ТАЙЛА́НД, Каралеўства Тайланд (на мове таі Пратэт-Таі),
дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на п-ве Індакітай і паўн.ч. п-ва Малака. Мяжуе на ПнЗ М’янмай, на ПнУ і У з Лаосам, на ПдУ з Камбоджай, на Пд з Малайзіяй; абмываецца Андаманскім м. і Сіямскім зал, Паўд.-Кіт. мора. Пл. 514 тыс.км². Нас. 61,2 млн.чал. (2000). Дзярж. мова — таі (тайская, сіямская); выкарыстоўваюцца англ. і кіт. мовы. Дзярж. рэлігія — будызм. Сталіца — г.Бангкок. Падзяляецца на 76 чангватаў (правінцый). Нац. свята — Дзень нараджэння караля (5 снеж.).
Дзяржаўны лад. Т. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1977. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Пры каралю маецца Тайны савет. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатная Нац. асамблея, якая складаецца з палаты прадстаўнікоў (500 дэпутатаў) і сената (200 дэпутатаў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога зацвярджае кароль па прадстаўленні Нац. асамблеі. Як правіла, урад фарміруецца на аснове шматпартыйнай кааліцыі, што мае большасць у парламенце.
Прырода. Больш за палавіну тэр. Т. займаюць нізінныя раўніны, у т. л.Менамская нізіна. У паўд., звужанай ч. Т. — раўніны з астраўнымі гарамі і кражамі. На У плато Карат. На Пн і З горы Кхунтхан, Танентаўнджы. і інш.Найб.выш. 2576 м (г. Інтханон). Карысныя выкапні: алавяныя, вальфрамавыя, свінцовыя, цынкавыя, магніевыя, жал. руды, нафта, прыродны газ, буры вугаль, калійныя солі, каштоўныя камяні. Клімат трапічны мусонны. Сярэднія т-ры на раўнінах 22—29 °C, на п-ве Малака 27—29 °C, у гарах на Пн зімой да 10—15 °C. Ападкаў ад 1000—2000 мм на раўнінах да 5000 мм у гарах за год; сухі сезон з ліст.да красавіка. Рачная сетка густая, рэкі паўнаводныя, бываюць паводкі. Гал. рэкі Менам-Чао-Прая і Меконг (на мяжы з Лаосам). Пад лесам каля 26% тэр. Пераважаюць лістападныя трапічныя лясы, у больш вільготных раёнах — вечназялёныя трапічныя лясы, на плато Карат — саванны, ксерафітныя рэдкалессі і хмызнякі. У складзе жывёльнага свету слон, насарог, тыгр, тапір, малпы (гібоны, макакі), дзікія быкі і інш., шмат паўзуноў. Нац. паркі Тхунгсалэнглуанг (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Кхаўяй і інш.; запаведнікі.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва складаюць тайскія народы — тайцы (75%) і лао (5%), жывуць таксама кітайцы (14%), малайцы, тын, мео, яо і інш. плямёны і народнасці. Сярод вернікаў пераважаюць будысты (95%), ёсць мусульмане (3,8%), хрысціяне (0,5%) і інш. Горныя народы (карэны, семангі і інш.) — анімісты. З сярэдзіны 1980-х г. у Т. жыве каля 380 тыс. бежанцаў з Камбоджы, М’янмы, В’етнама і Лаоса. Сярэднегадавы прырост 0,93%. Сярэдняя шчыльн. 119 чал. на 1 км. Насельніцтва сканцэнтравана ў дэльце р. Менам-Чао-Прая (пераважна ў Бангкоку), уздоўж рэк і па зах. узбярэжжы, дзе размешчаны волаваздабыўныя прадпрыемствы. У гарадах жыве 24% насельніцтва (1998). Найб. гарады (тыс.ж., 2000): Бангкок (7200), Тханбуры (261,3), Чыянгмай (170,4). У сельскай гаспадарцы занята 54% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 15%; у абслуговых галінах — 31%.
Гісторыя. Тэр. Т. заселена чалавекам з часоў палеаліту. Першыя дзярж. ўтварэнні ўзніклі ў 4—8 ст. у плямён мон-кхмераў. З канца 1-га тыс.н.э. пачалася міграцыя на тэр. Т. з Паўд. Кітая тайскіх плямён, якія да 11—12 ст. сталі Тут найбуйнейшым этнасам і стварылі некалькі княстваў, што былі ў васальнай залежнасці ад кхмераў. У 1238 тайскія княствы нанеслі паражэнне кхмерам і аб’ядналіся ў дзяржаву Сукатаі. У 14 ст. Сукатаі распалася і пачалося ўзвышэнне дзяржавы Сіям (Аютыя). У 15—17 ст. у выніку войнаў з суседзямі Сіям павялічыў сваю тэрыторыю і да канца 18 ст. стаў найбуйнейшай дзяржавай Індакітая, якая побач з уласна тайскімі землямі ўключала ч.тэр. Лаоса і Камбоджы. З 16 ст. Т. — аб’ект калан. экспансіі еўрапейцаў, асабліва французаў. У 1688 нар. рух прывёў да выгнання еўрапейцаў і «закрыцця» для іх краіны. У 1782 да ўлады прыйшла дынастыя Чакры, прадстаўнікі якой і сёння кіруюць Т. У 19 ст. Сіям стаў «буферам» паміж калан. ўладаннямі Вялікабрытаніі і Францыі, якія навязвалі яму нераўнапраўныя дагаворы. Але Сіям захаваў незалежнасць дзякуючы палітыцы караля Чулалангкорна [Рамы V, 1868—1910], які мадэрнізаваў краіну на еўрап. ўзор і выкарыстоўваў супярэчнасці паміж калан. дзяржавамі. У 1904—36 Сіям дамогся скасавання нераўнапраўных дагавораў.
У выніку дзярж. перавароту 24.6.1932 у краіне ўсталявалася канстытуцыйная манархія, у 1939 перайменавана ў Т. У снеж. 1941 на тэр. Т. ўвайшлі яп. войскі, і ён уступіў у 2-ю сусв. вайну на баку Японіі і Германіі. Уздым вызв. руху ў 1944 прывёў да змены ўрада Т. і пераходу яго на бок саюзных дзяржаў. У 1946 каралём Т. стаў Пуміпон Адумядэт (Рама IX), з імем якога звязаны пасляваен. пераўтварэнні. Да сярэдзіны 1970-х г. у знешняй палітыцы Т. арыентаваўся на ЗША; далучыўся даваен. блока СЕАТО, удзельнічаў у агрэсіі ЗША у Індакітаі, дазволіўшы ім размясціць ваен. базы на сваёй тэрыторыі. У 1976 Т. дамогся вываду амер.ваен. баз, у 1977 выйшаў з СЕАТО. Выкарыстоўваючы значны прыток інвестыцый з ЗША, улады Т. ў 1950—70-я г. ажыццяўлялі палітыку індустрыялізацыі пры моцным дзярж. кантролі. У 1980—90-я г. праведзены структурныя рэформы: лібералізацыя эканомікі, прыярытэтнае развіццё дробнай і сярэдняй прам-сці, інтэнсіфікацыя агр. вытв-сці, пераарыентацыя краіны на экспартную вытв-сць, што прывяло да паскарэння эканам. развіцця і ўваходжання Т. ў кола новых індустр. краін. Паліт. развіццё краіны да 1970-х г. характарызавалася частымі ваен. пераваротамі, рэальная ўлада была ў руках ваенных. З 1980-х г. у Т. дзейнічае грамадз. рэжым, адбываецца фарміраванне дэмакр. інстытутаў. Т. — член ААН (з 1946), АСЕАН (з 1967), Руху недалучэння (з 1993). У Т. дзейнічаюць паліт. партыі: Партыя новай надзеі, Дэмакр. партыя, Нац. партыя і інш.Дыпламат. адносіны паміж Т. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў ліп. 1992.
Гаспадарка. Т. — аграрная краіна з прам-сцю, якая інтэнсіўна развіваецца. Рост валавога ўнутр. прадукту (ВУП) у апошняе дзесяцігоддзе перавышае рост колькасці насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. (каля 6,1 тыс.дол. ЗША, 1998) адносна высокі для рэгіёна Паўд.-Усх. Азіі. Доля ў ВУП сельскай і лясной гаспадаркі разам з рыбалоўствам 11,3%, прам-сці 38%, сферы паслуг 50,7%. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца 21,5 млн.га, у т. л. пад ворнымі землямі 17,4 млн.га (каля 20% арашаецца). Пераважаюць невял. сялянскія гаспадаркі на арандаванай памешчыцкай зямлі. Гал.харч. і экспартная культура — рыс. У перадгорных раёнах і на цэнтр. раўніне сеюць кукурузу, сою, сорга. На экспарт вырошчваюць касаву, каўчуканосы, цукр. трыснёг, джут, тапіёку, кенаф, тытунь, бананы, ананасы, арахіс, каву, чай. Вял. плошчы пад пасевамі бавоўніку. Агародніцтва. Кветкаводства. Гал. раён трапічнага земляробства — п-аў Малака. Збор (млн.т, 1999): рысу 23,5, кукурузы 4,5; кавы 75 тыс.т, пальмавых ядраў 62 тыс.т, натуральнага каўчуку 2 млн.т. Нарыхтоўка дзелавой драўніны скарачаецца (24 тыс.м³). Гадуюць (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлу 5,7, буйвалаў 3,5, свіней 7,2, курэй 172. Вытв-сць мяса птушкі (538 тыс.т) і свініны вядзецца на прамысл. узроўні. Асн. крыніца бялку для тайландцаў — рыба. З 1960-х г. (пач. траўлернага лову рыбы — 0,4 млн.т) рэзка павялічыўся ўлоў рыбы і інш. морапрадуктаў (3,5 млн.т, 1999). Сярод галін прамысловасцінайб. развіты горназдабыўная і лёгкая. У Т. здабываюць 39 відаў карысных выкапняў, з якіх 17 экспартуецца. Здабыча і вытв-сць (тыс.т, 1998): волава 15 і алавянага канцэнтрату 2, руд цынкавай 195,1, свінцовай 15,3, магніевай 0,1, жал. 90,7, вальфрамавых 0,1. Т. — адзін з найб. у свеце пастаўшчыкоў волава. Здабыча алавянай руды на в-ве Пхукет і шэльфе Андаманскага м., свінцова-цынкавых — у цэнтры і на З краіны, прыроднага газу (621 млн.м³) на шэльфе Сіямскага зал., нафты (1,7 млн.т) на Пн Менамскай нізіны. бурага вугалю (17 млн.т) каля г. Лампанг. Вытв-сць электраэнергіі 85 млрд.кВт∙гадз (1999), на ЦЭС (91%), якія працуюць на прывазной нафце і ўласным бурым вугалі, і ГЭС (9%). У апрацоўчай прам-сці пераважаюць невял. прадпрыемствы лёгкай прам-сці, сканцэнтраваныя ў Бангкоку і яго прыгарадах, Чыянгмаі, Накхонратчасіме і інш.Вытв-сць баваўняных і шаўковых тканін, адзення, абутку, джутавых мяшкоў і інш. Хуткімі тэмпамі развіваецца эл.-тэхн. і маш.-буд.прам-сць. Пераважна на экспарт вядзецца зборка камп’ютэраў і частак да іх, інтэгральных схем, эл. трансфарматараў, легкавых (126 тыс.шт.) і грузавых (325 тыс.шт.) аўтамабіляў, матацыклаў; суднарамонт. Развіта хім., нафтахім. і фармацэўтычная прам-сць. Вытв-сць натуральнага каўчуку, сінт. валакна (97,4 тыс.т), нафтапрадуктаў у Бангкоку, Накхонсітхамараце, Сірачы і інш.Харч. і харчасмакавая (рысаачышчальная, цукр., алейная, кансервавая, рыбная, піваварная, тытунёвая), лясная, дрэваапр. і папяровая прам-сць. Вытв-сць цукру — 3,9 млн.т, какосавага алею — 320 тыс.т, піва — каля 400 млн.л, паперы — 2,7 млн.т. Выраб цэменту (22,7 млн.т), керамікі, шкла. Бангкок — адзін з найб. у свеце цэнтраў па апрацоўцы самацветаў (сапфіры, ізумруды, гранаты і інш.). Маст. рамёствы (разьба па серабры і дрэве). Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. чыгунак 3940 км, аўтадарог 64,6 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 63 тыс.км. У краіне 1,6 млн. легкавых аўтамабіляў, 4,2 млн. грузавых і аўтобусаў. У знешніх сувязях вял. роля марскога транспарту. Гал. парты: Бангкок, Сатахіп, Сірача, Пхукет. У краіне 25 аэрапортаў. У 1999 экспарт склаў 58,5 млрд.дол., імпарт — 45 млрд. долараў. Т. экспартуе камп’ютэры і камплектуючыя часткі, тэкстыль, руды волава і інш. металаў, каштоўныя камяні, каўчук, рыс, кансерваваныя морапрадукты; імпартуе машыны і абсталяванне, паліва, спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: ЗША (22% экспарту, 14% імпарту), Японія (14% і 24%), Сінгапур (9% і 5%), Малайзія (3% і 5%), Германія, Кітай, Нідэрланды і інш. Т. — краіна развітога міжнар. турызму (штогадовы даход 7 млрд.дол.). Грашовая адзінка — бат.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў. Вярх. Галоўнакамандуючы — прэзідэнт.
Камплектаванне па прызыве. Тэрмін службы 2 гады. У рэгулярных узбр. сілах 306 тыс.чал., у ваенізаваных фарміраваннях 104 тыс.чал., у т. л. сілы самаабароны — 50 тыс.чал., патрульная пагран. паліцыя — 40 тыс.чал., марская паліцыя — 2,5 тыс.чал. (2002). У сухап. войсках 190 тыс.чал., каля 800 танкаў, больш за 800 бронетранспарцёраў, 560 буксіравальных гармат, больш за 330 гармат зенітнай артылерыі, а таксама 77 самалётаў, 184 верталёты і інш. У ВПС 48 тыс.чал., больш за 150 самалётаў. У ВМС каля 70 тыс.чал., у т. л. 18 тыс. у марской пяхоце, 1,7 тыс. ў марской авіяцыі, 20 баявых караблёў, у т. л. 1 лёгкі авіяносец, 11 фрэгатаў, 8 карветаў і інш.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Т. выяўлены помнікі маст. культуры неаліту і бронз. веку (кераміка з пахаванняў, наскальныя размалёўкі). У 1—6 ст.н.э. развівалася монскае і кхмерскае мастацтва (храмы ў Лампхуне і Чыянгмаі, статуі Буды), якое стала асновай тайскай маст. культуры. З 13 ст. пад уплывамі будызму пачалося фарміраванне нац. мастацтва Т. У перыяд дзяржавы Сукатаі (з 13 ст.) склаўся тып тайскага храмавага комплексу (ват), які спалучаў свяцілішча пранг (пра-пранг) з вежападобнай закругленай вяршыняй і ступай тыпу чэдзі (пра-чэдзі) са звонападобным пакрыццём і шпілем з храмамі-веханамі (ваты Чанг Лом у Саванкхалоку, 13 ст.; Махатат у Сукатаі, 1345). Скульптура прадстаўлена шматлікімі статуямі Буды (манум. сядзячыя каменныя фігуры; бронз. выявы Буды, які ідзе, адметныя асаблівай вытанчанасцю ліній). Паставы статуй (саны) і становішчы іх рук (мудры) строга кананічныя і абазначаюць пэўныя эпізоды з жыцця Буды Гаўтамы; твары з мясц. этнічнымі рысамі. Фрагменты жывапісу сведчаць пра сувязі з М’янмай. У перыяд росквіту Сіямскай дзяржавы (14—19 ст.) традыцыі Сукатаі набылі развіццё. З 14 ст. складваліся асн. прынцыпы горадабудаўніцтва Т. Гарады (Аютхая, Бангкок) мелі прамавугольную планіроўку, абносілі цаглянымі сценамі з лістападобнымі зубцамі. У іх цэнтры размяшчалі грандыёзныя палацы ці складаныя па формах вял. храмавыя комплексы, багата аздобленыя разьбой, шматколернай мазаікай і размалёўкамі. У храмах ставілі шматлікія статуі Буды, будынкі апяразвалі дынамічныя фрызы з выявамі малпаў, дэманаў, птушак, птушкалюдзей (кінар). Характэрныя шмат’ярусныя і шматсхільныя дахі, аркі і скляпенні якіх рабілі з дрэва. Маляўнічасць пабудовам надавалі лакавая афарбоўка з пазалотай, чырвоная і зялёная паліваная дахоўка (летні палац сіямскага караля ў г. Сукатаі, 1630). У Бангкоку захавалася. некалькі дзесяткаў ватаў з групамі храмаў-ботаў, веханаў, чэдзі, прангаў і інш. пабудоў, абкружаных галерэямі са статуй Буды (ват Сутат, пач. 19 ст.; Бенчамабапіт, «Мармуровы храм», 1900). З 14 ст. вядомы насценны жывапіс тэмперай — размалёўкі на тэмы жыцця Буды ў храмах Аютхаі (15 ст.), сцэны з «Тасачаты» і «Рамаяны» ў храмах Бангкока (18—19 ст.). З канца 19 ст. ў свецкай гар. архітэктуры з’явіліся рысы еўрап. эклектызму (атэлі, фірмы, банкі, шматпавярховыя жылыя дамы). Нар. жыллё захавала традыц. формы: прамавугольныя ў плане дамы на каркаснай аснове, 4-схільныя дахі, драўляныя будынкі на высокіх падмурках; каля рэк і каналаў — жытлы на палях. Пашырыўся жывапіс тэмперай на драўляных дошках, акварэльная мініяцюра ў рукапісных кнігах. У дэкар. мастацтве высокага ўзроўню дасягнуў лакавы жывапіс, якім аздаблялі калоны, панэлі сцен, ліштвы аконных і дзвярных праёмаў, драўляныя статуі, кніжныя пераплёты і інш. Са скуры буйвалаў рабілі плоскія сілуэтна-праразныя фігуры для тэатра ценяў «нанг». Развіваліся разьба па дрэве. чаканка па серабры. Усе элементы аздобы (фігуры, птушкі і інш.) упляталіся ў вытанчаны тайскі арнамент. З 2-й пал. 20 ст. вядзецца буд-ва на зах.-еўрап. і амер. ўзор. У выяўл. мастацтве вядуцца мадэрнісцкія пошукі сучаснай маст. формы. Традыцыі еўрап. рэалізму звязаны з нац. тайскай тэматыкай (Фуа Харабітак. Таві Нандакван, скульпт. Х’ен Йімсары, графік Маніта Пу Ары). У дэкар.-прыкладным мастацтве асн. месца займаюць лакавы жывапіс, вырабы са скуры буйвала, разьба па дрэве, чаканка. ткацтва, цісненне. Гіст. гарады Аютхая і Сукатаі ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Музыка Т. з’яўляецца састаўной часткай муз. традыцыі народаў Паўд.-Усх. Азіі. Для яе характэрна адсутнасць паўтонаў, муз. творы звычайна маюць просты рытм (з невял. варыяцыямі), выконваюцца пераважна ў хуткім тэмпе, з імправізацыяй асн. мелодыі. Характэрны ўплывы інд. (з пач.н.э.), кіт. (з 17 ст.), еўрап. (з 16 ст.) муз. традыцый. У інструментарыі струнныя ку сау сам сам (са шкарлупін какосавага арэха з грыфам са слановай косці і 3 шаўковымі струнамі), цьакау (падобны на вял. гітару). З канца 19 ст. выкарыстоўваюцца еўрап.муз. інструменты. Пераважае вак. музыка, непарыўная з паэт. творчасцю, звязаная са спецыфікай інстр. суправаджэння. Да архаічных узораў адносяцца песні-загадкі (выконваюцца антыфонна). Сярод інш. песень: песні магічных рытуалаў (лакхон джатры), цырыманіяльныя (13—18 ст.), эпічныя (фонг сы і сепха), песні-спаборніцтвы (кіоу кау, выконваюцца антыфонна). Музыка — важная частка тэатралізаваных прадстаўленняў (13—18 ст.), у межах якіх сфарміраваліся вак., інстр. і танц. стылі. Класічныя жанры вак. творчасці абапіраліся на літ. традыцыю, выкарыстоўваліся ў культавай практыцы, прыдворным муз. мастацтве, у 17—19 ст. сярод гар. знаці. На мяжы 19—20 ст. сфарміраваўся гар. тэатр папулярнага тыпу (пазней т. зв. ліке), які ў 1920—30-я г. выцесніў інш. віды тэатр. прадстаўленняў. З канца 1940-х г. пачаўся ўздым муз. творчасці пад уздзеяннем зах.-еўрап. мастацтва. На развіццё муз. мастацтва 20 ст. паўплывалі кампазітары Пхра Чэн Дур’янг, Мантры Трамот, выканаўцы Тыява Канглайтонг, Чэмчой Дур’ябханда, музыказнаўцы Кром Сінлапакон, Пхра Чэн Дур’янг, Мантры Трамот, Пхрая Ануманрачанхон. У Т. дзейнічаюць Нац.т-р Сінпакорн. Пры дэпартаменце прыгожых мастацтваў ансамблі тыпу піпхат, жаночы хор, аркестр сімф. тыпу. Нац.танц. ансамбль і інш. З 1976 праводзіцца міжнар. фестываль музыкі і танца Азіі (Бангкок).
Літ.:
Ребрикова Н.В. Очерки новейшей истории Таиланда (1918—1959). М., 1960: Яе ж. Очерки новой истории Таиланда (1768—1917). М., 1966;
Берзин Э.О. История Таиланда: (Краткий очерк). М., 1973;
Кочетков Л.В. Таиланд. М., 1973.
Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва. гаспадарка). Я.Г.Колб (гісторыя). Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Тайланда.Даарт.Тайланд. Панарама Бангкока.Даарт.Тайланд. Рысавыя палі.Тайланд. Статуя Буды з Сукатаі.Тайланд. Летні каралеўскі палац у Сукатаі.Тайланд. Будыйскія ступы ў Аютхаі.Тайланд. Храм ват Сры Савай у Сукатаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЛІНГРА́ДСКАЯ БІ́ТВА 1942—43,
адна з найбуйнейшых бітваў 2-й сусв. і Вял.Айч. войнаў. Складалася з абарончай (17.7—18.11.1942) і наступальнай (19.11.1942—2.2.1943) аперацый сав. войск. Паражэнні пад Харкавам і ў Данбасе прывялі да часовай страты сав. войскамі стратэг. ініцыятывы, стварылі пагрозу захопу ворагам Сталінграда і Паўн. Каўказа. Для наступлення на Сталінград ням. камандаванне вылучыла 6-ю палявую і 4-ю танк. арміі. З мэтай арганізацыі больш эфектыўнай стратэг. абароны Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання 12 ліп. стварыла Сталінградскі фронт (камандуючы Маршал Сав. Саюза С.К.Цімашэнка, з 23 ліп.ген.-лейт. В.М.Гордаў, з 13 жн. ген.палк. А.І.Яроменка). Абарончая аперацыя пачалася сутыкненнем 17 ліп. ў раёне р. Чыр часцей 62-й сав. арміі (камандуючы ген.-м. У.Я.Калпакчы) і 6-й ням. арміі (камандуючы ген.-палк., са студз. 1943 ген.-фельдмаршал Ф.Паўлюс). Маючы перавагу ў сілах і сродках, праціўнік 23 ліп. прарваў абарону сав. войск, акружыў 3 дывізіі і інш. часці і выйшаў дар. Дон. Каб спыніць наступленне ворага, Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання прыняла шэраг захадаў (28.7.1942 І.В.Сталін падпісаў загад № 227, які ўвайшоў у гісторыю пад назвай «ні кроку назад»). 7 жн. Сталінградскі фронт. працягласць якога дасягала 800 км, падзелены на 2 часткі: Сталінградскі фронт, які з 28 вер. называўся Данскім фронтам, і Паўд.-Усх. фронт (з 28 вер. атрымаў ранейшую назву Сталінградскі фронт), асн. задачай якога стала абарона Сталінграда. Прадстаўнікамі Стаўкі на франтах Сталінградскага напрамку прызначаны (23 ліп. А.М.Васілеўскі, 26 жн. Г.К.Жукаў). Ням. камандаванне таксама ўзмацніла групоўку, што наступала на Сталінград: 31 ліп. з Каўказскага напрамку сюды павернута 4-я танк. армія. 19 жн.герм. войскі адначасовымі ўдарамі з 3 і Пд пачалі новае наступленне. У выніку сав. фронт быў прарваны, да 23 жн.ням.танк. злучэнні дасягнулі р. Волга і пачалі штурм горада. Сталінград абаранялі войскі 62-й (ген.-лейт. В.І.Чуйкоў), часткова 64-й (ген.-лейт. М.С.Шумілаў) армій. У вер. напружаныя баі ішлі на вуліцах горада, з 4 кастр. — у цэхах заводаў.
У кастр. — ліст. 1942 Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання і Ген. штаб разам з камандаваннем франтоў распрацавалі план аперацыі па акружэнні і знішчэнні групоўкі ворага ў раёне Сталінграда (кодавая назва «Уран»). 19 ліст. пасля артыл. падрыхтоўкі войскі Паўд.-Зах. (ген.-лейт., з 7 снеж.ген.-палк. М.Ф.Ватуцін) і правага крыла Данскога (ген.-лейт., з 15 студз. 1943 ген.-палк. К.К.Ракасоўскі) франтоў прарвалі абарону праціўніка на ПнЗ ад Сталінграда. 20 ліст. з раёна на Пд ад горада насустрач войскам Паўд.-Зах. фронту нанеслі ўдар войскі Сталінградскага (ген.-палк. А.І.Яроменка) і 23 ліст. замкнулі кальцо акружэння (у «кацёл» трапілі 6-я і 4-я ням. арміі, значная колькасць спец. і дапаможных часцей і падраздзяленняў — усяго каля 330 тыс.чал.). 16 снеж.сав. войскі разгарнулі наступленне на Сярэднім Доне. Да канца месяца Паўд.-Зах. і левае крыло Варонежскага (ген.-лейт. П.А.Голікаў) франтоў разграмілі асн. сілы 8-й італьян. арміі, ням. аператыўнай групы «Холіт», рэшткі 3-й рум. арміі і стварылі ўмовы для поўнай ліквідацыі акружанай пад Сталінградам групоўкі ням. войск. Спроба забеспячэння акружаных войск з дапамогай авіяцыі была сарвана (знішчана больш за 700 самалётаў ворага). Калі праціўнік адхіліў прапановы аб капітуляцыі, войскі Данскога фронту 10.1.1943 перайшлі ў наступленне (кодавая назва «Кальцо»). У выніку злучэння войск 21-й і 62-й сав. армій каля Мамаева кургана 26 студз. варожая групоўка была рассечана на 2 часткі. 31 студз. спыніла супраціўленне паўд. група ням. войск (ген.-фельдмаршал Ф.Паўлюс), 2 лют. капітулявала паўн. група (ген. Штрэкер). У выніку С.б. разгромлена больш за 100 дывізій праціўніка, яго войскі страцілі каля 1,5 млн.чал., 3,5 тыс. танкаў (з улікам войск і тэхнікі саюзнікаў фаш. Германіі). Страты сав. войск. па некат. звестках дасягнулі 1,1 млн.чал. Сярод удзельнікаў С.б. былі тысячы беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, у т. л.нам.каманд. Сталінградскім фронтам К.А.Каваленка, камандуючыя: 17-й паветр. арміяй С.А.Красоўскі, 5-й танк. арміяй А.І.Лізюкоў (загінуў 25.7.1942), 62-й арміяй А.І.Лапацін, нач. штаба 21-й арміі В.А.Пянькоўскі, а таксама камандаванне Волжскай ваен. флатыліі (П.А.Трайнін, П.Ц.Бандарэнка, А.І.Цыбульскі). Многія беларусы здзейснілі подзвіг: камісар палка М.П.Сыдзько, камандзір гарматы кананерскай лодкі А.А.Кандраценка, лётчык І.Я.Сяржантаў, А.Я.Вашчанка, А.К.Стампкоўская і інш. У час. С.б. бел. партызаны і падпольшчыкі ўзмацнілі ўдары па варожых тылах: зрывалі перакідку да месца баёў рэзерваў, знішчалі эшалоны з жывой сілай і тэхнікай (у 2-й пал. 1942 бел. партызаны штомесяц узрывалі 150—160 эшалонаў). У сувязі з катастрафічным паражэннем пад Сталінградам у Германіі была аб’яўлена 3-дзённая жалоба. Перамога у С.б. стала пачаткам карэннага пералому ў ходзе Вял.Айч. вайны і ўсёй 2-й сусв. вайны: створаны ўмовы для разгортвання агульнага зімовага наступлення 1942—43 ад Ленінграда даПаўн. Каўказа і выгнання акупантаў з тэр.СССР. Праціўнік страціў стратэг. ініцыятыву і не вярнуў яе да канца вайны. Паражэнне пад Сталінградам абвастрыла ўнутрыпаліт. становішча Германіі і яе сатэлітаў, у той жа час садзейнічала кансалідацыі антыгітлераўскай кааліцыі. У снеж. 1942 Прэзідыум Вярх. Савета СССР зацвердзіў медаль «За абарону Сталінграда», які атрымалі больш за 700 тыс. удзельнікаў бітвы, 112 воінаў сталі Героямі Сав. Саюза. Подзвіг герояў-сталінградцаў увекавечаны ў помніку-ансамблі героям С.б. на Мамаевым кургане. У загадзе Вярх. Галоўнакамандуючага ад 1.5.1945 г. Сталінград у ліку першых названы горадам-героем (палажэнне аб званні горад-герой зацверджана 8.5.1965).
Літ.:
История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 5—6. М., 1975—76;
Самсонов А.М. Вторая мировая война, 1939—1945: Очерк важнейших событий. 4 изд. М., 1990;
Василевский А.М. Победа в битве на Волге // Василевский А.М. Дело всей жизни. Мн., 1988;
Жуков Г.К.Стратегическое поражение противника в районе Сталинграда // Жуков Г.К. Воспоминания и размышления. 3 изд. М., 1978. Т. 2;
Яковлев Н.Н. 19 ноября 1942. 2 изд. М., 1979;
Видер И. Катастрофа на Волге: Пер. с нем. М., 1965;
Мировая война: Взгляд побежденных, 1939—1945 гг. М.; СПб., 2002;
Адам В. Катастрофа на Волге: Мемуары адъютанта Ф.Паулюса: Пер. с нем Смоленск, 2001;
Литвин Г. Русская Хиросима: Сталинград. Август 1942 г. // Авиация и космонавтика 1998. № 8.
Даарт.Сталінградская бітва 1942—43. На абарону Сталінграда. Мастак А.Буднікаў.Даарт.Сталінградская бітва 1942—43. Баі на вуліцах Сталінграда. Восень 1942.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУЛЬПТУ́РА (лац. sculptura ад sculpo выразаю, высякаю),
від выяўленчага мастацтва, творы якога маюць фізічна-матэрыяльны, прадметны аб’ём і трохвымерную форму, размешчаную ў рэальнай прасторы. Вырабляецца з дрэва, каменю, гіпсу, косці, гліны, металу, пластмасы і інш. матэрыялаў. Найб. пашыраны аб’ект выявы — чалавек, радзей жывёлы (анімалістычны жанр), прырода (пейзаж), нацюрморт. У 20 ст. ўзнікла і распаўсюдзілася абстрактная С., для стварэння якой часта выкарыстоўваюць нетрадыц. матэрыялы (дрот, надзіманыя фігуры і інш.; гл. таксама Кінетычнае мастацтва). Гал. выразныя сродкі С. — пастаноўка фігуры ў прасторы, перадача яе руху, позы, жэста, святлоценявая мадэліроўка, якая ўзмацняе рэльефнасць формы, фактура лепкі або апрацоўка матэрыялу, архітэктанічная арганізацыя аб’ёму, зрокавы эфект яго масы, вагавых суадносін, выбар прапорцый. Аб’ёмная С. будуецца ў рэальнай прасторы па законах гармоніі, рытму, раўнавагі, узаемадзеяння з навакольным арх. ці прыродным асяроддзем і на аснове анатамічных або структурных асаблівасцей мадэлі. Асн. разнавіднасці С.: круглая С., што свабодна размяшчаецца ў прасторы (статуя, група, торс, бюст, статуэтка і інш.) і рэльефная, у якой аб’ёмныя выявы размяшчаюцца на плоскасці (барэльеф, гарэльеф, контррэльеф, паглыблены рэльеф). У залежнасці ад прызначэння С. падзяляецца на станковую (гл.Станковае мастацтва), манументальную скульптуру, манументальна-дэкаратыўную скульптуру, скульптуру малых форм, надмагільную пластыку (гл.Надмагілле), медальернае мастацтва, гліптыку і інш. Тэхналогія яе стварэння ўключае лепку, разьбу, апрацоўку цвёрдых матэрыялаў, фармоўку, адліўку, чаканку, зварку і інш.
Раннія формы і віды С. існавалі ў многіх народаў свету з часоў першабытнага мастацтва. У неаліце С. (круглая, звычайна выявы невял. памераў) рэзалі з мяккіх парод каменю, косці, дрэва; схематычныя рэльефы выконвалі на каменных пласцінах і сценах пячор. Часта скульптурнымі выявамі ўпрыгожвалі прадметы побыту, прылады працы і палявання; іх выкарыстоўвалі і ў якасці амулетаў. У рабаўладальніцкі перыяд С. выкрышталізавалася ў асобны від дзейнасці са спецыфічнымі задачамі (гл. ў арт.Егіпет Старажытны, Шумер, Акад, Вавілонія, Асірыя, Скіфы). Развітыя віды С. (гіганцкія выявы людзей і жывёл, рэльеф, партрэт) вядомы ў народаў Стараж. Усходу і Амерыкі. Адзін з найвыш. этапаў гісторыі С. — антычнае мастацтва (Лісіп, Міран, Фідый, Паліклет, Праксіцель, Скопас) з характэрнымі для яго ідэалам гарманічна развітога чалавека-грамадзяніна, з дасканалым уключэннем С. ў арх. ансамблі. Культавая С. сярэдневякоўя ў Еўропе і Азіі аб’ядноўвалася з архітэктурай у складаныя прасторавыя комплексы. У 2-й пал. 13 — пач. 14 ст. пачалі складвацца рысы Адраджэння (Н.Пізана і інш.). Увасабленне ідэалаў гуманізму Адраджэння ўласціва творчасці Данатэла, Якопа дэла Кверча, А.Верок’ё, Мікеланджэла (Італія), К.Слютэра (Бургундыя), Ж.Гужона, Ж.Пілона (Францыя), М.Пахера (Аўстрыя), А.Крафта, Ф.Штоса, Т.Рыменшнайдэра (Германія). Цікавасць да вырашэння дэкар. задач вылучае С. маньерызму (Б.Чэліні, Італія, і інш.). С. барока вызначаецца дынамічнымі формамі, імкненнем да ўрачыстасці і пышнасці: Л.Берніні (Італія), А.Шлютэр (Германія), П.Пюжэ (Францыя).
Рысы барока і класіцызму развівалі Ф.Жырардон, А.Куазевокс (Францыя) і інш. У перыяд класіцызму побач з гіст., міфалагічнай і алегарычнымі тэмамі (А.Канова ў Італіі, Б.Торвальдсен у Даніі) вял. значэнне набыў партрэт (Ж.Б.Пігаль, Э.М.Фальканэ, Ж.А.Гудон у Францыі). Пошукі новых выразных сродкаў, эмац. напружанасць уласцівы С. эпохі рамантызму (П.Ж.Давід д’Анжэ, А.Л.Бары, Ф.Руд у Францыі). У С. Расіі ў 18 ст. адбыўся пераход ад сярэдневяковых рэліг. форм да свецкага мастацтва (Б.К.Растрэлі і інш.). Пазней рас. С. развівалася ў рэчышчы агульнаеўрап. стыляў. Сярод прадстаўнікоў рус.акад. школы С. Ф.Шубін, М.Казлоўскі, Ф.Шчадрын, І.Мартас, В.Дэмут-Маліноўскі, С.Піменаў і інш. У 2-й пал. 19 ст. ў рас. і зах.-еўрап. С. класіцызму пераходзіць у салоннае мастацтва, якому проціпастаўляецца рэаліст. кірунак (гл. Рэалізм, Ж.Далу ў Францыі, К.Менье ў Бельгіі і інш.). У канцы 19—пач. 20 ст. ў перыяд стылю мадэрн С. ствараецца як адзінае цэлае з інтэр’ерам, фасадам; складваюцца імпрэсіянізм (А.Радэн, Францыя), сімвалізм. Сярод найбуйнейшых скульптараў пач. 20 ст. А.Бурдэль, А.Маёль, Ш.Дэсп’ё (Францыя), Э.Барлах (Германія), І.Мештравіч (Харватыя), К.Брынкушы (Румынія). Розныя кірункі рас. С. ўвасоблены ў творах П.Трубяцкога, С.Канёнкава, А.Мацвеева, М.Андрэева і інш. Пластычная выразнасць форм набывае асн. значэнне ў С. М.Роса (Італія), А.Джакамеці (Швейцарыя), Г.Кольбе (Германія). Мадэрнісцкі эксперыменталізм 20 ст. прывёў да выкарыстання ў С. нетрадыц матэрыялаў. У рэчышчы мадэрнізму працавалі Г.Арп, А.Архіпенка, Н.Габа, А.Колдэр, А.Пеўзнер, П.Пікасо. Сярод найбуйнейшых скульптараў 20 ст. Г.Мур (Вялікабрытанія), І.Ногучы (ЗША), К.Дунікоўскі (Польшча), Ф.Крэмер, О.Шлемер (Германія), Дж.Манцу (Італія), В.В.Аалтанен (Фінляндыя), С.Лебедзева, В.Мухіна, І.Шадр, Л.Шэрвуд, Я.Вучэціч, М.Анікушкін, А.Кібальнікаў, Э.Неізвесны, О.Цадкін (Расія), Ю.Мікенас, Г.Якубоніс (Літва).
На тэр. Беларусі найб. раннія помнікі С. адносяцца да эпохі неаліту (гл.Асавецкія творы першабытнага мастацтва, Багушэвіцкая статуэтка, Шклоўскі ідал). У помніках С. часоў Кіеўскай Русі адметны ўплыў візант. мастацтва: каменныя разныя абразкі «Канстанцін і Алена» з Полацка, «Хрыстос Эмануіл» з Пінска (абодва 12 ст.), «Мікола і Стафан» і двухбаковы абраз «Пётр. Маці Божая» з Мінска (13 ст.), касцяны двухрадны абраз з Турава (15—16 ст.), абразок «Маці Божая Жыровіцкая» з яшмы (1470) і інш. У канцы 14—15 ст. у С. ўзмацніўся ўплыў зах.-еўрап. мастацтва. Цесная ўзаемасувязь з архітэктурай і яе маст. стылямі характэрна для культавай каменнай і драўлянай С. (гл.Скульптура драўляная). Традыцыі Адраджэння паўплывалі на мемарыяльную пластыку 16—17 ст.: надмагіллі М.К.Радзівіла ў Нясвіжскім касцёле езуітаў (17 ст.), сям’і П.Сапегі (пасля 1599 — пасля 1635). Своеасаблівасцю, высокім маст. узроўнем вызначаецца С. бел. барока: «Св. Себасцьян», «Св. Рох» з Навагрудка (пач. 17 ст.), С. алтароў Гродзенскага касцёла езуітаў (1736), Пінскага касцёла францысканцаў (18 ст.). У 2-й пал. 17 ст. шмат бел. майстроў працавала ў Рус. дзяржаве, дзе яны аздаблялі палацы і храмы (гл. Беларуская рэзь); вядомы паліхромныя маёлікавыя рэльефныя выявы апосталаў, выкананыя С.Палубесам. У 17—18 ст. узнікла свецкая С. (бюсты магнатаў, гіст. дзеячаў). З 2-й пал. 18 ст. С. набыла рысы ракако. Вобразы, створаныя ў гэты перыяд, захоўваюць манументальнасць, глыбіню і ўнутр. значнасць. Побач з дрэвам пашыраны С. са стука: канфесіянал і алтар са С. у касцёле бернардзінак у Слоніме (1751—64, лепшчык Я.Хедэль) і інш. У С. канца 18 ст. прыкметны ўплыў класіцызму; яны вылучаюцца ўрачыстасцю поз, спакойным рытмам аб’ёмаў: «Маці Божая» з в. Ганута Вілейскага р-на, стукавы дэкор у Свяцкім палацы (Гродзенскі р-н; мастакі Т.Манькоўскі, А.Смуглевіч), Верхнім замку ў Гродне, касцёле Ганны ў в. Мосар Глыбоцкага р-на і інш. Рысы позняга класіцызму ўласцівы творам К.Ельскага, А.Скірмунт, А.Ромера. У творчасці мастакоў канца 19 — пач. 20 ст. прыкметны рысы мадэрнізму: Я.Тышынскі, Я.Багушэўскі, К.Змігродскі, А.Краснапольскі, В.Бубноўскі. Рэалістычнасцю вызначаюцца партрэты сучаснікаў, выкананыя В.Смакоўскім, Р.Слізнем, керамічныя работы анімалістычнага жанру М.Міхалапа, творы К.Каганца, Я.Драздовіча. У 19 ст. пашыраны таксама палацава-паркавая, прыдарожная культавая і мемарыяльная С. (надмагіллі К.Радзівіл у Нясвіжскім касцёле езуітаў, 1825; А.Тызенгаўза ў Гродзенскім касцёле езуітаў, скульптар Т.Дыкас, 1887, і інш.). Пасля 1917 скульптары стваралі помнікі дзеячам рэв. руху. У 1920-х г. развіваўся пераважна станковы партрэт (творы А.Бразера, А.Грубэ). Пэўную ролю ў падрыхтоўцы кадраў адыграла скульптурнае аддзяленне Віцебскага маст. тэхнікума, выпускнікі якога ў пач. 1930-х г. удзельнічалі ў афармленні інтэр’ераў Дома ўрада Рэспублікі Беларусь. У 1953 адкрыўся маст.ф-т у Бел.тэатр.-маст. ін-це (цяпер Бел.АМ). У станковай С. ствараліся партрэты дзярж. дзеячаў, дзеячаў мастацтва і культуры, у 1940—50-я г. — Герояў Сав. Саюза (З.Азгур, А.Бембель, Грубэ). У манум. С. вылучаюцца шматфігурныя рэльефы для Манумента Перамогі ў Мінску (Азгур, Бембель, А.Глебаў, С.Селіханаў). У 1960—70-я г. ставіліся помнікі партызанам, падпольшчыкам і воінам Сав. Арміі: патрыётам Асінторфа (Г.Мурамцаў), воінам і партызанам у калгасе «Бальшавік» Чэрвеньскага р-на (А.Анікейчык, Б.Івонцьеў); рэльефы на Кургане Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, у комплексах Брэсцкая крэпасць-герой (Бембель, А.Кібальнікаў), Хатынь (Селіханаў), Манумент у гонар маці-патрыёткі ў г. Жодзіна (А.Заспіцкі, І.Міско, М.Рыжанкоў). У 1970—2000 ствараліся помнікі і мемарыяльныя дошкі, мемарыяльныя знакі, партрэты вядучым дзеячам бел. культуры, навукі і мастацтва (Азгур, Анікейчык, Э.Астаф’еў, С.Вакар, С.Гарбунова, Глебаў, І.Голубеў, Л.Гумілеўскі, М.Інькоў, Міско, М.Якавенка, В.Янушкевіч і інш.). Развіваецца садова-паркавая скульптура (С.Гумілеўскі, Л.Давідзенка, У.Жбанаў, М.Канцавой, У.Слабодчыкаў). Пошукамі сучасных форм выяўлення, канцэптуальным падыходам да вырашэння ідэі, метафарычнасцю маст. мовы вылучаюцца творы І.Засімовіча, Т.Сакаловай, К.Селіханава, Слабодчыкава, А.Фінскага; выразнасцю і пластычнай завершанасцю — творы А.Арцімовіча, М.Байрачнага, А.Бачкарова, Г.Буралкіна, А.Дранца, Канцавога, П.Лука, В.Мурашова, А.Шатэрніка і інш. С. часта з’яўляецца састаўной часткай інсталяцый, маст. праектаў (С.Войчанка, У.Цэслер і інш.).
Літ.:
Кацар М.С. Скульптура Савецкай Беларусі. Мн., 1957;
Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БА-ВЕ́РДЭ (Cabo Verde), Рэспубліка Каба-Вердэ (Repúblika de Cabo Verde),
дзяржава на а-вах Зялёнага Мыса ў Атлантычным ак., за 500 км на З ад берагоў Зах. Афрыкі. Падзяляецца на 14 акруг. Пл. 4033 км²Нас. 394,8 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Прая на в-ве Сант’ягу. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (5 ліп.).
Дзяржаўны лад. К.-В. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. асамблея з ліку яе дэпутатаў на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея (аднапалатны парламент) з 79 дэпутатаў, што выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае Нац. асамблея з яе складу па прапанове прэзідэнта.
Прырода. А-вы Зялёнага Мыса складаюцца з 2 груп — Наветраных (Барлавенту) і Падветраных (Сатавенту) і ўключаюць 15 астравоў. Найб. з іх (пл. ў км²): Сант’ягу — 991, Санту-Антан — 779, Баавішта — 620, Фогу — 476, Сан-Нікалау — 388, Маю — 269, Сан-Вісенты — 227, Сал — 216. Астравы складзены з вулканічных парод. Берагі пераважна стромкія і скалістыя, зручных гаваней мала (найб. значная — бухта Міндэлу на в-ве Сан-Вісенты). Рэльеф гарысты, са шматлікімі вулканічнымі конусамі, кратэрамі і кальдэрамі. Найвыш. пункт — дзеючы вулкан Фогу на в-ве Фогу (2829 м). Карысныя выкапні: каменная соль, гіпс і вулканічныя буд. матэрыялы. Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра ад 22 °C (люты) да 27 °C (вер.—кастр.). Ападкаў 100—300 мм за год, пераважна са жн.да кастрычніка. Пастаянных рэк няма. Расліннасць у асноўным пустынная і паўпустынная. Пад горнымі лясамі каля 4 тыс.га. Вядуцца пасадкі лесу. Жывёльны свет бедны. Адсутнічаюць млекакормячыя, акрамя завезенай еўрапейцамі свойскай жывёлы, малпаў, пацукоў і інш. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва — кабавердцы — нашчадкі партуг. каланістаў і неграў-рабоў; пераважна мулаты. Есць выхадцы з Афрыкі (каля 30%) — прадстаўнікі народаў фульбе, балантэ і манджак. У гарадах невял. групы партугальцаў (каля 1%). Больш за 90% вернікаў — католікі, каля 2,5% — пратэстанты, ёсць прыхільнікі традыц.афр. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 100 чал. на 1 км², на а-вах Сант’ягу і Сан-Вісенты больш за 200 чал. на 1 км. У гарадах жыве 56% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1991): Прая — 82,8, Міндэлу — 51,3. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 80% насельніцтва. прам-сці і буд-ве — каля 10, абслуговых галінах — каля 10%.
Гісторыя. А-вы Зялёнага Мыса да з’яўлення тут еўрапейцаў былі бязлюдныя. Адкрыты, верагодна, у 1456 экспедыцыяй А.Кадамоста. У 1462 пачалося засяленне астравоў партугальцамі і прывезенымі імі пераважна з Сенегала неграмі-рабамі. У 1533 пасяленне Рыбейра-Грандзі атрымала статус горада. Тут размяшчалася рэзідэнцыя епіскапа, які прадстаўляў партуг. карону на астравах і афр. узбярэжжы ад Марока да Гвінеі. У 1564 астравы перайшлі пад кіраванне партуг. манархіі, на чале каралеўскай калан. адміністрацыі стаяў губернатар. У сярэдзіне 17 ст. (афіцыйна з 1770) адм. ц. калоніі стала Санта-Марыя (з 1858 наз. Прая). З 1650 тэр.партуг. Гвінеі адміністрацыйна падпарадкавана губернатару К.-В. У 1757 выключнае права на гандаль з К.-В. і Гвінейскім узбярэжжам перададзена на 20 гадоў «Кампаніі Пара і Мараньян» Жорсткая эксплуатацыя кампаніяй і засухі 1775—77 прывялі да масавай гібелі мясц. насельніцтва. Да 19 ст. астравы былі важным транзітным пунктам на шляху з Партугаліі ў Індыю і адным з гал. цэнтраў партуг. гандлю рабамі. У 1832—79 К.-В. аб’яднана з партуг. Гвінеяй у адзіную заморскую правінцыю. потым асобная калонія. У 1956 створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і А-воў Каба-Вердэ (ПАІГК), якая ў 1963 узначаліла ўзбр. барацьбу супраць каланізатараў. У крас. 1974 Партугалія прызнала ПАІГК адзіным законным прадстаўніком насельніцтва К.-В. і ў ліст. падпісала з ёю пагадненне аб прадастаўленні К.-В. незалежнасці.
5.7.1975 абвешчана незалежная Рэспубліка К.-В. Прэзідэнтам краіны стаў А.М.Перэйра. Гал.паліт. сілай заставалася ПАІГК, якая ў 1981 разарвала адносіны з кіруючай партыяй у Гвінеі-Бісау (тая імкнулася да стварэння уніі абедзвюх дзяржаў), а пазней стварыла асобную Афр. партыю незалежнасці К.-В., адзіную легальную партыю ў краіне. У 1980—90-я г. шматгадовая засуха прывяла даэканам. крызісу. У 1990 парламент ухваліў змены ў канстытуцыі, якія прадугледжвалі ўвядзенне ў краіне шматпартыйнай сістэмы. У 1991 адбыліся першыя свабодныя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, перамагла партыя Рух за дэмакратыю, прэзідэнтам выбраны падтрыманы ёю незалежны кандыдат А.Машкарэньяш Мантэйру. К.-В. — чл.ААН (з 1976), Арг-цыі афр. адзінства, Руху недалучэння. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў чэрв. 1992.
Гаспадарка. К.-В. — эканамічна адсталая, пераважна агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) 440 млн.дол. ЗША (1994); на 1 чал. ў год прыпадае 1040 дол. Доля ў ВУП: сельскай гаспадаркі — 18%, рыбалоўства — 7, прам-сці — 8, абслуговых галін — 67%. У дзярж. сектары ствараецца да 40% ВУП. Гал. галіна — сельская гаспадарка. З-за гарыстага рэльефу і неўрадлівых глеб вядзенне сельскай гаспадаркі магчыма на 12% тэрыторыі, земляробства — на 1,4% (каля 5600 га). С.-г. землі цярпяць ад недахопу вады. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі; ёсць кааператывы. На ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу, фасолю, батат, цукр. трыснёг, маніёк, бульбу, агародніну. Экспартныя культуры: бананы (штогод 5—10 тыс.т), кава, тытунь, арахіс, клешчавіна, гарчыца. Вырошчваюць таксама апельсіны, фінікі і какосавыя арэхі. Пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1990): буйн. раг. жывёлы — каля 13, свіней — каля 40, коз — каля 70, авечак — каля 3. Штогадовы ўлоў рыбы, амараў і крэветак каля 15—20 тыс.т. Прам-сць развіта слаба. На а-вах Сал, Баавішта і Маю здабыча каменнай солі (да 40 тыс.т у год), на в-ве Санту-Антан — пуцаланаў (цэм. сыравіна), гіпсу і кааліну. Вытв-сць электраэнергіі 40 млн.кВт∙гадз (1995) на дробных дызельных электрастанцыях. Будуюцца ўстаноўкі, якія выкарыстоўваюць энергію ветру і сонца. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: рамонт і буд-ва дробных суднаў (г. Міндэлу), вытв-сць адзення і абутку (ф-кі швейная ў Міндэлу, тэкст., швейная і абутковая ў Праі), мэблі (Прая). Харчасмакавая прам-сць уключае перапрацоўку рыбы і вытв-сць рыбных кансерваў, разнастайных харч. тавараў, у т. л. алею і мукі. Працуюць ліцейна-мех. майстэрні (Міндэлу), з-ды жалезабетонных і керамічных вырабаў, буд. матэрыялаў, прадпрыемствы па зборцы з імпартных дэталей эл.-быт. прылад і іх рамонце (Прая). Развіты саматужныя промыслы (ганчарны, пляценне кошыкаў, выраб сувеніраў). У г. Прая саматужна-маст. майстэрні. На астравах Сант’ягу і Сан-Вісенты невял. з-ды па апрасненні марской вады. У порце Міндэлу — бункераванне (забеспячэнне палівам і інш.) суднаў розных краін. Унутр. транспарт аўтамабільны. На астравах 3,2 тыс.км аўтадарог (у т. л. 0,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём), 10,5 тыс. легкавых аўтамабіляў, 5,5 тыс. грузавікоў і аўтобусаў. Сувязь паміж астравамі і з інш. краінамі ажыццяўляецца марскім транспартам і авіяцыяй. Гал. парты Прая і Міндэлу. На в-ве Сал міжнар. аэрапорт. Знешні гандаль мае адмоўны баланс. Штогадовы экспарт каля 5 млн.дол., імпарт каля 170 млн.дол. Краіна экспартуе соль, бананы, каву, тытунь, рыбныя кансервы, імпартуе прамысл. і харч. тавары. Гандаль пераважна з Партугаліяй (49% экспарту і 34% імпарту), Анголай, Нідэрландамі. Дадатковыя сродкі краіне прыносяць турызм, грашовыя пераводы эмігрантаў, дапамога міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — эскуда Каба-Вердэ.
Літ.:
Григорович А.А., Грибанов В.В. Кабо-Верде. М., 1988.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫКАЗНА́ЎСТВА,
навука пра музыку; галіна мастацтвазнаўства. Падзяляецца на некалькі асобных узаемазвязаных дысцыплін адпаведна разнастайнасці форм музыкі і жыццёвых функцый, якія яны выконваюць, або выбранаму аспекту разгляду муз. з’яў. Аснова класіфікацыі М. — падзел на гіст. і тэарэт. галіны адпаведна выкарыстанню гіст. і лагічнага метадаў даследавання, аднак вывучэнне рэальных працэсаў маст. творчасці часта патрабуе сінтэзу названых метадаў. Гістарычнае М. вывучае гісторыю музыкі як маст. працэс, развіццё нац.муз. культур, жанры музыкі, дзейнасць кампазітараў; уключае муз. крыніцазнаўства, палеаграфію і тэксталогію. Тэарэт. М. даследуе гармонію, поліфанію, мелодыку, рытміку, метрыку, інструментоўку, форму музычную. Асобныя галіны М. — этнамузыкалогія, тэорыя і гісторыя выканальніцкага мастацтва, муз. сацыялогія, псіхалогія, крытыка.
Тэарэт. асэнсаванне пытанняў музыкі пачалося ў краінах стараж. цывілізацый — Асірыі, Вавілоне, Егіпце, Кітаі, Індыі. У Стараж. Грэцыі зарадзілася вучэнне аб этасе, муз. ладах і гукарадах, рытме, інтэрвалах. У эпоху Адраджэння асэнсаваны асновы танальнай гармоніі, перагледжана вучэнне аб ладах, падкрэслена асаблівае значэнне іанійскага (мажор) і эалійскага (мінор) ладоў. Дж.Царліна вызначыў 2 віды трохгуччаў у залежнасці ад становішча ў іх вял. тэрцыі і стварыў перадумовы для ўстанаўлення паняццяў меладычнага і гарманічнага мажору і мінору. даў практычныя ўказанні па тэхніцы поліфанічнага пісьма, суадносін тэксту і музыкі. У 17 ст. паявіліся працы энцыклапедычнага характару па муз.-тэарэт., акустычных і эстэт. праблемах. Важны этап у фарміраванні М. як навукі — эпоха Асветніцтва. Канчаткова як самаст. навука, што вырашае асаблівыя задачы і валодае ўласнымі метадамі даследавання, М. склалася ў 20 ст. У Расіі М. развівалася з канца 17 ст. ў працах І.Коранева («Мусікія», 1660-я г.) і М.Дылецкага («Граматыка мусікійская», 1670-я г.), дзе зроблена спроба стварыць рацыяналістычна стройнае вучэнне, і інш. У 18 ст. пачалася распрацоўка пытанняў, звязаных са станаўленнем і развіццём свецкай нац.муз. культуры. У 19 ст. ў артыкулах У.Адоеўскага і інш. закрануты пытанні пра народнасць музыкі, адметныя рысы рус.муз. школы і яе адносіны даінш.нац. школ. Росквіт рус. класічнага М. звязаны з дзейнасцю А.Сярова (увёў тэрмін «М.»), У.Стасава, Г.Лароша. Шмат прац прысвяцілі М. кампазітары М.Глінка, П.Чайкоўскі, М.Рымскі-Корсакаў, С.Танееў і інш. У 1920-я г. створаны спец.навук. ўстановы для распрацоўкі фундаментальных праблем тэорыі і гісторыі музыкі.
На Беларусі муз. жыццё гарадоў у 19 — пач. 20 ст. давала шмат матэрыялаў для развіцця муз. крытыкі. Артыкулы і нататкі пра муз. жыццё ў газ. «Минские губернские ведомости», «Витебские губернские ведомости», «Минский листок», «Северо-Западный край», «Наша ніва» і інш. мелі пераважна інфарм. характар і найчасцей былі звязаны з пытаннямі выканальніцтва, хоць у некат. матэрыялах выявіўся зварот данац. музыкі, прапанавана праграма стварэння бел. кірунку ў муз. культуры. У пач. 20 ст. спробы творчага асэнсавання пытанняў муз. мастацтва разглядаліся ў арт. М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Гарэцкага, Ц.Гартнага, З.Бядулі. У 1920-я г. фарміраваліся прапагандысцка-асв. тэндэнцыі ў М. У арт. Ю.Дрэйзіна і інш. абагульнены некат. новыя з’явы, што ўзніклі ў грамадскім жыцці. У 1926 выдадзены слоўнік Дрэйзіна «Музычныя тэрміны». У канцы 1920 — пач. 1930-х г. у друку шырока асвятляліся пытанні музычнай адукацыі, выдаваліся падручнікі і навуч. дапаможнікі, у т. л. «Музычная пісьменнасць» В.Яфімава, «Пачатковая тэорыя музыкі» М.Мацісона, уступныя арт.дабел. опер і балетаў з нотнымі фрагментамі; працягвалася вывучэнне нар.муз. творчасці. Актывізавалася і даследчая дзейнасць. У 1930-я г. ўзбагацілася жанравая палітра музыказнаўчых прац, паявіліся артыкулы аналітычнага характару. Станаўленню М. садзейнічалі шырокая дыскусія пра развіццё бел.прафес. музыкі (1925), арганізацыя сімф. аркестра (1928) і опернага т-ра (1933). Характэрнымі жанрамі муз. публіцыстыкі 1930-х г. былі творчы партрэт і нарыс. У канцы 1940-х—50-я г. даследаваліся пытанні прафес.муз. творчасці і нац. выканальніцкай культуры. Апублікаваны брашуры і нарысы пра бел. музыку (І.Нісневіч, Б.Смольскі, Г.Цітовіч), яе вядучыя жанры (С.Нісневіч, В.Сізко), муз. калектывы (Л.Мухарынская, Б.Смольскі, І.Жыновіч). Распрацоўваліся эстэт. праблематыка нац. музыкі, актуальныя пытанні бел.муз. творчасці, опернай драматургіі, лібрэта, муз. мовы, узаемаадносін прафес. і нар. музыкі. Да 1960-х г. вызначыліся кірункі, звязаныя з распрацоўкай тэарэт. асноў нац. мастацтва. У працах абагульняльнага характару бел. музыка разглядалася ў некалькіх аспектах: нац.нар. музыка, муз. культура Беларусі ад сярэднявечча да 20 ст., сучасная бел.муз. творчасць і выканальніцтва, эстэт. праблемы нац.муз. мастацтва і інш. Цэнтрамі н.-д. думкі сталі кафедры гісторыі і тэорыі музыкі Бел.дзярж. кансерваторыі (цяпер Бел. акадэмія музыкі) і створанага ў 1957 аддзела музыкі Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, грамадска-публіцыстычнай — Саюз кампазітараў Беларусі. Даследаванні ў галіне музыкі праводзяцца таксама на муз.-пед. ф-це Бел.дзярж.пед. ун-та імя М.Танка і Бел. ун-це культуры. У 1960—90-я г. апублікаваны манаграфіі, выдадзены зборнікі навук. прац па гісторыі нац.муз. культуры, у т. л. «Гісторыя беларускай савецкай музыкі» (1971), «Гісторыя беларускай музыкі» (1976). Раздзелы пра бел.прафес. музыку ўвайшлі ў грунтоўнае выданне Ін-та гісторыі мастацтваў Мін-ва культуры СССР «Гісторыя музыкі народаў СССР» (т. 1—7, 1970—97). Фундаментальны характар мае праца Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі «Музычны тэатр Беларусі» (кн. 1—4, 1990—97; Дзярж. прэмія Беларусі 1998 за кн. 2—4). У вывучэнні творчых працэсаў сучаснай бел.муз. культуры важнае значэнне мела выданне зборнікаў праблемных артыкулаў «Музычная культура Беларускай ССР» (М., 1977), «Пытанні тэорыі і гісторыі музыкі», «Зборнік артыкулаў па музычнаму мастацтву» (абодва 1976), «Пытанні музыказнаўства» (1981), «Беларуская савецкая музыка на сучасным этапе: Тэарэтычныя нарысы» (1990), «Пытанні культуры і мастацтва Беларусі» (вып. 1—13, 1982—94), а таксама зб. «Музыка нашых дзён» (з 1969; з 1975 наз. «Беларуская музыка»). Істотны ўклад у даследаванне творчых працэсаў бел. музыкі (асобных жанраў, пытанняў муз. стылю, форм, тэматызму, выкарыстання фальклору ў творчасці кампазітараў, прынцыпу праграмнасці, праблемы нац. і інтэрнацыянальнага і інш.) зрабілі музыказнаўцы С.Нісневіч, Н.Юдзеніч, Сізко, Г.Куляшова, Т.Дубкова, Г.Глушчанка, К.Сцепанцэвіч, Т.Шчарбакова, І.Назіна, Р.Аладава, Л.Сцяпура, В.Савіцкая, А.Друкт, Р.Сергіенка, Т.Ляшчэня, Т.Шчэрба, В.Антаневіч, А.Смагін, Н.Юўчанка, Т.Дзядзюля, Э.Алейнікава, А.Карпілава і інш. Выдадзены працы пра творчасць бел. кампазітараў, выканаўцаў і муз. калектываў (І. і С.Нісневічы, Л.Мухарынская, Куляшова, Дубкова, І.Зубрыч, А.Ракава, Дз.Жураўлёў, Н.Калеснікава, Л.Аўэрбах), біябібліягр. даведнікі «Кампазітары Савецкай Беларусі» (1966) і «Саюз кампазітараў БССР» (1978) Жураўлёва, «Кампазітары Беларусі» Т.Мдывані і Сергіенка (1997). З 1970 выходзіць шматтомнае навук. выданне бел. фальклору «Беларуская народная творчасць». З 1980-х г. распрацоўваецца праблематыка муз. культуры Беларусі ад старажытнасці да 19 ст., даследуецца царк. музыка Беларусі [Л.Касцюкавец, В.Дадзіёмава, В.Пракапцова (Масленікава), А.Капілаў, А.Ахвердава, Т.Ліхач, У.Неўдах]. Узбагацілася тэарэт.л-ра па праблемах нар. музыкі (Г.Цітовіч, В.Ялатаў, Мухарынская, З.Мажэйка, Т.Якіменка, Т.Варфаламеева), ствараецца вучэбная л-ра па бел. музыцы і бел.нар. творчасці для муз.навуч. устаноў розных узроўняў. Развіваецца эстэт. праблематыка (А.Ладыгіна), даследуюцца пытанні тэорыі опернага (Куляшова) і сімф. (Дубкова) жанраў, гукавышыннай арганізацыі сучаснай музыкі (Сергіенка). Распрацоўваюцца гісторыка-тэарэт. праблемы рас., сав., зарубежнай музыкі (Глушчанка, Шчарбакова, Друкт, М.Шыманскі, Мдывані, Б.Златавярхоўнікаў, Н.Сцяпанская, А.Гарахавік, К.Дулава і інш.), муз. сацыялогіі, адукацыі, псіхалогіі, методыкі выкладання, выканальніцкага майстэрства. Бел. музыказнаўцы ўдзельнічаюць у муз. жыцці Беларусі, вядуць муз.-асв. працу, займаюцца крытычнай дзейнасцю, выступаюць у перыяд. друку, на тэлебачанні і радыё, з 1990-х г. удзельнічаюць у міжнар. канферэнцыях і сімпозіумах, супрацоўнічаюць у замежных энцыклапедычных выданнях і інш.
Літ.:
Серов А.Н. Музыка, музыкальная наука, музыкальная педагогика // Серов А.Н. Избр. статьи. М., 1957. Т. 2;
Глебов Игорь [Асафьев Б.В.]. Теория музыкально-исторического процесса, как основа музыкально-исторического знания // Задачи и методы изучения искусств. Пг., 1924;
Рыжкин И., Мазель Л. Очерки по истории теоретического музыкознания. Вып. 1—2. М.; Л., 1934—39;
Цуккерман В. О теоретическом музыкознании // Цуккерман В. Музыкально-теоретические очерки и этюды. М., 1970;
Музыказнаўства // Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;
Дубкова Т.А. Некаторыя пытанні развіцця беларускай эстэтыкі і музычнай крытыкі // Музыка нашых дзён. Мн., 1974;
Методологические проблемы музыкознания. М., 1987;
Белорусская музыка 1960—1980 гг. Гл. 4. Мн., 1997;
Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША НІ́ВА»,
штотыднёвая, грамадска-паліт., навук.-асв. і літ.-маст. газета. Выдавалася з 10(23).11.1906 да 7(20).8.1915 у Вільні на бел. мове кірыліцай, да 18(31).10.1912 і лацінкай. Засн. лідэрамі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) братамі І. і А.Луцкевічамі, В.Іваноўскім, А.Уласавым, А.Пашкевіч (Цётка) і інш. Рэдактары-выдаўцы С.Вольскі, Уласаў (з 8.12.1906), Я.Купала (з 7.3.1914 рэдактар, з 16.5.1914 рэдактар-выдавец). Рэдактарамі аддзелаў у розны час былі Я.Купала, Я.Колас, З.Бядуля, Х.Імшэнік (заг. канторы і сакратар рэдакцыі да 1909), В.Ластоўскі (з 1909 сакратар рэдакцыі), Ядвігін Ш., С.Палуян (С.Ясяновіч), А.Бульба (В.Чыж) і інш. Друкавала вершы, нарысы, маст. прозу, навук.-папулярныя артыкулы, мела рубрыкі «У Думе і каля Думы», «Паштовая скрынка» і інш.Да выхаду ў свет. газ.«Беларус» гуртавала аўтараў усіх веравызнанняў і кірункаў, якія выступалі за культ.-нац. адраджэнне Беларусі. Мела больш за 3 тыс. сталых і часовых карэспандэнтаў у пав. і губ. гарадах, мястэчках і вёсках Беларусі, Маскве, Пецярбургу, Сібіры, за мяжой. Нязменнымі ў «Н.н.» заставаліся ідэя сац.-паліт., эканам. і культ. адраджэння Беларусі, яе супрацоўніцтва з інш. народамі, апазіцыя да самадзяржаўя. Тэматыка, змест і характар падачы матэрыялаў мяняліся ў залежнасці ад паліт. сітуацыі і складу рэдакцыі. У праграмным артыкуле 1-га нумара падкрэслена агульнанац. пазіцыя газеты: «Наша ніва» — газета не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае...». У 1906—07 шмат месца займалі матэрыялы агітац. і крытычнага зместу. Паводле ацэнкі Віленскага ахоўнага аддзела ў 1908 «Н.н.» напачатку была больш памяркоўная, чым «Наша доля», але пасля «стала змяшчаць артыкулы ўзбуджальнага характару, за што падвяргалася некалькі разоў канфіскацыі». Віленская суд. палата ў чэрв. 1907 пачала суд. праследаванне рэдактара Уласава за матэрыялы, апубл. ў 8-м нумары (арт. «Дума і народ», «Зямельная справа ў Новай Зеландыі», верш Я.Коласа «Расійскія абразы»), 9-м (арт. «Работа Думы») і 12-м («Дзяржаўная Дума»), а таксама за аператыўна-інфармац. рубрыкі «З усіх старон», «З Беларусі і Літвы», «Аб усім патроху». Паводле ацэнкі цэнзуры, артыкулы «напамінаюць падпольныя пракламацыі». Рэдактар абвінавачваўся за тое, што апублікаваў артыкулы, якія пабуджаюць да бунту і звяржэння існуючага ў дзяржаве грамадскага ладу. Рэдакцыя «Н.н.» плаціла штрафы, а Уласаў у 1910 быў зняволены. У 1915 такім самым абвінавачаннем пачалося суд. праследаванне рэдактара Я.Купалы за арт. А.Язмена «Думкі» (16.1.1915). Адкрытая крытыка царызму і агітацыя на барацьбу за дэмакр. рэформы (цыкл артыкулаў 1907 Я.Коласа пад псеўд. Марцін «Дума і народ», «Партыі ў Думе» і інш.) пасля разгону 2-й Дзярж. думы (чэрв. 1907) не знікала са старонак газеты, але набыла больш памяркоўны асветніцкі характар. «Н.н.» пераарыентавалася на абарону адраджэнскіх ідэалаў Беларусі, мірнага і паступовага прагрэсу праз дэмакратызацыю цэнтр. і мясц. органаў улады, выступала за стварэнне ўрада, адказнага перад парламентам, выбранага шляхам усеагульнага, роўнага і прамога галасавання, за ліквідацыю рэшткаў феад. прыгонніцтва, рэарганізацыю сельскай гаспадаркі (развіццё сял. землеўладання, фермерскай гаспадаркі), культ.-нац. аўтаномію, развіццё адукацыі, друку і кнігавыдання на роднай мове. Пад уплывам сац.-эканам. праграмы БСГ «Н.н.» заставалася выданнем, арыентаваным на абарону правоў і свабод бел. працоўнага народа — сялян, рабочых, рамеснікаў, нар. інтэлігенцыі. «Н.н.» крытыкавала палітыку П.Сталыпіна, асуджала рэпрэсіі супраць удзельнікаў вызв. руху, выкрывала дзярж. эксплуатацыю сялянства, прапаганду і правакацыі чарнасоценных паліт. груповак. У шэрагу артыкулаў і нататкаў абгрунтоўвала неабходнасць супрацоўніцтва беларусаў з нац. меншасцямі на аснове раўнапраўя і асветы на роднай мове. «Н.н.» выступала супраць шавінізму польск. абшарніцка-клерыкальных колаў, асвятляла сац. бяспраўе сялян-беднякоў, рабочых, эмігрантаў у Еўропе і ЗША Калі рэдактарам стаў Я.Купала, газета адмовілася ад прапаганды хутароў, даказвала бесперспектыўнасць для малазямельнага сялянства сталыпінскай агр. палітыкі, акцэнтавала ўвагу на спецыфічных умовах Беларусі, дзе з нац. праблемай звязана «справа сялянская і справа работніцкая». Выкрывала імперыяліст. сутнасць 1-й сусв. вайны.
Найважнейшай задачай «Н.н.» лічыла ўсебаковае развіццё эканомікі, грамадскай духоўнай культуры народа, стварэнне нац. стылю культуры і нац. школ у бел. л-ры, тэатр., муз. і выяўл. мастацтвах шляхам засваення айч. этнакульт. традыцый і творчых здабыткаў сусв., найперш рус., укр. і польскай маст. культур. Падтрымлівала ўсе формы нар.эканам. і культ.-асв. самадзейнасці, памагала прафесіяналізацыі ў галіне л-ры, інш. відаў мастацтва. На яе старонках упершыню апубл. многія творы Я.Купалы (паэмы «Курган», «Бандароўна», 170 вершаў і каля 30 артыкулаў), Я.Коласа (каля 125 вершаў, больш за 40 апавяданняў, нарысаў і артыкулаў, урыўкі з паэмы «Новая зямля»), М.Багдановіча, Цёткі, А.Гаруна лепшыя дарэв. вершы і артыкулы З.Бядулі, М.Гарэцкага, Ц.Гартнага, К.Каганца, У.Галубка, К.Буйло, А.Гурло, Я.Журбы, Г.Леўчыка, К.Лейкі, А.Паўловіча, Ядвігіна Ш., А.Петрашкевіча, Ф.Чарнушэвіча, Э.Будзькі, Старога Уласа, Л.Лобіка, І.Піліпава і інш. На старонках газеты адбывалася станаўленне бел.літ.-маст. крытыкі, публіцыстыкі, культуралогіі, фалькларыстыкі (артыкулы, нарысы, даследаванні Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, Л.Гмырака, А.Бульбы, Гарэцкага, Ластоўскага, братоў Луцкевічаў, У.Самойлы, Р.Зямкевіча і інш.). Пісьменнікі і крытыкі «Н.н.» арыентаваліся на літ.-эстэт. традыцыі крытычнага рэалізму і прагрэс. рамантызму, выкарыстоўвалі творчыя здабыткі імпрэсіянізму, экспрэсіянізму і інш. авангардысцкіх кірункаў. Яе супрацоўнікі даследавалі нар. побыт і фальклор, хатнія рамёствы, праводзілі арганізац. і навук. працу па даследаванні гісторыі бел. культуры і яе тагачаснага стану, стваралі муз.-тэатр. гурткі, дапамагалі станаўленню Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, заснавалі Беларускі музей у Вільні. На старонках газеты складваліся лексічныя і граматычныя нормы новай бел.літ. мовы. У палемічных артыкулах, памфлетах і вершах выкрывалася антыбел. палітыка польскіх і рас. шавіністаў, антыбел. кірунак рэакц. друку (газ. «Минское слово», «Северо-Западная жизнь», «Виленский вестник» і інш.). Газета прапагандавала здабыткі іншанац. культур, змяшчала ў перакладзе на бел. мову творы Э.Ажэшкі, А.Міцкевіча, У.Сыракомлі, М.Канапніцкай, Ю.Славацкага, С.Жаромскага, Т.Шаўчэнкі, В.Стафаніка, Л.Талстога, А.Чэхава, М.Горкага, У.Караленкі, В.Брусава, урыўкі з артыкулаў В.Бялінскага; адзначала юбілеі Талстога, М.Гогаля, Шаўчэнкі, Славацкага, Ф.Шапэна, Ч.Дарвіна.
«Н.н.» была свайго роду грамадскім ін-там бел. культуры, выконвала ролю каардынацыйнага выдавецкага цэнтра. У 1907—13 яе намаганнямі апубл.зб-кі «Песні-жальбы» і «Апавяданні» Я.Коласа, «Вянок» Багдановіча, «Бярозка» Ядвігіна Ш., «Чыжык беларускі» Леўчыка, літ.-знаўчыя брашуры Зямкевіча, перакладныя творы. Выпускала штогадовы «Каляндар «Нашай нівы», альманахі «Зборнік «Нашай нівы», «Калядную пісанку. 1913 год» і інш. Важнае месца на яе старонках займалі праблемы вясковага самакіравання, нар. адукацыі, этычнай культуры, экалогіі [арт. Мацея Крапіўкі (Цёткі) «Як нам вучыцца», Гмырака «Жыла, жыве і будзе жыць!», «Мова ці гутарка», «Якой нам трэба школы?», «Аб вясковай інтэлігенцыі», «Земства і воласць» і інш.]. Шмат увагі аддавала папулярызацыі прыродазнаўчых, эканам., с.-г. і прававых ведаў. Друкавала практычныя рэкамендацыі па земляробстве, жывёлагадоўлі, агародніцтве, выхаванні дзяцей. Апублікаваныя ў ёй даследаванні — аўтарытэтныя крыніцы па агульнай гісторыі, гісторыі л-ры, этнаграфіі, мастацтве, гісторыі нац.-вызв. руху, рэлігіязнаўстве. Сярод іх — ананімны арт. «Сымон Канарскі», нарысы А.Пагодзіна «Уладыслаў Сыракомля», Д.Дарашэнкі «Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне», Зямкевіча «Адам Ганоры Кіркор», Власта (Ластоўскага) «Аб беларускім местачковым і вясковым хатнім рамясле», «З мінуўшчыны гораду Быхава», «10-летні юбілей літоўскага друку», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага». У «Н.н.» ўпершыню апубл. манаграфія Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Важнай крыніцай па гісторыі бел. л-ры, мовы, журналістыкі, мастацтва з’яўляецца архіў «Н.н.» Бел. музея ў Вільні, рукапісная спадчына Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, Гаруна, Гарэцкага і інш. (захоўваецца ў архівах Літвы і ў Бел.дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва).
Літ.:
Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;
Яго ж. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гт.). Мн., 1968;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Пуцявінамі Янкі Купалы: Дак. і матэрыялы. Мв., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМА́ТЫКА (грэч. mathēmatikē ад mathēma веды, навука),
навука пра колькасныя адносіны і прасторавыя формы сапраўднага свету. Узнікла ў старажытнасці з практычных патрэб чалавека. У сувязі з развіццём і запатрабаваннямі тэхнікі і прыродазнаўства разнастайнасць колькасных адносін і прасторавых форм пастаянна пашыраецца і вызначэнне М. ўсё больш узбагачаецца. Паняцці М. абстрагаваныя ад якасных асаблівасцей з’яў і аб’ектаў, што надае агульнасць матэм. паняццям, дазваляе ўжываць іх да розных па сваёй прыродзе з’яў, дафіз., біял., тэхн. і інш. працэсаў. У М. шырока выкарыстоўваюцца працэсы абстрагавання розных ступеняў, а метады атрымання вынікаў заснаваны выключна на базе лагічных меркаванняў (законаў). Матэм. метады важныя ў механіцы, фізіцы, нябеснай механіцы. Выкарыстанне іх у біял. і гуманітарных навуках ажыццяўляецца пераважна праз кібернетыку (для гэтых навук істотнае значэнне мае матэматычная статыстыка). Важную ролю ў развіцці многіх галін навукі і тэхнікі адыгралі дыферэнцыяльныя ўраўненні і вылічальная матэматыка.
Пачатак развіцця М. адносяць да 6—5 ст.дан.э., калі сфармуляваны паняцці цэлага ліку, рацыянальнага дробу, адлегласці, плошчы, аб’ёму, створаны правілы дзеянняў з лікамі, вызначэння плошчаў фігур і аб’ёмаў цел (гл.Вавілона-асірыйская культура, Егіпет Старажытны, Грэцыя Старажытная). Назапашаны матэрыял паступова склаўся ў арыфметыку, вымярэнне плошчаў і аб’ёмаў садзейнічала станаўленню геаметрыі, метады арыфметычных вылічэнняў спарадзілі алгебру, а патрэбы астраноміі — трыганаметрыю. М. ў гэты перыяд яшчэ не была дэдуктыўнай навукай, а ўяўляла сабой збор правіл і прыкладаў рашэння асобных задач. Самастойнай навукай са сваім дакладна акрэсленым метадам і сістэмай асн. паняццяў М. становіцца да сярэдзіны 17 ст. Была створана дзесятковая сістэма лічэння (5 ст., Індыя), метад рашэння лінейных ураўненняў з 2 невядомымі. Узорам матэм. дэдуктыўна пабудаванай тэорыі стала эўклідава геаметрыя, з арыфметыкі паступова вылучылася лікаў тэорыя, створана сістэматызаванае вучэнне аб ліках і вымярэннях, фарміруецца паняцце сапраўднага ліку, развіваецца плоская і сферычная трыганаметрыя, уводзіцца паняцце трыганаметрычных функцый (гл. ў арт.Арабская культура). Значны ўплыў на развіццё М. зрабілі працы Піфагора Самоскага, Эўдокса Кнідскага, Эўкліда, Архімеда, Дыяфанта Александрыйскага, Герона Александрыйскага, Арыябхаты, Ф.Віета, Дж.Кардана і інш. У 17—18 ст. у М. ўводзяцца ідэі руху і змены ў форме пераменных велічынь і функцыянальнай залежнасці паміж імі, ствараецца аналітычная геаметрыя, дыферэнцыяльнае злічэнне, інтэгральнае злічэнне. У 18 ст. ўзнікаюць тэорыя дыферэнцыяльных ураўненняў, дыферэнцыяльная геаметрыя, варыяцыйнае злічэнне і інш. У 19 — пач. 20 ст. М. ўзнімаецца на новыя ступені абстракцыі, ствараюцца неэўклідавы геаметрыі. Развіццё М. гэтага перыяду звязана з імёнамі І.Ньютана, Г.В.Лейбніца, Р.Дэкарта, Б.Паскаля, П.Ферма, сям’і Бернулі, Ж.Л.Лагранжа, Н.Г.Абеля, Ж.Б.Ж.Фур’е, Э.Галуа, Я.Больяй, К.Ф.Гаўса, Г.Ф.Б.Рымана, К.Т.В.Веерштраса, Ж.Адамара, Ж.А.Пуанкарэ, Л.Эйлера, М.І.Лабачэўскага, П.Л.Чабышова, А.А.Маркава, М.В.Астраградскага, А.М.Ляпунова, У.А.Сцяклова і інш. У 20 ст. з’явіліся ці былі развіты новыя матэм. дысцыпліны і кірункі М.: праектыўная геаметрыя, мностваў тэорыя, функцыянальны аналіз, матэматычная логіка, груп тэорыя, імавернасцей тэорыя, тапалогія і інш. Лікавыя метады М. склалі яе самастойную галіну — вылічальную М., стымулявалі развіццё вылічальных машын. «Матэматызацыя» навукі, хуткае развіццё выліч. тэхнікі стымулявалі паяўленне такіх матэм. дысцыплін, як гульняў тэорыя, інфармацыі тэорыя, графаў тэорыя, дыскрэтная матэматыка, тэорыя аптымальнага кіравання. Значным укладам у М. былі працы Н.Бурбакі, Г.Кантара, М.У.Келдыша, А.М.Калмагорава, М.М.Крылова, М.М.Багалюбава, М.А.Лаўрэнцьева, Л.С.Пантрагіна і інш.
На Беларусі даследаванні па М. пачаліся ў 1920-я г., праводзіліся ў БДУ, БСГА, АН Беларусі, Віцебскім пед. ін-це і інш.Асн. кірункамі даследаванняў былі: дыферэнцыяльныя ўраўненні; геаметрыя, алгебра; тэорыі функцый рэчаіснай і комплекснай пераменных; лікавыя і графічныя метады, набліжаныя метады ў алгебры; тэорыя імавернасцей і матэм. статыстыка, матэм. апрацоўка вынікаў вымярэнняў; матэм. фізіка, матэм. метады ў механіцы; метадалогія навукі, філас. пытанні М. Ішло стварэнне бел. навуковай тэрміналогіі. У пасляваен. гады цэнтрам матэм. даследаванняў сталі Інстытут матэматыкіНац.АН Беларусі, БДУ. Асн. кірункі даследаванняў: алгебра, выліч. матэматыка, геаметрыя, дыферэнцыяльныя і інтэгральныя ўраўненні, матэм. кібернетыка, тэорыя лікаў, матэм. фізіка, праграмнае забеспячэнне ЭВМ, функцыянальны аналіз. Дасягненні бел. матэматыкаў у гэтых кірунках атрымалі міжнар. прызнанне. Значны ўклад у развіццё М. на Беларусі зрабілі М.П.Яругін, У.І.Крылоў, С.А.Чуніхін, Ф.Дз.Гахаў, Дз.А.Супруненка, Я.А.Барбашын, У.Г.Спрынджук і інш. У Мінску выдаюцца часопісы: «Дифференциальные уравнения» (з 1965), «Весці Нац.АН Беларусі. Сер. фіз.-матэм. навук» (з 1965; гл.«Весці Акадэміі навук Беларусі»), «Веснік БДУ. Сер. 1. Фізіка. Матэматыка. Механіка» (з 1969; гл.«Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта»), «Труды Института математики Нац.АН Беларуси» (з 1998). Створана Бел.матэм.т-ва (1993).
Літ.:
Математика, ее содержание, методы и значение. Т. 1—3. М., 1956;
Курант Р., Роббинс Г. Что такое математика?: Пер. с англ. 2 изд. М., 1967;
Рыбников К.А. История математики. 2 изд. М., 1974;
Бурбаки Н. Очерки по истории математики: Пер. с фр.М., 1963;
Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 3 изд. М., 1978;
История математики с древнейших времен до начала XIX столетия. Т. 1—3. М., 1970—72;
История отечественной математики. Т. 1—4. Киев, 1966—70.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКА́РТ (Descartes) Рэнэ (латынізаванае Картэзій; Renatus Cartesius; 31.3.1596, Ла-Э, цяпер г. Ла-Э-Дэкарт, Францыя — 11.2.1650),
французскі філосаф, матэматык і прыродазнавец. Адукацыю атрымаў у езуіцкім калегіуме. З 1629 жыў у Нідэрландах, дзе выйшлі яго гал. творы — «Геаметрыя» і «Роздум аб метадзе» (абедзве 1637), «Разважанні аб першай філасофіі» (1641), «Пачаткі філасофіі» (1644), з 1649 у Стакгольме. У аснове філас. сістэмы Д. — дуалізм душы і цела, духоўнай і матэрыяльнай субстанцый, якія сталі асновай для разумення феномена т.зв. «гнасеалагічнага цвішэнізму» — стану паміж жыццём і смерцю, розумам і целам, логікай і страсцю, дабром і злом, бездухоўнасцю і маральнасцю, дэмакратыяй і дэспатызмам, свабодай і дэтэрмінацыяй і інш.Гал. і неад’емнай уласцівасцю матэрыі лічыў працягласць, або прастору, а гал. атрыбутам духоўнай субстанцыі — мысленне. З факта відавочнасці мыслення, або свядомасці чалавека, на думку Д., можна непасрэдна вывесці заключэнне пра сваё існаванне: «Я мыслю, значыць я існую». У гнасеалогіі Д. — пачынальнік рацыяналізму. Гал. ролю ў працэсе пазнання ён надаваў дэдукцыі, якая абапіраецца на цалкам відавочныя, інтуітыўна спасціжымыя аксіёмы. У матэматыцы ён — адзін са стваральнікаў аналітычнай геаметрыі, увёў літарныя абазначэнні, паняцці пераменнай велічыні і функцыі, сістэму каардынат; у механіцы сцвярджаў адноснасць руху і спакою, сфармуляваў агульныя законы дзеяння і процідзеяння, захавання пэўнай колькасці энергіі, даў паняцце імпульсу сілы; у касмалогіі выказаў ідэю натуральнага развіцця Сонечнай сістэмы і ўтварэння нябесных цел у выніку віхрападобнага руху часцінак матэрыі вакол цэнтра — Сонца (віхры Д.); у фізіялогіі раскрыў сутнасць адвольных і міжвольных рухаў і даў навук. апісанне рэфлектарнага акта (дуга Д.). Ідэі Д. сталі тэарэт. крыніцай картэзіянства, былі прадметам усебаковага даследавання і крытычнага аналізу Дж.Лока, Ж.Ламетры, І.Канта, Б.Спінозы і інш. Даследаванні Д. ў галіне матэматыкі і фармалізацыі працэсу пазнання разам з вынайдзенай Г.Лейбніцам дваічнай сістэмай злічэння пакладзены ў аснову тэорыі сучаснай выліч. тэхнікі і інфарматыкі.
На Беларусі філас., прыродазнаўчыя і гнесеалагічныя ідэі атрымалі шырокае распаўсюджанне ў 2-й пал. 18 ст. ва ўмовах пераадолення сярэдневяковай схаластыкі, пашырэння ідэалогіі Асветніцтва. Асн. элементы філас. сістэмы Д. ўключаліся ў праграмы лекцыйных курсаў па філасофіі, абмяркоўваліся ў навук. і перыядычных выданнях.
С.Шадурскі ў сваіх кнігах, выдадзеных у Навагрудку і Вільні, абвясціў Д. найвышэйшым навук. аўтарытэтам, падзяляў яго прынцыпы і пункт гледжання пра існаванне дзвюх субстанцый. У інтэрпрэтацыі А.Скарульскага рацыяналізм Д. і сфармуляваныя ім крытэрыі ісціны набылі тэалагічную афарбоўку. Крытыкавалася яго ідэя прыроджаных ідэй і інтуітыўнай свядомасці. На дэдуктыўную рацыяналістычную логіку Д. спасылаўся Б.Дабшэвіч у сваіх разважаннях аб крытэрыі ісціны. Да механістычнай карціны свету, распрацаванай Д., схіляўся А.Доўгірд. У абарону ідэй Д. выступаў К.Нарбут, што сведчыць аб ломцы і трансфармацыі айчыннай эклектыкі, пераходзе мысліцеляў Беларусі ад сярэдневяковага перыпатэтызму да філасофіі і навукі новага часу.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—2. М., 1989—94.
Літ.:
Спиноза. Принципы философии Декарта. М., 1926;
Ляткер Я.А. Декарт. М., 1975;
Матвиевская Г.П. Рене Декарт, 1596—1650. М., 1976;
Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;
Двенадцатые республиканские чтения «Великие преобразователи естествознания Декарт и Лейбниц»;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКІЯ РЭВАЛЮ́ЦЫІ 19 СТАГО́ДДЗЯ,
рэвалюцыйныя рухі ў Іспаніі ў 1808—74, накіраваныя на дэмакратызацыю паліт. сістэмы і правядзення ліберальных рыначных пераўтварэнняў. Першая Іспанская рэвалюцыя 1808—14 адбывалася ва ўмовах акупацыі Іспаніі франц. войскамі ў ходзе напалеонаўскіх войнаў (пад націскам французаў прынята Баёнская канстытуцыя 1808), мела пераважна нац.-вызв. характар (герылья, антыфранц. паўстанні ў Мадрыдзе, Сарагосе і інш.). У выніку вызвалення Іспаніі ад французаў (1812—13) прынята Кадыская канстытуцыя 1812, якая абмяжоўвала ўладу манарха. Аднак кароль Фердынанд VII, вярнуўшыся з франц. палону, скасаваў канстытуцыю і ў маі 1814 аднавіў абс. манархію. Штуршком дадругой Іспанскай рэвалюцыі 1820—23 стала паражэнне Іспаніі ў вайне за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26, што садзейнічала дыскрэдытацыі абсалютызму і росту ліберальнай апазіцыі. Пачалася ў студз. 1820 з паўстання ў арміі пад кіраўніцтвам Р.Рыега-і-Нуньеса паблізу ад г. Кадыс. У выніку нар. хваляванняў 6—7.3.1920 у Мадрыдзе Фердынанд VII аднавіў Кадыскую канстытуцыю, склікаў картэсы. Аднак з прычыны жорсткай паліт. барацьбы паміж памяркоўнымі лібераламі («мадэрадас», узначальвалі ўрад з сак. 1820), левымі лібераламі («эксальтадас», узначальвалі ўрад са жн. 1822) і найб. радыкальнай рэв. плынню камунерас не ўдалося завяршыць агр. і інш. рэформы, і рэвалюцыя ў крас.—вер. 1823 была задушана каралеўскімі і французскімі (накіраваны ў Іспанію паводле рашэння Свяшчэннага саюза) войскамі. У Іспаніі зноў усталявалася абс. ўлада манарха. Трэцяя Іспанская рэвалюцыя 1834—43 звязана з грамадз. вайной 1833—40 (гл.Карлісцкія войны) і праходзіла пад лозунгамі аднаўлення канстытуцыі 1812, разгрому карлістаў і інш.Рэв. ўрад «мадэрадас» (студз. 1834 — вер. 1835) скасаваў цэхі і абвясціў свабоду гандлю. Яго змяніў урад «прагрэсістаў» (пераемнікі «эксальтадас»), які ў 1835—37 правёў агр. рэформу (адменены маяраты, царк. дзесяціна, баналітэты, прывілеі сеньёраў, асабістыя павіннасці сялян), распрацаваў канстытуцыю 1837 (больш кансерватыўная за канстытуцыю 1812). Пасля паражэння карлістаў (1839—40) рэгентам у 1841 абвешчаны адзін з лідэраў «прагрэсістаў» ген. Б.Эспартэра, які ўстанавіў дыктатуру. Пасля яго звяржэння зноў утвораны ўрад «мадэрадас» (1843). Чацвёртая Іспанская рэвалюцыя 1854—56 выклікана незадаволенасцю насельніцтва ростам беспрацоўя і падаткаў, дэфіцытам дзярж. бюджэту і інш.сац. праблемамі. Пасля выступлення групы апазіцыйных генералаў пад кіраўніцтвам Л.О’Донеля (чэрв. 1854) і нар. паўстанняў у Барселоне, Мадрыдзе, Малазе, Валенсіі (ліп. 1854) сфарміраваны ўрад на чале з Эспартэра. Аднак ён не здолеў палепшыць становішча працоўных і спыніць рэв. рух; 14.7.1856 О’Донель справакаваў адстаўку Эспартэра і распусціў картэсы. Пятая Іспанская рэвалюцыя 1868—74 пачалася з паўстання ваен. маракоў у Кадысе (вер. 1868) і гараджан у Мадрыдзе і Барселоне. У выніку ўтвораны ўрад з «прагрэсістаў» і прадстаўнікоў Ліберальнага саюза. Паводле прынятай у 1869 новай канстытуцыі Іспанія абвешчана канстытуцыйнай манархіяй (у 1870—73 правіў кароль Амадэй Савойскі). 11.2.1873 пад націскам рэспубліканцаў Іспанія абвешчана рэспублікай. Аднак у выніку кансерватыўнага ваен. перавароту 1874 у краіне адноўлена манархія на чале з каралём Альфонсам XII.
Літ.:
Додолев М.А. Россия и Испания 1808—1823 гг.: Война и революция в Испании и рус.-исп. отношения. М., 1984.
Даарт.Іспанскія рэвалюцыі 19 ст.. Расстрэл іспанскіх паўстанцаў французамі ў ноч на 3 мая 1808 года. Карціна Ф.Гоі. 1814.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯНДА́РНЫЯ ПЕ́СНІ,
найбольш даўні пласт песеннага фальклору, у якім адбілася рытуальна-мастацкае асэнсаванне агр. свят і земляробчай працы ў непарыўнай рытмічнай сувязі з чаргаваннем пораў года. Вядомыя амаль усім земляробчым народам. У славян і балтаў разам з песнямі сямейна-абрадавага цыкла складаюць аснову ўсёй нар. песеннай культуры. На Беларусі К.п. ўтвараюць 4 вял. цыклы: зімовыя песні (калядныя песні і шчадроўскія), веснавыя песні (масленічныя песні, гуканне вясны, валачобныя песні, юраўскія песні, траецкія песні, русальныя), летні (купальскія песні, жніўныя песні, дажынкавыя), восеньскія песні (ярынныя, ільнавыя, уласна восеньскія). Песенныя цыклы каляндарнага круга ўключаюць таксама веснавыя і летнія карагоды, зімовыя гульнявыя песні («як водзяць казу», «як жэняць Цярэшку» і інш.) і ўмоўна прымеркаваныя лірычныя і лірыка-эпічныя (баладнага зместу) песні; «піліпаўскія», «лесавыя», «лугавыя», «як полюць», «як пасуць жывёлу» і інш. Вызначальная рыса К.п. — іх поліфункцыянальнасць, якая выяўляецца ў дамінуючым значэнні адных і дапаўняльным другіх функцый.
Дамінуючыя функцыі — нарматыўна-рэгламентуючая, знакава-апазнавальная і сугестыўна-інспіратыўная, дапаўняльныя — эстэтычная і псіхалагічна-рэкрэатыўная. Дамінуючыя функцыі абумоўліваюць якасную адметнасць К.п.: строгую прымеркаванасць да пэўнага часу і абставін; фарміраванне тыпавых політэкставых напеваў — гранічна сціслых устойлівых меладычных формул, якія маюць сімвалічнае значэнне, выступаючы ў межах пэўнага арэала як муз. знак Каляды, вясны, Купалы, жніва, восені. У гэтым сэнсе іх можна вызначыць «як песня і — больш чым песня».
Паэтычны змест К.п. характарызуецца прац. земляробчай тэматыкай, пераплеценай з персаніфікаванымі вобразамі навакольнай прыроды і даўніх язычніцкіх святкаванняў. Нярэдка на першы план выступаюць матывы міфалагічныя (у песнях зімовага і летняга сонцаваротаў), а таксама баладныя (у купальскіх), пазней гіст. (у калядных), антыпрыгонніцкія (у жніўных). Вобразны лад вызначаецца маляўнічасцю (веснавыя, купальскія), урачыстай прыўзнятасцю (абходныя валачобныя і калядныя), псіхал. паглыбленасцю (восеньскія) або драматызмам маналагічнага выказвання (жніўныя). Напевы К.п. пры вонкава скупых меладычных сродках (вузкім ці сярэднім гукавым дыяпазоне — тэрцыі, кварты, квінты) валодаюць вял. выразнай сілай, дзякуючы раўназначнасці ўсіх кампанентаў муз. мовы: уласна меладычных (ладавых і рытмічных), інтанацыйна-адценневых, арнаментальных, тэмбравых і сэнсавай важкасці кожнай меладычнай дэталі ў межах меладычнай формулы. Немалаважную ролю адыгрывае і манера выканання: галасны спеў са звонкімі воклічамі і глісандуючымі завяршэннямі фраз (веснавыя песні), антыфонныя пераклічкі (веснавыя, купальскія), доўгія фермата — «зацягванні голасу» (жніўныя), рытуальны шум (калядныя). Пры ўсіх гіст. зменах, што адбываюцца ў традыц.нар. песнятворчасці, К.п., у адрозненне ад неабрадавых «простых» песень, асэнсоўваюцца сельскімі носьбітамі фальклору як песні «асобыя», «надабныя». Яны спантанна нібы нараджаюцца ў свядомасці іх носьбітаў менавіта ў пэўны і толькі ў пэўны час. Высокі іх статус, урачыстасць іх з’яўлення падкрэсліваюцца і ў паэт. тэкстах, напр., у канцоўках-зваротах валачобнікаў да гаспадара: «А мы госцікі недакучныя // А мы ў гадочак — адзін разочак».
Публ.:
Беларускія народныя песні / Запіс Р.Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;
Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.Цітовіч. 2 выд.Мн., 1975;
Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;
Паэзія беларускага земляробчага календара / Уклад. А.Ліс. Мн., 1992;
Варфаламеева Т.Б. Песні Беларускага Панямоння. Мн., 1998.
Літ.:
Мухаринская Л.С. Белорусская народная пссня: Ист. развитие. Мн., 1977;
Елатов В.И. Песни восточнославянской общности. Мн., 1977;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии: Опыт системно-типол. исслед. Мн., 1985.