БРУХАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Hypotrichida, або Hypotricha),
атрад прасцейшых падкл. спіральнараснічных інфузорый. Больш за 400 відаў. Пашыраны брухараснічныя інфузорыі з сям. Aspidiscidae, Euplotidae, Oxytrichidae. У вадаёмах Беларусі — прадстаўнікі родаў Aspidisca, Euplotes, Oxytricha, Stylonychia. Большасць жыве ў тоўшчы марскіх і прэсных водаў, сярод зараснікаў водных раслін, у глеі, глебе.
Цела сплошчанае. Раснічны апарат дыферэнцыраваны: на спінным баку раснічкі ператвораны ў кароткія адчувальныя шчацінкі, на брушку зліваюцца і ўтвараюць пальцападобныя т.зв. цыры, з дапамогай якіх брухараснічныя інфузорыі хутка перамяшчаюцца па субстраце. Размнажэнне бясполае (дзяленне папалам) і палавое (кан’югацыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ГМАН (Авель Пінхусавіч) (12.4.1906, в. Людзяневічы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 30.5.1958),
бел. архітэктар. Скончыў Маскоўскі арх.ін-т (1936). Працаваў у Мінску. У 1945—58 кіраўнік майстэрні ін-та «Белдзяржпраект», выкладчык Мінскага арх.-буд. тэхнікума. Сярод работ: гасцініца «Дняпро», жылыя дамы (1931—41, у сааўт.) у Магілёве; ін-т фізкультуры (1938, у сааўт.), жылыя дамы па праспекце Ф.Скарыны (1948—51), будынкі інтэрната Мінскай вышэйшай парт. школы, «Белпрамсавета», «Прамэнергапраекта» (1953—55), тэхнал. ін-та (1956, у сааўт.) у Мінску. У 1937—41 старшыня праўлення Саюза архітэктараў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ДНА,
возера ў Беларусі, у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Свольна, за 26 км на ПнЗ ад г.п. Расоны. Пл. 0,28 км², даўж. 700 м, найб.шыр. 600 м, найб.глыб. 4,7 м, даўж. берагавой лініі 2,3 км. Пл. Вадазбору 0,33 км².
Схілы катлавіны выш. ад 8 да 20 м, стромкія, на Пн нізкія, пад хваёвым лесам. Берагі высокія, пясчаныя і тарфяністыя. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно глеістае. Вада вылучаецца высокай празрыстасцю (да дна) і нізкай мінералізацыяй, якая абмяжоўвае развіццё расліннасці і арганізмаў. Дно ўкрыта імхамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 16—20 ст. Утвораны ў 1520 у Падляшскім, з 1566 у Брэсцкім ваяводстве ВКЛ. У крыніцах 16—17 ст. на старабел. мове Берасцейскі павет. Цэнтр — г.Брэст (Берасце, Бярэсце, Брэст-Літоўск, Брэст-над-Бугам). З 1795 у складзе Рас. імперыі: у Слонімскай, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губ.Пл. павета 4893,2 км², нас. 218,4 тыс.чал. (1897). У 1921—39 у Палескім ваяводстве ў Польшчы. 4.12.1939 уключаны ў склад Брэсцкай вобласціБССР. 15.1.1940 скасаваны, вобласць падзелена на раёны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАВЕ́СЦЬ,
возера ў Беларусі, у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Сечна, за 8 км на ПдУ ад г.п. Шуміліна. Пл. 3,41 км²; даўж. 4,14 км, найб.шыр. 1,4 км, найб.глыб. 10,3 м, даўж. берагавой лініі 13,4 км. Пл. вадазбору каля 20 км².
Схілы катлавіны выш. да 20 м, на З стромкія, тэрасаваныя, пад хмызняком, на У разараныя. Берагі выш. 0,3—0,4 м, пясчаныя. Дно складанай будовы, на мелкаводдзі пясчанае, глыбей — сапрапелістае. 5 астравоў. Зарастае слаба, паласа расліннасці шыр. 20—40 м. Пратокай злучана з воз. Княжно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧАЯ КЛІМАТАЛО́ГІЯ,
навука, якая вывучае кліматычныя параметры, метады іх вызначэння і асаблівасці ўліку ў практыцы буд-ва; раздзел будаўнічай фізікі. Развіваецца на аснове дасягненняў фізікі атмасферы і агульнай кліматалогіі. Аснова распрацовак ген. планаў гарадоў, пасёлкаў і інш., праектавання збудаванняў, абгрунтавання выбару буд. матэрыялаў і канструкцый, сістэм ацяплення, вентыляцыі, газа- і водазабеспячэння, прыродаахоўных мерапрыемстваў, распрацоўкі тэхналогіі і арганізацыі буд. вытв-сці, забеспячэння аховы працы і інш. На Беларусі праблемы будаўнічай кліматалогіі даследуюцца ў Бел.політэхн. акадэміі, Бел.тэхнал. ун-це і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДНІКІ,
катэгорыя работнікаў на Беларусі ў 15 — сярэдзіне 19 ст., якія працавалі гал. чынам на будах. Набіраліся пераважна са збяднелых сялян. Некваліфікаваныя буднікі звычайна выпальвалі попел з драўніны пэўных парод і нарыхтоўвалі дровы, клёпку для будных печаў. Кваліфікаваныя буднікі выварвалі з попелу паташ (палівачы і карытнікі), выпальвалі вугаль для кузняў, рабілі бочкі пад паташ, выконвалі дапаможныя работы (кавалі, бондары, цагельнікі і інш.). За сваю працу буднікі атрымлівалі ардынарый (харчы), адзенне і грашовую плату. Большасць буднікаў мела свае хаты, бяздомныя жылі па месцы працы ў спец. памяшканнях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЁЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Лёзненскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Мошна, за 2 км на ПдЗ ад г.п. Лёзна. Пл. 0,72 км², даўж. 2,65 км, найб.шыр. 380 м, найб.глыб. 13 м, даўж. берагавой лініі 5,84 км. Пл. вадазбору 9,4 км².
Схілы катлавіны выш. да 3 м, паўн. да 10 м, пераважна разараныя, усх. параслі хмызняком. Берагі пясчаныя, пад хмызняком, на З і У сплавінныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбей дно сапрапелістае. Выцякае ручай у р. Мошна. Зарастае да глыб. 2,2 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІВІЯНІ́Т (ад прозвішча англ. мінералога Дж.Вівіяна),
мінерал класа фасфатаў, водны фасфат двухвалентнага жалеза Fe3[PO4]2∙8H2O. Прымесі марганцу, магнію, кальцыю. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, ігольчастыя, таблітчатыя. Зямлістыя і парашкаватыя масы, канкрэцыі. У свежым выглядзе бясколерны, празрысты, на паветры лёгка акісляецца, набываючы блакітную, індыгава-сінюю да чорна-сіняй афарбоўку. Бляск шкляны або зямлісты. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 2,7 г/см³. Асадкавы, радзей гіпергенны, ёсць у многіх тарфяніках. Выкарыстоўваецца як мінер. пігмент (сіняя фарба) і мясц. ўгнаенне. У Беларусі радовішчы вівіяніту ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДО́МЕЦ (Parnassia),
род кветкавых раслін сям. відомцавых. Больш за 50 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных і субтрапічных рэгіёнах Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляецца відомец балотны (Parnassia palustris). Расце на балотах, забалочаных лугах, берагах рэк і ручаёў.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом і кароткім карэнішчам. Лісце суцэльнае, сцябловае сядзячае, прыкаранёвае ў разетцы, доўгачаранковае, з сэрцападобнай асновай. Кветкі адзіночныя, белыя, з нектарнікамі. Плод — шматнасенная аднагнездавая каробачка. Лісце мае дубільныя і горкія рэчывы. Лек. (заспакаяльны, вяжучы, мачагонны, жаўцягонны, кровааднаўленчы і гаючы сродак), дэкар., кармавыя і меданосныя расліны. Некаторыя віды ядавітыя.