ПАЛАНІ́ЗМ,

слова, запазычанае з польскай мовы. У бел. мову пачалі пранікаць з канца 14 ст. Працэс актыўнага папаўнення слоўніка бел. мовы П. працягваўся да 1930-х г. Запазычанне іх адбывалася 2 шляхамі: вусным (у выніку зносін беларусаў з палякамі як з суседнім народам і з прадстаўнікамі польск. народа, што жылі на Беларусі) і пісьмовым (праз пераклады твораў з польск. мовы на бел.). Сярод П. выдзяляюцца грамадска-паліт. тэрміны («айчына», «братэрства»), ваен. («моц», «палкоўнік»), бытавыя словы («пярсцёнак», «сукенка»), прастамоўныя («быдла», «лямант»). Праз польск. мову ў бел. лексіку прыйшла значная колькасць слоў з інш. моў (лац. «колер», ням. «карэта»). Лексіцы польск. паходжання ў сучаснай бел. мове ўласцівыя: спалучэнні «ен» («эн»), «ён»(«он»), «ан» на месцы насавых галосных ę, ą («парэнчы», «маёнтак», «вандроўка»); «-дл-» («кавадла», «страшыдла»); «-лу-» паміж зычнымі («слуп», «тлусты»); суфіксы «-іск-а» («вятрыска»); «-унак» («пакунак»); «-ізн-а» («бялізна»); цвёрдае вымаўленне зычных перад галоснымі «е» («э»): «бэз», «пэўны»; «я» («а») на месцы ўсх.-слав. «е» («э»): «жалязка», «бляск»; гук «ц» (на месцы «ч»): «цудоўны» (рус. «чудесный»), «цурацца» (рус. «чуждаться»).

П.​У.​Сцяцко.

т. 11, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛТАРА́Н (Ляпеская) Вера Сямёнаўна

(28.3.1919, в. Бабунічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 28.3.1989),

бел. пісьменніца. Засл. работнік культ. Беларусі (1979). Вучылася ў Мінскім пед. ін-це (1937—41), скончыла БДУ (1945). Працавала ў газ. «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», з 1953 у час. «Маладосць», з 1973 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкавалася з 1949. За кн. нарысаў «Ключы ад Сезама» (1967) і нарыс «Дзівасіл» (1968) Дзярж. прэмія Беларусі імя П.​М.​Лепяшынскага 1970. Аўтар зб. «Дзівасіл» (1974). Асн. тэма нарысаў — жыццё вёскі. Творы П. узнімаюць праблемы адказнасці чалавека перад грамадствам, сваім сумленнем. Яны напісаны з глыбокім пранікненнем у душу чалавека-працаўніка, з любоўю да народа і яго духоўнай спадчыны, з тонкім адчуваннем роднай мовы. Пісала пра творчасць А.​Адамовіча, В.​Карамазава, А.​Кудраўца, І.​Мележа, І.​Пташнікава, М.​Стральцова і інш.

Тв.:

Чалавек на вятрах часу: Публіцыстыка. Літ. крытыка. Мн., 1989.

Літ.:

Шкраба Р. Скарбы. Мн., 1973;

Лысенка А. Сучасны беларускі нарыс. Мн., 1978;

Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;

Лобан М. Пяць раніц тыдня. Мн., 1984;

Не пакідай нас, Вера... Мн., 1993.

Г.​С.​Шупенька.

В.С.Палтаран.

т. 12, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТУГА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1820—23,

нацыянальна-вызв. (супраць акупацыі краіны англ. войскамі) і антыабсалютысцкая рэвалюцыя ў Партугаліі. Пачалася пад уплывам Ісп. рэвалюцыі 1820—23 з паўстання артыл. палка ў г.Порту 24.8.1820 пад заклікам увядзення канстытуцыйнага ладу. Пасля падтрымкі паўстання гарнізонам Лісабона 15.9.1820 скінуты ўрад, 27 вер. створана жунта (часовы ўрад). Яна забараніла галоўнакамандуючаму англ. акупацыйнымі войскамі У.​Берэсфарду (прыбыў з англ. эскадрай з Бразіліі, дзе атрымаў паўнамоцтвы ад партуг. караля Жуана VI) высадзіцца ў Партугаліі і запатрабавала, каб кароль вярнуўся ў Лісабон. У студз. 1821 скліканыя жунтай агульнапартуг. картэсы прынялі праект ліберальнай канстытуцыі (набыла сілу 23.9.1822), якая абвясціла Партугалію канстытуцыйнай манархіяй, абвясціла свабоду ўсіх партугальцаў і іх роўнасць перад законам, ідэю суверэннасці партуг. нацыі, скасаванне інквізіцыі і інш. Канстытуцыю прызнаў Жуан VI, які ў ліп. 1821 вярнуўся ў Партугалію. У пач. 1823 незадаволеныя «прыгнётам лібералізму» абсалютысты на чале з сынам караля Мігелам развязалі Мігелісцкія войны 1823—34. У гэтых умовах Жуан VI адмяніў канстытуцыю, а картэсы 30.5.1823 самараспусціліся. П.р. 1820—23 паклала пачатак перыяду працяглай барацьбы за ліберальныя рэформы ў краіне.

т. 12, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛЮ́ЗІНА (Ніна Васілеўна) (н. 25.8.1944, в. Васілева Глінкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія),

бел. мастак. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1968). Працуе ў дэкар.-прыкладным мастацтве (габелен, батык) і графіцы (акварэль). Творчасці ўласцівы абагульненая мадэліроўка форм, рытмічнасць кампазіцый, гарманічнасць колеравых спалучэнняў, зварот да бел. фальклорных і гіст. сюжэтаў. Сярод твораў: габелены «Апошні ліст» (1969), «Легенда пра возера Свіцязь» (1972), «Навука пра зоркі» (1975), «Перад зорнай дарогай» (1976), «Святочная ноч» (1977), «Летні дождж» (1981), «Беларусь» (з П.​Бондарам), «Ой, ляцелі гусі ды з-пад Белай Русі» (абодва 1982), «Несуцішны боль», «Легенды Мядзельшчыны» (трыпціх; усе 1984), «Беларускае вяселле» (серыя, 1989), «Узвіжанскі спакус», «Абуджэнне», «Кліч зямлі» (усе 1992), «Няўмольны час» (1996); батыкі: трыпціх «Трыумф жыцця» (з Н.​Бандарэнка), «Нечаканае ўсхваляванне» (усе 1990), «Летнія ліўні», «Зацішша», «За акном мае вішні» (усе 1994), «Купалле», «Рэха кахання» (серыя; усе 1995); акварэлі «Жамчужны бераг» (1971), «Хрызантэмы» (1975), «Дары сонца», «Сумны бэз» (абедзве 1997) і інш. Пра П. зняты фільм «Безыменная таямніца» (1998; рэж. Ю.​Сцяпанаў). Іл. гл. таксама да арт. Габелен.

Л.​Ф.​Салавей.

Н.Пілюзіна. Навука пра зоркі. 1975.

т. 12, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНІРО́ЎШЧЫК,

машына для планіроўкі (выраўноўвання) с.-г. зямель і адхонаў меліярац. каналаў. Бываюць прычапныя, паўпрычапныя і навясныя, доўга- і кароткабазавыя.

П.-выраўноўвальшчыкі прызначаны для паслойнай планіроўкі зямель пры буд-ве меліярац. сістэм, культуртэхнічных работах і інш. П. каўшовыя — для планіроўкі паверхні меліяраваных зямель зразаннем грунту на ўзвышэннях і перамяшчэннем яго ў паніжэнні; бываюць з мех., гідраўл. і электрагідраўл. прыводам, з капірнай і бескапірнай сістэмамі аўтаматыкі, рабочы орган — бяздонны коўш. П. адхонаў — навясныя рабочыя органы да трактароў. П.-рыхліцелі актыўнага дзеяння робяць планіроўку, рыхленне і прыкочванне паверхняў адхонаў перад гідрасяўбой траў, навешваюцца на каналаачышчальнік; П. пасіўнага дзеяння выпускаюцца як зменныя рабочыя органы да бульдозераў.

На Беларусі выкарыстоўваюцца П.-рыхліцелі актыўнага дзеяння і паўпрычапныя каўшовыя П. канструкцыі Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства (умяшчальнасць каўша 3,5 м³).

В.​М.​Кандрацьеў.

Планіроўшчыкі: а — многаадвальны (1 — колавыя цялежкі, 2 — гідрацыліндры кіравання, 3 — адвалы); б — каўшовы (1 — колавыя цялежкі, 2 — планіравальныя элементы, 3 — гідрацыліндры кіравання, 4 — адвал); в — кароткабазавы канструкцыі БелНДІМіЛ (1 — рама навясная, 2 — апора, 3 — коўш, 4 — колавая цялежка).

т. 12, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ ПАРА́ДНАЯ ПЛО́ІПЧА,

горадабудаўнічы ансамбль 17—18 ст. у г. Полацк Віцебскай вобл. Размяшчаецца ў зах. ч. горада. З 1830 вядома як Корпусная пл., з 1992 пл. Свабоды. Сфарміравалася ў 17 ст. перад Полацкім езуіцкім калегіумам. У 1776—84 забудавана жылымі і адм. будынкамі ў стылі класіцызму паводле праекта арх. І.​Зігфрыдана. Плошча ў плане мела форму, блізкую да квадрата. На зах. яе баку знаходзіліся касцёл і калегіум езуітаў, на ўсх. — будынкі грамадз. і крымін. палат і намесніцкага праўлення, на паўд. — дамы ген.-губернатара, магістрата і верхняй і ніжняй упраў, на паўн. — дамы каменданта і віцэ-губернатара, земскіх судоў і комплекс Полацкага кляштара дамініканцаў. Захаваліся будынкі калегіума, магістрата, дамоў ген.-губернатара, верхняй і ніжняй упраў, каменданта і віцэ-губернатара.

Будынкі 2-павярховыя (акрамя магістрата), мураваныя, прамавугольныя ў плане, падобныя па планіроўцы, аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і дэкоры. Будынак магістрата 1-павярховы. асіметрычнай кампазіцыі з мансардай. Яго тарцовы фасад завершаны трохвугольным шчытом. Будынкі злучаліся мураванымі агароджамі і ўтваралі нібыта адзіны фасад забудовы.

Т.​І.​Чарняўская.

Полацкая Парадная плошча. План.

т. 12, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДМЕ́СЦЕ (польск. przedmiescie),

частка забудовы сярэдневяковага горада, якая знаходзілася па-за яго абарончымі мурамі. У функцыян. і сац. сэнсе блізкае да пасада. Звычайна ўзнікала пры плошчах перад уязнымі брамамі і развівалася ўздоўж дарог, якія вялі ў горад. П. мела жылыя і прамысл. функцыі, часам — абслугоўвання і адпачынку. У залежнасці ад значнасці горада П. магло ўзводзіць уласныя абарончыя збудаванні, якія з часам станавіліся ч агульнагарадской фартыфікацыйнай сістэмы. Падобным чынам узнікалі новыя П. ў Парыжы, Маскве, Ноўгарадзе, Віцебску, Магілёве і інш. Для П. характэрна меншая, чым у цэнтр. раёнах горада, шчыльнасць забудовы, сціпласць і прастата арх. вырашэнняў, наяўнасць садоў і агародаў. На Беларусі вядомы з даўніх часоў. Аснову іх забудовы складалі невял. драўляныя жылыя дамы з гасп. пабудовамі. У бел. гарадах з 16 ст. П. мелі Мінск (Мінскае Траецкае прадмесце, П. Ракаўскае, Ляхаўка, Старажоўка, Грушаўка, Камароўка), Гродна (Каложа), Магілёў (Пелагееўка), Віцебск (Задунаўе), Полацк (Запалоцце), Пінск (Каралін), Гомель (хутар Сеўрукі). У 17—18 ст. П. паявіліся і ў мястэчках (напр., у Волме Смалявіцкага р-на).

С.​А.​Сергачоў.

Былое Ракаўскае прадмесце ў Мінску (сучасная вуліца Ракаўская).

т. 12, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМА́Я МО́ВА,

спосаб перадачы чужога выказвання, пры якім захоўваюцца ўсе яго лексічныя, граматычныя, стылістычныя і інтанацыйныя асаблівасці. Складаецца са слоў апавядальніка (аўтара) і чужога выказвання, якое перадаецца апавядальнікам ад імя пэўнага персанажа. Абедзве гэтыя часткі на пісьме выдзяляюцца графічна, у маўленні — інтанацыйна. Структурна-аргаганізац. цэнтр П.м. — пераважна дзеясловы і дзеепрыслоўі са значэннем маўлення і думкі або іх эквіваленты (назоўнікі і словазлучэнні з той жа семантыкай), якія знаходзяцца ў мове аўтара. Да іх бяззлучнікавым спосабам (інтанацыйна) далучаецца чужая мова. Аўтарскія словы займаюць свабоднае месца: могуць стаяць перад чужой мовай, за ёю або ў сярэдзіне яе (Яна сказала: «Я абавязкова заўтра да вас прыеду»; — «Я абавязкова заўтра да вас прыеду», — сказала яна; «Я абавязкова, — сказала яна, — заўтра да вас прыеду»), П.м. можна ўзнаўляць і выказванні самога аўтара. Для яе характэрна экспрэсіўнасць. Асн. сфера ўжывання — гутарковая мова.

Літ.:

Граматыка беларускай мовы. Т. 2. Сінтаксіс. Мн., 1966;

Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1980;

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

І.​І.​Крамко.

т. 12, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫГО́ДЗІЧ (Зіновій Кірылавіч) (н. 15.10.1944, в. Лышча Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Канд. філас. н. (1984). Скончыў БДУ (1967), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1984). З 1960 працаваў у друку, на радыё. З 1967 у газ. «Звязда». У 1977—84 і з 1989 у ЦК КПБ (у 1984—89 заг. кафедры Мінскай ВПШ). З 1989 рэдактар газ. «Советская Белоруссия», з 1992 гал. рэдактар час. «Гаспадыня», у 1996—99 1-ы нам. старшыні Дзяржкамдруку Беларусі. Адначасова з 2000 у БДУ. Друкуецца з 1960. Піша на бел. і рус. мовах вершы і апавяданні, нарысы, крытычныя артыкулы пра бел. л-ру. Першая кн. «Добры дзень, сад!» (1974). Аповесць «Журавы на далёкай пойме» (1984) прысвяціў студэнцкай моладзі, аповесць «Ноч перад нядзеляю» (1985) — сучаснай вёсцы, праблемам сям’і, прыгажосці ўнутр. свету людзей старэйшага пакалення. Аўтар дакумент. аповесцей «Строгая дабрата» (1976), «Крылы дужэюць у палёце» (1977), зб. нарысаў «Жменя зярнят» (1979).

Тв.:

Сучасная беларуская літаратура: Прывабнасць ідэалу. Мн., 1987;

Калі б не ты: Вершы. Мн., 2001;

Журба мая светлая. Мн., 2001.

Л.​С.​Савік.

т. 13, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАЎСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры барока з рысамі рэтраспектыўна-рус. стылю ў в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. Пабудавана ў 1730—93 з цэглы як храм уніяцкага манастыра (засн. ў 1702, скасаваны ў 1839) на сродкі прыхаджан, кн. Сангушкі і членаў Ракаўскага брацтва св. Ганны. У 1866 храм пераасвячоны ў правасл. царкву. 1-нефавы прамавугольны ў плане будынак з выцягнутай паўкруглай апсідай, да якой з паўн. боку далучана рызніца, з паўд. — Мікалаеўская капліца з 3-граннай апсідай. Гал. фасад завершаны трохвугольным франтонам і быў фланкіраваны вежамі (захаваліся 1-я ярусы). Сцены рытмічна расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі і шырокімі лапаткамі ў прасценках, апяразаны па перыметры прафіляваным карнізам. У 1866 па цэнтры 2-схільнага даху надбудаваны магутны драўляны 8-гранны барабан, накрыты сферычным гранёным купалам з галоўкай, над апсідай — макаўка на 8-граннай шыі. Пад царквой крыпта, у якой хавалі мясц. памешчыкаў (у 1866 засыпана). Перад храмам — мураваная 2-ярусная пірамідальная брама-званіца ў рэтраспектыўна-рус. стылі.

А.​М.​Кулагін.

Ракаўская Спаса-Праабражэнская царква.

т. 13, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)