КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ (ад позналац. confoederatio саюз, аб’яднанне),
форма саюза дзяржаў, пры якой дзяржавы, што ўваходзяць у саюз, захоўваюць свой суверэнітэт у поўным аб’ёме. Спалучае рысы міжнар.-прававой і дзярж. арг-цыі. У розны час К. былі: Аўстра-Венгрыя (да 1918), Швецыя і Нарвегія (да 1905), ЗША (1781—89), Швейцарыя (1815—48) і інш. У наш час у свеце існуе толькі адно ўтварэнне, якое мае прыкметы К., — Еўрапейскі Саюз.
Вопыт сведчыць, што форма К. з’яўляецца пераходнай або да поўнага распаду саюза, або да федэратыўнай формы дзярж. пабудовы. Асн. рысы К.: утварэнне на аснове адпаведных дагавораў; суб’екты маюць права свабоднага выхаду з яе; рашэнні саюзнай улады не маюць сілы без згоды суб’ектаў; у распараджэнне К. ўваходзіць невял. кола пытанняў (вайны і міру, знешняй палітыкі, сістэмы камунікацый і інш.); у К. ствараюцца толькі тыя дзярж. органы, якія неабходны для вырашэння задач, спецыяльна вызначаных у дагаворных актах; парламент фарміруецца прадстаўнічымі органамі суб’ектаў, якія абавязваюць свае дэлегацыі няўхільна выконваць выдадзеныя ім інструкцыі і ўказанні; пастаянна дзеючыя органы К. пазбаўлены ўласных паўнамоцтваў; суб’ектам К. належыць права адмовы ў прызнанні або адмова ва ўжыванні актаў саюзнай улады; бюджэт К. фарміруецца за кошт добраахвотных узносаў яе суб’ектаў; суб’екты маюць права ўстанаўліваць мытныя і інш. абмежаванні, што перашкаджаюць перамяшчэнню асоб, тавараў, паслуг і капіталаў; як правіла, у К. адсутнічае адзіная сістэма грашовага абарачэння; вайсковыя фарміраванні набіраюцца суб’ектамі К., прычым часта захоўваецца іх двайное падпарадкаванне органам К. і яе суб’ектаў; у К. няма саюзнага грамадзянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́КСЕМБУРГ (польск. Luksemburg, ням. Luxemburg) Роза (5.3.1871, г. Замасць, Польшча — 15.1.1919), дзеяч польскай і ням. сацыял-дэмакратыі і камуніст. руху. Скончыла Цюрыхскі ун-т (1896). Адна з заснавальнікаў (1893) Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), аўтар большасці яе праграмных дакументаў, у т. л. па нац. пытанні. З 1898 у Германіі, належала да кіраўніцтва С.-д. партыі і 2-га Інтэрнацыянала. Выступала супраць т.зв. рэвізіянізму ў сацыял-дэмакратыі, мілітарызму і каланіяльнай палітыкі еўрап. дзяржаў. Удзельніца рэвалюцыі 1905—07 у Варшаве і Пецярбургу. Адна з заснавальнікаў «Спартака саюза» (1916), Камуніст. партыі Германіі (1918—19), аўтар яе праграмы, удзельніца Лістападаўскай рэвалюцыі 1918. Разам з К.Лібкнехтам арыштавана і забіта членамі афіцэрскага баявога атрада «Фрайкорпуса». Аўтар прац па палітэканоміі, тэорыі сацыяліст. рэвалюцыі, у т. л. па нац. і сял. пытаннях («Развіццё прамысловасці ў Польшчы», 1898, «Сацыяльная рэформа ці рэвалюцыя», 1900). Аналізавала прагрэс. грамадскія сілы, механізмы рэвалюцыі, ролю ўсеагульнай забастоўкі («Масавая забастоўка, партыя і прафсаюзы», 1906), фактары і перашкоды ў эканам. развіцці пры капіталізме («Накапленне капіталу», т. 1—2, 1913), праблемы ў сацыяліст. руху ў 1-ю сусв. вайну («Крызіс сацыял-дэмакратыі», 1916), адзначыла пагрозу ўзнікнення таталітарызму ў рас. рэвалюцыі («Руская рэвалюцыя», выд. 1922). Яетэарэт. і паліт. канцэпцыі, супраць якіх выступаў У.І.Ленін, паўплывалі на фарміраванне праграмы радыкальнага крыла сацыяліст., а пазней камуніст. руху.
Тв.:
Рус.пер. — О социализме и русской революции: Избр. статьи, речи, письма. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЯЎ ТЭО́РЫЯ,
раздзел дыферэнцыяльнай геаметрыі, які вывучае ўласцівасці паверхняў. Лакальная П.т. вывучае паверхні, атрыманыя ў выніку гладкай дэфармацыі простай вобласці (напр., круга), глабальная — паверхні, «склееныя» з простых, лакальна вызначаных частак. П.т. грунтуецца на тапалогіі і агульнай тэорыі мнагастайнасцей.
У П.т. разглядаюцца ўласцівасці паверхняў, нязменныя пры рухах. Адна з асн.яе задач — вымярэнні на паверхні. Сукупнасць фактаў, якія атрымліваюць пры гэтых вымярэннях, складаюць унутраную геаметрыю паверхні. Да яе паняццяў адносяцца даўжыня лініі, вугал паміж 2 напрамкамі, плошча вобласці, геадэзічная лінія, геад. крывізна лініі і інш. П.т. вылучае і даследуе асобныя класы паверхняў, геам. ўласцівасці ліній на паверхні, прасторавую будову наваколля пункта, выгінанне паверхняў, вызначэнне паверхняў па зададзеных першай і другой квадратычных формах, нармальнай і гаўсавай крывізне, даследаванне паверхні «ў цэлым» па ўласцівасцях наваколля яе пунктаў, тэорыі выпуклых паверхняў, праектыўна-інварыянтныя ўласцівасці паверхняў і інш. У П.т. вызначаюцца ізаметрычнае (пры якім не зменьваюцца даўжыні адпаведных ліній), канформнае (гл.Канформнае адлюстраванне) і інш. адлюстраванні паверхняў адна на адну, будуецца тэорыя сетак на паверхнях. Вывучаюцца паверхні ў мнагамерных эўклідавых і неэўклідавых прасторах, разглядаюцца негаланомныя паверхні (характарызуюць рух цела пад дзеяннем сувязей механічных). Ідэі і метады П.т. шырока выкарыстоўваюцца ў інш. раздзелах матэматыкі, у механіцы і фізіцы. Асновы П.т. закладзены ў працах Л.Эйлера, К.Ф.Гаўса, Т.Монжа.
Літ.:
Норден А.П. Теория поверхностей. М., 1956;
Погорелов А.В. Дифференциальная геометрия. 5 изд. М., 1969;
Дубровин Б.А., Новиков С.П., Фоменко А.Т. Современная геометрия: Методы и приложения. 2 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДБО́РШЧЫК,
прычапная машына для падбірання з поля сена, саломы, ільняной трасты і інш. пры ўборцы с.-г. культур.
Падборшчык-капаклад выкарыстоўваецца для падбірання сена або саломы з валкоў і ўкладкі копаў. Рабочыя органы — падборшчык барабаннага тыпу, транспарцёр і камера-капноўшчык. Падборшчык-стогаскладальнік прызначаны для падбірання сена або саломы з валкоў і ўтварэння стога. Мае падборшчык барабаннага тыпу, вентылятар-шпурлялку, прасавальную камеру, падпрасоўваючы апарат. Падборшчык-ушчыльняльнік падбірае з валкоў салому, сена, правяленую траву і грузіць яе ў трактарны прычэп з адначасовым ушчыльненнем масы. Мае барабанны падборшчык, біцер з зубамі, загружальны механізм грабельнага тыпу, загружальны канал. Прэс-падборшчык падбірае з валкоў сена або салому, прасуе іх у цюкі прамавугольнай ці цыліндрычнай формы, абвязвае цюкі шпагатам або дротам Выкарыстоўваецца і ў стацыянарных умовах пры падачы сена (саломы) уручную. Аснашчаны падборшчыкам барабаннага тыпу, двума ўпакоўшчыкамі (механізмамі падачы масы), прасавальнай камерай, вязальным апаратам. Падборшчыкі трасты падбіраюць з рассцеленай на зямлі стужкі льняную трасту або абмалочаную салому і вяжуць яе ў снапы; падборшчык бавоўны падбірае бавоўну-сырэц, якая ўпала на зямлю, і часткова ачышчае яе, збірае ў бункер і перагружае ў трансп. сродак.
В.М.Кандрацьеў.
Тэхналагічныя схемы падборшчыкаў: а — прэс-падборшчык сена поршневага тыпу (1 — падборшчык, 2 — загрузчык, 3 — поршань, 4 — вязальны апарат, 5 — механізм ушчыльнення цюка); б — прэс-падборшчык сена барабаннага тыпу (1 — падборшчык, 2 — вязальны апарат, 3 — прасавальны механізм — транспарцёр, 4 — вальцы); в — падборшчык ільносаломы і трасты (1 — падбіральны барабан, 2 — комлепадбівальнік, 3 — Вязальны апарат, 4 — сноп).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛЕ́ЙТА (ням. Flöte ад праванс. flaüto),
духавы лабіяльны муз. інструмент, у якім гук здабываюць удзіманнем паветра ў канал трубкі. Вырабляюць з дрэва або металу. Вядомы 2 віды Ф. — папярочная (пры ігры трымаюць гарызантальна) і падоўжная (трымаюць вертыкальна). Дыяпазон c1—c4. Папярочная Ф. — адзін з найстараж. муз. інструментаў (упамінаецца ў 9 ст. да н.э.). З 12 ст. ў Еўропе і Азіі. Удасканальвалася. Сучасны яе тып удасканалены Т.Бёмам у 19 ст., выкарыстоўваецца як арк., ансамблевы і сольны інструмент. Уяўляе сабой цыліндрычную трубку, якая складаецца з галоўкі (з рухомым коркам для рэгулявання строю і спец. адтулінай для ўдзімання паветра), сярэдняга і ніжняга кален з клапанным механізмам. Яе разнавіднасці: вял., малая (Ф.-пікала), альтовая і басовая. На Беларусі пашырана з 18 ст. ў складзе магнацкіх капэл, у т. л. Гродзенскай Тызенгаўза (флейтысты С.Давыдовіч, В.Дзевальтоўскі, П.Ламінскі, А.Тумін, Я.Шусціцкі, М.Яленіч). Сярод бел. флейтыстаў 20 ст. Г.Гедыльтэр, А.Рачоў, Б.Трызна, У.Харытонаў. Музыку для Ф. пісалі М.Аладаў, Л.Шлег, П.Падкавыраў, В.Помазаў, Дз.Смольскі і інш.Падоўжная Ф. мае цыліндрычны канал з бакавымі адтулінамі, дзюбападобны муштук з коркам усярэдзіне. Да яе належаць: старадаўні флажалет, блокфлётэ, двайная Ф., а таксама бел.нар. інструменты — адзіночная дудка і парныя дудкі. У Еўропе вядома з 11 ст. З 16 ст. існуе ў разнавіднасцях дыскантавая, альтовая, тэнаровая. Выкарыстоўваецца ў прафес. і аматарскіх нар. аркестрах і ансамблях нар. інструментаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСТЭРНАЛІ́ЗМ,
плынь у гістарыяграфіі, філасофіі і сацыялогіі навукі. Узнік у Англіі ў 1930-я г. як пэўная сума тэарэт. поглядаў на навуку, яе гісторыю і месца ў грамадстве ў процівагу пазітывісцкаму і эмпірычнаму падыходам. Гал. яго прадстаўнікі — Дж.Д.Бернал, Р.К.Мертан, Дж.Холдэйн і інш. Аснова Э. — сцвярджэнне, што існуе сістэма заканамерных сувязей паміж развіццём навукі і грамадства, таму навука не замыкаецца ў сваёй сферы, а выступае арган. часткай грамадства і выконвае ролю аднаго з сац. ін-таў. Сутнасць навукі, яе змест і характар, задачы і функцыі, структура і арганізацыя, формы ўзаемадзеяння з вытв-сцю, місія вучоных і іх адказнасць перад грамадствам выводзяцца непасрэдна з сац. умоў. Канкрэтны вобраз навукі вызначаецца на падставе такіх навук.-гіст. арыенціраў, як сац. заказ, сац.-эканам. ўмовы, сац.-культ. фактары і г.д. У межах Э. распрацоўваецца праблема «эгаса навукі», якая ўключае сістэму нарматыўных рэгулятываў навук. дзейнасці: універсалізм, калектывізм, бескарыслівасць, арганізаваны скептыцызм, нейтральнасць. Значная ўвага аддаецца суб’ектыўным момантам дзейнасці вучоных — матывацыі, прызнанню, ацэнцы ўкладу ў навуку і інш. Паводле Э., гал.сац. функцыя вучонага — атрыманне новых ведаў, якія характарызуюць яго асабісты ўклад у навуку і ў той жа час выступаюць яе агульным здабыткам. Э. паслужыў тэарэт. перадумовай шэрагу ідэй і выступленняў супраць выкарыстання навукі ў мілітарысцкіх і інш. антыгуманных мэтах. Процілегласць Э. — інтэрналізм.
Літ.:
Бернал Дж. Наука и общество: Пер. с англ.М., 1953;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЯСК,
1) характарыстыка ўласцівасці паверхні, абумоўленая люстраным адбіццём святла. Колькасна вызначаецца суадносінамі паміж інтэнсіўнасцямі святла пры люстраным і дыфузным адбіцці.
2) Бляск нябеснага свяціла — характарыстыка асветленасці, якая ствараецца свяцілам на плоскасці, перпендыкулярнай прамяням, што на яе падаюць (уплыў атмасферы не ўлічваецца). Вымяраецца ў зорных велічынях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСУ́ДЖАНЫ,
асоба, у адносінах да якой судом вынесены прыгавор аб прызнанні яе вінаватай у злачынстве і назначана мера пакарання. У адпаведнасці з заканадаўствам асуджаны нясе абавязкі і карыстаецца правамі грамадзяніна з некаторымі абмежаваннямі, ступень якіх вызначаецца прыгаворам і залежыць ад рэжыму і ўмоў адбывання пакарання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКІ́НСКАЯ КАМУ́НА,
савецкая рэспубліка, якая існавала ў Баку і шэрагу іншых раёнаў Азербайджана 25.4—31.7.1918. Урад (бальшавікі і левыя эсэры) узначальваў С.Г.Шаўмян. Ва ўмовах актывізацыі ваен. дзеянняў у Закаўказзі з боку Турцыі і Англіі камуна пала, яе кіраўнікі расстраляны (гл.Бакінскія камісары).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАТАЛІ́ЙСКАЕ АГЕ́НЦТВА (Anadolu Ajansi; АА),
інфармацыйнае агенцтва ў Турцыі. Засн. ў г. Анкара ў 1920. Т-ва акцыянернае, большасць акцый належыць ураду. Мае сувязі з найбуйнейшымі агенцтвамі свету, шырокую карэспандэнцкую сетку ў краіне і за яе межамі. Выпускае штодзённы бюлетэнь у Анкары і Стамбуле.