АМІРА́НЦКІЯ АСТРАВЫ́ (Amirantes Islands),

архіпелаг нізінных каралавых а-воў (каля 150) у Індыйскім ак., на ПнУ ад в-ва Мадагаскар, тэр. дзяржавы Сейшэльскія Астравы. Пл. каля 85 км². Плантацыі какосавых пальмаў. Лоўля рыбы і чарапах. Адкрыты ў 1502 партугальцамі, названы ў гонар мараплаўца адмірала Васка да Гамы.

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАЛЕСКА́РЫЙ (ад лац. adolesco падрастаю),

лічынкавая стадыя некаторых паразітных трэматод. Развіваецца ў навакольным асяроддзі з цэркарыя, выдзеленага прамежкавымі гаспадарамі (малюскамі). З вадой ці кормам трапляе ў арганізм канчатковага гаспадара (пазваночныя жывёлы, чалавек), дзе развіваецца ў палаваспелую трэматоду. Стадыя адалескарыя ўласціва, напр., цыклу развіцця пячоначнай двухвусткі — узбуджальніка фасцыялёзу.

т. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМУ́ЧВАННЕ,

раздзяленне ўзмучаных цвёрдых дробных часцінак, заснаванае на розных скарасцях іх асядання ў вадзе; спосаб гідраўл. класіфікацыі здробненых матэрыялаў. Уключае адстойванне полідысперснай суспензіі з дэкантацыяй у паслядоўна злучаных адстойніках. Выкарыстоўваюць пры абагачэнні мінер. сыравіны, атрыманні тонкіх парашкоў, ачыстцы глін (кааліну) ад мех. дамешкаў (пяску, слюды, палявога шпату).

т. 1, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭНО́МА (ад адэн... + ...ома),

дабраякасная пухліна, якая можа развіцца з залозістага эпітэлію і захаваць структурныя прыкметы зыходнай тканкі. Развіваецца ў тканках малочнай, шчытападобнай, прастаты, гіпофіза і інш. залоз, а таксама ў залозістым эпітэліі слізістых абалонак страўніка, кішэчніка і інш. Часам перараджаецца ў злаякасную пухліну. Лячэнне хірургічнае.

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВАПЛА́Н (ад аква... + план),

драўляны плоцік, які буксіруецца самаходнымі суднамі і прызначаны для міжсезоннай трэніроўкі спартсменаў (у т. л. гарналыжнікаў). Даўж. каля 0,9 м, шыр. 0,6 м; аптымальная скорасць буксіравання 30—45 км/гадз, даўж. буксірнага шнура 10—15 м.

Акваплан (частковы разрэз; памеры ў мм).

т. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРАТЭ́РЫЙ (ад грэч. akrotērion вяршыня, франтон),

скульптурны элемент арх. дэкору, які завяршае вуглы франтонаў арх. збудавання, створанага з выкарыстаннем класічнага ордэра. Узнік у антычнасці, у розныя эпохі набываў своеасаблівую трактоўку: квіятон (готыка), пальмета (рэнесанс), валюта, арнаментальная кампазіцыя (барока), абеліск, статуя, грыфон, ваен. атрыбуты (класіцызм) і інш.

Акратэрыі.

т. 1, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБІЯ́НІК, шугалея,

лодка, выдзеўбаная з дубовага ствала, з набітымі дашчанымі бартамі. Была найб. пашырана на Бел. Палессі. Грузападымальнасць 1,5—4,5 т. Мела паветку (з рагожы, палатна, скуры і да т.п.). У яе канструкцыі адлюстраваўся пераход ад аднадрэвак да дашчаных лодак. Выйшла з ужытку на пач. 20 ст.

т. 1, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСІДЫЯ́Н (ад лац. Obsidianus lapis) камень Абсідыя),

прыроднае вулканічнае шкло чорнага, цёмна-шэрага, карычневага, чырвонага колераў, з рэжучым сколам. Бляск шкляны. Цв. 5. Шчыльн. 2500—2600 кг/м³. Лёгка паліруецца. Утвараецца пры хуткім ахалоджванні вязкай кіслай лавы. Выкарыстоўваецца як напаўняльнік лёгкіх бетонаў і вырабны камень.

Абсідыян.

т. 1, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНТУРЫ́ЗМ (ад франц. aventure прыгода),

дзейнасць, заснаваная на рызыкоўных падазроных учынках з мэтай дасягнуць лёгкага поспеху, выгады; справа, распачатая без уліку рэальных умоў і магчымасцяў. Як правіла, мае на мэце задавальненне карыслівых інтарэсаў, але ў большасці выпадкаў канчаецца правалам. Найб. страты грамадству прыносяць палітычны, эканам., ваенны авантурызм.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМІ́РАВАННЕ (ад лац. armare умацоўваць, забяспечваць),

умацаванне матэрыялу ці канструкцыі інш. матэрыялам. Выкарыстоўваецца пры вырабе жалезабетонных і каменных канструкцый (гл. Армакаменныя канструкцыі, Армацэментавыя канструкцыі, Жалезабетонныя канструкцыі), вырабаў са шкла (гл. Арміраванае шкло), пластмасаў, керамікі, гіпсу і г.д. (гл. Арміраваныя матэрыялы). Пашыраны кампазіцыйныя матэрыялы, арміраваныя высокатрывалымі валокнамі.

т. 1, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)