харчовы прадукт, які з’яўляецца канцэнтратам малочнага тлушчу; адзін з асн.малочных прадуктаў. Вызначаецца павышанай біял. каштоўнасцю і каларыйнасцю (каля 3 МДж на 100 г прадукту). Мае 52—98% тлушчу (у залежнасці ад віду), 1—20% вільгаці, а таксама бялкі, малочны цукар, фасфатыды, тлушчарастваральныя вітаміны A, D, E і інш. рэчывы.
Вырабляюць розныя віды М.с.: салодкасметанковае, кісла-сметанковае, валагодскае (не меней за 82,5% тлушчу), аматарскае (78% тлушчу), сялянскае (72,5% тлушчу), бутэрброднае (зніжанай каларыйнасці і высокай пажыўнасці, за кошт увядзення маслёнкі), таплёнае (98% тлушчу), салёнае (з дабаўленнем кухоннай солі), дэсертнае са смакавымі і пахучымі напаўняльнікамі — какавы, ваніліну і цукру (шакаладнае масла), натуральных сокаў і цукру (фруктовае масла). Гл.таксамаМасларобства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРО́ЛІЗ (ад піра... + лізіс),
дэструктыўныя ператварэнні арган. злучэнняў пад уздзеяннем высокай (некалькі соцень градусаў) т-ры. Пры П. адначасова з асн. рэакцыяй (расшчапленнем вуглярод-вугляродных сувязей), што прыводзіць да ўтварэння прадуктаў ненасычанага характару з меншай малекулярнай масай, адбываюцца рэакцыі ізамерызацыі, цыклізацыі, полімерызацыі ці полікандэнсацыі зыходных злучэнняў і прадуктаў іх ператварэнняў. У прам-сці найб. пашыраны П. нафтавай сыравіны, піроліз драўніны, а таксама вугалю (гл.Каксаванне).
П. нафтавай сыравіны (пераважна газаў нафтаперапрацоўкі, бензінавых і газойлевых фракцый) — дэструктыўныя ператварэнні вуглевадародаў нафты пры т-рах 650—900 °C (гл.Крэкінг тэрмічны). Асн.прамысл. працэс атрымання этылену, прапілену, а таксама бутэнаў, бутадыену, бензолу, талуолу і інш. манамераў і паўпрадуктаў для хім. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЯР’Я́Н, маун (Valeriana),
род кветкавых раслін сям. валяр’янавых. Больш за 200 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Амерыцы, таксама ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі пашыраны валяр’ян лекавы (V. officinalis), у межах якога вылучаюць больш дробныя віды. Расце на сырых лугах, балотах, па берагах рэк, азёр і канаў, у забалочаных лясах і хмызняках, культывуецца як лек. расліна. Таксама трапляецца вельмі рэдкі рэліктавы від — валяр’ян двухдомны (V. dioica), занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У Цэнтр.бат. садзе АН як дэкар. і лек. (заменнік валяр’яну лекавага) расліна інтрадукаваны валяр’ян ліпалісты (V. tiliifolia).
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным, у верхняй ч. галінастым сцяблом выш. 5—100 см і тоўстым карэнішчам з мноствам каранёў, таксама паўкусты, кусты і ліяны. Сцябловае лісце супраціўнае, цэласнае, трайчастае або няпарнаперыстарассечанае. Кветкі дробныя, духмяныя, ружаватыя, бэзаватыя, радзей белыя, у складаных шчыткападобна-мяцёлчатых або галоўчатых суквеццях. Плод — дробная сямянка з лятучкай. Лек. (заспакаяльны, процісутаргавы, проціспазмалітычны і проціглісны сродак, карані і прэпараты з іх выкарыстоўваюць у медыцыне), дэкар. і меданосныя расліны. Маюць эфірны алей, арган. к-ты, алкалоіды (валярын, хацінін), гліказіды, смолы, дубільнікі, цукры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КАННЕ,
вымаўленне не пад націскам гука «а» заўсёды або ў пэўным становішчы ў адпаведнасці з галоснымі «а», «о», «е» пад націскам. Характэрная асаблівасць бел.літ. мовы (перадаецца і на пісьме) і мясц. гаворак асн. масіву, за выключэннем усх.-палескай (мазырскай) групы, а таксамарус.літ. мовы і яе паўд. гаворак. Адрозніваюць аканне пасля цвёрдых і аканне пасля мяккіх (яканне) зычных. У бел. мове пашырана недысімілятыўнае (моцнае) і дысімілятыўнае аканне. Пры недысімілятыўным гук «а» выступае заўсёды ў 1-м складзе перад націскам, а таксама пераважна і ў інш. ненаціскных складах: «вада́», «чалаве́к», «гавары́ў», «го́рад». Гэтае аканне ўласціва гаворкам сярэднебел. групы, полацка-мінскай падгрупы паўн.-ўсх. і паўд.-зах. дыялектам, дзе яно, аднак, няпоўнае, а таксамаліт. мове. Пры дысімілятыўным аканні ў 1-м складзе перад націскам гук «а» вымаўляецца, калі пад націскам выступае любы галосны, акрамя «а». Перад складам з націскам «а» пасля цвёрдых зычных утвараецца невыразны гук «ь» або «ы». Падобныя гукі адзначаюцца і ў інш. ненаціскных складах, за выключэннем канцавога адкрытага складу: «вады́», «траво́й», але «тръва́», «бъръда́» (аднак «мно́га», «го́ра»). Такое аканне ў гаворках магілёўска-віцебскай падгрупы паўн.-ўсх. дыялекту.
Літ.:
Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАТЫ́ЧНАЯ ЛІ́НІЯ,
сукупнасць тэхнал. абсталявання, устаноўленага ў паслядоўнасці тэхнал. працэсу, злучанага аўтам. транспартам і аснашчанага аўтам. загрузачна-разгрузачнымі прыстасаваннямі і адной агульнай ці некалькімі ўзаемазвязанымі сістэмамі кіравання. Аўтаматычныя лініі выконваюць увесь працэс вырабу ці перапрацоўкі прадукту вытв-сці або яго часткі. Аўтаматычныя лініі — аснова комплекснай аўтаматызацыі вытворчасці, іх выкарыстанне скарачае вытв. цыкл, павышае прадукцыйнасць працы, зніжае сабекошт прадукцыі.
Аўтаматычныя лініі бываюць зблакіраванымі (работа тэхнал. абсталявання аб’яднана агульным цыклам) і незблакіраванымі, пераналаджвальнымі, аднапрадметнымі і шматпрадметнымі. Некалькі аўтаматычных ліній, аб’яднаных у адну сістэму, утвараюць аўтам. ўчасткі і цэхі. Аўтам. сістэмы кіравання аўтаматычнымі лініямі забяспечваюць выкананне пэўным агрэгатам ці механізмам асн. і дапаможных аперацый тэхнал. працэсу, а таксама ўзгодненае дзеянне розных участкаў лініі. На аўтаматычных лініях выкарыстоўваюцца сістэмы рэлейнага і лікавага праграмнага кіравання.
Аўтаматычныя лініі выкарыстоўваюцца пераважна ў машынабудаванні, у электра- і радыётэхн., хім. і харч. прам-сці. На Беларусі распрацоўка, праектаў аўтаматычных ліній пачалася ў Мінскім СКБаўтам. ліній у 1956, першыя аўтаматычныя лініі выпушчаны ў 1959 Мінскім з-дам аўтам. ліній. Аўтаматычныя лініі выпускаюць таксама Баранавіцкі з-даўтам. ліній і Мінскі станкабуд. з-д. Гл.таксамаГібкая аўтаматызаваная вытворчасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЯ НЕБЯСПЕ́КА,
імавернасць узнікнення і развіцця пажару, уздзеяння яго небяспечных фактараў. Вызначаецца схільнасцю рэчыва да загарання, інтэнсіўнасцю працэсу гарэння і спадарожных з’яў (напр., дымаўтварэння), а таксама магчымасцю яго спынення і залежыць ад стану навакольнага асяроддзя.
П.н. рэчыва абумоўлена сукупнасцю яго ўласцівасцей, што спрыяюць узнікненню і распаўсюджванню гарэння і ўтварэнню небяспечных фактараў пажару. Да іх адносяць: полымя, іскры, павышаную т-ру навакольнага асяроддзя, таксічныя прадукты гарэння і тэрмічнага разлажэння, дым, зменшаную канцэнтрацыю кіслароду; таксама асколкі і часткі разбураных аб’ектаў, радыеактыўныя і таксічныя рэчывы, эл. ток, выбух у выніку пажару, вогнетушыльныя рэчывы. Пажаранебяспечнымі з’яўляюцца гаручыя рэчывы і іх сумесі (напр., метан, прапан, бензол, сера, фосфар, драўніна, торф), акісляльнікі (перманганат калію, азотная к-та), рэчывы, якія пры ўзаемадзеянні з вадой ці інш. рэчывамі могуць вылучаць гаручыя газы (карбід кальцыю) ці вял. колькасць цеплыні (нягашаная вапна, серная к-та), сціснутыя і звадкаваныя газы і інш. П.н. тэхнал. працэсаў і апаратаў абумоўлена магчымасцю некантралюемага выхаду параметраў тэхнал. працэсаў за бяспечныя межы, а таксама недастатковасцю прафілактычных мерапрыемстваў пажарнай бяспекі.
Літ.:
Монахов В.Т. Методы исследования пожарной опасности веществ. 2 изд. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХІЯТРЫ́Я (ад псіха... + грэч. iatreia лячэнне),
раздзел медыцыны, які вывучае прычыны ўзнікнення, развіццё, клініку і дыягностыку, метады лячэння і прафілактыкі псіхічных хвароб. Як навука П. вылучылася ў канцы 18 — пач. 19 ст.Навук.-тэарэт. аснова П. ў вучэнні І.П.Паўлава аб вышэйшай нервовай дзейнасці. Уключае таксамасац. аспекты: арганізацыю псіхіятрычнай дапамогі, рэабілітацыю хворых, адносіны псіхічна хворых з грамадствам, прававыя, эканам. і інш. Разглядае ўзнікненне і развіццё псіхічных хвароб у сувязі з парушэннем дзейнасці галаўнога мозга. Падзяляецца на агульную (вывучае асн. заканамернасці праявы і развіцця паталогіі псіхічнай дзейнасці, прыроду псіхапаталаг. працэсаў, прынцыпы класіфікацыі, праблемы аднаўлення, метады даследавання) і прыватную (даследуе асобныя псіхічныя хваробы). Цесна звязана з псіхатэрапіяй і псіхафармакалогіяй, таксама неўрапаталогіяй, паталаг. анатоміяй, псіхалогіяй, біяхіміяй. Асн. метад дыягностыкі ў П. — клінічнае даследаванне (вызначэнне псіхічнага статуса хворага), таксама дадатковая інфармацыя (лабараторныя тэсты, камп’ютэрная тамаграфія, рэнтгенаграфія і інш.). На Беларусі праблемы П. вывучаюцца і даследуюцца ў Мінскім, Віцебскім, Гродзенскім і Гомельскім мед. інстытутах.
Літ.:
Руководство по психиатрии. Т. 1—2. М., 1988;
Каплан Г.И., Сэдок Б.Дж. Клиническая психиатрия: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕЦІ́НЫ (саманазва ірон, дыгарон),
нацыя, асн. насельніцтва Рэспублікі Паўн. Асеція (каля 300 тыс.чал.). Жывуць таксама ў Грузіі і інш. Усяго ў краінах СНД каля 542 тыс.чал. (1979). Гавораць на асецінскай мове. Вернікі пераважна праваслаўныя, ёсць мусульмане-суніты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
В’Е́ТЫ, в’етнамцы,
нацыя, асн. насельніцтва В’етнама (больш за 54,5 млн.чал.). Жывуць таксама ў Кампучыі, Тайландзе, Лаосе, ЗША і інш. Агульная колькасць 55 млн.чал. (1987). Гавораць на в’етнамскай мове. Сярод вернікаў пераважаюць будысты, ёсць хрысціяне, мусульмане і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДЭА... (ад лац. video бачу, гляджу),
першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на іх дачыненне да эл. сігналаў, што нясуць інфармацыю аб відарысе (відэасігнал), а таксама да ўстройстваў, якія выкарыстоўваюцца ў сістэмах перадачы відарысаў, напр., відэамагнітафон, відэатэлефон.