БЯЛЫ́НІЦКІ-БІРУ́ЛЯ (Аляксей Андрэевіч) (24.10.1864, Аршанскі р-н Віцебскай вобл. — 18.6.1937),
савецкі заолаг і зоагеограф. Чл.-кар.АНСССР (чл.-кар. Расійскай АН з 1923). Праф. Ленінградскага ун-та. Дырэктар Заал. музея АНСССР. Навук. працы па сістэматыцы, біягеаграфіі розных груп беспазваночных, птушак і млекакормячых. Садзейнічаў арганізацыі пры Заал. музеі пастаяннай камісіі па вывучэнні малярыйных камароў, экспедыцыі ў Сярэднюю Азію (1928), што спрыяла даследаванням у СССРпа паразіталогіі.
Тв.:
Скорпионы. Вып. 1. Пг., 1917;
Фаланги // Фауна СССР. М.; Л., 1938. Т. 1, вып. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́ННАЯ РЭДУ́КЦЫЯ БІЯСФЕ́РЫ,
неабарачальны працэс памяншэння відавой разнастайнасці біясферы, абумоўлены пераўтваральнай дзейнасцю чалавека. Адбываецца пры урбанізацыі, забруджванні асяроддзя, знішчэнні лясоў, узорванні стэпаў, залішняй здабычы прамысл. жывёл, некантраляваным збіранні ядомых і лек. раслін, пры зарэгуляванні рэк, неарганізаваным турызме і г.д.Па падліках Міжнар. саюза аховы прыроды і прыродных рэсурсаў кожны год на Зямлі знікае па аднаму віду раслін або жывёл. У сувязі з гэтым распрацаваны і прыняты міжнар. канвенцыі і дагаворы па ахове генетычнага фонду жывёльнага і расліннага свету, пашыраюцца сеткі біясферных запаведнікаў, нац. паркаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМО́ВІЧ (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 10.4.1944, в. Забалацце Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),
правазнавец, дзярж. дзеяч Беларусі. Д-рюрыд.н. (1986), праф. (1990). Скончыў БДУ (1973). Працаваў у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. З 1988 заг. кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права БДУ. У 1991—92 чл.К-та канстытуцыйнага нагляду СССР. З 1992 старшыня Цэнтр. камісіі па выбарах нар. дэпутатаў Рэспублікі Беларусь (з 1994 — па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў). Працы па праблемах дзярж.буд-ва і заканадаўства, узаемаадносін цэнтр. і мясц. органаў кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБРЫЭ́ЛЬ ((Gabriel) Жак Анж) (23.10.1698, Парыж — 4.1.1782),
французскі архітэктар. Прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў свайго бацькі арх. Жака V Габрыэля і ў Акадэміі архітэктуры (з 1718) у Парыжы. З 1742 першы архітэктар караля і прэзідэнт Акадэміі архітэктуры. Яго работы рацыянальныя па планіроўцы, выразныя і дакладныя па форме, вытанчаныя па аздобе: Оперны т-р (1748—70), Малы Трыянон (1762—64) і інш. ў Версалі, Ваен. школа (1751—75) у Парыжы. Аўтар планіроўкі і забудовы пл. Людовіка XV (цяпер пл. Згоды; 1755—63) у Парыжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАПАНО́ВІЧ (Віктар Якаўлевіч) (н. 15.4.1921, в. Сярэднікі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны-отарыналарынголаг. Д-рмед.н. (1969), праф. (1973). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1951) і працуе ў гэтым ін-це. Навук. працы пабіял. і крыягенных метадах лячэння ў отарыналарынгалогіі. З яго ўдзелам распрацаваны і выраблены фантомы-трэнажоры па отарыналарынгалогіі для падрыхтоўкі спецыялістаў па аказанні хуткай і неадкладнай дапамогі.
Тв.:
Аутогенные фибринные пленки в оториноларингологии. Мн., 1979;
Ангина и хронический тонзиллит. Мн., 1982;
Оториноларингологический атлас. М., 1989 (разам з В.М.Аляксандравым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМАНІТА́РНЫХ ДАСЛЕ́ДАВАННЯЎ А́СПЕНА ІНСТЫТУ́Т (англ. Aspen Institute for Humanistic Studies),
навуковы цэнтр па распрацоўцы шляхоў вырашэння глабальных праблем чалавецтва. Створаны ў 1949 у Нью-Йорку (ЗША). Мае філіялы ў Берліне і Японіі. У складзе ін-та савет папячыцеляў (адм. орган), дырэктары праграм і спец. саветнікі (эксперты). Праводзіць пастаянна дзеючыя семінары для кіраўнікоў і супрацоўнікаў ін-та, распрацоўвае навук. праграмы і рэкамендацыі (у т. л.па праблеме гуманізму), рыхтуе спецыялістаў паспец. праграмах, выдае навук. працы. Каардынуе сваю дзейнасць з Корнелскім, Гарвардскім, Станфардскім ун-тамі, Масачусецкім тэхнал. ін-там (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМА́НА-ФРАНЦУ́ЗСКІ ДАГАВО́Р 1963, Елісейскі дагавор. Падпісаны 22 студз. ў Елісейскім палацы (Парыж) федэральным канцлерам ФРГ К.Адэнаўэрам і прэзідэнтам Францыі Ш. дэ Голем. Старыў новую дагаворную аснову для германа-франц. супрацоўніцтва пасля 2-й сусв. вайны. Для практычнай рэалізацыі дагавора было дамоўлена кожныя паўгода праводзіць сустрэчы кіраўнікоў урадаў і міністраў замежных спраў, абароны, а таксама па пытаннях выхавання і моладзі. У развіццё дагавора ўтвораны сумесныя органы на ўзроўні ўрадаў: германа-франц. Савет па бяспецы і абароне, фін.-эканам. Савет; у 1989 — Савет па ахове навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВЯШЧА́ННЕ,
распараджэнне грамадзяніна адносна сваёй маёмасці на выпадак смерці, зробленае ў вызначаным законам парадку. У Рэспубліцы Беларусь кожны грамадзянін можа пакінуць па З. ўсю сваю маёмасць або частку яе адной або некалькім асобам, якія ўваходзяць ці не ўваходзяць у кола спадчыннікаў па законе, а таксама дзяржаве або пэўным арг-цыям. Завяшчальнік можа пазбавіць права на спадчыну аднаго, некалькіх або ўсіх спадчыннікаў па законе, за выключэннем асоб, якія маюць права на абавязковую долю. Завяшчальнік правамоцны ўскласці на спадчынніка выкананне якога-н. абавязацельства (т. зв. завяшчальны адказ) на карысць адной або некалькіх асоб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУ́ЕЎ (Васіль Фёдаравіч) (12.1.1754—18.1.1794),
расійскі прыродазнавец і падарожнік. Акад.Пецярб.АН (1779). Удзельнічаў у акад. экспедыцыях (1768—74) пад кіраўніцтвам П.С.Паласа. У 1781—82 здзейсніў падарожжа ў раёны рэк Буг і ніжні Днестр, якое апісаў у кн. «Падарожныя запіскі ад Санкт-Пецярбурга да Херсона ў 1781 і 1782 гг.» (1787). Аўтар шэрагу прац па заалогіі, пераважна па сістэматыцы рыб, першага рус. падручніка па прыродазнаўстве «Нарыс прыродазнаўчай гісторыі...» (ч. 1—2, 1786).
Літ.:
Райков Б.Е. Академик Василий Зуев, его жизнь и труды. М.; Л., 1955.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАН-БЭ́ЛЬКА (галанд. kranbalk),
разнавіднасць пад’ёмнага крана маставога тыпу, у якога таль з эл. або ручным прыводам рухаецца па пралётнай ездавой бэльцы, абсталяванай канцавымі хадавымі цялежкамі. Цялежкі перамяшчаюцца па рэйках, укладзеных па падкранавых бэльках, якія абапіраюцца на калоны ці падвешваюцца да кроквенных ферм. К.-б. бываюць адна- (пралёт да 15 м) або шматпралётныя (да 100 м). Грузападымальнасць да 5 т. Разнавіднасць К.-б. — катабэлька для падымання і апускання якараў на суднах.