ВАТЭРЛІ́НІЯ (галанд. water-lijn ад water вада + lijn лінія),
лінія судакранання паверхні вады з корпусам судна, што плавае. Грузавая ватэрлінія супадае са спакойнай паверхняй вады пры поўнай загрузцы судна і адпавядае найбольшай дапушчальнай у эксплуатацыі асадцы; адзначаецца грузавой маркай. Тэарэтычныя ватэрлініі атрымліваюць сячэннем паверхні корпуса судна гарыз. плоскасцямі на чарцяжы. Форма ватэрлініі і велічыня абведзенай ёю плошчы ўплываюць на характарыстыкі ходкасці і астойлівасці судна.
т. 4, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТЧАНСКАЕ ВО́ЗЕРА,
ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 28 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,35 км², даўж. 980 м, найб. шыр. 480 м, даўж. берагавой лініі 2,4 км. Пл. вадазбору 3,25 км². Схілы катлавіны выш. 7—10 м, пад лесам, на Пд і У разараныя. Берагі нізкія, на У зліваюцца са схіламі. Уваходзіць у зону адпачынку Ушачы.
т. 4, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХТУ́ЕЎ (Міхаіл Арцёмавіч) (23.11.1925, пас. Кара-Хаш Таджынскага р-на Рэспублікі Тува — 25.6.1944),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). З чэрв. 1944 на 1-м Бел. фронце. Сяржант Бухтуеў вызначыўся ў баі за ст. Чорныя Броды Акцябрскага р-на Гомельскай вобл.: экіпаж танка, дзе ён быў механікам-вадзіцелем, сваёй падпаленай машынай тараніў і вывеў са строю браняпоезд праціўніка. Загінуў у час тарана.
т. 3, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́ЛЕЧНЫ МОСТ,
мост з пралётнымі збудаваннямі, асноўнымі нясучымі канструкцыямі якіх з’яўляюцца суцэльныя бэлькі або бэлечныя фермы. Адрозніваюць бэлечны мост з простымі бэлечнымі пралётнымі збудаваннямі, што апіраюцца на 2 апоры, і неразразныя, якія апіраюцца на 3 апоры і болей. Пралётныя збудаванні робяць са сталі, алюмінію, жалезабетону, дрэва. На бэлечным мосце з бэлькамі суцэльнага профілю пралётныя збудаванні робяць звычайна з яздой па версе, з бэлечнымі фермамі — пераважна па нізе.
т. 3, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗКА (сапр. Бэта) Генрык, бел. святар. Родам з-пад Сухаволі Сакольскага пав. (Беласточчына). У 1920-я г. рэктар духоўнай семінарыі ў Ломжы. Папулярызаваў пчалярства, якое лічыў адным са сродкаў паляпшэння дабрабыту селяніна. У 1911 выдаў у Пецярбургу на бел. мове брашуру «Пчаліна — жывёлка малая, а карысці дае многа», у якой змясціў чарцяжы вулля, апісаў віды работ пчаляра ў залежнасці ад пораў года.
І.У.Саламевіч.
т. 3, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАВО́Д,
гідратэхнічнае збудаванне для падачы вады да месца яе спажывання. Бываюць замкнёнага (трубаправоды, тунэлі) і незамкнёнага (каналы, латкі) папярочнага сячэння. Рух патоку вады напорны або безнапорны (самацёкам). Асн. характарыстыка — прапускная здольнасць (расход вады), якая вызначае памеры папярочнага сячэння. Адрозніваюць вадаводы энергетычныя (дэрывацыйныя і турбінныя; падача вады да ГЭС), асушальныя, арашальныя, сістэм водазабеспячэння. Вырабляюць са сталі, жалезабетону (у т. л. папярэдне напружанага), драўніны і інш.
т. 3, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ ГАРБА́РНЫ КАМБІНА́Т.
Засн. ў 1965 у г. Бабруйск, у 1971 пушчана 2-я чарга. Цэхі: гарбарна-сыравінны, адмочвальна-попельны, аддзелачны, па выпуску тавараў нар. ўжытку, парасілавы, клею мяздровага. Асн. прадукцыя (1995): хромавыя скуртавары з мяздровага спілку для верху абутку, адзення і мэблі, паўфабрыкат «вет-блу», скура «Краст». Выпускае таксама спілак для каўбаснай абалонкі, клей мяздровы, паўфабрыкат для вырабу жэлаціну, адзенне і галантарэю са скуры.
т. 2, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКА́РЫУС (Мікалай Сяргеевіч) (31.3.1869, Адэса — 23.12.1931),
украінскі судовы медык і крыміналіст, адзін са стваральнікаў суд. медыцыны і крыміналістыкі. З 1928 гал. суд.-мед. эксперт УССР. Па яго ініцыятыве ў 1923 у Харкаве створаны кабінет навук.-суд. экспертызы (з 1926 Ін-т суд. экспертызы, з 1931 яго імя). Аўтар прац «Судова-медыцынскія, мікраскапічныя і мікрахімічныя даследаванні рэчавых доказаў» (1910), «Судовая медыцына для медыкаў і юрыстаў» (1930) і інш.
т. 2, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЦЫ́ЛЫ,
палачкападобныя бактэрыі, у цыкл развіцця якіх уваходзіць спораўтварэнне. У вузкім сэнсе бацылы — аэробныя і факультатыўныя анаэробныя грамстаноўчыя палачкападобныя прадстаўнікі роду Bacillus, што ўтвараюць тэрмаўстойлівыя эндаспоры. Большасць бацыл — сапрафіты, удзельнічаюць у мінералізацыі арган. рэчыва і працэсах самаачышчэння асяроддзя. Выкарыстоўваюцца ў тэхн. мікрабіялогіі для атрымання ферментаў, антыбіётыкаў, мікрабіял. сродкаў барацьбы са шкоднікамі с.-г. культур; некаторыя бацылы з’яўляюцца ўзбуджальнікамі хвароб (сібірская язва, слупняк і інш.).
т. 2, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ЛЯСНА́Я ГАЗЕ́ТА».
Выходзіць са студз. 1995 у Мінску на бел. і рус. мовах. Інфармуе пра рэформы і сац. палітыку ў лясной галіне нар. гаспадаркі Беларусі, пра сучасны стан бел. лясоў, іх захоўванне і выкарыстанне. Знаёміць з распрацоўкамі вучоных, дасягненнямі перадавых лясгасаў, леспрамгасаў, прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці, іх лепшымі працаўнікамі. Друкуе матэрыялы на тэмы прыроды і экалогіі. Дае парады па будаўніцтве, агародніцтве, нар. медыцыне.
т. 2, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)