ДЛУГАПО́ЛЕ-ЗДРУЙ (Dlugopole Zdrój),
бальнеакліматычны курорт у Польшчы. На ПдУ ад г. Валбжых, у Клодзскай катлавіне Цэнтр. Судзетаў паблізу мяжы з Чэхіяй. Развіваецца з пач. 19 ст., крыніцы мінер. вод вядомы з 16 ст. Добра ахаваны ад вятроў, вылучаецца мяккім умераным кліматам. Прыродныя ўмовы спрыяльныя для лячэння органаў стрававання і кровазвароту. Паблізу ў г. Быстшыца-Клодзка шмат арх.-гіст. помнікаў (13—17 ст.), музеі філуменіі.
т. 6, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛЕ́ВІЧ (Фёдар Фёдаравіч) (н. 14.8.1952, г. Маладзечна),
бел. акцёр цырка, клоун. Засл. артыст Беларусі (1979). Скончыў студыю пры Мінскім дзярж. цырку (1969). Акцёр Саюздзяржцырка (з 1992 Расдзяржцырк). Выступае ў дуэце з А.Варанецкім як дывановы клоун (маску прастадушнага, вясёлага хлопца стварыў на аснове бел. фальклору). У нумарах выкарыстоўвае акрабатыку і жангліраванне. Аўтар (з Варанецкім) многіх клаунад і рэпрыз. Зняўся ў тэлефільмах «Дзяніскавы апавяданні», «Навагодні атракцыён», «А таксама цырк».
т. 5, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАНРА́ВАЎ (Барыс Георгіевіч) (16.4.1896, Масква — 27.10.1949),
рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1937). З 1915 у МХАТ. У яго мастацтве спалучаліся шчырасць, мужная прастата з рамантычным натхненнем і паэт. пафасам. Сярод роляў: Мышлаеўскі («Дні Турбіных» М.Булгакава), цар Фёдар («Цар Фёдар Іванавіч» А.К.Талстога), Вайніцкі («Дзядзька Ваня» А.Чэхава). З 1920 здымаўся ў кіно: «Пецярбургская ноч», «Аэраград», «Узнятая цаліна», «Аповесць пра сапраўднага чалавека» і інш.
т. 5, с. 559
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДАЯ́Н (Аляксандр Арсенавіч) (н. 24.5.1925, с. Хот Гарыскага р-на, Арменія),
бел. матэматык. Канд. фізіка-матэм. н. (1965), праф. (1983). Скончыў Азерб. ун-т (1955). З 1966 у Бел. пед. ун-це. Навук. працы па тэнзарным аналізе і рыманавай геаметрыі. Аўтар навуч. дапаможнікаў для тэхнікумаў і ВНУ.
Тв.:
Алгебра и геометрия. Мн., 1989 (разам з У.А.Дударэнкам);
Математический анализ. Мн., 1990 (з ім жа).
т. 6, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́РМШТАТ (Darmstadt),
горад у цэнтр. ч. Германіі, зямля Гесен. Вядомы з 11 ст. 139,8 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд. (вытв-сць паліграф. машын, рухавікоў, радыё- і тэлеапаратуры, эл.-тэхн.), хім., папяровая, гарбарна-абутковая, паліграф., мэблевая. Вытв-сць шпалераў. Ням.-польскі ін-т (з 1980). Музеі. Арх. помнікі: царква (15 ст.), замак (16—18 ст.) з царквой (16 ст.), ратуша (16 ст.).
т. 6, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАПА́РК,
парк, адметны перавагай вадаёмаў, якія з’яўляюцца базай для арганізацыі водных відаў спорту і адпачынку, кампазіцыйнай асновай арх.-планіровачнай і ландшафтнай арганізацыі. Абавязковыя кампаненты гідрапарку — пляжы з салярыямі, аэрарыямі, спарт. пляцоўкамі. Для яго характэрны ландшафт адкрытых і паўадкрытых прастораў з групавым размяшчэннем насаджэнняў, пароды якіх падбіраюцца з улікам магчымасці вырастання ва ўмовах павышанай вільготнасці. Асаблівая ўвага аддаецца дэкар. афармленню берагавой лініі вадаёмаў.
А.В.Сычова.
т. 5, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУШАКО́Ў (Васіль Сяргеевіч) (н. 27.7.1924, в. Дзерабуж Смаленскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне аўтамабілетрактарабудавання. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1992). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1957). З 1957 на Мінскім трактарным з-дзе, з 1978 у Бел. аграрным тэхн. ун-це. Навук. працы па ўдасканаленні энергет. установак аўтатрактарнага тыпу і распрацоўцы аптымальных тэмпературных рэжымаў іх эксплуатацыі.
Тв.:
Тракторы и автомобили. М., 1985 (у сааўт.).
т. 5, с. 304
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРШО́ВІЧ (Юрый Вульфавіч) (н. 10.1.1935, г. Харкаў, Украіна),
бел. скрыпач. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1959). У 1959—95 саліст Дзярж. акад. сімф. аркестра Беларусі (з 1972 канцэртмайстар), адначасова ў 1965—72 выкладаў у Сярэдняй спец. муз. школе пры Бел. кансерваторыі. Выступаў з канцэртамі як саліст і ансамбліст (у 1965—90 першая скрыпка Квартэта Саюза кампазітараў БССР). З 1995 жыве ў Германіі.
І.І.Зубрыч.
т. 5, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ВУ́ГАЛЮ І СТА́ЛІ (ЕАВС),
дзяржаўна-манапалістычная арганізацыя, створаная ў 1951 з мэтай садзейнічаць пашырэнню і мадэрнізацыі здабычы вугалю, руды. вытв-сці металу. Напачатку аб’ядноўвала ФРГ, Францыю, Італію, Бельгію, Нідэрланды і Люксембург, пазней з расшырэннем складу ўдзельнікаў Еўрапейскай эканамічнай супольнасці ўключыла Вялікабрытанію, Данію, Ірландыю, Грэцыю, Іспанію і Партугалію. У 1967 органы аб’яднання зліліся з органамі ЕЭС і Еўраатама. Штаб-кватэра ў г. Брусель (Бельгія).
т. 6, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЎНЯ́К (Расціслаў Міхайлавіч) (н. 6.10.1939, в. Валокі Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. матэматык. Канд. фізіка-матэм. н. (1972), праф. (1993). Скончыў БДУ (1964). З 1969 ў Ін-це матэматыкі АН Беларусі, з 1972 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па тэорыі аптымальнага кіравання дынамічнымі сістэмамі. Аўтар падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для ВНУ.
Тв.:
Высшая математика. Мн., 1993 (разам з А.А.Карпуком).
т. 6, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)