ВІ́ТКА (Васіль) (сапр.Крысько Цімох Васілевіч; 16.5.1911, в. Еўлічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 5.7.1996),
бел.паэт.Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Скончыў Слуцкую прафтэхшколу (1928). Працаваў у рэдакцыях газет і часопісаў, сакратаром Беластоцкага аддзялення СП Беларусі (1939—41). З 1948 нам., з 1951 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у 1957—74 гал. рэдактар час. «Вясёлка». Друкаваўся з 1928. Першы зб. вершаў «Гартаванне» (1944). Паэзія Віткі вызначаецца грамадз. пафасам, асн. яе матывы — услаўленне подзвігу чалавека ў Вял.Айч. вайну, гіст. здзяйсненняў бел. народа, хараства роднай зямлі, роздум аб жыцці, прызначэнні паэзіі (зб. «Поўдзень», 1946; «Ружа і штык», 1958; «Праводзіны лета», 1972; «Вышыні святла», 1977). Значнае месца ў творчасці паэта займаюць сатыр. вершы, пародыі, эпіграмы («Для дома, для альбома і трохі для эпохі», 1983). Аўтар п’есы «Шчасце паэта», прысвечанай Я.Купалу (1950, паст.Бел. т-рам імя Я.Купалы, 1952), апавяданняў, артыкулаў пра К.Чорнага, М.Лынькова, І.Мележа, М.Танка, Я.Брыля, Я.Маўра, У.Дубоўку, В.Сухамлінскага і інш. Для дзяцей напісаў вершаваныя казкі «Вавёрчына гора» (1948), «Буслінае лета» (1957), «Казка пра цара Зубра» (1960), кнігі «Дударык» (1964), «Азбука Васі Вясёлкіна» (1965), «Чытанка-маляванка» (1971), «Хто памагае сонцу» (1975), «Мы будуем метро», «Мінскія балады» (1981), зб. апавяданняў «Зайчык-вадалаз» (1962), зб.нар. пацешак «Ладачкі-ладкі» (1977). Даследаваў праблемы выхавання («Дзеці і мы», 1977; «Урокі», 1982; «Азбука душы», 1988). На бел. мову пераклаў раман М.Салтыкова-Шчадрына «Паны Галаўлёвы», асобныя творы Л.Талстога, А.Чэхава, У.Маякоўскага, Я.Райніса, М.Рыльскага, М.Стэльмаха, П.Варанько і інш. Сааўтар чытанак «Роднае слова» для 1-га (1969), 2-га (1970) і 3-га класаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1972 за кн. «Чытанка-маляванка», «Казкі» (1968) і паэму «Беларуская калыханка» (1971). Ганаровы дыплом Міжнар. журы па прэміях Х.К.Андэрсена (1978) з занясеннем імя паэта ў ганаровы спіс дацкага пісьменніка.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1973;
Дзецям: Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1986;
Трэція пеўні. Мн., 1988.
Літ.:
Казека Я. Гартаванне слова. Мн., 1985. С. 75—95;
Юрэвіч У. Сейбіт дабра і справядлівасці // Юрэвіч У. Абрысы. Мн., 1976;
Брыль Я. Паэт і чалавек // Зб.тв.Мн., 1981. Т. 1;
Гілевіч Н. Талент, удзячны Бацькаўшчыне // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;
Гурэвіч Э.С. Васіль Вітка // Беларуская дзіцячая літаратура. 2 выд.Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ВАЗ КАПІТА́ЛУ,
змяшчэнне капіталу за мяжой у грашовай ці таварнай форме з мэтай павелічэння прыбытку, умацавання там эканам. ці паліт. пазіцый. Як эканам. з’ява вядома з канца 19 ст. Падрыхтавалі вываз капіталу за мяжу знешні гандаль, сусв. рынак, міжнар. крэдыт, развіццё шляхоў зносін. Неабходнасць вывазу капіталу ўзнікла ў сувязі з ростам адноснага лішку капіталу ў эканамічна развітых краінах (Англіі, Францыі, Германіі, ЗША, Японіі і інш.). Капітал вывозяць за мяжу не таму, што ён не можа быць выкарыстаны ўнутры краіны, а таму што ў інш. краінах ён атрымлівае больш высокі прыбытак, паколькі там больш танная рабочая сіла і сыравіна. Вываз капіталу адбываецца ў форме вытворчага (будуюцца прамысл., с.-г. ці трансп. прадпрыемствы), гандлёвага (адкрываюцца магазіны, якія гандлююць таварамі мясц. ці замежнай вытв-сці), пазыковага (даюцца пазыкі, крэдыты) капіталаў. Інвестыцыі ў форме вытв. і гандл. капіталаў укладваюцца ў працэсе прыватнай дзейнасці замежных грамадзян. У залежнасці ад таго, хто з’яўляецца ўласнікам капіталу, адрозніваюць вываз капіталу дзярж. і прыватны. Функцыяніруючы капітал падзяляецца на прамыя інвестыцыі (экспарцёр капіталу з’яўляецца поўным уласнікам замежнага прадпрыемства ці ўладальнікам кантрольнага пакета акцый) і партфельныя (набытыя акцыі не забяспечваюць поўнага кантролю над прадпрыемствам). Для эпохі імперыялізму найб. характэрны быў вываз капіталу ці перамяшчэнне вытв-сці ў эканамічна слабейшыя краіны. У сучасных умовах вываз капіталу павялічыўся і ажыццяўляецца ў розных формах. Часта ён вывозіцца з адных высокаразвітых краін у іншыя, дзе ёсць умовы атрымання больш высокіх прыбыткаў ці інш.эканам. і паліт. выйгрышаў. У 1975 вываз капіталу вырас больш чым у 11 разоў у параўнанні з 1913—14, у т. л. з ЗША больш як у 82 разы, з Англіі ў 4, Францыі ў 3 разы. Сталі набіраць тэмп у вывазе капіталу краіны, што пацярпелі паражэнне ў 2-й сусв. вайне (ФРГ і Японія); некат. былыя імпарцёры капіталу сталі экспарцёрамі (Канада і інш.). У развітыя краіны, якія перажываюць эканам. бум, ідзе больш палавіны інвестыцый. Распад СССР і садружнасці сац. краін значна пашырыў сферу вывазу капіталу. Ён служыць сродкам узмацнення знешнегандл. экспансіі, вядзе да міжнар. перапляцення капіталаў, інтэрнацыяналізацыі грамадскай вытв-сці, абвастрэння канкурэнтнай барацьбы за сферы выкарыстання капіталаў.
Літ.:
Гаврилюк В.В. Экспорт капиталистических отношений в развивающиеся страны. Мн., 1973;
Громыко А.А. Внешняя экспансия капитала: История и современность. М., 1982;
Янченко С.Е. Вывоз капитала. Мн., 1961;
Мелман С. Прибыли без производства: Пер. с англ.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ́РЭР ((Dürer) Альбрэхт) (21.5.1471, г. Нюрнберг, Германія — 6.4.1528),
нямецкі жывапісец, рысавальшчык, гравёр, тэарэтык мастацтва. Заснавальнік мастацтва ням. Адраджэння. Вучыўся ювелірнай справе ў свайго бацькі, у 1486—89 — жывапісу ў майстэрні М.Вольгемута ў Нюрнбергу, дзе ўспрыняў прынцыпы ням. і нідэрл. позняй готыкі і азнаёміўся з некат. творамі ранняга італьян. Адраджэння. Праілюстраваў у 1488—90 шэраг нюрнбергскіх, у 1491—92 базельскіх выданняў. У 1490—94 выканаў у познагатычным стылі некалькі станковых гравюр, ілюстраваў кнігу «Карабель дурняў» С.Бранта і інш. Пасля першай (1494—95) і другой (1505—07) паездак у Італію актыўна развіваў маст. прынцыпы Адраджэння. У жывапісе Дз. ўмацоўваюцца дакладнасць вобразнай структуры, імкненне да строга ўпарадкаванага размяшчэння пластычных аб’ёмаў у прасторы, да супастаўлення лакальных колераў (шматфігурныя кампазіцыі «Дрэздэнскі алтар», каля 1496, «Алтар Паўмгартнераў», 1502—04, «Пакланенне Тройцы», 1511). У партрэтах і аўтапартрэтах сцвярджаў новае рэнесансавае разуменне чалавечай асобы і сац. стану мастака («Аўтапартрэт», 1498). Стварыў тып чалавека рэнесансавай эпохі, прасякнутага гордай самасвядомасцю ўласнай асобы, напружанай духоўнай энергіяй і практычнай мэтанакіраванасцю (партрэты: маладога чалавека, 1521, Х.Гольцшуэра, 1526, і інш.). Дасканала вывучаў прапорцыі чалавечага цела («Адам і Ева», 1507). Выканаў шэраг малюнкаў, але найб. ўвагу аддаваў гравюры (каля 350 малюнкаў для дрэварытаў і каля 100 медзярытаў). У серыі дрэварытаў «Апакаліпсіс» (1498), цыклах «Вялікія страсці» (каля 1497—1511), «Жыццё Марыі» (каля 1502—11), «Малыя страсці» (1509—11) адлюстраваў гуманіст. ўяўленні пра сэнс быцця і задачы мастацтва. Вытанчаная распрацоўка суадносін святла і паветранай прасторы, надзвычайная дакладнасць графічнай мовы, якасць ліній і аб’ёму ўласцівы тром т. зв. «майстарскім» медзярытам: «Рыцар, смерць і д’ябал» (1513) — вобраз непахіснага выканання свайго абавязку, стойкасці перад любымі выпрабаваннямі лёсу; «Меланхолія» (1514) — увасабленне ўнутраных канфліктаў і пошукаў неспакойнага творчага духу; «Іеранім у келлі» (1514) — ухваленне гуманіст. даследчай думкі. Ствараў і жыццёва-непасрэдныя нар. вобразы («Сяляне танцуюць», 1514). Аўтар трактатаў «Кіраўніцтва да вымярэння цыркулем і лінейкай» (1525), «Кіраўніцтва па ўмацаванні гарадоў, замкаў і крэпасцей» (1527), «Чатыры кнігі аб прапорцыях чалавека» (1528). Маст. пошукі Дз. завяршыў твор «Чатыры апосталы» (1526), дзе ўвасоблены 4 характары-тэмпераменты людзей, звязаныя з агульным гуманіст. ідэалам незалежнай думкі, сілы волі, стойкасці ў барацьбе за справядлівасць і ісціну.
Літ.:
Либман М.Я. Дюрер и его эпоха. М., 1972;
Львов С.П. А.Дюрер. М., 1977;
Нессельштраус Ц.Г. Альбрехт Дюрер. Л., М., 1961.
А.Дзюрэр. Аўтапартрэт. 1498.А.Дзюрэр. Меланхолія. Гравюра разцом на медзі. 1514.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЗМУ ПРЫ́НЦЫП,
погляд на быццё, чалавечае грамадства і культуру як на працэсы, што змяняюцца ў часе і прасторы, маюць набор пэўных прыкмет, спецыфічных для кожнай гіст.эпохі, рэгіёна ці этнічнай супольнасці. Гістарызму прынцып несумяшчальны з архаізацыяй або мадэрнізацыяй аб’ектаў даследавання, калі яны характарызуюцца паняццямі і аксіялагічнымі крытэрыямі папярэдніх або пазнейшых ступеней гіст. развіцця. Класічная антычная культура сфарміравалася на аснове фаталістычнага светапогляду, паводле якога лічылася, што гіст. падзеі, катастрофы ў жыцці народаў і асобных людзей прадвызначаны лёсам, якому падпарадкавана людское і боскае жыццё. Пазней узнікла гіст. навука (гл.Гісторыя), у якой прагматычнае апісанне падзей і людскіх учынкаў дапаўнялася міфал. сюжэтамі. Гістарызм як спецыфічны прынцып рэтраспектыўнага ўпарадкавання пройдзеных этапаў грамадскага быцця і культуры сфарміраваўся ў стараж.-егіпецкай цывілізацыі, яскрава выявіўся ў біблейскай гісторыі. Біблія паслужыла крыніцай для правідэнцыялісцкай канцэпцыі сярэдневяковай гіст. навукі. У эпоху Адраджэння і Асветніцтва гістарызму прынцып паступова секулярызаваўся, гіст. падзеі пачалі тлумачыць натуральнымі, сац.-паліт. і псіхал. прычынамі, узніклі першыя канцэпцыі філасофіі гісторыі (тэорыя «кругаваротаў» Дж.Віка, гіст. прагрэсу І.Гердэра, інш. філосафаў Асветніцтва). Г.Гегель стварыў дыялектычную філасофію гісторыі, паводле якой сусветны гіст. працэс — гэта паэтапнае самараскрыццё лагічнага пачатку (субстанцыі) быцця; пры гэтым кожны этап выяўляецца праз рэалізацыю нац. ідэі таго ці іншага гіст. народа. К.Маркс, Ф.Энгельс, рас. марксісты Г.Пляханаў, У.Ленін і інш. на аснове інтэрпрэтацыі гегелеўскай дыялектыкі стварылі гістарычны матэрыялізм, паводле якога гіст. працэсы вызначаюцца развіццём матэрыяльнай асновы грамадскага быцця — дыялектычнай супярэчнасцю паміж прадукцыйнымі сіламі і вытв. адносінамі. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзнікла канцэпцыя гісторыі як паслядоўнай змены нацыянальна замкнёных культ.-гіст. тыпаў (М.Данілеўскі, К.Лявонцьеў у Расіі) і «закрытых» цывілізацый (О.Шпенглер у Германіі). Бел. навука навука 16—18 ст. захавала фрагменты характэрнага для папярэдняй летапіснай гісторыі правідэнцыялізму. Аднак паступова яны выцясняліся прагматычным метадам, паводле якога гіст. падзеі з’яўляюцца вынікам мэтанакіраваных учынкаў герояў і народаў. У пач. 20 ст. пачалося даследаванне гісторыі Беларусі, яе духоўнай культуры з пункту гледжання нац. самабытнасці. Гегелеўская філасофія гісторыі была дапоўнена дэмакр. прынцыпамі раўнацэннасці ўсіх народаў і іх культур, адкінуты імперскія міфы пра «негістарычныя» народы. Рэалізацыя гэтых ідэй адбывалася ў ходзе даследавання гісторыі і культуры Беларусі, у абагульняльных даследаваннях па гісторыі, л-ры, маст. культуры, шматлікіх энцыклапедычных выданнях («Гісторыя Беларускай ССР», т. 1—5, 1972—75; «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі», т. 1—5, 1984—87; «Янка Купала», 1986; «Францыск Скарына і яго час», 1988; «Этнаграфія Беларусі», 1989; «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі», т. 1—4, 1993—97, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕАЛАГІ́ЧНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,
вывучэнне і групаванне моў свету (аднясенне да пэўнай групы, сям’і і інш.) на аснове іх падабенства, звязанага з наяўнасцю роднасных сувязей паміж імі. Роднасныя сувязі абумоўлены тым, што мовы пэўнай групы або сям’і ўтвараюцца з адной мовы-асновы (прамовы) шляхам яе распадзення. Прамова — гэта рэальная мова, якая некалі існавала і якую нельга аднавіць поўнасцю, але можна рэканструяваць яе фанетыку, граматыку і лексіку. Рэканструкцыя адбываецца шляхам супастаўлення роднасных моў (гл.Роднасць моў) на падставе параўнальна-гістарычнага метаду. Найб. дакладны матэрыял дае параўнанне граматычнай структуры, што тлумачыцца абмежаванасцю набору граматычных значэнняў у мовах свету і іх устойлівасцю ў адносінах да змянення, а таксама тым, што словазмяняльныя формы амаль не запазычваюцца. Больш складанае выкарыстанне лексічных адпаведнасцей паміж мовамі: вял. колькасць супадзенняў на гэтым узроўні тлумачыцца запазычаннямі (напр., бел. «бурбалка» < літ. burbulas). Для лексікалагічных параўнанняў бяруць словы, якія гістарычна належаць да эпохі прамовы: назвы роднасці і сваяцтва, некаторых жывёл, раслін, прылад працы, частак цела, некаторыя невытворныя займеннікі і інш. Важную ролю адыгрывае і гукавое афармленне таго, што параўноўваецца. Самы надзейны крытэрый роднасці моў — частковыя супадзенне і разыходжанне гукавой абалонкі пры ўмове рэгулярных гукавых адпаведнасцей і ўліку фанетычных законаў кожнай мовы. Напр., лац. ferunt адпавядае рус. «берут», што пацвярджаецца рэгулярным узнікненнем рус. «б» замест лац. «f» («брат» — frater, «боб» — faba). Пры генеалагічнай класіфікацыі моў блізкароднасныя мовы аб’ядноўваюць у падгрупу, потым — групу, сям’ю моў. Існуюць наступныя асн. сем’і моў: у Еўропе і Азіі — індаеўрапейскія мовы, фіна-угорскія мовы, цюркскія мовы, іберыйска-каўказскія мовы; у Азіі і Афрыцы — семіта-хаміцкія мовы; у паўд.-ўсх. і ўсх. Азіі — мангольскія мовы, тунгуса-маньчжурскія мовы, кітайска-тыбецкія мовы, палеаазіяцкая, дравідская; у Акіяніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі — малайска-палінезійская, аўстра-азіяцкая; у Афрыцы — нігера-кардафанская, ніла-сахарская; у Паўн. Амерыцы — алгонкіна-масанская, хока-сіў, юкі-пенуці; у Цэнтр. Амерыцы — танаюта-ацтэкская, майя-соке; у Паўд. Амерыцы — аравакская, янамана-панатаканская, тупі-гуарані.
У 2-й пал. 20 ст. ўзнікла гіпотэза пра аб’яднанне сем’яў у больш буйныя сукупнасці — макрасем’і, адна з якіх — настратычныя мовы.
Літ.:
Мейе А. Сравнительный метод в историческом языкознании. 4 изд. М., 1954;
Иванов В.В. Генеалогическая классификация языков и понятие языкового родства. М., 1954;
Иллич-Свитыч В.М. Опыт сравнения ностратических языков: Сравнительный словарь. [Т. 1—3]. М., 1976—84;
Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́СНЫ,
ручны ткацкі станок з навітай асновай для вырабу тканін у хатніх умовах. Найб. важныя часткі і прыстасаванні пашыраных на Беларусі гарызантальных К.: ставы (апорны каркас), на якіх мацаваліся навоі (для асновы і тканіны); ніты, у якіх накідалася аснова; бёрда з набіліцамі для прыбівання ўтку; панажы, кацёлкі для прывядзення ў рух нітоў і ўтварэння зева пры тканні. Пачыналі наладку К. з навівання падрыхтаванай асновы. Расплятаючы аснову, яе ўвесь час часалі драўляным грэбенем (для раўнамернага размеркавання) і, нацягваючы, накручвалі на навой. Для ўтварэння зева ў аснову прапускалі 2 вузкія (2—3 см) «чыноўныя» дошчачкі, якія перасоўвалі па меры накручвання асновы. Наступны этап — накіданне асновы ў ніты. Парадак прапускання асновы ў ніты і іх колькасць залежалі ад узору будучай тканіны (колькасць нітоў вагалася ад 2 да 16 і больш). Аснову прапускалі ў бёрда, звязвалі па некалькі нітак разам, прадзявалі пруточак і замацоўвалі яго на навоі. Ніты злучалі з панажамі. Наладка К. і тканне лічыліся жаночай справай. На К. выраблялі разнастайныя тканіны ад 2-нітовага палатна да шматнітовых і перабіраных узорыстых ручнікоў, абрусаў, посцілак і інш.
Прататыпам К. лічаць вядомыя з эпохі неаліту спец. квадратныя дошчачкі з дзіркамі па 4 вуглах, у якіх прапускалася аснова; пры паварочванні дошчачак у аснове ўтвараўся зеў для прапускання ўтку. Стараж. прыстасаваннем было таксама бёрдзечка — прамавугольная дошка памерам 25—30 × 18—25 см, на якой рабіліся круглыя дзірачкі для прапускання цотных нітак асновы і падоўжаныя — для няцотных; пры перамяшчэнні бёрдзечка ўніз і ўверх утвараўся зеў. Найб.стараж. былі прымітыўныя К. на «сохах», у якіх адсутнічалі бакавыя станіны (ставы), абодва навоі мацаваліся на падстаўках (слупках), укапаных у земляную падлогу развілкай уверх (захаваліся на У і ПдУ Беларусі да канца 19 — пач. 20 ст.). Больш дасканалымі былі К. са ставамі (ставіцамі), якія рабілі са ствала дрэва, выкапанага з каранямі, што служылі ножкамі, навой з асновай размяшчаўся на лаве, ніты, як і ў К. на «сохах», мацавалі да столі (у 19 ст. пашыраны ў цэнтр. і ўсх. раёнах). Самымі пашыранымі былі рамныя К., аснову якіх складала рама з 4 падставак, злучаных унізе папярочкамі, навоі мацаваліся на ставах, з боку ніцянога навоя — стойкі з перакладзінай (паднёбнік), на якія падвешвалі ніты. У 2-й пал. 19 ст. атрымалі пашырэнне тэхнічна больш удасканаленыя К. — варштаты, якімі напачатку карысталіся на саматужных промыслах, потым з некат. зменамі — сяляне. У 20 ст. на Беларусі пашыраны рамныя К. і варштат.
К. таксама называлі ніцяную аснову, што навівалася на навой ткацкага стана. Гл. таксама Ткацтва, Ткацтва мастацкае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖ,
сімвалічны і дэкаратыўны знак (звычайна складаецца з 2 перакрыжаваных прамых), адзін з галоўных хрысціянскіх сімвалаў і прадметаў культу. Вядомы з першабытнай эпохі ў культурах розных народаў свету. Выступае як геаметрызаваны варыянт сусв. дрэва, сімвал каардынат, які дае чалавеку арыенцір у прасторы і часе; звязаны таксама з сімволікай сонца і агню (салярны знак). Найчасцей К. лічыўся сімвалам вышэйшых сакральных каштоўнасцей. У міфалогіі ён падкрэсліваў ідэю цэнтра і асн. кірункаў, якія ідуць ад цэнтра. На думку многіх даследчыкаў міфалогіі, К. сімвалізаваў духоўныя аспекты: узыходжанне духа, імкненне да Бога і вечнасці. Часта К. выступаў як мадэль чалавека і антрапаморфнага божышча. У спалучэнні з колам лічыўся знакам злучэння мужчынскага і жаночага пачаткаў. К. на шары — вярхоўная ўлада, перамога духоўнага. Адной з разнавіднасцей К. з’яўляецца свастыка, якая вядома ў Еўразіі з верхняга палеаліту і абазначае спрыяльны, шчаслівы аб’ект, салярны сімвал, знак святла і шчодрасці. На тэр. Беларусі, пераважна ў яе паўн. і сярэдняй частках, выявы свастык трапляюцца ў жал. веку і сярэдневякоўі. У хрысціянстве К. лічыцца сакральным сімвалам, бо на ім, паводле Евангелля, быў распяты Ісус Хрыстос. Найб. пашыранымі формамі хрысц. К. з’яўляюцца: чатырохканцовы (яго разнавіднасці грэчаскі К., дзе верт. брус і перакладзіна аднолькавыя, і лацінскі, дзе верт. брус даўжэйшы за гарызантальны), Т-падобны, андрэеўскі (2 брусы, складзеныя як дыяганалі), рускі праваслаўны (з 2 перакладзінамі, верхняя гарыз. даўжэйшая, ніжняя дыяганальная), латарынгскі (з 2 гарызантальнымі перакладзінамі, верхняя карацейшая), васьміканцовы (у форме латарынгскага К., з кароткай перакладзінай унізе, дыяганальнай або гарызантальнай). Два апошнія К. даследчыкі называюць «патрыяршыя К.». Форма К. мае практычнае значэнне для хрысц. канфесій: католікі і пратэстанты карыстаюцца амаль выключна чатырохканцовым К., праваслаўныя — шасціканцовым і васьміканцовым розных варыянтаў, часам чатырохканцовым, стараверы прызнаюць толькі васьміканцовы К.
У геральдыцы існуе больш за 200 разнавіднасцей К., якія выступаюць у якасці гербавых фігур. У ВКЛ і Рэчы Паспалітай К. рознай формы былі састаўнымі часткамі гербаў гарадоў Гродна, Крычава, Лепеля, Ліпнішак, Любчы, Оршы, Ружан, Слоніма, Цырына, а таксама шэрагу шляхецкіх гербаў («Бойча», «Бродзіц», «Касцеша», «Лада», «Ліс», «Любіч», «Пілява», «Сыракомля», «Тарнава», «Ястрэмбец» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІГІЛІ́ЗМ,
сацыяльна-філасофская канцэпцыя абсалютнага адмаўлення духоўных асноў быцця і агульнапрынятых каштоўнасцей (ідэалаў, рэліг. і маральных норм, культуры, грамадскіх ін-таў, гіст. мінулага). Асн. ідэі Н. прысутнічалі ў рэліг.-філас. вучэннях сярэднявечча. У 11 ст. ератыкоў называлі «нігіліяністамі» (па назве вучэння, якое адмаўляла існаванне Хрыста); у 18—19 ст. у Еўропе тэрмін «Н.» ужываўся для абазначэння крайнасцей ідэалізму і скептыцызму. Пачынаючы з Ф.Ніцшэ, зах.філас. і этычны Н. набыў змест вучэння «пачатку эпохі заняпаду». Ніцшэ надаў Н. кірунак «пераацэнкі ўсіх каштоўнасцей», разглядаў яго як этап вызвалення ад ілюзій гуманізму ў працэсе руху да «звышчалавека», які стаіць «па той бок дабрыні і зла». Непасрэдная прычына Н., на думку Ніцшэ, — разлажэнне хрысціянскай маралі і рэліг. свядомасці, страта веры ў Бога. Новая інтэрпрэтацыя Н. ўзнікла ў 20 ст. ў філасофска-гіст. канцэпцыі «культурных цыклаў» О.Шпенглера, які лічыў еўрап. грамадства і культуру нігілістычнымі (гл.Культурных цыклаў тэорыя). «Эпоха заняпаду», якую перажывае кожны культурны арганізм, характарызуецца спецыфічнымі рысамі: разважнасцю, цвярозым практыцызмам, сенсуалістычна-матэрыялістычным падыходам да чалавека і свету. Гэтыя моманты, паводле Шпенглера, і складаюць аснову нігілістычнага светаадчування. У зах. філасофіі 2-й пал. 20 ст. праблемы Н. распрацоўваліся найперш экзістэнцыялістамі (М.Хайдэгер, К.Ясперс, А.Камю). Узнікненне Н. яны звязваюць з тым, што грамадства страціла веру ў тыя ідэалы, якія складаюць сэнс чалавечай дзейнасці. На іх думку, чалавечае жыццё ў сучасных умовах становіцца бессэнсоўным. Таму Камю заклікаў людзей усведамляць абсурднасць сваіх дзеянняў. У Расіі і на Беларусі гал. носьбітам ідэалогіі і псіхалогіі Н. былі прадстаўнікі разначыннай дэмакр. інтэлігенцыі канца 1850—60-х г. Спецыфічнай рысай гэтага Н. быў рацыяналізм, заснаваны на кульце «ведаў», пакланенні прыродазнаўчым навукам, перанясенні іх метадаў на сац. і духоўную сферы. Разбурэнне мінулага, ператварэнне яго ў «нішто» было найважнейшай прыкметай Н. Канкрэтныя справы прыхільнікі Н. разумелі як разрыў з традыц. сістэмай каштоўнасцей у адукацыі і выхаванні, барацьбу за індывідуальнасць, бунт, рэвалюцыю, разбурэнне ўсіх рэліг., дзярж. і культ. дасягненняў, як пратэст супраць усяго існуючага. Тэарэтыкі рас. Н. адхілялі кансерватыўную ідэалогію і рэліг. забабоны, ідэаліст. філасофію, дэспатызм у грамадстве і сям’і, «мастацтва дзеля мастацтва», «навуку дзеля навукі», патрабавалі свабоды асобы, раўнапраўя жанчын, абгрунтоўвалі выключную ролю інтэлігенцыі ў пераўтварэнні краіны. Н. стаў асновай светапогляду рэв.-дэмакр. кірункаў сац.-філас. і грамадска-паліт. думкі таго часу. Маючы форму актыўнага пратэсту ён падштурхоўваў да змянення навакольнай рэчаіснасці. У 1860-я г. Н. паступова страціў свой уплыў у рас. грамадстве, яго прадстаўнікі падзяліліся на рэвалюцыянераў-дэмакратаў, прапаведнікаў культурніцтва, блізкіх да лібералаў, і радыкалаў-анархістаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРА́МНАЯ МУ́ЗЫКА,
род інструментальнай музыкі, якая ўвасабляе пэўную, абвешчаную кампазітарам тэму (сюжэт). Праграма выкладаецца ў выглядзе загалоўка твора ці яго частак, эпіграфа або ў разгорнутай літ. форме. Асн. віды праграмнасці: карцінная (развіццё аднаго ці некалькіх муз. вобразаў без істотных змен на працягу ўсяго ўспрыняцця) і сюжэтная, якая ўключае абагульнена-сюжэтную (у музыцы адлюстраваны асноўныя сюжэтныя вузлы літ. першакрыніцы) і паслядоўна-сюжэтную (музыка ідзе за ўсімі перыпетыямі сюжэта). Сродкамі вобразнай канкрэтызацыі музыкі выступаюць прыёмы гукапісу, муз. жанр, стыль, тып муз. драматургіі, характэрныя нац. рысы муз. мовы. Будову твораў вызначаюць агульныя прынцыпы муз. формаўтварэння (монатэматызм, варыяцыйнасць, свабодна трактаваная санатная форма).
Вядома са старажытнасці. Сярод твораў эпохі барока канцэрты «Поры года» А.Вівальдзі, «Капрычыо на ад’езд любага брата» І.С.Баха, у творчасці венскіх класікаў «Развітальная сімфонія» І.Гайдна, «Пастаральная», уверцюры «Эгмант» і «Карыялан» Л.Бетховена. Росквіту дасягнула ў эпоху рамантызму, калі склаліся многія яе жанры, якія атрымалі развіццё ў 20 ст. Сярод твораў: «Фантастычная сімфонія» Г.Берліёза, сімфоніі «Манфрэд» П.Чайкоўскага, «1905 год» Дз.Шастаковіча, сімф. паэмы «Прэлюды» Ф.Ліста, «Тыль Уленшпігель» Р.Штрауса, «Паэма экстазу» А.Скрабіна, «Пасіфік-231» А.Анегера, сімф. карціны «Ноч на Лысай гары» М.Мусаргскага і «Кікімара» А.Лядава, фп. «Эцюды-карціны» С.Рахманінава, сімф. сюіты «Шахеразада» М.Рымскага-Корсакава і «Скіфская сюіта» С.Пракоф’ева, сімф. цыклы «Накцюрны» і «Мора» К.Дэбюсі, цыклы фп. мініяцюр «Карнавал» Р.Шумана і «Каталог птушак» А.Месіяна.
У бел. музыцы ўвасоблены ўсе жанры і тыпы П.м. Трывалы кірунак яе развіцця — фальклорная лінія, дзе муз. праграма канкрэтызуецца праз змест тэкстаў бел.нар. песень, на напевах якіх грунтуецца інстр. тэматызм твору («Беларускае вяселле» А.Абрамовіча, «Родныя напевы» П.Падкавырава, «Забавы» В.Войціка, «Батлейка» В.Помазава). Поруч з карцінамі прыроды і нар. побыту асновай праграмы выступаюць рэальныя падзеі гісторыі і сучаснасці («У суровыя дні» М.Аладава, «Вечна жывыя» Г.Вагнера, «Фрэскі» Л.Абеліёвіча, «Мемарыял» У.Дарохіна, дзе ў розных жанрава-стылявых ракурсах адлюстравана тэма Вял.Айч. вайны). Невычарпальная крыніца П.м. — тэмы, сюжэты і вобразы літаратуры і выяўл. мастацтва («Альпійская сімфонія-балада» Я.Глебава паводле В.Быкава, 8-я сімфонія Дз.Смольскага з вершамі І.Бродскага, «Капрычас» С.Картэса, «Снетагорскія фрэскі» Г.Гарэлавай). У паэтыцы бел. П.м. канца 20 ст. ўзмацнілася роля сімвала, метафары, асацыятыўнага мыслення («Цэзій-137» В.Кузняцова, «Вір» А.Літвіноўскага, «Святло на шляху» Я.Паплаўскага).
Літ.:
Хохлов Ю.Н. О музыкальной программности. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІ́ННЫЯ ПЕ́СНІ, хрэсьбінныя песні,
жанр сямейна-абрадавага фальклору. Вядомы многім славянскім народам. Спяваліся ў час сямейнага святкавання радзін. Найб. даўнія Р.п. захавалі сляды магічнага светапогляду эпохі першабытнаабшчыннага ладу, імкнення сілай слова абараніць дзіця ад злых сіл і забяспечыць яму шчаслівую долю. У іх па-мастацку адлюстраваліся светапогляд, глыбокая нар. філасофія, пачуцці, духоўна-жыццёвы вопыт народа; яны асабліва цесна звязаны з вясковым побытам. Да Р.п. далучаюцца застольныя і бяседныя песні, непасрэдна не звязаныя з абрадам, але прымеркаваныя да яго. Разам з валачобнымі песнямі, восеньскімі песнямі і жніўнымі песнямі належаць да спецыфічных з’яў бел. фальклору, у якім найб. захаваліся. Шырока вядомы на ўсёй Беларусі, асабліва на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. Большасць Р.п. групуецца вакол найважнейшых удзельнікаў сямейнай урачыстасці. Паводле зместу і прызначэння падзяляюцца на песні-велічанні да парадзіхі і бацькі, песні-зычэнні да дзіцяці, песні апавядальнага характару пра бабку, песні-велічанні і жартоўныя песні да бабкі і кумоў — самых шаноўных гасцей.
Напевы Р.п. уяўляюць сабой сістэму, якая ў сямейна-абрадавым цыкле вылучаецца сваёй спецыфікай. Ядро сістэмы ўтвараюць 6 асн. тыпавых політэкставых напеваў, адной частцы якіх уласціва стылістыка напеваў-формул, другой — больш індывідуалізаваных напеваў лірычнай вобразнасці. Тыпавыя напевы распаўсюджаны ў межах агульнага арэала пашырэння ўласна радзінных напеваў (ахоплівае ўсю Віцебскую вобл., паўн.ч. Гродзеншчыны, Міншчыны і Магілёўшчыны). Да ўласна радзінных адносяцца таксама абрадавыя па функцыі формульныя або лірызаваныя па стылістыцы полі- і монатэкставыя напевы вузкалакальнага або нават пунктавага пашырэння, а таксама напевы, што маюць рассеяны характар распаўсюджання. Другая група Р.п. — бяседныя і застольныя, частка якіх звязана толькі з абрадам радзін, інш. могуць выконвацца ў любой адпаведнай сітуацыі. Трэцяя група — лірычныя песні пераважна сямейна-быт. тэматыкі. Найб. месца ў абрадзе яны займаюць у той ч. Беларусі, дзе адсутнічаюць тыповыя радзінныя напевы.
Публ.: Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 2. Мн., 1960; Радзінная паэзія. Мн., 1971; Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974. С. 311—358; Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981; Радзіны. Мн., 1998; Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Панямоння. Мн., 1998; Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, вып. 1. С. 206—225;
Гілевіч Н. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 69—74;
Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 193—201;
Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993. С. 92—95.