульназемскіх грамат; пацвярджаліся ўсе правы і вольнасці, дадзеныя гарадам, цэрквам, духоўным і свецкім феадалам, мяшчанам і інш. жыхарам краіны. Князь абавязваўся не раздрабняць дзярж. землі і вяртаць незаконна адабраныя, дэкларавалася права падданых падаваць чалабітныя і скаргі.

Наступныя агульназемскія граматы (1529, 1547, 1551, 1563 і інш.) у асн. пацвярджалі і паўтаралі раней выдадзеныя прывілеі, хаця мелі і новыя прававыя нормы, у іх ліку нарматыўна-прававыя акты: устава аб маёнтках дзярж. злачынцаў (1509), грамата аб уладзе і правах гетмана ў перыяд паходу з войскам (1507), закон аб спакушэнні ва іудзейства (1540) і інш.

Першыя абласныя граматы, якія замацоўвалі аўтаномныя правы асобных зямель (найчасцей былых стараж. княстваў) у складзе дзяржавы, выдаваліся пераважна ў 14 ст. пры ўваходзе гэтых зямель у склад ВКЛ і потым пацвярджаліся наступнымі князямі. Да нашага часу дайшлі больш познія пацвярджальныя граматы (Полацкай зямлі 1511, 1547, 1580, 1634; Віцебскай зямлі 1503, 1509, 1561; Смаленскай зямлі 1505 і інш.). У іх рэгламентаваліся ўзаемаадносіны гэтых зямель з цэнтр. уладай, правы і абавязкі насельніцтва. Адначасова яны мелі сілу і значэнне мясц. законаў, бо рэгулявалі ўнутранае грамадскае жыццё. Валасныя граматы (гаспадарскія лісты, выракі, уставы) даваліся вял. князем жыхарам пэўных валасцей, як правіла, у адказ на іх скаргі адносна самавольства мясц. адміністрацыі і парушэння старадаўніх правоў. Найчасцей яны рэгламентавалі сял. павіннасці перад дзяржавай і мясц. адміністрацыяй. Гарады ў ВКЛ на падставе гарадскіх грамат набывалі самакіраванне на ўзор магдэбургскага права. Першымі атрымалі такія граматы Вільня (1387), Брэст (1390), Гродна (1391). На працягу 15—17 ст. правы на самакіраванне паводле магдэбургскага права атрымалі каля 60 гарадоў, у т. л. Слуцк, Полацк, Мінск, Браслаў, Ваўкавыск, Навагрудак, Слонім, Магілёў, Нясвіж, Пінск, Віцебск, Орша, Капыль. Граматы грунтаваліся на ўласным звычаёвым праве горада, рэгламентавалі парадак утварэння і кампетэнцыю органаў гар. кіравання — магістратаў у складзе войта (галавы горада), лент-войта (яго намесніка), радцаў, бурмістраў і лаўнікаў. Горад вызваляўся з-пад улады мясц. адміністрацыі — намеснікаў, старостаў і інш., меў пэўныя льготы і ўласны суд. Войта, як правіла, прызначала вярх. ўлада пажыццёва. Колькасць членаў гар. рады (радцаў) залежала ад памеру горада. Кожная грамата змяшчала пэўныя гандл. льготы для гараджан, рэгламентавала права горада на пэўную колькасць кірмашоў на год. Гораду давалася права на зямельную ўласнасць унутры горада і вакол яго. Гараджанам дазвалялася будаваць і атрымліваць прыбыткі з гасціных дамоў, крамніц, важніц, васкабойняў, млыноў, лазняў і інш. Першай спробай кадыфікацыі крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага заканадаўства быў прыняты на сойме 29.2.1468 Судзебнік Казіміра, у аснову якога пакладзена звычаёвае права стараж. бел. княстваў.

У пач. 16 ст. створана спец. камісія для кадыфікацыі заканадаўства. Першы звод законаў — Статут 1529, які складаўся з 13 раздзелаў і 244 артыкулаў. Галоўнае, што адрознівала яго ад падобных заканад. актаў інш. дзяржаў, гэта канстытуцыйная накіраванасць і ўласная кадыфікацыя. Першыя 3 раздзелы Статута ўключалі ў асн. нормы канстытуцыйнага характару, хаця яны меліся і ў інш. раздзелах. Раздзелы 4-ы і 5-ы змяшчалі ў асн. нормы спадчыннага і шлюбна-сямейнага права, 6-ы — судова-працэсуальнага, 7-ы — крымін., 8-ы — зямельнага, 9-ы — адм. (ляснога і паляўнічага), 10-ы — грамадз., 11—13-ы — крымін. і крымін.-працэсуальнага права. Статут замацаваў асновы грамадска-паліт. ладу дзяржавы, парадак утварэння, склад і паўнамоцтвы некаторых дзярж. і суд. органаў, прававое становішча розных катэгорый насельніцтва і інш. У ім выкладаліся шматлікія канстытуцыйныя нормы, найважнейшымі з іх былі тыя, што абмяжоўвалі ўладу вял. князя (усе справы ў дзяржаве ён павінен быў вырашаць са згоды паноў-рады і «дзеля агульнай карысці»), абавязвалі яго захоўваць тэр. цэласнасць дзяржавы, прытрымлівацца законаў і звычаяў.

Новы статут ВКЛ, які быў уведзены ў дзеянне з 1.3.1566, меў 14 раздзелаў і 367 артыкулаў. У яго былі ўключаны 3 прывілеі: Віленскія 1563, 1565 і Бельскі 1564. У ім былі нормы ўсіх галін тагачаснага права: канстытуцыйнага, грамадз. (у т. л. абавязацельнага, залогавага, зямельнага, апякунскага, спадчыннага), шлюбна-сямейнага, адм., крымін., судова-працэсуальнага і інш. Статут больш дакладна і поўна рэгламентаваў дзейнасць вышэйшых органаў дзяржавы (вял. князя і Рады), канчаткова замацаваў заканад. функцыю сойма (вызначаў яго склад і кампетэнцыю, парадак абрання павятовых дэпутатаў на сойм, дзейнасць павятовых соймікаў); рэгламентаваў дзейнасць новых падкаморскіх і земскіх судоў.

Пасля прыняцця Статута 1566 у ВКЛ працягваліся рэформы (судовая, зямельная, ваенная і інш.), удасканальваўся дзярж.-паліт. лад. У 1569 ВКЛ і каралеўства Польшча аб’ядналіся ў канфедэрацыю — Рэч Паспалітую. У сувязі з гэтым узнікла неабходнасць рэфармавання заканадаўства, утворана новая статутавая камісія з паноў-рады, павятовай шляхты, службовых асоб, юрыстаў, духавенства (па 5 ад каталіцкага і правасл.). Работу камісіі ўзначальвалі высокакваліфікаваныя правазнаўцы — канцлер ВКЛ А.​Б.​Валовіч і падканцлер Л.​І.​Сапега. Трэці Статут ВКЛ 1588 у параўнанні з папярэднімі меў не толькі большы аб’ём (488 артыкулаў, размешчаных у 14 раздзелах), але і больш дасканалую сістэму размяшчэння прававога матэрыялу. Па сутнасці, Статут з’яўляўся канстытуцыяй дзяржавы, бо яго першыя 3 раздзелы ў асн. былі прысвечаны нормам канстытуцыйнага права. У першую чаргу ён замацоўваў такія важныя канстытуцыйныя прынцыпы, як суверэнітэт дзяржавы і народа, роўнасць усіх свабодных людзей перад законам, іх правы на ўласнасць, на ахову жыцця, гонару, маёмасці, на суд. абарону і інш. Абвяшчалася права свабоднага выезду шляхты за межы дзяржавы, недатыкальнасць асобы, права прадстаўніцтва ў органах дзярж. улады і кіравання. Статут замацаваў прынцып падзелу ўлады: заканадаўчая ўлада належала сойму, выканаўчая — вял. князю і панам-радзе, судовая — новым, створаным у выніку судовай рэформы судовым органам. Аб юрыдычнай дзейнасці Статута 1588 сведчыць тое, што ён дзейнічаў амаль да сярэдзіны 19 ст.

На соймах Рэчы Паспалітай у 16—18 ст. прымаліся шматлікія нарматыўныя акты. Адны з іх тычыліся ўсёй дзяржавы, іншыя толькі Польшчы ці ВКЛ. Пры абранні на каралеўскі трон у 1573 Генрыка Валезы (Валуа) былі распрацаваны Генрыкавы артыкулы як асн. канстытуцыйны акт Рэчы Паспалітай. Але яны ўпершыню падпісаны 30.5.1576 пры каранацыі Стафана Баторыя, а потым падпісваліся ўсімі выбарнымі манархамі. У іх абвяшчалася: свабоднае абранне караля, свабода хрысц. веравызнання, абавязак склікаць агульны (вальны) сойм раз у 2 гады не больш чым на 6 тыдняў. Кароль не валодаў ні заканад., ні выканаўчай, ні суд. уладай; пры каралю меўся пастаянны савет з 16 сенатараў-рэзідэнтаў. Без згоды сойма забаранялася ўстанаўліваць новыя падаткі і пошліны. Прадугледжвалася, што калі кароль будзе дзейнічаць насуперак праву і сваім абавязкам, то шляхта можа адмовіцца ад падпарадкавання і выступіць супраць манарха. У 1768 сойм Рэчы Паспалітай прыняў Кардынальныя правы, паводле якіх захоўвалася выбарнасць караля, канфедэратыўны характар дзяржавы і феадальны лад. У студз. 1791 былі прыняты новыя Кардынальныя правы, у якіх выкладзены асн. прынцыпы канстытуцыйнага ладу дзяржавы. Рэч Паспалітая абвяшчалася дзяржавай, у якой вяршэнства належыць закону, прынятаму соймам, рэгламентаваліся свабода слова і друку, свабода рэліг. культаў, вечная унія ВКЛ і Польшчы і інш.

Канстытуцыя Рэчы Паспалітай, выдадзеная 3.5.1791, упершыню абвяшчала, што ўлада ў дзяржаве зыходзіць ад народа; кароль займае сваю пасаду як з Божай ласкі, так і па волі народа. Народ сам забяспечвае абарону дзяржавы і захаванне суверэнітэту, а ўсе грамадзяне з’яўляюцца абаронцамі цэласнасці дзяржавы і нар. свабод. Канстытуцыя 1791 прадугледжвала ператварэнне Рэчы Паспалітай з канфедэрацыі ў федэратыўную дзяржаву. Упершыню ўтвараўся адзіны ўрад усёй Рэчы Паспалітай — Стража правоў (законаў). Ён складаўся з караля (старшыні ўрада), прымаса (галавы каталіцкай царквы і адначасова старшыні адукац. і навук. камісіі) і 5 міністраў, якіх прызначаў кароль з вышэйшых службовых асоб Польшчы і ВКЛ. Абвяшчаўся падзел улады на заканад., выканаўчую і судовую. Сойм станавіўся пастаянна дзеючым заканад. органам, адмянялася ліберум вета і інш.

ЗАКАНАДАЎСТВА Ў ПЕРЫЯД РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ.

Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі працягваў дзейнічаць Статут 1588. Адначасова ў дзеянне ўводзіліся заканад. акты Рас. імперыі: «Даравальная грамата дваранству» (1785), «Даравальная грамата гарадам» (1785, у сувязі са скасаваннем магдэбургскага права на Беларусі), «Статут добрапрыстойнасці» (1782), «Установа для кіравання губерняў» (1775), «Настаўленне губернатарам» (1764) і інш. Прымаліся і спец. заканад. акты адносна кіравання губернямі, змен у адм.-тэр. падзеле і інш. Указам ад 23.6.1794 была ўведзена «мяжа аселасці» для яўрэяў, якая ўключала бел. і частку ўкр. губерняў. У 1826 у сувязі з работай кадыфікацыйнай камісіі М.​Спяранскага па падрыхтоўцы Збору законаў Рас. імперыі пачалася праца па падрыхтоўцы Збору мясц. законаў зах. губерняў пад кіраўніцтвам бел. вучонага-юрыста І.​Даніловіча, якая ў асн. завершана ў 1834 (дапрацоўка некаторых раздзелаў вялася да 1837). Аднак падрыхтаваны праект не быў уведзены ў дзеянне. У 1840 канчаткова адменена дзеянне Статута 1588 і інш. законаў часоў ВКЛ.

На Беларусі пачало дзейнічаць агульнарас. заканадаўства. У 1845 зацверджана, а з 1846 уведзена ў дзеянне «Улажэнне аб пакараннях крымінальных і папраўчых», паводле якога памешчыкі захоўвалі права суда над сялянамі, а суды мелі права ўжываць самыя жорсткія пакаранні (сялян і мяшчан маглі караць катаржнымі работамі, біццём розгамі, пугамі, палкамі). 19.2.1861 прыняты маніфест аб вызваленні сялян ад прыгонніцтва, агульныя і мясц. палажэнні, а таксама інш. заканад. акты адносна правядзення сял. рэформы (выдадзена 17 актаў). 27.11.1864 прыняты 4 Судовыя ўставы аб суд. рэформе, 16.6.1870 — Гарадавое палажэнне аб гар. рэформе і інш. Але на Беларусі ўсе гэтыя нарматыўна-прававыя акты ўводзіліся ў дзеянне, як правіла, пазней, з пэўнымі агаворкамі і выключэннямі. Гарадавое палажэнне ўведзена ў 1875. Пачатак земскай рэформы 1864 на Беларусі пакладзены Палажэннем ад 2.4.1903, пазней указам ад 14.3.1911 у трох усходніх бел. губернях (Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай) уведзена Палажэнне аб земствах з некаторымі папраўкамі і зменамі. Важнымі заканад. актамі сталі царскі Маніфест ад 6.8.1905 аб утварэнні Дзярж. думы, Маніфест ад 17.10.1905 «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку» і інш. заканад. акты, прынятыя ў час 1-й рус. рэвалюцыі. Паводле палажэння аб выбарах у Дзярж. думу бел. губерні атрымалі права выбіраць дэпутатаў (Віленская, Гродзенская і Магілёўская — па 7 дэпутатаў, Віцебская — 6, Мінская — 9). На падставе ўказа ад 9.11.1906, законаў ад 14.7.1910 і 29.6.1911 у Рас. імперыі пачалася т.зв. сталыпінская рэформа, накіраваная на развіццё фермерскіх сял. гаспадарак. У час 1-й сусв. вайны быў прыняты шэраг рас. надзвычайных законаў. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 пачалі дзейнічаць пастановы Часовага рас. ўрада. Паступова адбываўся працэс ліквідацыі рас. дзярж.-прававой сістэмы і адраджэння бел. дзяржаўнасці, нац. права і заканадаўства.

ЗАКАНАДАЎСТВА Ў БССР.

Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі 1.1.1919 апублікаваў Маніфест аб абвяшчэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У ім гаварылася, што ўся ўлада ў Беларусі належыць Саветам рабочых, сял., батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў; усе землі памешчыкаў і манастыроў, усе лясы, нетры зямлі, чыгункі, фабрыкі, заводы, банкі, шляхі зносін, паштовыя, тэлегр. і тэлеф. сеткі абвяшчаліся ўласнасцю рабочых і бяднейшых сялян Беларусі; устанаўліваўся 8-гадзінны рабочы дзень; прац. ўсіх нацыянальнасцей прызнаваліся раўнапраўнымі. I Усебел. з’езд Саветаў 3.2.1919 зацвердзіў першую Канстытуцыю БССР. Вышэйшым органам дзярж. улады БССР абвяшчаўся Усебел. з’езд Саветаў. У перыяд паміж яго з’ездамі ўся паўната ўлады належала ЦВК БССР. Заканад. паўнамоцтвы меў таксама Прэзідыум ЦВК і Вял. Прэзідыум ЦВК (урад БССР). У лют. 1919 Прэзідыум ЦВК зацвердзіў Палажэнне аб выбарах у валасныя і сельскія Саветы.

Пасля стварэння 27.2.1919 Літоўска-Беларускай ССР (Літбел) на тэр. адзінай рэспублікі захоўвалі сілу дэкрэты і пастановы БССР і Літ. ССР. Заканад. акты РСФСР пашыраліся на тэр. Літбела спец. пастановамі ўрада. 31.7.1920 на пасяджэнні Мінскага губ. ВРК і ЦК КП(б) Літвы і Беларусі з удзелам прадстаўнікоў прафсаюзаў і інш. грамадскіх арг-цый прынята «Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», якая аб’явіла аднаўленне БССР на асновах, устаноўленых Маніфестам 1919. Аснову федэратыўных узаемаадносін Сав. Беларусі з РСФСР складалі прынцыпы раўнапраўя, добраахвотнасці, захавання дзярж. і нац. суверэнітэту абедзвюх рэспублік. Да склікання Усебел. з’езда Саветаў вышэйшую ўладу ў рэспубліцы выконваў Ваенна-рэв. камітэт БССР. II Усебел. з’езд Саветаў (13—17.12.1920) прыняў дадаткі да Канстытуцыі БССР 1919, паводле якіх утвараўся Савет Народных Камісараў (СНК) рэспублікі як вышэйшы орган дзярж. кіравання; прыняў пастанову аб надзяленні зямлёй батракоў, беззямельных і малазямельных сялян.

Працоўныя адносіны ў БССР рэгуляваліся Кодэксам законаў аб працы РСФСР 1918, які ўстанавіў 8-гадзінны рабочы дзень для дарослых і 6-гадзінны для падлеткаў і асоб, занятых на работах са шкоднымі ўмовамі працы, забараніў звышурочныя работы, вызначыў абавязковую прац. павіннасць для ўсіх працаздольных грамадзян ва ўзросце ад 16 да 50 гадоў. Сямейныя адносіны рэгуляваліся Кодэксам законаў аб актах грамадз. стану, сямейным і апякунскім праве РСФСР 1918. У барацьбе са злачыннасцю судова-следчыя органы БССР карысталіся кіруючымі асновамі па крымін. праве РСФСР 1919. Заканад. органы БССР выдавалі і свае заканад. акты з улікам мясц. умоў. У першыя гады сав. улады на тэр. БССР дзейнічалі Грамадз. і Крымін. кодэксы РСФСР, Кодэкс законаў аб працы РСФСР, Крымін.-працэсуальны кодэкс РСФСР (усе 1922). 15.4.1923 ЦВК БССР увёў у дзеянне новы Крымін.-працэсуальны кодэкс БССР. Асаблівасці землекарыстання на Беларусі выклікалі неабходнасць распрацаваць Зямельны кодэкс БССР, які 29.3.1923 зацверджаны ЦВК БССР і з 15.4.1923 уведзены ў дзеянне. На тэр. Віцебскай і Гомельскай губ. дзейнічаў Зямельны кодэкс РСФСР 1922. Пасля вяртання гэтых тэр. БССР у 1924 паўстала неабходнасць распрацаваць адзіны Зямельны кодэкс. Прэзідыум ЦВК БССР 21.2.1925 зацвердзіў новы Зямельны кодэкс БССР і ўвёў яго ў дзеянне з 1.4.1925.

У сувязі з зацвярджэннем 31.1.1924 Канстытуцыі СССР Надзвычайны VI Усебел. з’езд Саветаў (13—16.3.1924) даручыў ЦВК БССР падрыхтаваць праект новай Канстытуцыі БССР, які ў лют. 1925 разгледжаны і ўхвалены на 4-й сесіі ЦВК БССР. 11.4.1927 8-ы Усебел. з’езд Саветаў зацвердзіў новую Канстытуцыю БССР. Яна вызначала, што Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка — сацыяліст. дзяржава дыктатуры пралетарыяту, якая ажыццяўляе свае задачы на аснове саюзу рабочых і сялян. Асн. сродкі вытворчасці — зямля, лясы, нетры, воды, фабрыкі і заводы, чыгуначны, водны і паветраны транспарт, сродкі сувязі — абвяшчаліся ўласнасцю дзяржавы. Замацоўваліся суверэнныя правы рэспублікі: самаст. прымаць канстытуцыю і ўносіць у яе змены, вырашаць пытанні аб змене граніц БССР, ствараць вышэйшыя органы дзярж. улады і кіравання, прымаць у грамадзянства БССР. Канстытуцыя вызначала выключную кампетэнцыю ўсебел. з’ездаў Саветаў, парадак утварэння, дзейнасць і паўнамоцтвы ЦВК БССР, яго Прэзідыума і СНК рэспублікі, сістэму мясц. органаў улады і кіравання, выбарчую сістэму; асн. правы і свабоды грамадзян. У студз. 1930 СНК БССР прыняў пастанову аб пераводзе на гасп. разлік усіх дзярж. прамысл. прадпрыемстваў. Узмацніліся заканад. меры па абмежаванні, а потым і выцясненні прыватнага капіталу з нар. гаспадаркі. У Грамадз. кодэкс унесены змены, якія расшырылі маёмасныя правы грамадзян. Нормы Грамадз. працэсуальнага кодэкса прыводзіліся ў адпаведнасць з законамі Саюза ССР. 27.7.1929 ЦВК і СНК БССР прынялі новы Кодэкс аб працы БССР, які пашыраў паўнамоцтвы прафсаюзаў у галіне кантролю за захаваннем працоўнага заканадаўства. 27.1.1927 ЦВК БССР зацвердзіў Кодэкс законаў аб шлюбе, сям’і і апецы БССР і ўвёў яго ў дзеянне з 1.3.1927. У галіне зямельнага заканадаўства, адпаведна з агульнасаюзнымі законамі, устанаўліваліся льготы калгасам і саўгасам у правядзенні землеўпарадкавання, абмяжоўвалася здача зямлі ў арэнду, прадугледжвалася дапамога бядняцкім і серадняцкім гаспадаркам. У перыяд масавай калектывізацыі землекарыстанне рэгулявалася Прыкладным статутам с.-г. арцелі, зацверджаным СНК СССР і Прэзідыумам ЦВК СССР 1.3.1930. У студз. 1927 ЦВК БССР зацвердзіў Водна-меліярацыйны кодэкс БССР (уведзены ў дзеянне з 8.3.1928). Крымін. заканадаўства прыведзена ў адпаведнасць з агульнасаюзнымі актамі. 23.9.1928 ЦВК БССР зацвердзіў Крымін. кодэкс БССР (уведзены ў дзеянне з 15.11.1928). З прыняццем у 1924 Асноў крымін. судаводства Саюза ССР і саюзных рэспублік і Палажэння аб судовым ладзе БССР (пастанова ЦВК і СНК БССР ад 10.11.1027) у Крымін.-працэсуальны кодэкс (КПК) 1923 унесены значныя змены, якія павышалі ролю пракурора ў крымін. працэсе, дапускалі ўдзел грамадскіх абвінаваўцаў і абаронцаў. 2.7.1926 ІДВК БССР зацвердзіў Папраўча-працоўны кодэкс БССР (уведзены ў дзеянне з 15.11.1926). У прац. заканадаўстве ўдасканальваліся палажэнні, якія рэгулявалі нарміраванне працы і заработнай платы, у 1933 канкрэтызавана палажэнне аб перадачы прафсаюзам функцый аховы працы і сац. страхавання. Крымін. заканадаўства ўзмацняла адказнасць за выпуск няякаснай прадукцыі, злоснае хуліганства, парушэнне правоў маці і дзіцяці, за ўцягванне непаўналетніх у злачынную дзейнасць і інш. Устанаўлівалася крымін. адказнасць за здраду Радзіме (шпіянаж, выдача ваен. ці дзярж. тайны, пераход на бок ворага, уцёкі за мяжу і інш.). У 1933—35 унесены змены ў крымін.-працэсуальнае заканадаўства.

19.2.1937 Надзвычайны Усебел. з’езд Саветаў зацвердзіў новую Канстытуцыю БССР. У ёй прыняцце рэсп. законаў аднесена выключна да кампетэнцыі Вярх. Савета БССР — вышэйшага органа дзярж. улады ў рэспубліцы. Да кампетэнцыі Саюза ССР аднесены ўстанаўленне асноў заканадаўства ў галіне асветы, аховы здароўя, працы, прыняцце законаў аб судовым ладзе, крымін. і грамадзянскага кодэксаў. Да ведання рэспублікі аднесена ўстанаўленне парадку землекарыстання і заканадаўства аб працы.

Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР СНК БССР прыняў пастановы аб нацыяналізацыі ў Зах. Беларусі фабрык, заводаў, гандл. прадпрыемстваў і інш. З прыняццем закона аб судовым ладзе СССР 1938 унесены змены ў ГПК БССР, у прыватнасці, устанаўлівалася, што ўсе грамадз. справы павінны разглядацца ў нар. судах з удзелам нар. засядацеляў. Зямельнае заканадаўства прадугледжвала меры па ахове калгасных зямель ад разбазарвання, удасканальванні правіл буд-ва, эксплуатацыі і аховы водна-меліярацыйных сістэм і збудаванняў. Унесены змены ў прац. заканадаўстве: уведзены прац. кніжкі; вызначаны новы рэжым рабочага часу; забаронена скасоўваць прац. адносіны па жаданні работнікаў і інш. Расшырана сфера крымін. адказнасці і ўзмоцнена пакаранне за шэраг злачынстваў.

У 1944—46 СНК БССР прыняў шэраг пастаноў па пытаннях росшуку і размеркавання грамадскай маёмасці, аднаўлення і развіцця ўсіх форм кааперацыі, арганізацыі дагаворных гасп. сувязей, абавязковых паставак с.-г. прадукцыі. Зямельнае і калгаснае заканадаўства забяспечвала аднаўленне парушаных у час акупацыі зямельных адносін, рацыянальнае выкарыстанне зямлі, матэрыяльную дапамогу калгаснай вытворчасці, строгі рэжым вядзення фін. гаспадаркі ў калгасах і арганізацыю калгаснага гандлю. Прац. заканадаўства ваенных гадоў дазваляла кіраўнікам прадпрыемстваў устанаўліваць звышурочныя работы ад 1 да 3 гадзін у дзень, прадугледжвала часовую мабілізацыю незанятага працаздольнага гар. насельніцтва для работы на вытв-сці і буд-ве, уводзіла ваен. становішча на транспарце. Адпаведныя нарматыўныя акты Саюза ССР цалкам пашыраліся і на тэр. БССР па меры яе вызвалення. Унесены змены ў сямейнае заканадаўства: ураўноўваліся ў правах усыноўленыя з дзецьмі ўсынавіцеля, павялічана дзярж. дапамога цяжарным жанчынам, мнагадзетным і адзінокім маці, узмоцнена ахова мацярынства і дзяцінства. Юрыд. значэнне прызнавалася толькі за зарэгістраваным шлюбам, уведзены судовы парадак яго скасавання. Грамадз. заканадаўства прадугледжвала расшырэнне і ўдасканаленне дагаворных сувязей паміж гасп. арг-цыямі, развіццё мясц. прамысловасці, умацаванне планавых асноў у капітальным буд-ве. У 1950 прыняты нарматыўныя акты па аб’яднанні невялікіх калгасаў, зменены прававыя інстытуты, што датычылі забеспячэння нар. гаспадаркі кадрамі, умацавання прац. дысцыпліны, узмацнення аховы працы. З 1947 адноўлена практыка заключэння калектыўных дагавораў паміж адміністрацыяй і ФЗМК прафсаюзаў. У сямейным заканадаўстве ўдасканальваліся нормы, якія рэгулявалі парадак узяцця і скасавання шлюбу, спагнання аліментаў на ўтрыманне дзяцей, аховы мацярынства і дзяцінства. У крымін. заканадаўстве развіваліся 2 узаемазвязаныя тэндэнцыі: узмацненне адказнасці за найб. цяжкія злачынствы і звужэнне сферы крымін. пакарання за дзеянні, якія страцілі грамадскую небяспеку.

З 1950-х г. больш інтэнсіўна абнаўлялася і кадыфікавалася заканадаўства Беларусі. Пачаткам гэтага працэсу паслужыў закон Вярх. Савета СССР ад 11.2.1957 «Аб аднясенні да ведання саюзных рэспублік прыняцця грамадзянскага, крымінальнага і працэсуальнага кодэксаў». Былі распрацаваны і прыняты Закон «Аб судовым ладзе Беларускай ССР» (ліст. 1959), Крымін. і Крымін.-працэсуальны кодэксы БССР (снеж. 1960). Вярх. Савет БССР у чэрв. 1964 прыняў Грамадз. і Грамадз. працэсуальны кодэксы БССР, зацвердзіў Зямельны (снеж. 1970) і Водны (снеж. 1972) кодэксы Беларускай ССР, Кодэкс аб шлюбе і сям’і БССР (чэрв. 1969) і Папраўча-працоўны кодэкс БССР (ліп. 1971), прыняты законы: аб ахове прыроды (1961); аб сельскім, пасялковым Савеце дэпутатаў працоўных (1968); аб ахове помнікаў культуры (1969); аб ахове здароўя (1970); аб раённым Савеце дэпутатаў працоўных і аб гарадскім, раённым у горадзе Савеце дэпутатаў працоўных (1971); аб дзярж. натарыяце (1974), аб нар. адукацыі (1974). З мэтай далейшага ўдасканалення і сістэматызацыі дзеючага заканадаўства ЦК КПБ, Прэзідыум Вярх. Савета БССР і Савет Міністраў БССР прынялі 1.11.1976 пастанову «Аб падрыхтоўцы і выданні Збору законаў Беларускай ССР». Пазачарговая сесія Вярх. Савета БССР 14.4.1978 прыняла новую Канстытуцыю БССР, якая цалкам адпавядала агульнасаюзнай Канстытуцыі 1977.

Да асн. рэсп. заканад. актаў 1980-х г. адносяцца Законы «Аб выбарах раённых (гарадскіх) народных судоў Беларускай ССР» (1981), «Аб парадку адклікання народных суддзяў і народных засядацеляў раённых (гарадскіх) народных судоў Беларускай ССР» (1981), «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету» (1981), «Аб ахове атмасфернага паветра» (1981), «Аб народным абмеркаванні важных пытанняў дзяржаўнага жыцця Беларускай ССР» (1988), «Аб выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларускай ССР» (1988), «Аб выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Беларускай ССР» (1989). У 1983 прыняты Жыллёвы кодэкс БССР, у 1984 — Кодэкс Беларускай ССР аб адміністрацыйных правапарушэннях.

ЗАКАНАДАЎСТВА Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ.

27.7.1990 Вярх. Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. У ёй падкрэслівалася, што дзярж. суверэнітэт абвяшчаецца ў імя найвышэйшай мэты — свабоднага развіцця і дабрабыту кожнага грамадзяніна краіны. 27.2. 1991 Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь прыняты закон «Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Беларускай ССР», у якім абвяшчалася, што народ — носьбіт суверэнітэту і адзіная крыніца дзярж. улады ў краіне. 19.9.1991 Вярх. Савет прыняў закон аб перайменаванні Беларускай ССР у Рэспубліку Беларусь (скарочана — Беларусь).

Пасля абвяшчэння незалежнасці ў краіне актывізаваўся працэс заканатворчасці, накіраваны на ажыўленне гасп. дзейнасці, рэфармавання дзярж. апарату. Прыняты законы: «Аб банках і банкаўскай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (14.12.1990), «Аб арэндзе» (12.12.1990), «Аб прадпрыемствах» (14.12.1990), «Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы» (18.2.1991), «Аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь» (28.5.1991), «Аб прыярытэтным сацыяльна-культурным і эканамічным развіцці сяла і аграпрамысловага комплексу» (29.5.1991), «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» (30.5.1991), «Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь» (16.4.1992), «Аб каштоўных паперах і фондавых біржах» (12.3.1992), «Аб таварных біржах» (13.3.1992), «Аб акцыянерных таварыствах, таварыствах з абмежаванай адказнасцю і таварыствах з дадатковай адказнасцю» (9.12.1992), «Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (19.1.1993). Гэтымі законамі поруч з дзярж. прызнавалася і прыватная ўласнасць, дазвалялася прадпрымальніцкая дзейнасць, але не дапускалася неабмежаваная прыватызацыя вытворчых фондаў. Са снеж. 1991 пачалі фарміравацца асновы новай падатковай палітыкі краіны, замацаваныя ў законах «Аб падатках на дадатковую вартасць», «Аб падаходным падатку з фізічных асоб», «Аб падатках на даходы і прыбытак», «Аб падатку за карыстанне прыроднымі рэсурсамі (экалагічны падатак)», «Аб падатку на нерухомасць». У 1992 прыняты закон «Аб дзяржаўнай пошліне».

Новае сац.-культурнае заканадаўства адлюстравана ў законах: «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, што пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» (22.2.1991), «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь» (4.6.1991), «Аб адукацыі» (29.10.1991), «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь» (11.11.1991), «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей» (30.10.1992), «Аб ветэранах», (17.4.1992), «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» (13.11.1992), «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (26.11.1992), «Аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь» (11.11.1992), «Аб ахове здароўя» (18.6.1993), «Аб фізічнай культуры і спорце» (18.6.1993). Дэмакратызацыя паліт. жыцця ў краіне ажыццяўлялася праз законы «Аб статусе дэпутата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь» (13.2.1991), «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» (20.2.1991), «Аб міліцыі» (26.2.1991), «Аб рэферэндуме (народным галасаванні) у Рэспубліцы Беларусь» (13.6.1991), «Аб прафесійных саюзах» (22.4.1992), «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» (17.12.1992), «Аб адвакатуры» (15.6.1993). Рэарганізацыя дзярж. апарата пачата законам «Аб некаторых змяненнях у сістэме органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь» (25.8.1991). У сак. 1992 пачало дзейнічаць Мін-ва абароны краіны. У маі 1992 Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову «Аб перападпарадкаванні фарміраванняў Узброеных Сіл, якія дыслацыруюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрству абароны». У ліст. 1992 Вярх. Савет прыняў законы: «Аб абароне», «Аб Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь», «Аб пагранічных войсках Рэспублікі Беларусь», «Аб воінскім абавязку і воінскай службе», «Аб статусе ваеннаслужачых», якія склалі прававую базу фарміравання і функцыянавання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. У кастр. 1991 Камітэт дзярж. бяспекі падначалены Вярх. Савету. 13.3.1992 Вярх. Савет прыняў закон «Аб Кантрольнай палаце Рэспублікі Беларусь», якім істотна ўзмоцнена кантрольная функцыя парламента краіны. Законам «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» (29.1.1993) пашыраліся магчымасці пракурорскага нагляду. 23.4.1992 Вярх. Савет прыняў пастанову «Аб канцэпцыі судова-прававой рэформы», у якой прадугледжвалася істотная перабудова сістэмы праваахоўных органаў. Неўзабаве пасля абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь пачалася праца над праектам новай Канстытуцыі. Быў вывучаны вопыт канстытуцыйнага будаўніцтва большасці сучасных дэмакр. дзяржаў. 15.3.1994 Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прынята Вярх. Саветам. Беларусь абвяшчалася унітарнай дэмакр. сац. прававой дзяржавай. Замацоўваліся правы і свабоды асобы, прадугледжаныя ў міжнар. пактах аб правах асобы. Упершыню Беларусь стала прэзідэнцкай рэспублікай з выразна акрэсленым раздзяленнем улад — заканадаўчай, выканаўчай і судовай. Адначасова вылучаліся кантрольна-наглядныя органы дзяржавы — Канстытуцыйны суд, Кантрольная палата і Пракуратура. Вышэйшым прадстаўнічым і заканад. органам дзярж. улады абвяшчаўся Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь. У яго кампетэнцыю ўваходзіла прыняцце і змяненне Канстытуцыі, прыняцце законаў і пастаноў, ажыццяўленне кантролю за іх выкананнем, тлумачэнне Канстытуцыі і законаў.

Істотныя змены і дапаўненні ў Канстытуцыю 1994 унесены ў выніку правядзення рэсп. рэферэндуму 24.11.1996. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27.11.1996. Канстытуцыя адлюстроўвае новы сац.-эканам. і паліт. этап развіцця грамадства і дзяржавы: замацаванне поўнага дзярж. суверэнітэту, далейшае адраджэнне бел. нацыі і культуры, прызнанне роўнай абароны і роўных магчымасцей усіх форм уласнасці. Вызначаны новы прававы статус грамадзян, прызнаны натуральныя правы чалавека, пашырана кола правоў і свабод, замацаваны іх гарантыі і формы абароны. У 1994—96 Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь прыняты шэраг законаў з улікам палажэнняў Канстытуцыі 1994: «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь», «Аб грамадскіх аб’яднаннях», «Аб палітычных партыях», «Аб дзяржаўных сакрэтах», «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь», «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь», «Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь», «Аб бежанцах», «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь», «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі», «Аб зваротах грамадзян», «Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь», «Аб навуковай дзейнасці», «Аб дзяржаўнай падтрымцы малога прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь» і інш. Прыняццем гэтых законаў завяршыўся першы этап станаўлення заканадаўства незалежнай Беларусі. Другі этап пачаўся пасля прыняцця на рэсп. рэферэндуме 1996 новай рэдакцыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Найб. значнай з’явай гэтага этапа развіцця бел. заканадаўства з’явілася яго кадыфікацыя. На працягу 1997—2000 Нац. сход Рэспублікі Беларусь прыняў 18 кодэксаў, у т. л. Мытны кодэкс, Грамадз. кодэкс, Грамадз. працэсуальны кодэкс, Крымін. кодэкс, Крымін.-працэсуальны кодэкс, Прац. кодэкс, Кодэкс аб шлюбе і сям’і, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі, Паветраны кодэкс, Жыллёвы кодэкс, Крымін.-выканаўчы кодэкс, Банкаўскі кодэкс, Выбарчы кодэкс і інш. Законы, дэкрэты і ўказы Прэзідэнта, пастановы Урада Рэспублікі Беларусь у 1997—2003 накіраваны на развіццё нар. гаспадаркі ў рэчышчы рыначнай эканомікі, сац. абароны насельніцтва краіны, трывалага правапарадку, эфектыўнай дзейнасці дзярж. апарату: «Аб спрошчанай сістэме падаткаабкладання для суб’ектаў малога прадпрымальніцтва», «Аб экспартным кантролі», «Аб сумесным домаўладанні», «Аб дзяржаўным прагназіраванні і праграмах сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь», «Аб знешняй працоўнай міграцыі», «Аб энергазберажэнні», «Аб свабодных эканамічных зонах», «Аб дзяржаўным рэгуляванні знешнегандлёвай дзейнасці», «Аб чыгуначным транспарце», «Аб цэнаўтварэнні», «Аб фінансава-прамысловых групах», «Аб мерах па абароне эканамічных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь пры ажыццяўленні знешняга гандлю», «Аб эканамічнай неплацежаздольнасці і банкруцтве», «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», «Аб магістральным трубаправодным транспарце», «Аб спажывецкай кааперацыі (спажывецкіх таварыствах, іх саюзах) у Рэспубліцы Беларусь», «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй», «Аб асабістых падсобных гаспадарках грамадзян», «Аб натуральных манаполіях», «Аб дэклараванні фізічнымі асобамі даходаў, маёмасці і крыніц грашовых сродкаў», «Аб газазабеспячэнні», «Аб гандлёва-прамысловай палаце», «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі» і інш. Сац. абарона насельніцтва і забеспячэнне грамадскага парадку рэгуляваліся законамі «Аб трансплантацыі органаў і тканак чалавека», «Аб мерах барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй», «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» (усе 1997), «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва», «Аб абароне насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару», «Аб дзяржаўнай ахове», «Аб іміграцыі» (усе 1998), «Аб пражытачным мінімуме ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб псіхіятрычнай дапамозе і гарантыях правоў грамадзян пры яе аказанні», «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь», «Аб дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартах», «Аб турызме», «Аб творчых саюзах і творчых работніках» (усе 1999), «Аб прамысловай бяспецы небяспечных вытворчых аб’ектаў», «Аб сацыяльным абслугоўванні», «Аб мерах па прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых незаконным шляхам» (усе 2000), «Аб перавозцы небяспечных грузаў», «Аб пахаванні і пахавальнай справе», «Аб ахове азонавага слоя», «Аб зброі» (усе 2001), «Аб барацьбе з тэрарызмам», «Аб дэмаграфічнай бяспецы Рэспублікі Беларусь», «Аб абароне правоў спажыўцоў», «Аб наркалагічных сродках, псіхатропных рэчывах і іх прэкурсорах», «Аб надзвычайным становішчы», «Аб устанаўленні і парадку павышэння памеру мінімальнай заработнай платы», «Аб дарожным руху» (усе 2002), «Аб ваенным становішчы», «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэннях непаўналетніх», «Аб прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі», «Аб якасці і бяспечнасці харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў для жыцця і здароўя чалавека» (усе 2003). Гуманізм дзярж. палітыкі ў адносінах да грамадзян, якія здзейснілі крымінальныя правапарушэнні, адлюстраваны ў законах аб амністыях 2000 і 2002.

Заканадаўча вызначаны прававы статус адпаведных дзярж. органаў, у т. л. адказнасць за належнае выкананне дадзеных ім правоў і ўскладзеных на іх абавязкаў: законы «Аб дзяржаўнай статыстыцы», «Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» (абодва 1997), «Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь», «Аб Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў», «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь», «Аб гаспадарчых судах Рэспублікі Беларусь», «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь», «Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (усе 1998), «Аб дзяржаўнай абароне суддзяў, службовых асоб праваахоўных і кантралюючых органаў» (1999), «Аб Камітэце дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь» (2000), «Аб органах фінансавых расследаванняў Рэспублікі Беларусь», «Аб аварыйна-выратавальных службах і статусе выратавальніка» (абодва 2001), «Аб органах і падраздзяленнях па надзвычайных становішчах Рэспублікі Беларусь» (2002), «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах», «Аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі» (абодва 2000), «Аб статусе сталіцы Рэспублікі Беларусь — горада Мінск», «Аб зацвярджэнні ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь» (абодва 2002) і інш.

У заканадаўстве гэтага перыяду прыярытэтнае значэнне мелі нормы міжнар. права. З 1997 Нац. сход Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў шэраг міжнар. дагавораў і пагадненняў аб далучэнні да іх, у т. л. «Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да Венскай канвенцыі аб праве дагавораў паміж дзяржавамі або паміж міжнароднымі арганізацыямі» (9.11.1990), «Аб ратыфікацыі Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы» (24.12.1999), «Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да Канвенцыі аб статусе бежанцаў і Пратакола, які датычыцца статуса бежанцаў» (4.5.2001), «Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да Факультатыўнага пратакола да Канвенцыі аб правах дзіцяці, які датычыцца гандлю дзецьмі, дзіцячай прастытуцыі і дзіцячай парнаграфіі» (3.12.2001), «Аб правапераемнасці Рэспублікі Беларусь у адносінах некаторых міжнародных дагавораў аб прававой дапамозе» (1.11.2002) і інш.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь выдаў шэраг указаў, якія прадугледжвалі істотнае ўдасканальванне законапраектнай дзейнасці. Так, указам ад 28.7.1997 «Аб стварэнні Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь» прадугледжвалася стварэнне спец. дзярж. органа, асн. задача якога — фарміраванне адзінай законапраектнай дзейнасці. Указам ад 4.3.1998 «Аб некаторых пытаннях законапраектнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» вызначаны патрабаванні да парадку распрацоўкі законапраектаў, да іх узгаднення і працэдуры ўнясення ў парламент. Указам ад 23.6.1998 зацверджана Палажэнне аб парадку разгляду Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь праектаў прававых актаў. У адпаведнасці з Указам ад 20.7.1998 «Аб Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь», дэкрэтам Прэзідэнта ад 10.12.1998 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб афіцыйным апублікаванні і ўступленні ў сілу прававых актаў Рэспублікі Беларусь» прававыя акты, уключаныя ў Нац. рэестр, падлягаюць апублікаванню ў выданні Нац. рэестра, якому нададзены статус афіцыйнага. Уся дзейнасць па вядзенні Нац. рэестра прававых актаў, яго выданне даручаны Нац. цэнтру прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Важная роля ва ўдасканаленні нарматворчай дзейнасці належыць Закону «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» (2000), у якім вызначаны віды нарматыўных прававых актаў, іх іерархія, парадак планавання нарматворчасці, ажыццяўлення заканад. ініцыятывы, прыняцця нарматыўных прававых актаў, набыцця і страты імі юрыд. сілы. Сфарміравалася практыка планавання заканад. дзейнасці. Штогадовыя планы падрыхтоўкі законапраектаў зацвярджаюцца ўказамі Прэзідэнта. З 2001 распрацоўваюцца дзярж. праграмы падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь на больш доўгія тэрміны. Каб пазбегнуць унутраных супярэчнасцей і. дубліравання, прадугледжана экспертыза заканадаўчых актаў. Усе законапраекты, што паступаюць у Палату прадстаўнікоў Нац. сходу, праходзяць экспертызу ў Нац. цэнтры законапраектнай дзейнасці, а нарматыўныя акты ўрада, міністэрстваў і інш. органаў дзярж. кіравання — у Мін-ве юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 19.1. 1999 выдаў указ «Аб фарміраванні і выданні Збору законаў Рэспублікі Беларусь». Ён павінен быць поўным сістэматызаваным зборам заканад. актаў Рэспублікі Беларусь. З мэтай удасканальвання нарматворчага працэсу Указам Прэзідэнта краіны ад 10.4.2002 ухвалена Канцэпцыя ўдасканальвання заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Асн. задача канцэпцыі — павышэнне эфектыўнасці прававога рэгулявання грамадскіх адносін з мэтай абароны правоў і свабод асобы, дзярж. суверэнітэту, нац. інтарэсаў і бяспекі; прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасць з агульнапрызнанымі прынцыпамі норм міжнар. права, ажыццяўленне прававой інтэграцыі нац. заканадаўства з заканадаўствам Рас. Федэрацыі, дзяржаў-удзельніц Еўразійскай эканам. супольнасці і СНД.

Кр.:

Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 1—5. СПб., 1846—53;

Статут Великого княжества Литовского 1529 года. Мн., 1960;

Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР. Т. 3. 1938—1975 гг. Мн., 1976;

Конституция Белорусской Советской Социалистической Республики. Мн., 1978;

Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989;

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь: 1994 г. (са змяненнямі і дапаўненнямі): Прынята на рэсп. рэферэндуме 24 лістап. 1996 г. Мн., 1997;

Сборник действующих нормативных актов Президента Республики Беларусь: 1994—1998. Мн., 1999;

Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года. Мн., 2003.

Літ.:

Ясинский М. Уставные земские грамоты Литовско-Белорусского государства. Киев, 1889;

Пичета В.И. Белоруссия и Литва в XV—XVI вв. Мн., 1961;

История государства и права Белорусской ССР. Т. 1—2. Мн., 1970—76;

Сокол С.Ф. Политическая и правовая мысль в Белоруссии XVI — первой половины XVII в. Мн., 1984;

Юхо І.А. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991;

Вішнеўскі А.Ф., Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах. Мн., 1998;

Доўнар Т.І. Помнікі права Беларусі феадальнага перыяду. Мн., 2001;

Яе ж. Развіццё асноўных інстытутаў грамадзянскага і крымінальнага права Беларусі ў XV—XVI ст. Мн., 2000;

Дагаворы і граматы як крыніцы беларускага права. Мн., 2000;

Василевич Г.А. Нормативные правовые акты государственных органов Республики Беларусь: Мн., 2001.

Т.​І.​Доўнар (старажытнае права, заканадаўства ў часы ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі), У.​А.​Кучынскі (заканадаўства БССР і Рэспублікі Беларусь).

т. 18, кн. 2, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТР,

1) у вершаскладанні — абазначэнне меры верша — стапы з яе варыяцыямі, рытмавы ўзор; ідэальная схема чаргавання доўгіх і кароткіх складоў у антычным вершы (гл. Метрычнае вершаскладанне), націскных і ненаціскных у сілаба-танічным (гл. Сілаба-танічнае вершаскладанне). Адрозніваюць М. 2-складовыя (харэй, ямб) і 3-складовыя (дактыль, амфібрахій, анапест). Могуць быць адхіленні ад прынятай схемы: пропуск ненаціскных складоў (спандэй) або іх лішак (пірыхій), але метрычны закон у цэлым вытрымліваецца.

Тэрмінам М. абазначаюць і вершаваны памер — пэўную колькасць аднолькавых стоп у вершаваным радку і характар гэтых стоп (2-складовых і 3-складовых). Напр., верш Я.​Купалы «У вечным боры...» напісаны 4-стопным харэем (у кожным яго радку чатыры 2-складовыя стапы з націскам на 1-м складзе). У ант. вершы ў залежнасці ад колькасці паўтарэнняў пэўнага М. адрозніваюць манаметр (1 М.), дыяметр (2 М.), трыметр (3 М.), тэтраметр (4 М.), пентаметр (5 М.), гекзаметр (6 М.), гептаметр (7 М.) і актаметр (8 М.).

2) У музыцы — сістэма арганізацыі рытму, заснаваная на захаванні пэўнай меры ў адносінах велічыні рытмічных пабудоў. Гістарычна склаліся 2 асн. сістэмы М. — квантытатыўная (колькасная, складовалічыльная, часавымяральная), што будуецца на паўтарэнні пэўнай паслядоўнасці няроўных па часе долей (рытмаформулы), і акцэнтная (тактавая, якасная), заснаваная на заканамерным чаргаванні моцных і слабых (апорных і неапорных) аднолькавых па часавай працягласці долей.

Квантытатыўная сістэма характэрна для з’яў, дзе паэзія і музыка неаддзельныя; адзінка вымярэння тут — стапа. Акцэнтная вызначае распад пачатковага сінкрэтызму і ўсталяванне такта ў сучасным разуменні — як адзінкі ўласна музычнага М. Акцэнтны, або тактавы, М. бывае просты (2- і 3-дольны) і складаны (спалучэнне 2-, 3-дольных метрычных груп у 4-, 6-, 9-, 12-дольныя). Існуе і мяшаны М., створаны спалучэннем 2 і больш разнародных груп (5-, 7-дольны). Чаргаванне моцных і слабых долей фіксуецца тактавым памерам — фармальнай рытмічнай схемай, якая ў творы напаўняецца разнастайнымі рытмічнымі малюнкамі, індывідуалізуецца. Просты М. вызначаюць памеры 2/4, 3/4, 3/8, складаны — 4/4, 6/4, 6/8, 9/8, 12/8 і інш., мяшаны — 5/4, 7/4, 7/8 і інш. М. можа выяўляцца ў рэгулярнай і нерэгулярнай паслядоўнасці тактаў. Пры рэгулярным М. тактавая велічыня нязменна паўтараецца, што выяўлена ў пастаянным муз. памеры. Нерэгулярны М. бывае перыядычна-пераменны (з чаргаваннем тактаў 2/4, 3/4) і свабоднапераменны (без устаноўленага парадку). У бел. музыцы вуснай традыцыі квантытатыўная метрыка ў чыстым выглядзе ўласціва нар. песням найстараж. пласта, часткова карагодам і танцам, якія будуюцца на паўтарэнні розных для кожнага жанру пэўных рытмаформул. У фальклоры колькасная сістэма М. найб. устойлівая, звязана з асаблівасцямі нар. вершаскладання («Каля майго церама», «На нова лета», «Ці дома, дома сам пан гаспадар»), У познатрадыц. нар. творчасці квантытатыўны М. паступова ператварыўся ў акцэнтны, што абумоўлена зменай інтанацыйнага строю напеваў, у якіх павялічылася роля эмац. пачатку (выкрыкі, воклічы і інш.) і вырасла значэнне характэрных стылявых рыс канта. Адначасова колькасная сістэма М. часткова захоўвае сваё ўздзеянне. Невыпадкова ў сучасных запісах фальклору тактавая сістэма М. набывае характар т.зв. «народных тактаў» (тэрмін П.​Сакальскага), тактавыя рысы якіх паказваюць не месца акцэнту, а межы радкоў і такім чынам падпарадкоўваюцца законам нар.-песеннага вершаскладання. У выніку ўзнікае свабодна-пераменны М. На Беларусі фарміраванне акцэнтнай метрыкі адбывалася ў кантавай культуры (16—17 ст.). У прафес. музыцы нашага часу пад уплывам нар. творчасці розных гіст. пластоў на новым якасным узроўні адбываецца ўзаемапранікненне і ўзаемадзеянне абодвух тыпаў метрыкі. У вак. творах строгая метрычнасць часам парушаецца ў выніку гібкага руху за метрыкай паэт. тэксту. Падобныя з’явы пашыраны і ў інстр. музыцы, дзе свабодна-пераменны М. нярэдка выяўляе асаблівую маст. задуму. У сучаснай бел. музыцы рытм можа быць і свабодным ад М. (1-я ч. канцэрта для габоя і камернага арк. «Плач» Г.​Гарэлавай, і інш.).

Літ.:

Холопова В. Вопросы ритма в творчестве композиторов первой пол. XX в. М., 1971;

Яе ж. Русская музыкальная ритмика. М., 1983;

Харлап М.Г. Ритм и метр в музыке устной традиции. М., 1986;

Елатов В.И. Ритмические основы белорусской народной музыки. Мн., 1966.

Т.​Л.​Шчэрба, М.​В.​Шыманскі (музыка).

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСО́ (Rousseau) Жан Жак (28.6.1712, г. Жэнева, Швейцарыя — 2.7.1778),

французскі філосаф, паліт. мысліцель, тэарэтык мастацтва, пісьменнік, педагог, кампазітар. З сям’і рамесніка-гадзіншчыка, сістэматычнай адукацыі не атрымаў. Вандраваў па розных краінах Еўропы. З 1741 у Парыжы. Супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро і Ж.Л.Д’Аламбера. З 1762 у эміграцыі. У 1770 вярнуўся ў Парыж, памёр у галечы і адзіноце. У 1791 перапахаваны ў Пантэоне. У пытаннях светапогляду стаяў на пазіцыях дэізму і дуалізму: прызнаваў нястворанасць і аб’ектыўнасць існавання матэрыі і ў той жа час сцвярджаў, што існуе Бог як сусв. воля, розум і крыніца дабра. Чалавек, паводле Р., складаецца са смяротнага цела і нематэрыяльнай бессмяротнай душы. У тэорыі пазнання абсалютызаваў сенсуалізм, пачуцці разглядаў як першасную форму духоўнай дзейнасці. У працы «Разважанні пра паходжанне і асновы няроўнасці паміж людзьмі» (1755) адзначаў, што няроўнасць паміж беднымі і багатымі ў спалучэнні з няроўнасцю пануючых і падуладных, разбурэнне натуральнай цэласнасці і гарманічнасці чалавечага жыцця складаюць аснову цывілізацыі няроўнасці. Гал. перадумовай дасягнення рэальнай свабоды лічыў роўнасць не толькі паліт., але і маёмасную; яе павінна ахоўваць дзяржава, не дапускаючы палярызацыі багацця і галечы. У аснове яго сац.-паліт. поглядаў канцэпцыя грамадскага дагавору, якая базіруецца на прызнанні свабоды чалавека і нар. суверэнітэту («Аб грамадзянскім дагаворы, або Прынцыпы палітычнага права», 1762). Ідэалам дзярж. ўладкавання лічыў дэмакр. рэспубліку, заснаваную на ўсеагульнай роўнасці. У кнізе «Эміль, або Аб выхаванні» (1762), якая спалучае філас.-пед. трактат і раман, Р. распрацаваў гуманіст. канцэпцыю педагогікі, паводле якой гал. задачай выхавання з’яўляецца фарміраванне чалавека і грамадзяніна шляхам развіцця прыродных задаткаў і здольнасцей без выкарыстання насілля над яго асобай. Асноўным у эстэт. канцэпцыі Р. з’яўляецца праблема суадносін мастацтва і маралі. Ідэалам мастацтва лічыў нар. відовішчы, якія праслаўляюць патрыят. ўчынкі, вучаць велікадушнасці і справядлівасці. Гал. яго літ. твор — раман «Юлія, або Новая Элаіза» (1761), дзе паказаны бунт дзяўчыны-дваранкі супраць асноў кансерватыўна-саслоўнай маралі, сцвярджаецца свабода натуральнага пачуцця кахання, не скаванага ўмоўнасцямі цывілізацыі. Гэты раман стаў пачаткам літ. кірунку сентыменталізму; некаторыя даследчыкі адносяць яго творчасць да першавытокаў рамантызму. Высокая каштоўнасць жыцця, чалавечай годнасці і гонару, значэнне грамадскай дзейнасці з усімі яе недахопамі і калізіямі — у цэнтры аўтабіягр. кнігі «Споведзь» (1766—69). Аўтар паэм «Сад у Шармет» (1736), «Пасланне да Парызо» (1742), «Алея Сільвіі» (1746), драм. твораў «Нарцыс» (1733), «Ваеннапалонныя» (1743), «Пігмаліён» (1770), лібрэта і музыкі да опер і інш.

На Беларусі творы Р. вядомы з апошняй трэці 18 ст. Найперш гэта яго праца «Меркаванні аб спосабе праўлення ў Польшчы і аб праекце яго змянення, складзеным у красавіку 1772 г.», у якой адлюстравана цяжкае становішча сялян у Польшчы, Літве і Беларусі, асуджалася прыгонніцтва, а ў якасці бліжэйшай практычнай меры прапаноўвалася сац. вызваленне сялян усіх правінцый Рэчы Паспалітай. Бел. асветнікі Ф.​Карпінскі, І.Сакольскі падтрымлівалі ідэю Р. аб непрымальнасці дэспатызму і выступалі за ахову чалавецтва ад любой яго формы, аднак яны цалкам выключалі магчымасць рэкамендаванага Р. звароту цывілізаваных народаў да першабытнага «натуральнага стану». А.Тызенгаўз развіваў ідэі Р. пра неабходнасць устанаўлення цвёрдай законнасці ў дзяржаве і забеспячэння неабходных патрэб усяго насельніцтва; ён прапаноўваў Р. пасяліцца ў Гродне або Белавежскай пушчы. Т.​Млоцкі, І.М.Яленскі, як і Р., прызнавалі ўнутр. права людзей вызваліцца ад ярма, калі ўзнікнуць адпаведныя абставіны, лічылі крытэрыем справядлівасці грамадскіх адносін прынцып шчасця большасці людзей. І.​Страйноўскі абвяшчаў прынцып роўнасці людзей і лічыў, што ніхто не мае права пазбавіць чалавека яго натуральнай свабоды; ён павінен абараняць ад насілля свае ўласнасць і свабоду. Ідэямі народаўладдзя, неабходнасці «натуральнага парадку», справядлівасці і цярпімасці, асуджэння дэспатызму, хлусні і насілля прасякнуты творы П.​К.​Бжастоўскага, М.Вольскага, І.Лялевеля, І.І.Ю.Л.Храптовіча, Ю.​Ясінскага і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. соч. Т. 1—3. М., 1961;

Педагогические сочинения. Т. 1—2. М., 1981;

Об общественном договоре: Трактаты. М., 1998.

Літ.:

Асмус В.Ф. Жан-Жак Руссо. М., 1962;

Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Верцман И.Е. Жан-Жак Руссо. 2 изд. М., 1976;

Занадворова Т.Л. Жан-Жак Руссо: Худож. метод. Традиции. Екатеринбург, 1993.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 13, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРАВА́ННЕ,

спецыфічная функцыя арганізаваных сістэм прыроды, грамадства, вытв.-тэхн. сферы, якая забяспечвае іх жыццядзейнасць, мэтанакіраваную дынаміку развіцця, рэалізацыю канкрэтных праграм і практычных задач. У сац. сферы К. прадугледжвае свядомую дзейнасць грамадскіх інстытутаў і асобных індывідаў, накіраваную на рэгуляванне стыхійных і ўсвядомленых, аб’ектыўных і суб’ектыўных пачаткаў, мэтазгоднае ўладкаванне грамадскіх адносін. Адрозніваюць К. стыхійнае, што выступае як вынік уздзеяння на грамадства разрозненых сіл, масы выпадковых, адзінкавых актаў (напр., рынак), і свядомае, якое ажыццяўляецца грамадскімі інстытутамі і арг-цыямі. Праблемы сац. К. прыцягвалі да сябе ўвагу на ўсіх этапах развіцця чалавецтва, ім адводзілася вядучае месца ў сістэме поглядаў Канфуцыя, Арыстоцеля, Н.​Макіявелі, Г.​Гегеля, К.​Маркса, У.​І.​Леніна і інш. Сучасныя зах. тэарэтыкі (Дж.​Бёрнхем, Д.​Бел, Дж.​Голбрэйт і інш.) бачаць у К. сілу, здольную пазбавіць грамадства ад уласцівых яму сац. заган і павысіць яго жыццяздольнасць, выступаюць за пашырэнне сферы дзярж. планавання, кантролю, прагназавання.

К дзяржаўнае — адна з форм дзярж. дзейнасці, якая забяспечвае рэалізацыю дзярж. улады праз адпаведныя кіраўнічыя органы. У ім прымаюць удзел усе дзярж. органы, якія ажыццяўляюць унутр. і знешнія функцыі дзяржавы. Сістэма гэтых органаў, размеркаванне паміж імі кіраўніцкай кампетэнцыі, устанаўленне ступеняў падначальвання вызначаюцца канстытуцыяй, законамі і інш. прававымі актамі. У штодзённай дзейнасці гэтыя органы (у межах іх кампетэнцыі) забяспечваюць рэалізацыю законаў (выканаўчая дзейнасць), выконваюць уладныя дзеянні, неабходныя для падтрымання грамадскага парадку і дзярж. дысцыпліны (распарадчая дзейнасць). Існуюць дзярж. органы, асн. прызначэнне якіх — паўсядзённае ажыццяўленне К. дзяржаўнага ў агульнадзярж. маштабе або ў пэўным рэгіёне, у эканоміцы, асвеце, ахове здароўя, ахове ўнутр. і знешняй бяспекі і інш. сферах. Дзейнасць такіх выключна кіраўніцкіх органаў па сваім змесце адрозніваецца ад дзейнасці заканадаўчай, судовай, пракурорска-нагляднай і ў цэлым таксама можа разглядацца як К. дзяржаўнае.

Цэнтр. органам К. дзяржаўнага ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца Урад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, які кіруе сістэмай падпарадкаваных яму органаў К. дзяржаўнага і інш. органаў выканаўчай улады. Структура Урада, паводле Канстытуцыі, вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, які таксама прымае рашэнне аб адстаўцы Урада або яго членаў, утварае, ліквідуе і рэарганізуе Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і інш. органы К. дзяржаўнага, ажыццяўляе іх узаемадзеянне.

К. вытворчасцю — мэтанакіраванае ўздзеянне на калектывы людзей для арганізацыі і каардынацыі іх дзейнасці ў працэсе вытворчасці. Уключае прынцыпы, функцыі і метады, тэорыю кіраўніцкіх рашэнняў, арганізац. структуру, тэхн. сродкі і тэхналогію, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання. Навука аб К. вытв-сцю пачала нараджацца ў перыяд простай кааперацыі працы. Навук. асновы К. як важны элемент грамадскай матэрыяльнай вытв-сці, што вынікае з падзелу і кааперацыі працы, склаліся ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Іх распрацавалі прадстаўнікі т. зв. школы навук. менеджменту А.​Фаёль, Г.​Эмерсан, Ф.​Тэйлар, Г.​Форд і інш. Інтэнсіўнае павелічэнне аб’ёмаў прамысл. вытв-сці, машынізацыя працы, канкурэнцыя, унутр. і знешняя інтэграцыя ў межах пэўнай арг-цыі (фірма, завод, фабрыка), неабходнасць эканоміі часу і рэсурсаў прадвызначылі ўзнікненне сучаснага менеджменту з уласцівым яму адзінствам навукі, мастацтва, тэхнікі і тэхналогіі. Мэтанакіраваныя ўздзеянні, што ўплываюць на падбор і расстаноўку, навучанне і ацэнку дзейнасці, рух кадраў прадпрыемства, адносяць да К. працоўнымі рэсурсамі. Яно мае важнае значэнне для ўсіх калектываў (незалежна ад формы ўласнасці) — дзярж. і прыватных, прамысл. і с.-г., камерцыйных і некамерцыйных, тых, што дзейнічаюць у сферы паслуг, займаюцца здабычай прадметаў працы або іх апрацоўкай.

Асн. элементам мэтанакіраванага ўздзеяння кіруючай сістэмы на аб’ект К., у якім сфармуляваны мэты дзеяння і праграма яе рэалізацыі, з’яўляецца кіраўніцкае рашэнне. Гэта творчыя і адначасова валявыя дзеянні суб’екта К., яны ажыццяўляюцца на падставе ведаў аб’ектыўных законаў функцыянавання кіруемай сістэмы і аналізу інфармацыі пра яе становішча. Кіраўнік (менеджэр) павінен выбраць найлепшы варыянт дзеянняў з мноства магчымых у дадзеных умовах гаспадарання, каб выканаць абавязкі, абумоўленыя яго пасадай. Рашэнні складаюць аснову працэсу К. (прадпрыемствам, вытв-сцю), прымаюцца на ўсіх узроўнях і групуюцца па розных прыкметах. Спецыфіка кіраўніцкіх рашэнняў у галіне эканомікі заключаецца ў тым, што яны павінны кіраваць дзейнасцю асобных выканаўцаў і прац. калектываў, занятых у вытв-сці і К., і тым самым вызначаць сучаснае і будучае развіццё аб’екта К. (прадпрыемства, цэха і г.д.).

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДА́ЛЬ (франц. médaille ад італьян. medaglia ад лац. metallum метал),

1) круглы ці авальны знак з двухбаковай ці аднабаковай выявай, зроблены ў гонар асобы або падзеі, памерамі 20—80 мм. З’явіўся ў 2-й пал. 14 — пач. 15 ст. ў Італіі. Выраблялі тэхнікай ліцця. На мяжы 15—16 ст. з’явіўся біты М., на якім зрэдку выкарыстоўвалася гравіроўка ці чаканка. Звычайна на аверсе М. змешчана партрэтная выява, на рэверсе — фігурная сюжэтная, алегарычная ці геральдычная кампазіцыя. Традыцыйныя матэрыялы, з якіх выраблялі М., — бронза, медзь, серабро, золата, волава. Звычайна на М. пазначана імя медальера або яго манаграма. У 20 ст. пашырыліся набор тэхн. прыёмаў вырабу М. (чаканка, гальванапластыка, ліццё пад ціскам, парашковая металургія, гравіроўка) і матэрыялаў (фарфор, чыгун, шкло, кераміка). Паводле рашэння Міжнар. федэрацыі медальераў памеры М. не павінны перавышаць 180 мм.

2) Узнагародны металічны знак, звычайна круглы, зрэдку авальны ці многавугольны з вушкам для нашэння на стужцы (ланцугу), на грудзях, у пятліцы або на шыі. Упершыню М. як узнагарода ўведзены ў 17 ст. швед. каралём Густавам Адольфам для ўзнагароджання афіцэраў. У Рас. імперыі масавыя ўзнагароджанні М. («партрэтамі», «манетамі») практыкаваліся пры Пятру I у час Паўн. вайны 1700—21. Першы ўзнагародны М. звязаны з гісторыяй Беларусі — «За Левенгаўпцкую баталію» (1708, за перамогу пад Лясной). У еўрап. краінах узнагародныя М. ўвайшлі ў шырокі ўжытак у 19 ст. Гісторыі Беларусі тычацца М. Рэчы Паспалітай, Рас. імперыі, Польскай рэспублікі, СССР і Рэспублікі Беларусь. У Рэчы Паспалітай налічвалася 11 узнагародных М., якія насілі на шыі на стужцы. Выраблялі іх з золата, серабра і медзі, што адпавядала ступеням. У Рас. імперыі 19—20 ст. існавала больш за 130 М.: акалічнасныя (напр., за канкрэтны паход), памятныя (з нагоды падзеі, якая адбылася раней) і ўласна ўзнагародныя. З пач. 19 ст. да 1917 выдадзена каля 9 млн. узнагародных М. Большасць рас. М. мела 2 ступені і выраблялася з серабра (ніжэйшая) і золата (вышэйшая ступень). Проба М. звычайна 916, 875, 750. З 1917 узнагароды выраблялі толькі з невысакародных металаў. У Польскай Рэспубліцы было 8 М. Асаблівасцю было ўручэнне разам з М. і фрачнага М. (паменшанай копіі звычайнага); існавалі таксама планкі са стужкамі адпаведных колераў. Парадак размяшчэння М. быў рэгламентаваны: усе яны насіліся злева на грудзях і мелі стужкі сваіх колераў. У СССР было 55 узнагародных М. і 2 асобныя знакі ў выглядзе зоркі: М. «Залатая Зорка» і Залаты Медаль «Серп і Молат». М. СССР функцыянальна падзяляліся на знакі асобага адрознення, за баявыя заслугі, баявыя аказіянальныя, партызанскія, працоўныя аказіянальныя. за асаблівыя заслугі, за мнагадзетнасць, юбілейныя, за выслугу гадоў. Большасць М. мае дыяметр 32 мм, таўшчыню каля 3 мм. Усяго з 1938 па 1991 было выдадзена ўзнагароджаным каля 200 млн. М. СССР.

У Рэспубліцы Беларусь паводле Закона аб дзярж. узнагародах (13.4.1995) і дапаўненняў да яго (2.7.1997) існуе 7 М.: Францыска Скарыны (з 1989), «За адвагу», «За бездакорную службу» (3 ступені), «За працоўныя заслугі» (усе з 1995), «За адзнаку ў воінскай службе», «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку», «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы» (усе з 1997). У 1995 зацверджаны М. «50 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1945—1995 гг.».

М. мае і аддзеленая ад дзяржавы царква: Прападобнага Сергія Раданежскага (3 ступені, 1979), Благавернага князя Данііла Маскоўскага (3 ступені, 1988).

Узнагарода за дасягненні ў навуцы, культуры, эканоміцы і інш. (напр., лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь). М. ўручаюцца, напрыклад, лаўрэатам міжнар. конкурсаў выканаўцаў, лаўрэатам Нобелеўскіх прэмій, пераможцам міжнар. і нац. спартыўных спаборніцтваў.

Літ.:

Смирнов В.П. Описание русских медалей. СПб., 1908;

Памятныя медалі Савецкай Беларусі. Мн., 1972;

Процкий А.Е. Беларусь героическая: Рассказывают памятные медали и значки. Мн., 1985;

Петерс Д.И. Наградные медали России XIX — начала XX вв.: Кат. М., 1989;

Володин А.Н., Мерлай Н.М. Медали СССР. СПб., 1997;

Gumowski M. Medale polskie. Warszawa, 1925.

І.​Л.​Сінчук.

т. 10, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́,

вырашэнне сродкамі ўзбр. насілля эканам., нац., грамадска-паліт., рэліг., тэр. і інш. супярэчнасцей паміж дзяржавамі, народамі, нацыямі і сац. групамі. Гал. сродкі вядзення вайны — узбр. сілы, армія, інш. ваенізаваныя фарміраванні. Вайна, як правіла, вядзе да буйных чалавечых ахвяр, страты матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, разбуральна ўздзейнічае на грамадства.

У першабытнаабшчынным грамадстве ўзбр. сутыкненні родаў і плямён былі разнавіднасцю барацьбы за выжыванне. З узнікненнем дзяржавы як органа ажыццяўлення ўнутр. і знешняй палітыкі пануючых класаў вайна набыла грамадска-паліт. змест, што запатрабавала стварэння спец. атрада ўзбр. людзей — арміі. Узбр. насілле станавілася ўсё больш дзейсным сродкам узбагачэння, узмацнення эканам. і паліт. панавання, заняволення народаў. Як мера ў адказ на сац. насілле і эксплуатацыю барацьба заняволеных народаў нярэдка набывала форму грамадзянскай вайны або вызваленчай.

Войны класіфікуюць паводле вылучэння найб. істотных падстаў для іх развязвання. Найб. агульныя і найчасцей выкарыстоўваліся сац.-паліт., ваен.-тэхн., маштабныя (колькасныя), гіст. падставы. Паводле сац.-паліт. падстаў войны падзяляюць на роды, тыпы і віды, кожны з іх аб’ядноўвае пэўныя групы войнаў, якія маюць падобныя сац.-паліт. прыкметы. У сучаснай ваен. тэорыі пашыраны падзел войнаў на справядлівыя і несправядлівыя. Да справядлівых адносяць войны народаў за вызваленне ад эксплуатацыі і нац. прыгнёту або для абароны сваёй краіны ад агрэсіі; несправядлівыя войны накіраваны на задушэнне нац.-вызв. барацьбы, захоп чужых тэрыторый, заняволенне і рабаванне інш. народаў і г.д. Сіламі міжнар. рэакцыі падрыхтаваны і развязаны першая сусветная вайна 1914—18, самая вял. і кровапралітная ў гісторыі чалавецтва другая сусветная вайна 1939—45. Састаўной часткай апошняй была справядлівая Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. У перыяд навук.-тэхн. прагрэсу войны становяцца асабліва разбуральныя. Уступленне чалавецтва ў 2-й пал. 20 ст. ў ядзерны век істотным чынам змяніла змест войнаў, адносіны да іх сусв. супольніцтва. Пагроза ядзернай вайны паставіла перад чалавецтвам пытанне пра неабходнасць выключэння войнаў як сродку вырашэння любых міждзярж. і ўнутрыдзярж. спрэчак. Статут ААН замацаваў прынцып забароны вайны. У 1974 29-я сесія Генеральнай асамблеі ААН прыняла спец. рэзалюцыю «Аб вызначэнні агрэсіі», паводле якой для дзяржавы-агрэсара прадугледжана паліт. і матэрыяльная адказнасць, а асобы, вінаватыя ў планаванні, падрыхтоўцы і развязванні вайны (агрэсіі), нясуць крымін. адказнасць. Такая ж мера пакарання выкарыстана Нюрнбергскім і Такійскім міжнар. трыбуналамі ў 1945 у адносінах да ваен. злачынцаў фаш. Германіі і мілітарысцкай Японіі, якія развязалі 2-ю сусв. вайну.

Сац. і маральны прагрэс з’яўляецца гіст. перадумовай выключэння вайны з жыцця грамадства і ўсталявання трывалага міру і згоды на зямлі. Практыка міжнар. жыцця ўсё больш схіляецца да ідэі мірнага суіснавання, спынення гонкі ўзбраенняў, абмежавання, скарачэння і ліквідацыі назапашаных сродкаў вядзення вайны (гл. Раззбраенне). Ажыццяўляюцца меры па стварэнні матэрыяльных гарантый міжнар. бяспекі; паміж вядучымі дзяржавамі заключаны пагадненні па аслабленні пагрозы вайны. Падзеі канца 1980 — пач. 1990-х г.: аб’яднанне Германіі, спыненне супрацьстаяння блокаў ваенных пасля роспуску арганізацыі Варшаўскага Дагавора 1955, выступленне сіл шматнацыянальнай кааліцыі супраць анексіі Іракам Кувейта, супрацоўніцтва краін у рамках праграмы Арганізацыі паўночна-атлантычнага дагавора (НАТО) «Партнёрства дзеля міру» па спыненні грамадз. вайны ў Босніі і Герцагавіне і г.д., — зрабілі ўплыў на ўсю структуру сучасных міжнар. адносін, павысілі аўтарытэт і ролю ААН, АБСЕ, выявілі значэнне міжнар. супрацоўніцтва ў справе процістаяння войнам і агрэсіі. Аднак у розных рэгіёнах свету не затухаюць ваен. канфлікты, гінуць людзі, знішчаюцца матэрыяльныя і культ. каштоўнасці, а на ваен. падрыхтоўку затрачваюцца вял. сродкі.

Тэр. Беларусі з-за яе геагр. становішча неаднаразова на працягу апошніх стагоддзяў станавілася арэнай самых актыўных ваен. дзеянняў, якія прывялі да вял. матэрыяльных і людскіх страт (у 2-ю сусв. вайну Беларусь страціла каля 2,5 млн. жыхароў). Пасля набыцця незалежнасці і прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 у знешняй палітыцы Беларусі перш за ўсё замацаваны прынцыпы роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутр. справы інш. дзяржаў. Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай. Прапаганда вайны, паводле нац. заканадаўства, з’яўляецца злачынствам і праследуецца ў крымін. парадку.

Літ.:

Фуллер Дж.Ф. Вторая мировая война 1939—1945 гг.: Пер. с англ. М., 1956;

Вержховский Д.В., Ляхов В.Ф. Первая мировая война 1914—1918 гг. М., 1964;

Кибернетика, ноосфера и проблемы мира. М., 1986.

Г.​А.​Маслыка.

т. 3, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВАЯ МЕХА́НІКА, хвалевая механіка,

тэорыя, якая ўстанаўлівае спосаб апісання і законы руху мікрачасціц (электронаў у атаме, атамаў у малекуле, нуклонаў у ядрах і інш.). Дае магчымасць апісаць структуру атамаў і зразумець іх спектры, устанавіць прыроду хім. сувязі, растлумачыць перыяд. сістэму элементаў і г.д. З’яўляецца тэарэт. асновай атамнай і ядз. фізікі, фізікі цвёрдага цела.

Мікрааб’ектам уласціва своеасаблівая дваістасць: у залежнасці ад умоў яны могуць паводзіць сябе як часціцы ці як хвалі (гл. Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Таму тэарэт. апісанне мікраскапічных з’яў патрабуе аб’яднання ўзаемна несумяшчальных фіз. характарыстык, чаго нельга ажыццявіць у межах класічнай фізікі ўнутрана несупярэчлівым спосабам (гл. Дапаўняльнасці прынцып). Пры гэтым немагчыма адначасовае выкарыстанне некаторых фіз. велічынь, напр., каардынат і імпульсу часціцы. Для мікрачасціцы не мае сэнсу, напр., такое паняцце, як рух уздоўж траекторыі; усе тэарэт. сцвярджэнні адносна выніку пэўных узаемадзеянняў маюць імавернасны характар.

К.м. ўзнікла як развіццё ўяўленняў М.Планка (1900) адносна квантавання дзеяння, А.Эйнштэйна (1905, 1916) пра карпускулярныя ўласцівасці святла (гл. Планка закон выпрамянення), напаўкласічнай мадэлі атама Н.Бора (1913, гл. Бора тэорыя), ідэі Л. дэ Бройля адносна хвалевых уласцівасцей мікрачасціц (гл. Хвалі дэ Бройля). Фундаментальнае развіццё К.м. атрымала ў працах В.Гайзенберга (1925), Э.Шродынгера і П.Дзірака (1926). Паводле К.м. ўсю інфармацыю пра фіз. стан мікрасістэмы змяшчае хвалевая функцыя. Яна вызначае размеркаванне імавернасці для розных фіз. велічынь, якія характарызуюць сістэму (становішча ў прасторы, імпульс, энергія і г.д.; М.Борн, 1926). Кожнай класічнай фіз. велічыні ў К.м. адпавядае пэўны аператар, уласныя значэнні якога супадаюць з назіральнымі значэннямі фіз. велічыні (гл. Аператары). Магчымыя станы сістэмы апісваюцца адпаведнымі ўласнымі функцыямі. У залежнасці ад таго, дыскрэтную ці неперарыўную паслядоўнасць утвараюць уласныя значэнні аператара, адпаведная фіз. велічыня з’яўляецца квантаванай ці неквантаванай (гл. Квантаванне). Калі аператары 2 фіз. велічынь (L і M) не камутуюць, г. зн. што вынік дзеяння аператараў L і M на хвалевую функцыю Ψ залежыць ад парадку іх дзеяння ( L^ M^ Ψ ≠ M^ L^ Ψ ) , то рэалізацыя такіх станаў мікрасістэмы, у якіх адпаведныя фіз. велічыні адначасова мелі б пэўнае значэнне, немагчыма; найперш гэта датычыць аператараў каардынат і імпульсу (гл. Неазначальнасцей суадносіны). Камутатыўнасць аператараў пэўных фіз. велічынь з аператарам энергіі азначае, што гэтыя фіз. велічыні з цягам часу не мяняюцца, г. зн. з’яўляюцца інтэграламі руху. Асн. інтэграл руху ў К.м. — энергія. Для дакладнага вызначэння стану мікрасістэмы неабходна ведаць энергію і інш. ўзаемна камутатыўныя інтэгралы руху, якімі, напр., для часціцы ў полі цэнтральных сіл з’яўляюцца квадрат моманту імпульсу і адна з яго праекцый. Калі інтэгралы руху маюць дыскрэтны спектр, стан сістэмы вызначаецца з дапамогай квантавых лікаў.

Прадказанні К.м. пераходзяць у адпаведныя вынікі класічнай механікі, калі для фіз. сістэмы велічыні размернасці дзеяння становяцца значна большымі, чым пастаянная Планка h (гл. Адпаведнасці прынцып). Абагульненне асн. ідэй К.м. на выпадак, калі энергія руху часціц параўнальная з энергіяй спакою (гл. Адноснасці тэорыя), дало магчымасць прадказаць існаванне антычасціц, стварыць тэорыю ўласнага моманту колькасці руху (гл. Спін) і інш. К.м. з’яўляецца мех. тэорыяй, таму не можа паслядоўна разглядаць працэсы паглынання святла і эл.-магн. выпрамянення. Яна дае набліжаныя метады разліку, дастатковыя для патрэб атамнай і часткова ядз. фізікі. Паслядоўную тэорыю ўзаемадзеяння фатонаў з электрычна зараджанымі часціцамі дае квантавая электрадынаміка. Ураўненні К.м. даюць магчымасць дакладна вылічыць магчымыя ўзроўні энергіі (гл. Шродынгера ўраўненне) мікрасістэмы, а таксама імавернасць пераходаў паміж імі. Гл. таксама Квантавая тэорыя поля, Абменнае ўзаемадзеянне.

На Беларусі работы па К.м. пачаты ў 1930-я г. ў БДУ (Ф.​І.​Фёдараў), у пасляваен. гады вядуцца пераважна ў БДУ і Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Фейнман Р., Лейтон Р., Сэндс М. Фейнмановские лекции по физике: Пер. с англ. Вып. 8—9. М., 1966—67;

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 3. Квантовая механика;

Нерелятивистская теория. 4 изд. М., 1989;

Борисоглебский Л.А. Квантовая механика. 2 изд. Мн., 1988.

Л.​М.​Тамільчык.

т. 8, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫБАРЧАЯ СІСТЭМА. РЭФЕРЭНДУМ

Выбарчая сістэма ў Рэспубліцы Беларусь — гэта ўстаноўлены і ўрэгуляваны прававымі і інш. нормамі парадак выбараў, а выбарчае права — сукупнасць канстытуцыйных норм, якія рэгулююць грамадскія адносіны, што ўзнікаюць пры правядзенні выбараў, а таксама сукупнасць канкрэтных правоў грамадзяніна на ўдзел у выбарах. У гэтым значэнні выбарчае права падзяляюць на актыўнае, г.зн. права выбіраць, і пасіўнае, г.зн. права выбірацца, быць выбраным. Легітымныя выбарныя органы ў сваю чаргу фарміруюць легітымныя ўладныя структуры (урад, суды і інш.). Выбары праводзяцца ў адпаведнасці з канстытуцыйнымі прынцыпамі выбарчай сістэмы на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні.

Выбары дэпутатаў і інш. асоб, якія выбіраюцца на дзярж. пасады народам, з’яўляюцца ўсеагульнымі: права выбіраць маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў. Прамое або ўскоснае абмежаванне выбарчых правоў грамадзян у залежнасці ад паходжання, сац. і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, полу, адукацыі, мовы, адносін да рэлігіі, часу пражывання ў дадзенай мясцовасці, роду і характару заняткаў з’яўляецца недапушчальным і караецца паводле заканадаўства. У выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі; асобы, якія ўтрымліваюцца паводле прыгавору суда ў месцах пазбаўлення волі; асобы, у адносінах да якіх выбрана такая мера, як утрыманне пад вартай. Не з’яўляюцца падставай для абмежавання права грамадзяніна на ўдзел у галасаванні адм. арышт, такія віды крымін. пакарання, як штраф, папраўчыя работы, арышт на тэрмін ад 1 да 6 мес, асобы, аб’яўленыя банкрутамі. Узроставы цэнз дэпутатаў і інш. асоб, якія выбіраюцца на дзярж. пасады (кіраўніка дзяржавы, члена Савета Рэспублікі, суддзі, нар. засядацеля), вызначаецца адпаведнымі законамі. У Беларусі адсутнічае цэнз аселасці (выключэнне — выбары Прэзідэнта і членаў Савета Рэспублікі). Выбары з’яўляюцца свабоднымі: выбаршчык сам вырашае, за каго галасаваць і ці ўдзельнічаць яму ў выбарах. Але высокая ступень ухілення ад удзелу ў выбарах зніжае аўтарытэт сфарміраванага органа і дае глебу для спрэчак пра яго легітымнасць. Падрыхтоўка і правядзенне выбараў ажыццяўляюцца адкрыта і галосна. Выбары з’яўляюцца роўнымі: выбаршчыкі маюць роўную колькасць галасоў. З гэтай мэтай забяспечваецца адзіная норма прадстаўніцтва, паводле якой ствараюцца выбарчыя акругі з прыкладна роўнай колькасцю выбаршчыкаў (адхіленне, як правіла, не можа перавышаць 10%). Кожны выбаршчык галасуе асабіста, галасаванне за інш. асоб не дапускаецца. Выбары з’яўляюцца прамымі: дэпутаты выбіраюцца грамадзянамі непасрэдна, шляхам падачы свайго голасу. Разам з прамымі выбарамі (дэпутатаў, кіраўніка дзяржавы) Канстытуцыя прадугледжвае фарміраванне Савета Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь шляхам ускосных выбараў, г.зн. выбаршчык выбірае дэпутатаў Саветаў базавага ўзроўню, якія ў сваю чаргу ва ўстаноўленым парадку выбіраюць членаў Савета Рэспублікі. Галасаванне на выбарах з’яўляецца тайным, у ходзе галасавання забаронены кантроль за волевыяўленнем. Аднак гэта не выключае права выбаршчыка добраахвотна выказацца пра тое, як ён прагаласаваў.

Рэферэндумы (нар. галасаванні) з’яўляюцца адным з асн. інстытутаў непасрэднай дэмакратыі ў Рэспубліцы Беларусь. Яны могуць праводзіцца для вырашэння найважнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця, могуць быць рэспубліканскія і мясцовыя. Рэсп. рэферэндумы прызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па яго ўласнай ініцыятыве ці па прапанове Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, прынятай на іх раздзельных пасяджэннях большасцю галасоў ад поўнага складу кожнай з палат, або па прапанове не менш як 450 тыс. грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, у т. л. не менш як 30 тыс. грамадзян ад кожнай вобласці і г. Мінск. Указам Прэзідэнта аб прызначэнні рэферэндуму вызначаюцца дата яго правядзення (не пазней як 3 мес з дня выдання указа), юрыд. сіла прынятага ім рашэння, фармулёўка вынесенага на рэферэндум пытання (пытанняў). Калі на ўсенар. галасаванне выносіцца законапраект, то ён дадаецца да ўказа Прэзідэнта аб прызначэнні рэферэндуму. Прэзідэнт мае права адхіляць прапановы аб правядзенні рэферэндуму, калі яны не адпавядаюць патрабаванням Выбарчага кодэксу і інш. заканад. актаў. Рашэнні, прынятыя рэсп. рэферэндумам, падпісвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Мясц. рэферэндумы прызначаюцца адпаведнымі мясц. прадстаўнічымі органамі па іх ініцыятыве або па прапанове не менш як 10% грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Прынятыя на рэферэндуме рашэнні могуць быць адменены або зменены толькі шляхам новага рэферэндуму, калі іншае не будзе вызначана самім рэферэндумам.

т. 18, кн. 2, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-ГЕРМА́НСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ,

пагадненні і дагаворы, заключаныя ў 20 ст. паміж СССР (да канца 1922 РСФСР) і Германіяй [у 1949—90 асобна з Герм. Дэмакр. Рэспублікай (ГДР) і ФРГ]. Брэст-Літоўскі мірны дагавор 1918 (гл. Брэсцкі мір 1918). Часовае пагадненне 1921 аб гандл.-эканам. адносінах, падпісана 6 мая ў Берліне на няпэўны тэрмін. Прадугледжвала стварэнне гандл. прадстаўніцтва РСФСР у Германіі, аднаўленне двухбаковых консульскіх адносін, паштовых, тэлегр. і радыётэлегр. зносін, гандл. сувязей і інш. Заключэнне пагаднення азначала прызнанне РСФСР Германіяй дэ-факта. Скасавана дагаворам 1925. Дагавор 1922 (гл. Рапальскі дагавор 1922). Дагавор 1925, падпісаны 12 кастр. ў Маскве. Складаўся з агульнай часткі і асобных пагадненняў (Аб пасяленні і агульнаправавой абароне, Эканамічнага, Чыгуначнага, Аб мараплаванні, Аб падатках, Аб гандл. трацейскіх судах, Аб ахове прамысл. уласнасці). У развіццё дагавора заключаны пратакол 21.12.1928. Дагавор 1926 аб ненападзе і нейтралітэце, падпісаны 24 крас. ў Берліне на 5 гадоў. Пацвердзіў, што асновай адносін паміж СССР і Германіяй застаецца Рапальскі дагавор 1922. Прадугледжваў, што ў выпадку нападу на адзін з дагаворных бакоў трэцяй краіны або групы трэціх дзяржаў другі бок абавязваўся захоўваць нейтралітэт на працягу ўсяго ўзбр. канфлікту. Пратаколам ад 24.6.1931 дагавор працягнуты на няпэўны тэрмін. Фармальна ён дзейнічаў да нападу нацысцкай Германіі на СССР (22.6.1941). Дагавор 1939 аб ненападзе (гл. Пакт Рыбентропа—Молатава 1939). Дагавор 1939 аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй, падпісаны 28 вер. ў Маскве наркомам замежных спраў СССР В.​М.​Молатавым і міністрам замежных спраў Германіі І.​Рыбентропам. Прадугледжваў «аднаўленне міру і парадку» на тэр. «былой Польскай дзяржавы» і ажыццяўленне тут «неабходнага дзярж. пераўладкавання» (на З ад вызначанай мяжы яно праводзілася Германіяй, на У — Сав. Саюзам); «пераўладкаванне» разглядалася як «надзейны фундамент для далейшага развіцця сяброўскіх адносін» паміж народамі СССР і Германіі. Вызначыў сав.-герм. граніцу па лініі рэк Піса, Нараў, Буг, Вісла, Сан. Германія абавязвалася не ўмешвацца ў справы Зах. Беларусі і Зах. Украіны. Сакрэтным пратаколам да дагавора ў сферу інтарэсаў СССР уключалася Літва, а Германія атрымлівала ч. Польшчы (Люблінскае і ч. Варшаўскага ваяв.). 2-м сакрэтным пратаколам бакі абавязваліся не дапускаць на сваіх тэр. варожай польскай агітацыі. Даверны пратакол да дагавора, пагадненні і дагаворы ад 16.11.1939, 10.6.1940, 31.8.1940 і 10.1.1941 рэгулявалі памежныя адносіны (у т. л. прававыя), узаемныя перасяленні немцаў з СССР і беларусаў, літоўцаў, украінцаў з вобласці дзярж. інтарэсаў Германіі (тэр. Польшчы). Дагавор, як і папярэдні пакт аб ненападзе ад 23.8.1939, быў палітычна памылковым, супярэчным нормам міжнар. права. Гэта і юрыд. несапраўднасць абодвух дагавораў канстатаваў 11 з’езд нар. дэпутатаў СССР (пастанова ад 24.12.1989). Дагавор 1955 аб адносінах паміж СССР і ГДР, падпісаны 20 вер. ў Маскве на няпэўны тэрмін. Абумовіў, што сав. войскі, часова размешчаныя на тэр. ГДР са згоды яе ўрада, не ўмешваюцца ва ўнутр. справы і грамадска-паліт. жыццё краіны. Дагавор 1957 аб гандлі і мараплаванні (падпісаны 27 вер. ў Берліне на няпэўны тэрмін), Пагадненне 1958 па агульных пытаннях гандлю і мараплавання (падпісана 25 крас. ў Боне), Пагадненне 1973 аб развіцці эканам., прамысл. і тэхнічнага супрацоўніцтва (падпісана 19 мая ў Боне на 10 гадоў), Пагадненне 1978 аб развіцці і паглыбленні доўгатэрміновага супрацоўніцтва СССР і ФРГ у галіне эканомікі і прамысловасці (падпісана 6 мая ў Боне на 25 гадоў) і інш. рэгулявалі пытанні эканам. супрацоўніцтва СССР з ГДР (першы дагавор) і ФРГ (астатнія пагадненні). Дагавор 1964 аб дружбе, узаемнай дапамозе і супрацоўніцтве (падпісаны 12 чэрв. ў Маскве на 20 гадоў), Дагавор 1975 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе (падпісаны 7 кастр. ў Маскве на 25 гадоў), Пагадненне 1978 аб культурным і навуковым супрацоўніцтве (падпісана 12 мая ў Берліне на 10 гадоў), Дагавор 1970 (Маскоўскі дагавор; падпісаны 12 жн. ў Маскве), Пагадненне 1973 аб культурным супрацоўніцтве (падпісана 19 мая ў Боне на 5 гадоў) і інш. рэгулявалі пытанні знешнепаліт. і гуманіт. супрацоўніцтва СССР з ГДР (першыя 2 дагаворы і пагадненне) і ФРГ (дагавор 1970 і пагадненне 1973).

Літ.:

Трухнов Г.М. Поучительные уроки истории: Три сов.-герм. договора (1922—1926 гг.). Мн., 1979;

Павлов Я.С. Советско-германские договоры 1939—1941 гг.: трагедия тайных сделок. Мн., 1996.

У.​Е.​Снапкоўскі (дагавор ад 28.9.1939), У.​Я.​Калаткоў.

т. 14, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРО́ЦКІ Леў Давыдавіч (сапр. Бранштэйн Лейба; 7.11.1879, в. Янаўка Аляксандраўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 20.8.1940),

палітычны і дзярж. дзеяч. Скончыў рэальнае вучылішча ў г. Мікалаеў (1897). У 1903—07 меншавік, пазней займаў прамежкавае становішча паміж бальшавікамі і меншавікамі і выступаў за іх аб’яднанне. У 1905 у асн. распрацаваў тэорыю «перманентнай» (няспыннай) рэвалюцыі; лічыў, што пралетарыят Расіі пасля ажыццяўлення дэмакр. (буржуазнай) рэвалюцыі адразу пачне сацыяліст. рэвалюцыю, якая пераможа толькі пры дапамозе сусв. пралетарыяту. У рэвалюцыю 1905—07 фактычны лідэр Пецярбургскага Савета рабочых дэпутатаў, рэдактар яго газ. «Известия». У 1907—17 у эміграцыі. У 1908—12 быў рэдактарам газ. «Правда». У 1-ю сусв. вайну стаяў на інтэрнацыяналісцкіх пазіцыях. У жн. 1917 на чале створанай ім Міжраённай аб’яднанай арг-цыі сацыял-дэмакратаў-інтэрнацыяналістаў (каля 4 тыс. чал.) уступіў у бальшавіцкую партыю. У кастр.—ліст. 1917 старшыня Петраградскага Савета, фактычны кіраўнік Петраградскага ВРК, адзін з кіраўнікоў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 у Петраградзе. Чл. ЦК бальшавіцкай партыі са жн. 1917 да кастр. 1927, Палітбюро ЦК (кастр. 1917, сак. 1919 — кастр. 1926). У 1917—18 нарком замежных спраў РСФСР, у 1918—25 нарком па ваен. і марскіх справах, старшыня Рэўваенсавета СССР (да 1923 — РСФСР). З 1925 чл. Прэзідыума ВСНГ СССР. У канцы 1917 — пач. 1918 узначальваў сав. дэлегацыю на мірных перагаворах з Германіяй і яе саюзнікамі (ш. Брэсцкі мір 1918), ад удзелу ў якіх адхіліў прадстаўнікоў Рады БНР. Спадзеючыся, што з прычыны рэв. ўздыму ў Германіі і Аўстра-Венгрыі іх войскі не здолеюць наступаць, Т. 10.2.1918 адмовіўся падпісаць мірны дагавор на прапанаваных аўстра-герм. блокам цяжкіх для Расіі ўмовах і пакінуў з дэлегацыяй Брэст, хоць ведаў, што гэта аўтаматычна вядзе да спынення перамір’я на фронце. 14.2.1918 пазіцыю Т. падтрымаў ЦВК РСФСР. Насуперак разлікам Т., герм.-аўстр. войскі 18.2.1918 разгарнулі наступленне па ўсім фронце. У выніку былі акупіраваны б.ч. Беларусі (да Дняпра і Зах. Дзвіны) і многія інш. тэрыторыі, а Брэсцкі мір падпісаны 3.3.1918 Р.Я.Сакольнікавым на больш цяжкіх умовах. Т. — адзін са стваральнікаў рэгулярнай Чырв. Арміі, асабіста кіраваў яе дзеяннямі на многіх франтах грамадз. вайны, шырока выкарыстоўваў жорсткія захады для падтрымання дысцыпліны і навядзення «рэв. парадку» на фронце і ў тыле. У час наступлення польскіх войск быў на Беларусі (Гомель, Мінск), выдаў шэраг загадаў, у прыватнасці аб узяцці г. Барысаў. Сэнс існавання сав. улады ў Расіі і ў СССР Т. бачыў у «падштурхоўванні», у т. л. ваен. сродкамі, сусв. пралетарскай рэвалюцыі. У 1919 ён прапаноўваў ЦК партыі «перакінуць» рэвалюцыю ў Азію, у 1923 — увесці Чырв. Армію ў Германію.

Сац.-эканам. лад Расіі і СССР Т. называў дзярж. капіталізмам, лічыў, што будаўніцтва сацыялізму тут магчыма толькі пры дапамозе вядучых краін Еўропы, дзе спачатку павінны былі перамагчы пралетарскія рэвалюцыі. Т. і яго прыхільнікі («трацкісты») актыўна ўдзельнічалі ва ўнутрыпарт. дыскусіях пач. 1920-х г., у час якіх заклікалі да пашырэння метадаў «ваеннага камунізму», адзяржаўлення і мілітарызацыі прафсаюзаў, патрабавалі пашырэння парт. дэмакратыі і разам з тым больш цэнтралізаванай гасп. палітыкі, абвяшчалі лозунгі «дыктатуры прам-сці», «звышіндустрыялізацыі» краіны за кошт сялянства, якое лічылі рэакц. класам. Барацьба за лідэрства ў партыі і дзяржаве (пасля адыходу ў канцы 1922 ад спраў хворага У.А.Леніна) скончылася перамогай прыхільнікаў І.В.Сталіна. XIII парт. канферэнцыя (студз. 1924) асудзіла погляды Т. («трацкізм»), XV з’езд ВКП(б) (1927) абвясціў іх несумяшчальнымі з членствам у партыі, выключыў з партыі Т. разам з групай найб. актыўных прыхільнікаў. У 1928 Т. высланы ў Алматы, у 1929 — за мяжу. Жыў у Турцыі, з 1937 — у Мексіцы. Рэзка крытыкаваў палітыку тагачаснага кіраўніцтва СССР. Ініцыятар стварэння «Інтэрнацыянала 4-га» (1938). Забіты агентам сав. НКУС іспанцам Р.​Меркадэрам. У наш час прыхільнікі ідэй Т. дзейнічаюць у многіх краінах свету.

Тв.:

К истории русской революции. М., 1990;

Политические силуэты. М., 1990;

Сталин. Т. 1—2. М., 1990;

Литература и революция. М., 1991;

Моя жизнь. М., 1991.

Літ.:

Ленін У.І. Пісьмо да з’езду // Тв. Т. 36 (Полн. собр. соч.;

Т. 45);

Васецкий Н.А. О Троцком и троцкизме. М., 1989;

Яго ж. Троцкий: опыт политич. биогр. М., 1992;

Дойчер И. Троцкий в изгнании: Пер. с англ. М., 1991;

Кушинг Гранвилл Дж. Л.​Д.​Троцкий и Четвертый Интернационал: Пер. с англ. М., 1993;

Воейков М.И. Теоретическое наследие Л.​Троцкого и современность. М., 1994;

Космач Г.А., Космач Е.Н. Трагедия кумиров революции. Мн., 1994;

Лев Троцкий. Мн., 1998;

Волкогонов Д.А. Троцкий. Кн. 1—2. М., 1999.

У.​А.​Бажанаў.

т. 15, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)