КАЛМЫКО́Ў (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 22.1.1934, ст. Зміеўка Арлоўскай вобл., Расія),
бел. філосаф. Д-р філас. н. (1980), праф. (1981). Скончыў Харкаўскі ун-т (1957). Настаўнічаў, працаваў у Арлоўскім і Крыварожскім пед. ін-тах. З 1971 у Гомельскім ун-це (з 1976 заг. кафедры філасофіі). Даследуе праблемы фарміравання асобы, ладу жыцця, навук.-тэхн. прагрэсу і сац. прагназавання. Аўтар навуч. дапаможнікаў па філасофіі для ВНУ.
Тв.:
Интеллектуализация социалистического сельскохозяйственного труда: факторы, пути, перспективы. Мн., 1975;
Социалистический образ жизни: новые качества личности. Мн., 1979;
Актуальные проблемы развитого социализма. Мн., 1984.
т. 7, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦО́,
стылістычны кампазіцыйны прыём у паэзіі і прозе. У паэзіі — паўтор ў пачатку і ў канцы асобных вершаваных радкоў, строф або цэлага твора аднолькавых гукаспалучэнняў, слоў ці выразаў. Найб. пашыраныя віды паэт. К.: гукавое, лексічнае, страфічнае (эпістрафа), архітэктанічнае. У прозе — паўтарэнне ў канцы або ў сярэдзіне твора маст. элементаў, якія ўжываліся на яго пачатку, што спрыяе больш поўнаму выяўленню ідэі твора. У бел. л-ры трапляецца ў паэт. спадчыне Я.Купалы, М.Багдановіча, П.Панчанкі, апавяданнях М.Зарэцкага, К.Чорнага, М.Стральцова і інш.
В.П.Рагойша, Я.І.Клімуць.
т. 7, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАЕ́ДЗІЦА,
старадаўняе бел. свята язычніцкага паходжання, водгалас пакланення мядзведзю. Звязана з татэмізмам. Спраўлялі ў пач. вясны, калі заканчвалася спячка мядзведзя і ён вылазіў з бярлогі. На К. гатавалі камы (адсюль і назва), сушаны рэпнік, аўсяны кісель, якія лічыліся любімай ежай мядзведзя і былі абрадавымі стравамі святочнага абеду; пасля сяляне клаліся на палаці і пераварочваліся з боку на бок, імітуючы звычкі мядзведзя. У 19 ст. К. адзначалі ў сакавіку перад Дабравешчаннем; паступова страціла першапачатковы сэнс і стала традыц. забавай. У канцы 19 ст. знікла з побыту.
М.Ф.Піліпенка.
т. 7, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКІ (Уладзімір Георгіевіч) (12.7.1909, с. Нікольскае Маскоўскай вобл. — 10.7.1980),
бел. вучоны ў галіне буд-ва, дзярж. дзеяч Беларусі. Д-р тэхн. н. (1965). Скончыў БПІ (1935). У 1935—39 у Наркамаце мясц. прам-сці, з 1946 у Савеце Міністраў БССР. З 1970 у Ін-це цепла- і масаабмену АН БССР. Навук. працы па цеплаахоўных і цеплавільготнасных уласцівасцях сценавых канструкцый будынкаў, тэрмаапрацоўцы жалезабетону ў эл.-магн. полі.
Тв.:
Облегченные стеновые конструкции в жилищном строительстве. Мн., 1962;
Теплозащитные качества наружных стен крупнопанельных жилых и общественных зданий. М., 1965.
т. 7, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЛЮ́К (Лілія Васілеўна) (н. 2.2.1937, г. Орша Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне гідраэкалогіі. Д-р біял. н. (1992), праф. (1997). Скончыла БДУ (1959). У 1963—72 і з 1979 працуе ў ім. Навук. працы па метадах аптымізацыі экасістэм рыбаводных сажалак з мэтай павелічэння выхаду рыбапрадукцыі, вывучэнні структуры і функцыянавання зоапланктоннага згуртавання вадаёмаў пад уплывам антрапагеннага ўздзеяння.
Тв.:
Пособие по биологии для поступающих в вузы. Мн., 1993 (у сааўт.);
Биология в вопросах и ответах: Уч. пособие. Мн., 1997 (разам з М.А.Лемязой, М.Дз.Лісавым).
т. 7, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т ЖУРНАЛІ́СТЫКІ імя С.М.Кірава (КІЖ). Існаваў у 1932—40 у Мінску як навуч. ўстанова для падрыхтоўкі кадраў для раённых, абл. і рэсп. газет. Засн. на базе газетнага аддз. Камуністычнага універсітэта Беларусі. У 1935 прысвоена імя Кірава. Прымаліся асобы, якія мелі стаж работы не меншы як 3 гады і 2 гады кіруючай парт. і грамадскай работы. Тэрмін навучання 3 гады. Пры КІЖы працавалі 1-гадовая вячэрняя школа журналістаў камсамольска-маладзёжных газет і сектар завочнага навучання. Рэарганізаваны ў Бел. ін-т журналістыкі (існаваў да 1941).
Г.Л.Напрэеў.
т. 7, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАНЕ́НКА (Валерый Канстанцінавіч) (н. 23.1.1943, г. Петрапаўлаўск-Камчацкі, Расія),
бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1992), праф. (1997). Скончыў БДУ (1965). З 1965 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі паўправадніковых лазераў, фізіцы фотаэлектрычных паўправадніковых сістэм. Развіў тэорыю кінетыкі нераўнаважных працэсаў у оптаэлектронных паўправадніковых структурах пры магутным узбуджэнні, прапанаваў новы тып інжэкцыйных лазераў з асіметрычнай квантавапамернай структурай.
Тв.:
Nonlinear absorption in quantum-size heterostructures // Physica status solidi (b). 1988. Vol. 150, № 2;
Теория полупроводниковых лазеров. Мн., 1995 (разам з А.А.Афоненкам, І.С.Манаком).
т. 7, с. 569
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАНАПЕ́ЛЬКА»,
«Канапелькі», бел. нар. танец. Муз. памер 2/4. Тэмп умераны. Выконваўся на ігрышчах, парамі і сольна, з характэрнымі падскокамі і вярчэннямі, часта ў суправаджэнні прыпевак. Зафіксаваны М.Нікіфароўскім у канцы 19 ст. ў Віцебскай губ. У 1940-я г. І.Серыкаў у в. Асавец Крычаўскага р-на запісаў варыянт танца, у якім адлюстраваны працэс вырошчвання канапель: сяўба, вырыванне, рассціланне, вязанне снапоў, віццё вяровак і інш. Пад назвай «К.» вядомы таксама гульня і карагод.
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Очерки Витебской Белоруссии. М., 1897. [Т. 5], С. 40.
Л.К.Ллексютовіч.
т. 7, с. 570
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІ́ШЧАЎ (Віктар Сцяпанавіч) (н. 2.3.1936, с. Лукашкін Яр Аляксандраўскага р-на Томскай вобл., Расія),
бел. геолаг. Д-р геолага-мінералагічных навук (1986). Скончыў Казахскі ун-т (1959). З 1972 у Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэктоніцы і нафтаноснасці Прыпяцкага прагіну, тэктоніцы абласцей галакінезу стараж. платформ. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.
Тв.:
Соляная тектоника Припятского прогиба. Мн., 1975;
Тектоника областей галокинеза древних платформ. Мн., 1980;
Тектоника областей галокинеза Восточно-Европейской и Сибирской платформ. Мн., 1982;
Сравнительная тектоника областей галокинеза древних платформ. Мн., 1984.
т. 7, с. 586
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПРЫ́ЧЫО (італьян. capriccio літар. капрыз),
капрыс, інструментальная п’еса свабоднай будовы ў віртуозным стылі. Сярод гіст. разнавіднасцей К. — п’еса імітацыйнага складу, блізкая да рычэркара ці фантазіі; праграмная жанравая сцэнка; характарная рамант. мініяцюра для фп. або аркестравы твор з ярка выяўленай нац. афарбоўкай, падобны да рапсодыі. Узоры К. створаны І.С.Бахам, Н.Паганіні, П.Чайкоўскім, М.Рымскім-Корсакавым. У бел. музыцы К. прадстаўлены ў творчасці А.Багатырова, Р.Бутвілоўскага, Г.Вагнера, Г.Гарэлавай, А.Мдывані, С.Картэса («Капрычас» для фп. з арк. паводле графічнай серыі Ф.Гоі) і інш.
Р.М.Аладава.
т. 8, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)