духавы лабіяльны муз. інструмент, у якім гук здабываюць удзіманнем паветра ў канал трубкі. Вырабляюць з дрэва або металу. Вядомы 2 віды Ф. — папярочная (пры ігры трымаюць гарызантальна) і падоўжная (трымаюць вертыкальна). Дыяпазон c1—c4. Папярочная Ф. — адзін з найстараж. муз. інструментаў (упамінаецца ў 9 ст. да н.э.). З 12 ст. ў Еўропе і Азіі. Удасканальвалася. Сучасны яе тып удасканалены Т.Бёмам у 19 ст., выкарыстоўваецца як арк., ансамблевы і сольны інструмент. Уяўляе сабой цыліндрычную трубку, якая складаецца з галоўкі (з рухомым коркам для рэгулявання строю і спец. адтулінай для ўдзімання паветра), сярэдняга і ніжняга кален з клапанным механізмам. Яе разнавіднасці: вял., малая (Ф.-пікала), альтовая і басовая. На Беларусі пашырана з 18 ст. ў складзе магнацкіх капэл, у т. л. Гродзенскай Тызенгаўза (флейтысты С.Давыдовіч, В.Дзевальтоўскі, П.Ламінскі, А.Тумін, Я.Шусціцкі, М.Яленіч). Сярод бел. флейтыстаў 20 ст. Г.Гедыльтэр, А.Рачоў, Б.Трызна, У.Харытонаў. Музыку для Ф. пісалі М.Аладаў, Л.Шлег, П.Падкавыраў, В.Помазаў, Дз.Смольскі і інш.Падоўжная Ф. мае цыліндрычны канал з бакавымі адтулінамі, дзюбападобны муштук з коркам усярэдзіне. Да яе належаць: старадаўні флажалет, блокфлётэ, двайная Ф., а таксама бел.нар. інструменты — адзіночная дудка і парныя дудкі. У Еўропе вядома з 11 ст. З 16 ст. існуе ў разнавіднасцях дыскантавая, альтовая, тэнаровая. Выкарыстоўваецца ў прафес. і аматарскіх нар. аркестрах і ансамблях нар. інструментаў.