АГРАМЕТЭАРАЛАГІ́ЧНЫ ПРАГНО́З Высвятляе ступень спрыяльнасці будучага надвор’я для развіцця с.-г. культур, правядзення с.-г. работ, выкарыстання пэўнай агратэхнікі. Заснаваны на ўліку біял. асаблівасцяў раслін і выніках метэаралаг. назіранняў. На Беларусі з 1938 складаюцца доўгатэрміновыя аграметэаралагічныя прагнозы перазімоўкі азімых (на плошчах рознага стану), запасаў вільгаці ў глебе на вясну, аптымальных тэрмінаў сяўбы азімых і яравых збожжавых культур, пасадкі бульбы, тэрмінаў выспявання с.-г. культур і іх ураджайнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭСІ́ЎНАСЦЬ ВАДЫ́,
здольнасць вады разбураць металы, бетон і інш. матэрыялы ў выніку ўздзеяння растворанымі ў ёй солямі або газамі. Асабліва высокая ў вады, якая мае солі амонію, саляную, серную і інш. кіслоты. Павышанай агрэсіўнасцю валодаюць неачышчаныя сцёкавыя воды, воды, забруджаныя змытымі з палёў хім. ўгнаеннямі, атмасферная вільгаць, насычаная злучэннямі азоту, серы і інш. кіслотаўтваральных элементаў («кіслотныя дажджы»), Высокаагрэсіўныя воды неспрыяльныя і нават згубныя для існавання многіх арганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́М (Адамус) Рэйнальд
(1602, зямля Рэйнланд-Пфальц, Германія — ?),
кальвінісцкі тэолаг, педагог у ВКЛ. Адукацыю атрымаў у Лейдэнскім ун-це (Нідэрланды). Выкладаў у Слуцкай школе. Адзін з аўтараў выдадзеных у Любчы статута, праграмы і раскладу заняткаў для гэтай школы (1628), аўтар дапаможнікаў па рыторыцы і гісторыі (1629). У кнігах Адама ёсць звесткі аб прыродзе і жыхарах Беларусі. З 1642 працаваў на Беларусі інспектарам школ і бібліятэкарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМАНТА́Н,
трыцыкладэкан, хімічнае злучэнне, насычаны цыклічны вуглевадарод C10H16, мал. м. 136,23. Бясколерныя лятучыя крышталі з пахам камфоры, tпл=269 °C, шчыльн. 1,071·103кг/м. Устойлівы да 660 °C, яго атамы вугляроду ўтвараюць структуру алмазу. Адамантам і яго гамолагі ёсць у нафце.
Атрыманы ізамерызацыяй з тэтрагідрапентадыену. Вытворныя адамантану выкарыстоўваюцца як лек. сродкі (рэмантадзін), сінт. змазкі, мадыфікатары для атрымання злучэнняў з высокай тэрмічнай і хім. трываласцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВАРО́ТНЫ О́СМАС,
гіперфільтрацыя, метад раздзялення раствораў пад ціскам ад 3 да 8 МПа. Адбываецца ў апаратах з раздзяляльнымі паўпранікальнымі мембранамі з палімерных плёнак ці полых валокнаў, якія цалкам ці часткова затрымліваюць растворанае рэчыва і прапускаюць растваральнік (звычайна ваду). Эфектыўнасць адваротнага осмасу вызначаецца селектыўнасцю і пранікальнасцю мембраны. Выкарыстоўваецца для апраснення салёных і ачысткі сцёкавых водаў, раздзялення азеатропных сумесяў, канцэнтравання раствораў, асвятлення і ачысткі харч. прадуктаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАСТА́ННІ, перыфітон,
сукупнасць водных арганізмаў, якія пасяляюцца на штучных (днішчы суднаў, буі, збудаванні на па́лях, трубаправоды, прычалы) і прыродных (камяні, карчы, вышэйшыя водныя расліны і інш.) цвёрдых субстратах. Складаюцца з бактэрый, грыбоў, прасцейшых, водарасцяў, чарвей, імшанак, малюскаў, губак. З’яўляюцца прыродным біяфільтрам, індыкатарам якасці вады, прадуцэнтам арган. рэчываў, кармавой базай і сховішчам для водных жывёл. Прыносяць вял. страты засмечваннем водазабіральных адтулін, трубаправодаў, памяншаюць скорасць руху суднаў і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЯДНА́НАЯ ЭЛЕКТРАЭНЕРГЕТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць электраэнергет. сістэм пэўнага рэгіёна, аб’яднаных лініямі электраперадачы (напружанне пераважна 220—750 кВ) для паралельнай работы з аператыўным кіраваннем з адзінага дыспетчарскага цэнтра. Аб’яднанне энергасістэм дазваляе кампенсаваць нераўнамернасць энергет. нагрузкі ў іх з-за несупадзення ў часе сутачных яе максімумаў, змяншае залежнасць энергаспажывання ад гідралагічных і кліматычных умоў, зніжае неабходную рэзервовую магутнасць. Беларуская энергетычная сістэма аб’ядноўвае Цэнтр., Паўд. і Паўн.-Зах.мясц. энергасістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ГА (Bufo marinus),
рапуха атр. бясхвостых. Сустракаецца ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы.
Даўж. цела да 25 см. Па баках галавы вял. калявушныя залозы (паратыды). Мае найб. развітыя сярод земнаводных лёгкія. Актыўная ноччу. Самка адкладвае да 35 тыс. ікрынак. Вельмі пражэрлівая: корміцца насякомымі, малюскамі і інш. дробнымі жывёламі. Разводзяць для знішчэння шкоднікаў на плантацыях цукр. трыснягу. Атрутнымі выдзяленнямі скурных залоз ага змазваюць наканечнікі стрэл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬБІНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Беларусі, у Акцябрскім р-не Гомельскай вобл. За 27 км на З ад г.п. Акцябрскі. Створана ў 1976 для жыўлення канала ў летні перыяд і рэгулявання водна-паветранага рэжыму меліяраваных глебаў. Пл. 0,63 км². Даўж. 1,15 км, найб.шыр. 0,7 км, найб.глыб. 3,5 м, аб’ём вады 1,4 млн.м³. Напаўняецца вадой помпамі з Слаўкавіцка-Ямінскага канала ў перыяд веснавога разводдзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬФА,
назва першай літары грэч. алфавіта α. Паходзіць ад назвы фінікійскай літары 𐤀 («алеф»), што ўзнікла на аснове іерагліфічнага егіп. малюнка галавы быка. У класічным грэч. і візант. пісьме абазначала кароткі і доўгі гук «а», мела лічбавае значэнне 1. З’явілася асновай для кірыліцкай («аз»), У бел. і інш. мовах слова «альфа» абазначае пачатак чаго-небудзь («альфа і амега» — пачатак і канец, усё галоўнае).