ІСА́ЕЎ Рыгор Пракопавіч [22.1.1857, г. Магілёў — 6.4.1886], рэвалюцыянер-народнік. Удзельнік студэнцкага руху 1878—79 у Пецярбургу, падтрымліваў сувязь з гуртком магілёўскіх гімназістаў. З 1879 чл. тэрарыст. групы «Свабода або смерць», потым «Народнай волі» і яе выканкома. Удзельнік падрыхтоўкі замахаў на цара, рыхтаваў з М.А.Кібальчычам выбуховыя рэчывы. Арыштаваны ў крас. 1881, прыгавораны да пакарання смерцю, якое было заменена пажыццёвай катаргай. Памёр ад сухотаў у Шлісельбургскай крэпасці.

т. 7, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЎЕЎСКАЯ МЯЧЭ́ЦЬ,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1884 у г.п. Іўе Гродзенскай вобл. Прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай прыбудовай-міхрабам (невял. апсіда), накрыты шатровым дахам, у цэнтры якога 8-гранны мінарэт. Першапачаткова гал. фасад быў аформлены галерэяй на 4 слупах з выгнутымі падкосамі (у 1970-я г. заменена невысокім тамбурам). Інтэр’ер падзелены на мужчынскую і жаночую палавіны з асобнымі ўваходамі.

С.​А.​Сергачоў.

Іўеўская мячэць.

т. 7, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІХТЫО́РНІСЫ (Ichthyornithes),

надатрад вымерлых веерахвостых птушак. 2 роды, 9 відаў. Падобныя на сучасных олушавых. Вядомы з верхнемелавых адкладаў у ЗША і Узбекістане. Жылі на марскіх узбярэжжах.

Памеры з сучасных галубоў. Галава вялікая, крылы развітыя, грудзіна з кілем, ногі маленькія, пазванкі амфіцэльныя (дваякаўвагнутыя). Зубы дробныя, вострыя, загіналіся назад, ніжнія сківіцы не зрасталіся. Добра лёталі, карміліся рыбай. Па рэштках І. вызначаюць узрост геал. адкладаў.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 7, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЛАСКІ́»,

бел. часопіс для дзяцей. Выдаваўся ў 1952—61 у Мюнхене (Германія) на бел. мове штомесячна як дадатак да газ. «Бацькаўшчына». Рэдактар — З.​Станкевіч. Меў 8 (часам 16) старонак кніжнага фармату. Друкаваў казкі, творы Я.​Коласа, Я.​Купалы, М.​Багдановіча, З.​Бядулі, Н.​Арсенневай, загадкі, прыказкі, матэрыялы на рэліг. і гіст. тэмы, інфармаваў пра асн. падзеі з Беларусі, змяшчаў малюнкі, ілюстрацыі, фотаздымкі.

А.​С.​Ляднёва.

т. 7, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́Ж ДЭ ФРАНС (Collćge de France),

адна з старэйшых н.-д. і навуч. устаноў Францыі. Засн. ў 1530 у Парыжы. Арганізоўвае агульнадаступныя (без экзаменаў, звычайна для асоб з вышэйшай адукацыяй) курсы лекцый, пераважна па прыродазнаўчанавук. тэматыцы, якую штогод вызначаюць прафесары на аснове сваіх найноўшых даследаванняў. Вучоныя ступені і дыпломы не прысуджае. Н.-д. і выкладчыцкую работу праводзяць найб. дасведчаныя вучоныя з розных галін ведаў.

т. 7, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛО́ДЗЕЖНЫ (Леанід Трафімавіч) (н. 22.2.1935, в. Солаўе Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Віцебскім маст.-графічным пед. вучылішчы (1951—53). Працаваў у прэсе. З 1961 мастак-афарміцель на Аршанскім ільнокамбінаце. Друкуецца з 1958. Тэматычна яго творы звязаны з жыццём вёскі, ім уласцівы лірызм, настраёвасць, дакладнасць у перадачы малюнкаў жыцця і псіхалогіі герояў (зб-кі «Аўсяны звон», 1975; «Бярозы ў жыце», 1981).

М.​П.​Кенька.

т. 7, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАРО́ЎСКІ (Алесь Адамавіч) (н. 1.3.1947, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1970). З 1973 працаваў у Літ. музеі Я.​Коласа, у Рэсп. праўленні аматараў кнігі, на Бел. тэлебачанні. З 1990 у час. «Маладосць».

Друкуецца з 1961. Аўтар кніг «Пачатак» (1975), «Зямля маіх надзей» (1988), аповесцей для дзяцей «Адкрытая тайна» (1979), «Заварожаны мяч» (1989). Творам характэрны лірызм, публіцыстычнасць, грамадз. пафас.

т. 7, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ННЫЯ КО́ЛЬЦЫ,

рытуальныя збудаванні ў выглядзе кальца, авала ці спіралепадобнай фігуры з вертыкальна пастаўленых камянёў. Пашыраны на Брытанскіх а-вах, у Паўн. Францыі; выяўлены на Салавецкіх а-вах і ў Архангельскай вобл. Расіі. Пры раскопках у Шатландыі ў К.к. знойдзены фрагменты керамічных кубкаў, урнавыя пахаванні, якія належаць да бронзавага веку. Часта звязаны з алеямі менгіраў і інш. тыпамі пахаванняў, зробленых з выкарыстаннем камянёў.

А.​В.​Лоў.

т. 7, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПУ́К (Андрэй Андрэевіч) (н. 24.9.1944, в. Акцябр Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. матэматык. Канд. фіз.-матэм. н. (1974), праф. (1993). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1966). З 1967 у Брэсцкім інж.-буд. ін-це, з 1972 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па матэм. фізіцы. Аўтар падручнікаў і дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Высшая математика. [Ч. 1—2.] Мн., 1992—93 (разам з Р.​М.​Жаўняком).

т. 8, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЦЕ́ЛЬНАЯ ЎСТАНО́ЎКА,

сукупнасць устройстваў і механізмаў для атрымання вадзяной пары або гарачай вады за кошт цеплыні згарання паліва. Складаецца з котлаагрэгата і дапаможнага абсталявання (цягадуццёвыя прыстасаванні, газа- і паветраправоды, трубаправоды пары і вады з арматурай і інш.). У склад К.ў. малой магутнасці ўваходзяць сілкавальная помпа з арматурай і прыстасаванні водападрыхтоўкі.

К.ў. размяшчаюцца ў асобных будынках або памяшканнях — кацельнях (энергетычных на ЦЭС, вытворчых, вытворча-ацяпляльных і ацяпляльных).

т. 8, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)