АДВАРО́ТНЫ О́СМАС,

гіперфільтрацыя, метад раздзялення раствораў пад ціскам ад 3 да 8 МПа. Адбываецца ў апаратах з раздзяляльнымі паўпранікальнымі мембранамі з палімерных плёнак ці полых валокнаў, якія цалкам ці часткова затрымліваюць растворанае рэчыва і прапускаюць растваральнік (звычайна ваду). Эфектыўнасць адваротнага осмасу вызначаецца селектыўнасцю і пранікальнасцю мембраны. Выкарыстоўваецца для апраснення салёных і ачысткі сцёкавых водаў, раздзялення азеатропных сумесяў, канцэнтравання раствораў, асвятлення і ачысткі харч. прадуктаў.

т. 1, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЯДНА́ННЕ Ў АБАРО́НУ РЭСПУБЛІКІ, Аб’яднанне ў падтрымку рэспублікі (Rassemblement pour la Républigue; РПР),

палітычная партыя ў Францыі. Засн. ў 1958 прыхільнікамі Ш. дэ Голя пад назвай Саюз за новую рэспубліку, неаднаразова мяняла назвы, сучасная — з 1976. Асн. праграмныя палажэнні прадугледжваюць незалежны курс на міжнар. арэне, узмацненне ролі дзяржавы і прыярытэт прэзідэнцкай улады. Абапіраецца на дзярж. апарат. З 1976 лідэр Ж.Шырак. У 1993 каля 900 тыс. чал.

т. 1, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЫДЗІ́ННЕ,

вадасховішча ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., за 3 км на З ад в. Тышкавічы. Створана ў 1983 на месцы аднайм. возера. Пл. 2,5 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 2 км, найб. глыб. 4,7 м, аб’ём вады 7 млн. м³. Напаўняецца вадой з р. Ясельда ў час веснавой паводкі. Схілы катлавіны спадзістыя, пясчаныя. Берагі нізкія, забалочаныя, месцамі пад лесам. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель, рэкрэацыі.

т. 6, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕРВЯНІ́СКАЕ ВО́ЗЕРА, Кальніца,

у Гродзенскім р-не, у бас. р. Пыранка. за 32 км на ПнУ ад Гродна. Пл. 1,04 км², даўж. 3,9 км, найб. шыр. 420 м, даўж. берагавой лініі больш за 9 км.

Схілы катлавіны выш. 9—10 м, стромкія. пад лесам. Берагі пераважна супадаюць са схіламі. Праз возера цячэ р. Сламянка (злучае яго з азёрамі Вераўскае і Стаў), упадае ручай з воз. Чартова.

т. 6, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОК (галанд. dok, англ. dock),

1) збудаванне для агляду і рамонту падводнай часткі суднаў або для іх пабудовы. Бываюць сухія, наліўныя і плывучыя. Звычайна з’яўляюцца часткай верфі або суднарамонтнага прадпрыемства.

2) Штучны партовы басейн з затворам, прызначаны для стаянкі суднаў пад пагрузкай-разгрузкай у месцах з вял. прыліўна-адліўнымі ваганнямі ўзроўню мора.

3) Зборна-разборнае збудаванне для тэхн. абслугоўвання вял. лятальных апаратаў (пераважна дырыжабляў).

Док плывучы.

т. 6, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕЙДАСКО́П (ад грэч. kalos прыгожы + eidos выгляд + ...скоп),

трубка з аднолькавымі люстранымі пласцінкамі, замацаванымі пад вуглом 60°, і кавалачкамі каляровага шкла. Пры вярчэнні трубкі кавалачкі перакочваюцца і ўтвараюць каляровыя фігуры, адбіццё якіх у люстэрках стварае каляровы ўзор з трохпрамянёвай сіметрыяй, які паўтараецца яшчэ 3 разы па краях поля зроку. Вынайдзены Д.Брустэрам у 1817; пазней стаў цацкай. У пераносным сэнсе — хуткая змена падзей, асоб і інш.

т. 7, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПТУ́Р,

традыцыйны бел. галаўны ўбор замужніх жанчын; паўшарападобная ці плоская прызбораная на патыліцы шапачка з вушкамі, да якіх прышывалі стужкі для завязвання пад барадой. Бытаваў у Цэнтр. і Зах. Беларусі да пач. 20 ст. Шылі з фабр. тканін пераважна чырвонай гамы; вушкі і перад аздаблялі вышыўкай, тасьмой, рознакаляровымі стужкамі, бісерам. Надзявалі на тканку (круглы валік, на які накручвалі валасы), зверху часта завівалі намітку, завязвалі хустку.

т. 8, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РХУС (Århus),

горад у Даніі, на У п-ва Ютландыя. Адм. ц. амта Орхус. Вядомы з 10 ст. Каля 230 тыс. ж. (1999). Трансп. вузел. Порт у зал. Орхус-Бугт. Прам-сць: маш.-буд., нафтаперапр., хім., тэкст., харчовая. Ун-т. Рамана-гатычны сабор і цэрквы (11—15 ст.). «Стары горад» — арх. музей пад адкрытым небам (стараж. жылыя дамы з розных гарадоў Даніі). Музеі: маст. і гісторыі горада.

т. 11, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕДАСФЕ́РА (ад грэч. pedon глеба + сфера),

1) зона ўзаемнага пранікнення атмасферы, гідрасферы, літасферы і біясферы. Фарміруецца і залежыць ад стану асяроддзя гэтых састаўляючых геасферы, таму аказваецца найб. уразлівай пры парушэнні любой з іх.

2) Частка біясферы — глеба і слаі, што ляжаць пад ёй (падглеба з карой выветрывання) — як асяроддзе пражывання жывых арганізмаў (педабіёнтаў); слой Зямлі, у якім адбываюцца глебаўтваральныя працэсы.

3) Глебавае покрыва Зямлі.

т. 12, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДНІКО́ВЫ ГАЗ,

гаручы газ, што вылучаецца звычайна ў кам.-вуг. шахтах. Бясколерны, лягчэйшы за паветра. Асн. кампанент — метан, мае таксама азот, вадарод, інертныя і інш. газы. Утвараецца ў радовішчах карысных выкапняў з арган. рэчываў пры гніенні, пад уздзеяннем цяпла, ціску, часам радыяцыі. У сумесі з паветрам выбухованебяспечны. Наяўнасць Р.г. ў рудніковай атмасферы (дапушчальная канцэнтрацыя 0,5—2% па аб’ёме) зніжае канцэнтрацыю кіслароду і можа прывесці да ўдушша.

т. 13, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)