Каджаэлі, горад на ПнЗ Турцыі, адм. ц. іля Каджаэлі. 257 тыс.ж. (1990). Порт у Ізміцкім зал. Мармуровага м. Праз І. праходзяць чыгунка і аўтадарога Анкара—Стамбул. Прам-сць: цэлюлозна-папяровая, нафтаперапр., нафта-хім., гумавая; аўтазборка. Музей. Захаваліся рэшткі візант. крэпасці.
Засн. ў 264 да н.э. царом Нікамедам I як сталіца Віфініі (пад назвай Нікамедыя). Зручная гавань забяспечыла росквіт горада да войнаў Мітрыдата VI Еўпатара з Рымам (89—84, 83—22, 74—64 да н.э.), калі горад быў зруйнаваны. Рэзідэнцыя рым. імператараў Дыяклетыяна і Канстанціна (Вялікага). Нягледзячы на разбурэнні ў выніку землетрасення і нападаў готаў у 4 ст.н.э. лічыўся адным з прыгажэйшых гарадоў свету. У сярэднія вякі страціў сваё значэнне. Тут скончыў самагубствам Ганібал, месца нараджэння гісторыка Арыяна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУА́ЛА-ЛУ́МПУР (Kuala Lumpur),
горад, сталіца Малайзіі, на п-ве Малака. Адм. ц. Федэральнай сталічнай тэрыторыі. 1236 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Галоўны паліт., прамысл. (каля 40% прамысл. прадукцыі краіны) і гандл.-фін. цэнтр краіны. Прам-сць: эл.-тэхн. і радыётэхн., тэкст., маш.-буд., харч., хім., папяровая, аўтазборачная, лесапільная, цэментная. Перапрацоўка каўчуку і алавянай руды. Нац. і Малайскі ун-ты. Нац. музей Малайзіі. Кітайскія дамы і храмы; мячэці (20 ст.).
Засн. ў 1857 горнарабочымі-кітайцамі. У 1880—1974 сталіца Селангара (княства, потым штата). У 1946—57 адм. ц.брыт. калоніі Малайскі саюз (у 1948—57 Малайская Федэрацыя). З 1957 сталіца Малайзіі; з 1974 горад мае статус Федэральнай тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХЕ́НДЖА-ДА́РА (на мове сіндхі — узгорак мёртвых),
руіны адной з дзвюх сталіц цывілізацыі даліны Інда, за 643 км на ПдЗ ад Харапы (Індыя). Горад існаваў у 2300—1750 да н.э. (пл. каля 260 га), уяўляў сабою сетку кварталаў, падзеленых шырокімі вуліцамі з развітай дрэнажнай сістэмай і забудаваных дамамі з абпаленай цэглы. Выяўлены рэшткі цагляных умацаванняў, у т. л. цытадэль выш. каля 11 м, у якой знаходзіліся зала сходаў, «навучальная ўстанова», вял. грамадская лазня і сховішча, на вяршыні размяшчаўся храм. Некалькі разоў горад спусташаўся паводкамі. Каля 1750 да н.э. знішчаны ў выніку катастрофы. Помнік адкрыты ў 1922 інд. археолагам Р.Банерджы, даследавалі Дж.Маршал, Э.Макей, М.Уілер і Дж.Дэйлс. Занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОН (Bonn),
горад у Германіі, у зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія; месца часовага знаходжання парламента і ўрада краіны. 296,9 тыс.ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на Рэйне. Міжнар. аэрапорт Кёльн-Бон. Прадпрыемствы паслуг, дакладнай механікі і оптыкі, эл.-тэхн., папяровай, фармацэўтычнай, паліграф., харч., тытунёвай, мэблевай, керамічнай, алюмініевай прам-сці. У Боне знаходзіцца гандл.-прамысл. палата ФРГ, шматлікія праўленні прамысл. і фін. канцэрнаў і інш. Раён Бад-Годэсберг — курорт з мінер. водамі. Ун-т (з 1818). Музеі: зямлі Рэйнланд, Гар.маст. збор Бона, Акад.маст. музей Бонскага ун-та, Дом-музей Л.Бетховена (нарадзіўся ў Боне), Бетховенгале, дзе кожныя 2 гады праводзіцца Міжнар.муз. фестываль, прысвечаны Бетховену (верасень).
Засн. ў 1 ст. рымлянамі. З 1286 горад. У 1273—1794 рэзідэнцыя кёльнскіх архіепіскапаў. У 1794 акупіраваны франц. войскамі, з 1814 у складзе Прусіі. У 1949—90 сталіца ФРГ. У 1969 да Б. далучаны суседнія гарады Бад-Годэсберг і Боель.
Стары горад моцна разбураны ў 1944—45. У пасляваенны час рэканструяваны, пабудаваны раён з урадавымі і адм. вышыннымі будынкамі. Помнікі архітэктуры: раманскі сабор Санкт-Касіус-унд-Фларэнцыус (1150—1224), гатычная царква св. Рэмігія (1274—1317), барочная царква Іезуітэнкірхе (1686—1717), палацы курфюрстаў (1697—1726, цяпер ун-т) і Попельсдорф (1715—56).
Да арт.Бон. Панарама горада.Да арт.Бон. Раён Бад-Годэсберг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТКА,
горад, цэнтр Веткаўскага раёна Гомельскай вобл., прыстань на р. Сож. За 22 км ад Гомеля. Аўтадарогамі злучана з Гомелем і Добрушам. 6,3 тыс.ж. (1995).
Засн. ў 1685 (паводле інш. звестак у 1682) стараверамі — бежанцамі з цэнтр. Расіі (гл.Стараверства). У 17—18 ст Ветка з навакольнымі слабодамі, манастырамі і скітамі з’яўлялася цэнтрам расколу, у 1730-я г. тут жыло каля 40 тыс.чал. У 18 ст. ў Ветцы сфарміраваліся мясц. асаблівасці іканапісу і афармлення рукапіснай кнігі, склалася самабытная школа веткаўскай разьбы. Карныя войскі царскага ўрада двойчы (у 1735 і 1764) палілі Ветку, большасць жыхароў прымусова выселена ва ўсх. губерні Расіі. З 1772 у Рас. імперыі, з 1784 мястэчка Беліцкага, з 1852 Гомельскага пав. Належала Станевічам. У 1868 адкрыта жаночае, у 1874 мужчынскае нар. вучылішчы. У 1897 — 7,2 тыс.ж. З 1919 у Гомельскім пав. РСФСР, з 1925 горад, з 1926 у БССР, з 8.12.1926 цэнтр раёна. У 1939 — 6 тыс ж. З 18.8.1941 да 28.9.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Ветцы і раёне 656 чал. У 1969 — 6,2 тыс. жыхароў. Знаходзіцца ў зоне радыеактыўнай забруджанасці.
Прадпрыемствы лёгкай (Веткаўская бавоўнапрадзільная фабрыка), буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Веткаўскі музей народнай творчасці. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮКО́ВІЧЫ,
горад, цэнтр Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл., на р. Жадунька. За 160 км на ПдУ ад Магілёва. Чыг. ст. Камунары на лініі Крычаў—Унеча, вузел аўтадарог на Клімавічы, Хоцімск, Сураж, Краснаполле. 17,4 тыс.ж. (1998).
Паводле пісьмовых крыніц вядомы з канца 16 ст. як дзярж. ўладанне ў Крычаўскім старостве ВКЛ. З 1772 у складзе Рас. імперыі, мястэчка ў Клімавіцкім пав. Беларускай, з 1796 — Магілёўскай губ. Маёнтак К. належаў У.Цеханавецкаму. У 1886 цэнтр воласці, 620 ж., 122 двары, вінакурны завод, царк.-прыходскае вучылішча, 2 царквы, сінагога, бальніца, аптэка, 8 гарбарняў, млын, 94 крамы, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1897—700 ж., каля 340 двароў. У 1924 перададзены з РСФСР у БССР, цэнтр Касцюковіцкага раёна. У 1933—3,1 тыс.ж., працавалі гантарэзня, пеньказавод, маслазавод і цагельны з-д. З 27.9.1938 горад. У 1939—6,1 тыс.ж., лесапільны з-д, электрастанцыя, прадпрыемства па вырабе шпал і брусоў. З 14.8.1941 да 28.9.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў К. і раёне загубілі 846 чал. У 1959 у К. 8,1 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы дрэваапр., буд. матэрыялаў (Касцюковіцкі цэментны завод), харч. прам-сці. Ільнозавод. Касцюковіцкі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́Р’ІНА ГО́РКА,
горад, цэнтр Пухавіцкага р-на Мінскай вобл., на р. Цітаўка. За 63 км ад Мінска. Чыг. ст. Пухавічы на лініі Мінск—Асіповічы, аўтадарогамі злучана з Мінскам, Бабруйскам, Чэрвенем, Уздой. 23,1 тыс.ж. (1998).
Вядома з 16 ст. Належала Радзівілам, Бужынскім, Ратынскім, Крупскім, пасля 1863 — міністру ўнутр. спраў Расіі Л.С.Макаву. Паводле падання назва паходзіць ад горкі, на якой стаяў язычніцкі храм, дзе ў Мар’ін дзень адбываліся святкаванні; пазней там пабудавана царква. З 1793 у Рас. імперыі, вёска Ігуменскага пав. Мінскай губ. Развіццю М.Г. паспрыяла пабудова ў 1873 Лібава-Роменскай чыгункі. У 1876 заснавана с.-г. школа (у 1921 ператворана ў с.-г. тэхнікум). У 1897 у вёсцы 2 тыс.ж., 2 царквы, паштовая станцыя. З 29.7.1925 цэнтр Пухавіцкага раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну з 28.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М.Г. і раёне загубілі 3145 жыхароў; дзейнічала Мар’інагорскае маладзёжнае падполле. Вызвалена 3.7.1944 у ходзе Мінскай аперацыі 1944. З 22.7.1955 горад. У 1970—11,3 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы металургічнай, пачатковай апрацоўкі лёну, прам-сці. Абутковая ф-ка. Брацкая магіла сав. воінаў; помнікі: воінам-вызваліцелям; сав. воінам, партызанам і падпольшчыкам, удзельніцы Мінскага падполля Л.Г.Гайдучонак. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (1876).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́МАСЦЬ (Zamość),
горад на ПдУ Польшчы. Адм. ц. Замойскага ваяв. 66 тыс.ж. (1994). Прам-сць: харч., мэблевая, трансп. машынабудаванне, швейная, буд. матэрыялаў, паліграфічная. Турыстычны цэнтр.
Засн. ў 1580 Я.Замойскім як горад-крэпасць, рэзідэнцыя і гасп. цэнтр Замойскай ардынацыі (створана ў 1589). Размяшчэнне на гандл. шляху з Валыні ў Люблін і Варшаву і прывілеі (на правядзенне кірмашоў, бяспошлінны гандаль у краіне і інш.) спрыялі развіццю рамёстваў (кушнерства, гарбарства і інш.). У 1585 тут створана першая ў Польшчы мануфактура па вытв-сці саф’яну, тур. дываноў і апрацоўцы казліных шкур. Заснаванне ў 1595 Замойскай акадэміі і друкарні ператварыла З. у навук. і культ.цэнтр. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Аўстрыі, з 1809 у Варшаўскім герцагстве. У час напалеонаўскай кампаніі заняты рус. войскамі (1813). З 1815 у Каралеўстве Польскім. З канца 19 ст. павятовы горад (да 1975).
Горад спраектаваў і пачаў будаваць арх. Б.Маранда ў 1579—1600; прыклад рэнесансавага горадабудаўніцтва. Быў пяцівугольны ў плане, абнесены кальцом бастыённых фартыфікацый (1587—1605; завершаны ў 1617—19, арх. А. дэль Аква; дабудаваны ў 1809—30) з брамамі, у т. л. Любельскай (1588) і Старой Львоўскай (1599). Уключае: палац (1581—86, арх. Маранда; дабудаваны ў 1747—51, арх. Бэм’дэ Кавэ, і пасля 1831), ратушу (1591—1600, арх. Маранда; 1639—51, арх. Я.Ярашэвіч, Я.Вольф, перабудавана ў 18 і 19 ст., рэстаўрыравана ў 1937—38 і 1967—70), будынкі Акадэміі (1638—48, арх. Ярашэвіч; перабудаваны ў 1752—61, арх. Бэм’дэ Кавэ, і ў 19 ст.), калегіяту (1587—98), капліцы Замойскіх (1635, арх. Дж.Б.Фальконі; цяпер кафедральны сабор), царкву (1618—31), сінагогу (каля 1610—20), камяніцы з аркадамі, у т. л. каля Вялікага і Сольнага рынкаў (16—17 ст.). З. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Н.К.Мазоўка (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕЦК,
горад, цэнтр Клецкага р-на Мінскай вобл., на р. Лань. За 127 км на ПдЗ ад Мінска. Чыг. станцыя на лініі Асіповічы—Баранавічы, аўтадарогамі звязаны з Нясвіжам, Баранавічамі, Слуцкам. 10,8 тыс.ж. (1998).
З канца 10 ст. існавала славянскае паселішча як цэнтр воласці дрыгавіцкага насельніцтва ў вярхоўях Лані. Горад пабудаваны ў сярэдзіне 11 ст. У летапісах (летапісны Кльчьск, Клечьск, Клическ) упершыню ўпамінаецца ў 1127 як цэнтр Клецкага княства. У сярэдзіне 13 ст.горад разбураны манголамі. З 14 ст. ў складзе ВКЛ. У 1503 К. спалены крымскімі татарамі. 5.8.1506 каля горада татары разбіты войскамі ВКЛ на чале з кн. М.Глінскім (гл.Клецкая бітва 1506). У 1522—56 К. валодала вял. княгіня Бона Сфорца, з 1558 — Радзівілы. У 1586—1939 цэнтр Клецкай ардынацыі Радзівілаў. Быў разбураны ў 1655 (у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай) і ў 1706 (у час Паўночнай вайны са шведамі). У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Расійскай імперыі, мястэчка Слуцкага пав. Мінскай губ., цэнтр воласці. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Нясвіжскім пав. Навагрудскага ваяв. У 1920-я г. працавала Клецкая беларуская гімназія. З 1939 у БССР, 7900 ж.; з 1940 цэнтр Клецкага р-на. З 26.6.1941 па 4.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў К. і раёне 7600 чал.; дзейнічалі падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. У 1959—4100 ж. У 1962—66 у складзе Нясвіжскага р-на.
Прадпрыемствы харч. (Клецкі кансервавы завод, масларобчы, камбікормавы і інш.), металаапр. (Клецкі механічны завод), лёгкай і дрэваапр. прам-сці. Клецкі гісторыка-этнаграфічны музей. Мемар. комплекс сав. воінам, партызанам і землякам. Помнікі архітэктуры — Клецкі касцёл і кляштар дамініканцаў (1683), Пакроўская царква (19 ст.), сінагога (мяжа 19—20 ст.), казармы (20 ст.), шпіталь (1909), вятрак (1920-я г.). На паўн.-зах. ускраіне К. — гарадзішча (11—13 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́МА (Lima),
горад, сталіца Перу. Знаходзіцца на раўніне паміж падножжам Андаў і ўзбярэжжам Ціхага ак., на р. Рымак. Адм. ц. дэпартамента Ліма. 6,7 млн.ж. з прыгарадамі (1993). Буйнейшы трансп. вузел краіны, праходзіць Панамерыканская шаша. Марскі порт — Кальяо, фактычна зліўся з Л. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны (каля 80% апрацоўчай прам-сці). Прам-сць: харчасмакавая, тэкст., нафтаперапр., хім., аўтамаб., металаапрацоўчая. Разнастайная рамесная і саматужная вытв-сць. Ун-ты, у т. л. Сан-Маркас (з 1551). 3 акадэміі навук.Нац. музей перуанскай культуры, Музей натуральнай гісторыі «Хаўер Прада», Нац. музей антрапалогіі і археалогіі. Нац. тэатр.
Засн. ў 1535 ісп. канкістадорам Ф.Пісара. У 16 — пач. 19 ст. цэнтр ісп. каланіяльных уладанняў у Паўд. Амерыцы і сталіца віцэ-каралеўства Перу. У 1551 засн. Каталіцкі ун-т (старэйшы ў Паўд. Амерыцы). Пасля абвяшчэння незалежнасці ад Іспаніі (1821) Л. — сталіца рэспублікі Перу. У 1687 і 1746 горад зруйнаваны землетрасеннямі. У Ціхаакіянскія войны 1864—66 і 1879—83 быў акупіраваны войскамі Чылі.
Горад захаваў прамавугольную сетку вуліц калан. часу. У цэнтры — Стары горад з арх. помнікамі, на ПнЗ — прамысл. раён, на ПдЗ — дзелавыя кварталы, на Пд і ПдУ — раёны асабнякоў. Вакол гал.пл. Пласа дэ Армас сабор (1572—1797), Палац прэзідэнта рэспублікі (1937—38, неакалан. стыль). У 16—18 ст. у стылі барока пабудаваны комплексы манастыроў (Сан-Франсіска, 1556—1624, Санта-Дамінга, сярэдзіна 16 ст.; Ла Мерсед, 1628—30) і цэрквы са складанай разьбой на парталах і ў інтэр’ерах, палацы (Торэ Тагле, 1735), жылыя дамы з унутр. дварамі, драўлянымі балконамі, ляпнымі парталамі. У 19 ст. будавалі ў духу эклектызму, у 1-й пал. 20 ст. — у «неаперуанскім стылі» (будынак Саюза архітэктараў, 1947), у 2-й пал. 20 ст. — у стылі сучаснай зах.-еўрап. і амер. архітэктуры (жылы раён Матутэ, 1952, і інш.). Гіст. цэнтр Л. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.