БРАНТ (Пётр Уладзіслаў Казіміравіч) (15.2.1836, в. Рудакі Свянцянскага пав. Віленскай губ. — 1912),
удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі, у Літве і Польшчы. Вучыўся ў Маладзечне. Напярэдадні паўстання служыў у Беластоку, паручнік. У крас. 1863 з групай афіцэраў Лібаўскага пях. палка ўдзельнічаў у фарміраванні гал. паўстанцкага атрада Гродзенскай губ. Змагаўся супраць царскіх войск на Беласточчыне, потым на чале асобнага атрада ў Аўгустоўскім пав., вызначыўся ў баях на сумежжы Літвы і Польшчы. У 2-й пал. 1863 кіраваў атрадамі паўстанцаў з сялян у Курпёўскай пушчы Ломжынскага пав. З канца 1863 у эміграцыі (Парыж, Галіцыя). Аўтар успамінаў пра паўстанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКО́ЛІЦА,
1) тое, што ваколіца.
2) Тып сельскага паселішча ў Польшчы, Літве, на Украіне і Беларусі ў 16 — пач. 20 ст. Узнікла ў выніку валочнай памеры як паселішча дробнай шляхты, што не мела прыгонных і займалася сельскай гаспадаркай (гл.Ваколічная шляхта). На Беларусі найб. пашырана на З. У 2-й пал. 16 ст. ў Гродзенскім пав. існавала 37 аколіц. У канцы, 18 ст. ў Мінскай губ. было 70 аколіц, у сярэдзіне 19 ст. — 149. Складалася з 3—70 двароў. Забудова была бессістэмная. Назвы пераважна па прозвішчах тых радоў, якія іх засялялі (Абуховічы, Кулікі, Эйсманты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБХА́ЗСКАЕ ЦА́РСТВА,
раннефеад. дзяржава ў Закаўказзі з цэнтрам у Кутаісі. У 780-я г.абх. князь Леон II узначаліў барацьбу Зах. Грузіі супраць Візантыі, дамогся поўнай незалежнасці яе зямель і прыняў тытул цара. У гэты час у Абхазскім царстве ўваходзіла таксама ч.Усх. Грузіі. Значна ўмацавалася ў 9 — 1-й пал. 10 ст. Пры царах Георгію (п. у 955) і Леоне III [955—967] паспяхова вяло барацьбу з Тао-Кларджэцкім і Кахецінскім царствамі за панаванне ў Грузіі. Аслабленне Абхазскага царства пры Дэметру [967—975] прывяло да першынства Тао-Кларджэты. У 975 Абхазскае царства ўвайшло ў склад аб’яднанай феад. Грузіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЯРЦІ́Н,
былая сядзіба, потым фабрычны пасёлак у Слонімскім р-не, з 19.1.1965 у межах г. Слонім. Узнік у 1-й пал. 19 ст. як сядзіба маршалка слонімскага В.Пуслоўскага, куды ўваходзілі палац з гасп. будынкамі і пейзажны парк (гл.Слонімская сядзіба «Альбярцін»). Калі ў 19 ст. побач з сядзібай узніклі прамысл. прадпрыемствы (Альбярцінская дывановая мануфактура, Альбярцінская лесапільна-сталярная фабрыка, Альбярцінская суконная фабрыка, Альбярцінская шоўкакруцільная фабрыка, Альбярцінскі чыгуналіцейны завод, Альбярцінскі электралямпавы завод і інш.), ператварыўся ў фабрычны пасёлак. У 1897 — 518 ж. У 1927 тут заснавана кардонная ф-ка «Альбярцін», з 1990 — нар. прадпрыемства «Альбярцін».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭСО́Н ((Bresson) Рабер) (н. 25.9.1907, Брамон-Ламот, дэпартамент Пюі-дэ-Дом, Францыя),
французскі рэжысёр, сцэнарыст. Атрымаў літ. і філас. адукацыю. Вучыўся жывапісу. У кіно з 2-й пал. 1930-х г. як мастак і сцэнарыст. У 1943 паставіў фільм «Анёлы граху», у 1945 — «Дамы Булонскага лесу». Усе наступныя фільмы здымаў па ўласных сцэнарыях, хоць часам выкарыстоўваў і літ. першакрыніцы: «Дзённік сельскага святара» (1950), «Той, хто прыгавораны да смерці, уцёк» (1956), «Працэс Жанны д’Арк» (1962), «Мушэт» (1967), «Пакорлівая» (1969), «Магчыма, д’ябал» (1977), «Грамы» (1983). Гуманістычнае гучанне творчасці Брэсона абумоўлена глыбокай спагадай тым, хто пакутуе, зняважаным і гаротным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ БЕСКУРГА́ННЫ МО́ГІЛЬНІК,
археалагічны помнік апошняй чвэрці 1 — 2-й пал. 3 ст. на тэр.г. Брэста (былая в. Трышын, цяпер вул. Маскоўская). Выяўлена 75 пахаванняў плямён вельбарскай культуры. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі пахавання. Рэшткі крэмацыі ссыпалі на дно ямы або ў спец. урны. Знойдзены гліняны посуд, прасліцы, жал. нажы і замкі, бронзавыя фібулы, дэталі паяснога набору, шкляныя пацеркі, метал. бранзалеты і падвескі. Некаторыя даследчыкі звязваюць могільнік з адным з этапаў фарміравання слав. этнасу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ХАВІЦКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры барока. Пабудавана ў 1676 у в. Бухавічы (Кобрынскі р-н Брэсцкай вобл.) як касцёл дамініканцаў, з 1832 — Пакроўская царква. Першапачаткова прамавугольны ў плане выцягнуты па падоўжнай восі аб’ём, да якога з усх. боку далучалася прамавугольная апсіда, з зах. — вежа-званіца. Вуглы аб’ёмаў умацаваны контрфорсамі. Фасады расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі, апяразаны карнізам простага профілю. У час рэканструкцыі (1889) надбудаваны 3-і ярус званіцы — драўляны васьмярык з шатровым верхам і цыбулепадобнай галоўкай над 2-схільным дахам і васьмігранны драўляны барабан з цыбулепадобным купалам. У інтэр’еры драўляны іканастас 2-й пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ЦЕНСКАЯ КАПЛІ́ЦА,
помнік рэнесансава-раннебарочнай архітэктуры. Пабудавана ў 1654 у в. Быцень (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.) пры базыльянскім кляштары. З 1845 — Успенская царква. Прамавугольны ў плане мураваны будынак накрыты вальмавым дахам з драўляным васьмігранным купальным барабанам у цэнтры (надбудаваны ў 2-й пал. 19 ст.). Плоскасныя фасады лаканічна крапаваны шырокімі лапаткамі, прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі. Сіметрычна-восевая пабудова гал. фасада падкрэслена прамавугольным уваходным праёмам і вял. арачным акном над ім. Па перыметры будынак апяразаны ўступам нізкага цокаля і прафіляваным карнізам у завяршэнні. Унутраная зала З парамі слупоў падзелена на 3 нефы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬДЭ́С ЛЕА́ЛЬ [Valdés Leal; сапр.Ніса
(Nica)] Хуан дэ (4.5.1622, г. Севілья, Іспанія — 15.10.1690),
іспанскі жывапісец. Вучыўся ў Кордаве. Пісаў карціны для манастыроў (у капэле брацтва Ла Карыдад у Севільі, каля 1679, і інш.). У яго творах «Узнясенне Марыі» (1655), «Зняцце з крыжа», «Хрышчэнне Хрыста» (1660-я г.), «Хрыстос сярод кніжнікаў» (1686) знайшоў адлюстраванне крызіс ісп. мастацтва 2-й пал. 17 ст. Экзальтаваная рэліг. пропаведзь тленнасці быцця ў іх спалучаецца з мудрагелістай фантазіяй, барочныя эфекты асвятлення — з натуралістычнымі дэталямі.
Х. дэ Вальдэс Леаль. З цыкла карцін для капэлы брацтва Ла Карыдад у Севільі. Каля 1679.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РБУНКАШ (венг. verbunkos ад ням. Werbung вярбоўка),
1) венгерскі танец; папярэднік чардаша. Узнік у 2-й пал. 18 ст. У яго аснове — мужчынскі танец вербунк (выконваўся пры вярбоўцы рэкрутаў).
2) Стыль венг.нар. і прафес. музыкі ў канцы 18—19 ст.Муз. асаблівасці звязаны з традыцыяй віртуознага, пераважна цыганскага скрыпічнага выканальніцтва. Вылучаецца эмацыянальнай мелодыкай і рытмічнай разнастайнасцю (узор «Ракацы-марш» невяд. аўтара). Сярод майстроў вербункаша — кампазітары і скрыпачы-віртуозы Я.Біхары, Я.Лавата, А.Чэрмак. Стыль вербункаша ўвасоблены ў творах І.Брамса, Ф.Ліста, Ф.Эркеля, Б.Бартака, З.Кодая і інш.