расійская эстрадная спявачка. Нар.арт. Расіі (1985). Нар.арт.СССР (1991). Скончыла Муз. вучылішча імя М.Іпалітава-Іванава ў Маскве (1969), Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва імя А.Луначарскага (1981). З 1970 артыстка Ліпецкай філармоніі, салістка эстр.арк. пад кіраўніцтвам А.Лундстрэма, вакальна-інстр. ансамбля «Вясёлыя рабяты», Расканцэрта. З 1988 маст. кіраўнік т-ра-студыі «Тэатр песні». У рэпертуары песні рас. і замежных кампазітараў, шмат з якіх выканала ўпершыню, уласныя песні. Яе выкананне вылучаецца драматург. пабудаванасцю, рэжысёрскай прадуманасцю кампазіцый. «Гран-пры» на Міжнар. фестывалях эстраднай песні «Залаты Арфей» (1975, Балгарыя) і «Бурштынавы салавей» у Сопаце (1978, Польшча). Здымалася ў кіно («Жанчына, якая спявае», «Прыйшла і гавару» і інш.). Яе творчасці прысвечаны тэлефільмы «Тэатр Алы Пугачовай» (1978), «У Алы» (1979), «Маналогі спявачкі» (1981) і інш.Дзярж. прэмія Расіі 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ТРУ́ПА ІГНА́ТА БУЙНІ́ЦКАГА,
прафесійны бел. тэатр у 1907—13. Створана па ініцыятыве акцёра і тэатр. дзеяча І.Буйніцкага ў фальварку Палівачы Дзісенскага пав. Віленскай губ. (цяпер в. Палевачы Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.). Узнікла на аснове бел. вечарынак, аматарскіх «сямейных» спектакляў і да 1910 мела аматарскі характар. Трупа праводзіла асв. работу, шмат зрабіла для развіцця самадз. творчасці і прапаганды бел. мастацтва, стварыла асновы нац.прафес. тэатра. Пад уплывам яе дзейнасці і традыцый у крас. 1917 узнікла Першае таварыства беларускай драмы і камедыі. Калектыў шмат гастраліраваў па Беларусі, у Вільні (1910), Пецярбургу (1911 і 1912), Варшаве (1913). У праграму паказаў спачатку ўваходзілі бел.нар. песні, танцы, дэкламацыя вершаў і апавяданняў на роднай мове, невял. п’есы. З 1910 паказы складаліся з некалькіх самаст. частак: 1—2 п’ес, дэкламацый, спеваў і танцаў. Тэатр прытрымліваўся нар. традыцый, вылучаўся сінт. характарам сваёй творчасці і рэаліст. накіраванасцю. У нескладаным сцэнічным афармленні выкарыстоўваліся элементы бел.нар.выяўл. мастацтва, акцёры выступалі ў бел.нац. касцюмах. Сярод драм. выканаўцаў вызначаліся Буйніцкі (іграў характарна-драм. ролі), А.Бурбіс, Крапівіха (Цётка), А.Забель (З.Абрамовіч); сярод музыкантаў — Дз.Крывадубаў (Няленка) і І.Голер; сярод спевакоў — Я.Феакцістаў; сярод танцораў — Буйніцкі, яго дочкі Ванда і Алена, Ч., Л. і Я.Родзевічы. Муз. часткай кіраваў Л.Рагоўскі. Рэжысёрамі былі А.Аляксеенка, Бурбіс і інш. У рэпертуары: пастаноўкі «Модны шляхцюк» К.Каганца, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.Ажэшкі, «Сватанне» і «Мядзведзь» А.Чэхава, «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага, «Міхалка» Далецкіх; вершы Я.Купалы, Я.Коласа, Я.Лучыны, А.Паўловіча; песні «Чаму ж мне не пець», «Дуда-весялуха», «За гарамі, за лясамі» і інш.; танцы «Юрка», «Гняваш», «Верабей», «Лявоніха», «Мельнік», «Мяцеліца» і інш.
Літ.:
Няфёд У. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;
Яго ж. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра. Мн., 1991;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983.
У.І.Няфёд.
Да арт.Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. Буйніцкі з дочкамі. 1911.Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага ў час выступлення на этнаграфічным вечары ў Пецярбургу. 1912.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫ́ЕВЫЯ ІМХІ́, брыіды,
зялёныя імхі (Bryidae),
падклас лістасцябловых імхоў. Каля 85 сям., 700 родаў і 14 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі каля 40 сям., 115 родаў (найб. пашыраныя брый, дыкран, плеўрозій, зязюлін лён, цэратадон і інш.), 290 відаў. Брыевыя імхі найб. эвалюцыйна дасканалая група. Торфаўтваральнікі; разам з водарасцямі ўтвараюць падводныя згуртаванні, нярэдка дамінанты і субдамінанты жывога наглебавага покрыва, прыстанішча для дробных беспазваночных жывёл. Садзейнічаюць знікненню адных, узнаўленню і пашырэнню другіх відаў раслін, забалочванню глеб, зарастанню вадаёмаў, пагаршаюць якасць лугоў.
Шмат- або аднагадовыя імхі розных памераў (ад 1 мм да 50 см), звычайна зялёныя. Сцябло простае, вілавата- або монападыяльна-разгалінаванае, двух-, шматрадковааблісцелае, з рызоідамі, нярэдка мае дыферэнцыяцыю на тканкі. Каробачка спарагона ў большасці відаў з перыстомам.
Літ.:
Жизнь растений. Т. 4. М., 1978;
Игнатов М.С., Афонина О.М. Список мхов территории бывшего СССР // Arctoa: Бриол. журн. М., 1992. Т. 1 (1—2).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГАРА́,
рака на ПдЗУсх. Сібіры, правы, самы мнагаводны прыток Енісея, у Іркуцкай вобл. і Краснаярскім краі Расійскай Федэрацыі. Даўж. 1779 км, пл.бас. 1040 тыс.км². Выцякае з воз. Байкал, цячэ па паўд.ч. Сярэднесібірскага пласкагор’я. Ад вытоку большая ч. ракі ператворана ў каскад вадасховішчаў. У ніжнім цячэнні ў рэчышчы парогі Мурскі, Стралкоўскі (каля вусця), шматлікія шыверы, шмат астравоў. Асн. прытокі: Іркут, Ака з Іяй, Кова, Тасеева (злева), Ілім, Чадабец (справа). Водны рэжым Ангары зарэгуляваны воз. Байкал і вадасховішчамі. Жыўленне (акрамя азёрнага) снегавое і дажджавое. Ледастаў на вадасховішчах з ліст., ніжэй — з канца вер. да мая. Сярэднегадавы расход вады ў вярхоўі 1730 м³/с, у вусці 5100 м³/с. Суднаходная ад вытоку (з перарывамі каля плацін ГЭС). На Ангары Іркуцкая, Брацкая, Усць-Ілімская ГЭС з вадасховішчамі, будуецца (1989) Багучанская ГЭС. Гал. гарады: Іркуцк, Ангарск, Усолье-Сібірскае, Свірск, Брацк, Усць-Ілімск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫНО́МІЯ (ад грэч. antinomia супярэчнасць у законе),
супярэчнасць паміж двума суджэннямі, кожнае з якіх аднолькава лагічна даказальнае. Паняцце «антыномія» ўзнікла ў антычнасці (Платон, Арыстоцель). Стараж.-грэч. філосафы ў сэнсе антыноміі часцей выкарыстоўвалі тэрмін «апарыя». Шмат увагі фармулёўцы і аналізу антыноміі аддавалі схаластычныя логікі. Кант выкарыстоўваў паняцце «антыномія», спрабуючы апраўдаць асн. тэзіс сваёй філасофіі, паводле якога розум не можа выйсці за межы пачуццёвага вопыту і пазнаць «рэч у сабе». Вучэнне Канта пра антыномію развіта ням. класічным ідэалізмам як фундаментальная перадумова дыялект. логікі. Гегель крытычна прааналізаваў кантаўскае вырашэнне пытання антыноміі і паказаў, што супярэчнасць — неад’емная аб’ектыўная характарыстыка духу, які знаходзіцца ў развіцці, гіст. быцця і мыслення. У дыялект. матэрыялізме антыномія разглядаецца ў рамках вучэння пра дыялект. супярэчнасці (адрознівае супярэчнасці ад парадоксаў). Пастаноўка навук. праблем у форме антыноміі і іх вырашэнне — важнае звяно ў тэарэт. адлюстраванні дыялект. супярэчнасці аб’ектыўнай рэальнасці.
Літ.:
Манеев А.К. Философский анализ антиномии науки. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНЯЦВЕ́Т (Эдзі) (сапр.Каган Эдзі Сямёнаўна; н. 11.10.1913, Мінск),
бел. паэтэса. Скончыла Мінскі пед.ін-т (1936). Друкуецца з 1929. Выдала зб-кі лірыкі «Вершы» (1938), «Вясновай раніцай» (1941), «Беларуская рабіна» (1959), «Жаданне» (1971), «Закаханым» (1986) і інш.Шмат піша для дзяцей: «Васількі» (1947), «Твае таварышы» (1959), «Доктар Смех» (1977), «На двары алімпіяда» (1984, Міжнар. ганаровы дыплом 1986), «Рэчка-рэчанька мая» (1991) і інш. На бел. мову пераклала творы франц. паэзіі («Краіна Паэмія», для дзяцей, 1962; «Выбраныя песні» П.Ж.Беранжэ, 1960; «Зямны акіян» Г.Апалінэра, 1973; «З табой» П.Элюара, 1980); у 1993 выдадзены зб. перакладаў «З французскай і бельгійскай паэзіі»). Па яе лібрэта пастаўлены оперы для дзяцей «Джанат» (1942, муз. Л.Шварца) і «Марынка» (1955, муз. Р.Пукста).
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1976.
Літ.:
Барсток М.М. Эдзі Агняцвет // Беларуская дзіцячая літаратура. 2 выд.Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГО́ЎСКАЯ РАЗМАЛЁЎКА,
від бел.нар. творчасці; традыц. аздабленне алейнымі фарбамі мэблі, дываноў, шкляных пано — «карцінак», рамак для фотаздымкаў, тканін для ўпрыгожання інтэр’ера хаты і інш. Была пашырана ў вёсках Агова, Опаль Іванаўскага, Здзітава, Жорнаўка, Спорава Бярозаўскага, Крамно Драгічынскага р-наў Брэсцкай вобл. ў канцы 19 ст. — 1960-х г. Выконвалася на дрэве, шкле, палатне, цыраце, паперы.
Асаблівай жывапіснасцю і хараством паліхромнай размалёўкі, гармоніяй дэкору і формы вылучаюцца агоўскія куфры. Матывы агоўскай размалёўкі — раслінныя (букеты, вазоны), зааморфныя (ластаўкі, галубы, зязюлі), антрапаморфныя («паненка», «кавалер»), геаметрычныя; часам уключаюць надпісы (добрае пажаданне, прозвішча майстра, год стварэння вырабу). Агоўская размалёўка мае шмат агульнага з паліхромнай аб’ёмнай вышыўкай гладдзю на адзенні, ручніках і інш. Сувеніры, рэчы хатняга ўжытку, мэбля, аздобленыя па матывах агоўскай размалёўкі, вырабляюцца на Брэсцкай фабрыцы сувеніраў, Пінскай фабрыцы мастацкіх вырабаў, майстрамі-надомнікамі.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Агоўская размалёўка. Пано. Размалёўка па шкле. 1960-я г. Вёска Крамно Драгічынскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКА́,
рака ў Еўрапейскай ч.Рас. Федэрацыі, самы вял. правы прыток Волгі. Даўж. 1500 км, пл.бас. 245 тыс.км². Пачынаецца ў цэнтр.ч. Сярэднярускага ўзвышша на выш. 226 м над узр. м. і ўпадае ў Волгу каля г. Ніжні Ноўгарад. Рэчышча звілістае, пойма шырокая, шмат старыц. Гал. прытокі: Угра, Масква, Клязьма (злева), Мокша (справа). Паводка з крас. да мая ў верхнім цячэнні і да пач. чэрвеня ў ніжнім. Летам і зімой межань, восенню дажджавыя паводкі. Пераважны гадавы сцёк вясной. Ледастаў з ліст. да красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1300 м³/с. Рэгулярнае суднаходства ад г. Серпухаў да вусця (1200 км). На ўчастку ніжэй упадзення р. Масква на працягу 100 км шлюзаваная (Белаомутаўскі і Кузьмінскі гідравузлы). На левым беразе ў сярэднім цячэнні Акі — Прыокска-тэрасны запаведнік. На Ацэ — гарады Арол, Калуга, Серпухаў, Кашыра, Каломна, Разань, Касімаў, Мурам, Паўлава, Дзяржынск, Ніжні Ноўгарад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕАТО́РЫКА (ад лац. alea ігральныя косці; выпадковасць),
метад муз. кампазіцыі, які прадугледжвае мабільнасць (незамацаванасць) муз. тканіны ці формы. Узнікла ў 1950-я г., найб. характэрная для прадстаўнікоў авангардызму (Дж.Кейджу, К.Штокгаўзену і інш.). Заснавана на прынцыпе выпадковасці і імправізацыйнасці ў будове муз. твора. Адрозніваюць абсалютную алеаторыку (ахоплівае муз. твор у цэлым) і адносную (увядзенне фрагмента алеаторыкі ў інш. акружэнне; больш пашырана). Як сродак драматургічнага кантрасту, муз. вобразнасці і экспрэсіі алеаторыка сустракаецца ў творах А.Шнітке, Р.Шчадрына, Э.Дзянісава, Ф.Сланімскага, у бел. кампазітараў С.Картэса, Дз.Смольскага, В.Войціка, А.Мдывані, В.Капыцько і інш. Графічны запіс алеаторных твораў (побач з агульнапрынятай натацыяй ужываюцца спец. знакі) пакідае шмат момантаў на меркаванне музыканта, у выніку выканальніцкія версіі істотна адрозніваюцца паміж сабой.
Літ.:
Денисов Э. Современная музыка и проблемы эволюции композиторской техники. М., 1986. С. 112—136.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ГЕЛЬ (Мацей) (6.8.1715, былая в. Гембулы Лідскага пав. Віленскага ваяв. — 24.2.1760),
педагог, гісторык-архівіст, прававед. Пасля заканчэння піярскай школы ў Шчучыне ўступіў у ордэн піяраў (1730, святар з 1732) і займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. З канца 1740-х г. рэктар піярскага калегіума ў Вільні, заснаваў школу з асобным інтэрнатам для шляхецкай моладзі. У 1748 як пасол Рэчы Паспалітай меў магчымасць працаваць у архівах і б-ках Германіі, Францыі, Галандыі, дзе сабраў шматгіст. і дыпламат. дакументаў. Запланаваў выданне збору міжнар. трактатаў «Дыпламатычны кодэкс Польскага каралеўства і Вялікага княства Літоўскага», выйшлі 3 тамы (т. 1, 1758, т. 4, 1764, т. 5, 1759). Нявыдадзеныя матэрыялы захоўваюцца ў Рас.нац. б-цы ў Пецярбургу. Выдаў збор дакументаў «Граніцы Польскага каралеўства і Вял.кн. Літоўскага» (1758) па размежаванні дзярж. граніцы ВКЛ з Польшчай у сярэдзіне 16 ст. Зборнікі Д. як гіст. крыніца не страцілі свайго значэння.