парушэнне кіслотна-шчолачнай раўнавагі ў арганізме, якое характарызуецца абсалютным або адносным лішкам кіслот. Часцей узнікае абменны, або нягазавы, ацыдоз пры вял. колькасці ў арганізме нелятучых кіслот (пры некаторых захворваннях печані, нырак, дыябеце) ці пры страце шчолачных злучэнняў (пры працяглай ірвоце, паносе). Дыхальны, або газавы, ацыдоз узнікае пры затрымцы вуглякіслага газу лёгкімі (прыступ астмы, цяжкая задышка). Адрозніваюць кампенсаваны ацыдоз, калі назіраецца зніжэнне шчолачнай рэакцыі крыві і тканак без значнага павышэння іх кіслотнасці, і некампенсаваны, пры якім кіслотнасць значна павышаецца. Лячэнне: ліквідацыя прычыны ўзнікнення ацыдозу, а таксама выкарыстанне соды і шчолачнай мінер. вады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НДЖА (англ. banjo),
струнны шчыпковы інструмент. Напачатку мела драўляны, пазней метал. корпус у выглядзе бубна са скураной (цяпер пластыкавай) мембранай, доўгую шыйку з грыфам без ладоў (цяпер з ладамі), галоўку з калкамі, 4—9 жыльных (пазней металічных) струн. Гук рэзкі, востры, з шаргаценнем, хутка згасае, здабываецца пераважна плектрам. Завезена з Зах. Афрыкі ў ЗША каля 17 ст. Выкарыстоўвалася для акампанементу і сольнай ігры, пазней у традыц.джазе. У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіліся разнавіднасці банджа — пікала, тэнар, бас і яго мадыфікацыі — банджа-укулеле, банджа-мандаліна, банджа-гітара (падобныя да банджа колькасцю струн і настройкай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛО́НЫ (Parnassius),
род дзённых матылёў сям. паруснікаў, або кавалераў, атр. лускакрылых. Сустракаюцца пераважна ў горных раёнах Еўразіі, лакальна на раўнінах. На Беларусі трапляюцца апалон чорны (P. mnemosyne) і апалон (P. apollo) — рэдкія віды, занесеныя ў Чырв. кнігу.
Размах белых крылаў да 9 см, пярэднія крылы з 2—5 чорнымі плямкамі, заднія з чырвонымі. Апалон чорны па памерах меншы і без чырвоных плямак на крылах. Лёт у чэрв.—жніўні. Вусені чорныя з 2 радамі чырвоных плямак, кормяцца ў крас.—маі лісцем чубаткі, скочак і заечай капусты. Жывуць групамі. Кукалкі на глебе. Зімуюць у абалонцы яйца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПУСТЫ́НЬВАННЕ,
страта мясцовасцю суцэльнай расліннасці пры немагчымасці яе ўзнаўлення без удзелу чалавека. Адбываецца ў выніку прыродных змен, часцей у выніку антрапагеннага ўздзеяння на прыроду: высечка лясоў у сумежных з пустынямі рэгіёнах і празмерны выпас жывёлы. Назіраецца ў засушлівых (не абавязкова гарачых) абласцях.
Адрозніваюць 2 формы апустыньвання: дэзертыфікацыю — пашырэнне арэала пустыні — і дэзертызацыю — паглыбленне працэсаў апустыньвання на месцы. Агульная плошча пустыняў і паўпустыняў свету складае каля 43% усёй сушы, плошча антрапагенных — каля 6,7%. Мяркуюць, што працэс апустыньвання ідзе са скорасцю 7—24 км² у гадзіну. Пад пагрозай апустыньвання знаходзіцца яшчэ 30 млн.км² — 19% сушы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЯРЭ́ННЕсамалёта,
аэрадынамічныя паверхні, прызначаныя для забеспячэння ўстойлівасці і кіроўнасці самалёта. Бывае вертыкальнае (нерухомы кіль з рухомым рулём напрамку) і гарызантальнае (нерухомы ці рухомы стабілізатар з рухомым рулём вышыні або рухомы стабілізатар без руля). Асн. тыпы апярэння: аднакілевае з ніжнім размяшчэннем гарыз. апярэння (звычайнае), T- і V-падобнае, двухкілевае. Звычайна апярэнне размяшчаюць на хваставой частцы фюзеляжа. Ёсць таксама самалёты толькі з верт. апярэннем на канцах крыла, з гарыз. на пярэдняй частцы фюзеляжа і інш.
Апярэнне самалёта: а — звычайнае; б — T-падобнае; в — двухкілевае; 1 — стабілізатар; 2 — руль вышыні; 3 — кіль; 4 — руль напрамку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЮМЕНТА́ЛЬ-ТАМА́РЫНА (дзявочае Клімава) Марыя Міхайлаўна
(16.7.1859, С.-Пецярбург — 16.10.1938),
руская актрыса. Нар.арт.СССР (1936). Сцэнічную дзейнасць пачала ў 1887. У 1901—14, 1921—32 у Маскоўскім т-ры Корша, з 1933 у Малым т-ры. Выконвала пераважна ролі старых: Галчыха, Анфуса («Без віны вінаватыя», «Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Матрона («Улада цемры» Л.Талстога), Матылькова («Слава» В.Гусева) і інш. Мастацтва Блюменталь-Тамарынай вызначалі шчырасць, мяккі гумар, адметная акцёрская тэхніка, здольнасць унутр. пераўвасаблення. З 1915 здымалася ў кіно, у т. л. ў бел. фільмах «Шукальнікі шчасця» (1936), «Дачка Радзімы» (1937).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ГУШ (Францішак Ксаверый Міхал) (1.1.1746, Вількамірскі пав. Віленскага ваяв. — 4.4.1820),
філосаф, гісторык, тэолаг, пісьменнік ВКЛ. Скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію. У якасці хатняга настаўніка быў з графам А.Тызенгаўзам у Германіі, Францыі, Італіі. Пасля адстаўкі Тызенгаўза (1780) жыў у Вільні, займаўся навук. дзейнасцю. Удзельнік Барскай канфедэрацыі, паўстання Т.Касцюшкі 1794, за што быў інтэрніраваны ў Смаленск. Апошнія гады жыў і працаваў у Варшаве. Удзельнічаў у рабоце Т-ва аматараў навукі, быў цэнзарам. Ганаровы чл. шматлікіх еўрап.навук. т-ваў. Аўтар твораў «Філосаф без рэлігіі» (1785), «Пра пачатак народа і мовы літоўскай» (1808), «Успаміны пра Антонія Тызенгаўза» (1820) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКА-ТРО́КСКІ ПАВЕ́Т,
адм-тэр. адзінка ў Зах. Беларусі ў 1922—39. 8.1.1922 польскі ўрад правёў выбары ў часовы сейм Віленшчыны (т.зв.Сярэдняй Літвы), які 20.2.1922 прыняў рашэнне аб далучэнні яе да Польшчы. Пастановай урада Польшчы ад 6.4.1922 утвораны Віленска-Трокскі павет у складзе Віленскай зямлі, з 22.12.1925 Віленскага ваяводства. Цэнтр павета — г. Трокі (сучасны Тракай, Літва). Пл. 183 км², нас. 168 879 чал. (без Вільні). Павет падзяляўся на 18 гмін. Пасля вызвалення Зах. Беларусі ўрад СССР у кастр. 1939 перадаў павет у склад Літвы, дзе асн. яго тэр. пазней склала Тракайскі р-н.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙТАЎСКІ СУД,
мясцовы суд у гарадах ВКЛ. Войт, які ўзначальваў адміністрацыю горада, меў права і ўласнага суда. У грамаце 1390 на магдэбургскае права Брэсту ўпамінаецца толькі адна крыніца ўлады і суда — войт. У грамаце 1498 Полацку гаворыцца, што бурмістры і радцы не маглі судзіць без войта. Каралева Бона ў 1551 запатрабавала, каб у велікакняжацкіх гарадах суд. спрэчкі старосты разглядалі сумесна з гар. войтам. У многіх прыватнаўласніцкіх гарадах, дзе не было ўведзена магдэбургскае права, таксама дзейнічаў або войтаўскі суд, або войтаўска-лаўніцкі суд. Поруч з войтаўскім судом існаваў бурмістраўска-радзецкі суд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАНХО́,
якуцкі гераічны эпас. Складаецца з многіх сказанняў, блізкіх паводле сюжэта, вобразаў і стылю, памерам 10—15 тыс. вершаваных радкоў. Частка тэксту — рытмізаваная проза і кароткія празаічныя ўстаўкі. Словы персанажаў спяваюцца, астатні тэкст выконваецца рэчытатывам, часта без інструмент. суправаджэння. Аланхо адлюстроўваюць рысы патрыярхальна-радавога ладу, міжрадавыя і міжплемянныя адносіны якутаў. У аснове сюжэтаў — барацьба асілкаў з племені айыы аймага са злоснымі аднарукімі ці аднаногімі пачварамі, абарона справядлівасці і мірнага жыцця. У аланхо паяднаны фантастыка і гіпербалізацыя ў паказе асілкаў з рэаліст. апісаннямі побыту, шматлікія міфы стараж. паходжання.
Літ.:
Пухов И.В. Якутский героический эпос олонхо. М., 1962.