з’ява ўтварэння ў кропельнай вадкасці поласцей, запоўненых газам, парай ці іх сумессю; парушэнне суцэльнасці ўнутры вадкасці. Ўзнікае пры мясцовым паніжэнні ціску ніжэй за крытычнае значэнне (для рэальных вадкасцей яно прыбл. роўнае ціску яе насычанай пары пры дадзенай т-ры). Калі паніжэнне ціску адбываецца з-за павелічэння скорасці ў патоку вадкасці, К. наз. гідрадынамічнай; калі пры праходжанні акустычных хваль — акустычнай. Знікненне поласцей суправаджаецца мех. імпульсам, падобным да гідраўлічнага ўдару, што неспрыяльна адбіваецца на рабоце гідратурбін, грабных вінтоў, помпаў і інш. (вібрацыя, змяншэнне ккдз, разбурэнне рабочых органаў). Акустычная К. ляжыць у аснове большасці выпадкаў практычнага выкарыстання ультрагуку. У біял. аб’ектах імпульсы ціску ў кавернах абумоўліваюць імгненныя разрывы мікраарганізмаў і прасцейшых. Гэтай з’явай карыстаюцца для выдзялення з жывёльных і раслінных клетак гармонаў, ферментаў і інш. біялагічна актыўных рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯСНІ́ЦА,
разнавіднасць колавай павозкі, якая выкарыстоўвалася пры баявых дзеяннях, для трыумфальных, рытуальных і пахавальных шэсцяў, а таксама для спарт. спаборніцтваў. Рытуальныя і баявыя К. трапляюцца пры раскопках багатых пахаванняў канца 3-га тыс. да н.э. і больш позняга часу (Закаўказзе, Кіш, Ур і інш.). Баявыя К. шырока выкарыстоўваліся ў войсках дзяржаў Стараж. Усходу. Былі двух відаў: на 2 колах, запрагаліся адным або парай коней; на 4 колах. запрагаліся чацвёркай коней, неслі 4 і больш воінаў. У Стараж. Грэцыі К. прызначаліся ў асн. для спарт. спаборніцтваў. У Рыме найб.значэнне набылі трыумфальныя К. для пераможных імператарскіх шэсцяў. У іх запрагалі да 8 пар коней. Са з’яўленнем цяжкай кавалерыі ў раннім сярэдневякоўі К. знікае.
Да арт.Калясніца. Паляванне на львоў. Рэльеф з палаца Ашурнацырапала II у Кальху. 883—859 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСАНА́НС (франц. consonance ад лац. consonantia гармонія, сугучнасць) у музыцы, адначасовае спалучэнне тонаў стройнага, згоднага гучання. Процілеглае К. паняцце — дысананс. Адрозніваюцца характарам узаемадзеяння гарманічных спектраў гукаў, што ўтвараюць пэўнае сугучча. Акустычная сутнасць К. ў супадзенні вял. колькасці гармонікаў (абертонаў) гэтых гукаў. Да К. належаць усе чыстыя інтэрвалы, вял. і малыя тэрцыі і сексты і акорды, складзеныя толькі з гэтых інтэрвалаў (за выключэннем тых, у якіх адзін з верхніх гукаў утварае чыстую кварту з басам). Матэматычнае абгрунтаванне К. зрабілі піфагарэйцы ў Стараж. Грэцыі. У еўрап.прафес. музыцы 15—19 ст. адрозненне паміж К. і дысанансам набыло якасны характар, дасягнула ступені вострай процілегласці і стала адной з асноў муз. мыслення. У музыцы 20 ст. рэзка павялічылася значэнне дысанансу, адрозненне паміж ім і К. ў значнай ступені згладжваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ІТУС (ад лац. coitus савакупленне),
генітальны кантакт двух індывідуумаў з мэтай прадаўжэння роду і палавога задавальнення. Мае 4 стадыі: псіхічную (палавая дамінанта, узбуджэнне), высокага палавога ўзбуджэння, нарастання вастрыні сексуальнага ўзбуджэння, спаду нерв. ўзбуджэння з рэфрактарным перыядам у мужчын (перыяд абсалютнай — поўная адсутнасць эрэкцыі — і адноснай няўзбудлівасці). Кожная наступная стадыя ўзнікае і падключаецца, калі папярэдняя дасягнула пэўнай вышыні развіцця. Вышэйшая ступень палавога акта — аргазм. К. выклікае ўзмацненне кровазвароту, змены ў сардэчна-сасудзістай, дыхальнай, эндакрыннай і інш. сістэмах мужчыны і жанчыны. Асн. крытэрыі цыкла К. — нейрагумаральная гатоўнасць, палавое ўзбуджэнне, эрэкцыя, перабудова ўсіх сістэм арганізма; значна меншае значэнне маюць частата палавых актаў, іх працягласць і інш. колькасныя паказчыкі. Адрозніваюць К. гетэрасексуальны, гомасексуальны, перапынены, пралангіраваны (адвольна зацягнуты), няпоўны (адсутнасць эякуляцыі і аргазму). Пры парушэнні ў палавым акце неабходна кансультацыя ўрача-сексапатолага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЦЦЯ́,
1) у беларусаў і інш.слав. народаў абрадавая страва; каша з ячных круп, радзей з пшанічных зярнят. Гатуюць для жалобнага стала па нябожчыку (памінкі), а таксама на Дзяды, Радаўніцу і інш. памінальныя дні. Спажывалі астуджанай з сытой або алеем.
2) Традыц. абрадавая страва на Каляды ў славян і інш. народаў; каша з тоўчаных ячных круп (у некат. народаў з зярнят пшаніцы); вячэра напярэдадні Каляд (посная К.), Новага года (стары стыль, багатая або скаромная К.) і перад Вадохрышчам (посная К.). На ўсе тры К. кашу варылі ў адным і тым жа гаршку і з аднолькавай колькасці круп. Звараную К. перад заходам сонца ставілі на покуці. К., якую варылі з цэлых зярнят, была сімвалам вечнасці жыцця. Вял.значэнне надавалася прыкметам, варажбе. Трапляецца і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКІ́РСКІ (Пётр Іванавіч) (13.12.1894, г. Арэнбург, Расія — 16.11.1954),
расійскі фізік-эксперыментатар, адзін з стваральнікаў эмісійнай электронікі. Акад.АНСССР (1946, чл.-кар. 1933). Скончыў Петраградскі ун-т (1916). З 1918 у Ленінградскім фіз.-тэхн. ін-це і адначасова з 1943 у Радыевым ін-це АНСССР, праф. Ленінградскага ун-та (з 1928) і політэхн. ін-та (з 1945). Навук. працы па фіз. электроніцы, фізіцы рэнтгенаўскіх прамянёў, ядз. фізіцы. Аўтар шэрагу эксперым. метадаў даследавання (метад сферычнага кандэнсатара, іанізацыйны метад вызначэння кантактавых патэнцыялаў і інш.). Эксперыментальна пацвердзіў ураўненне Эйнштэйна для фотаэфекту і ўдакладніў значэнне пастаяннай Планка (1926). Выканаў грунтоўныя даследаванні электроннай эмісіі з паверхні тонкіх метал. плёнак, што прывяло да стварэння спец. фотакатодаў (1937).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТА́НІ, Ханігальбат, Нахарына,
старажытная дзяржава ў Паўн.-Зах. Месапатаміі ў 16—13 ст. да н.э. Сталіца — г. Вашукані (цяпер г. Расэль-Айн у Сірыі). Насельніцтва хурыты і семіты, афіц. мовамі былі акадская і хурыцкая. Войска М. валодала высокай тэхнікай каляснічнага бою, што дазволіла царам М. аб’яднаць дробныя хурыцкія племянныя групы Месапатаміі і падпарадкаваць семіцкія гарады-дзяржавы. Найб. росквіту дасягнула ў сярэдзіне 16 ст. да н.э., калі валодала тэр. ад узбярэжжа Міжземнага мора і гор Малаазійскага Таўра да ўскраінных гор Ірана. У 15 ст. да н.э. аддала землі на З ад р. Еўфрат Егіпту, наладзіла з ім цесныя гандл. і паліт. сувязі, замацаваныя дынастычнымі шлюбамі. У выніку міжусобнай барацьбы паміж царамі М. і хецкага ўмяшання дзяржава страціла паліт.значэнне. У пач. 13 ст. заваявана Асірыяй, распалася на некалькі княстваў і страціла самастойнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗЬ ПЯЧО́РНЫ (Ursus spelaeus),
вымерлая млекакормячая жывёла сям. мядзведзяў атр. драпежных. Жыў у сярэднім і познім плейстацэне (300—10 тыс. гадоў назад). Першыя знаходкі рэшткаў выяўлены ў пячорах (адсюль назва). 2 падвіды: вялікі і малы. М.п. вялікі быў пашыраны ў Еўропе, на Каўказе, Урале, Зах. Сібіры, Паўн. Афрыцы; М.п. малы — у горных масівах Еўропы, паўн. Казахстане, на Алтаі. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі М.п. вялікага знойдзены каля г. Смаргонь і ў Гродзенскім р-не (урочышчы Мелавыя Горы, Румлаўка). Рэшткі маюць стратыграфічнае значэнне.
Вонкавым выглядам падобны на сучасных амер. мядзведзяў грызлі, але большых памераў. Галава вельмі вялікая адносна памераў цела, чэрап з уздутай лобнай часткай. Пераважна расліннаедны Аб’ект палявання чалавека каменнага веку, пра што сведчаць наскальныя малюнкі ў пячорах Зах. Еўропы і Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАПАЛІТА́НСКАЯ О́ПЕРНАЯ ШКО́ЛА,
італьянская оперная школа і стылявы кірунак у 18 ст. Узнікла ў Неапалі. Заснавальнік — А.Скарлаці, першы найб. значны прадстаўнік — Ф.Правенцале. Н.о.ш. абагульніла дасягненні італьян. оперы 17 ст.Вял.значэнне для яе фарміравання мелі традыцыі быт. неапалітанскай музыкі і дзейнасць кансерваторый Неапаля, якія падрыхтавалі многіх спевакоў-віртуозаў. У Н.о.ш. склаліся арыстакратычны жанр оперы-серыя (Скарлаці, Л.Вінчы, Н.Порпара, Л.Леа, Н.Іамелі, Т.Траэта) і дэмакр. жанр оперы-буфа (Дж.Б.Пергалезі, Н.Пічыні, Дж.Паізіела, Д.Чымароза). Сярод лібрэтыстаў — паэты і драматургі А.Дзена і П.Метастазіо. Вял. ролю ў ёй адыгралі кантыленныя і віртуозныя сольныя спевы, выкрышталізаваліся формы опернай арыі, італьян. опернай уверцюры, тыпы рэчытатыву, устанавіліся традыцыі выкарыстання аркестра ў оперы. Стыль Н.о.ш. паўплываў на еўрап. музыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУКЛЕАЗІ́ДЫ,
злучэнні, якія складаюцца з астаткаў азоцістай асновы і вугляводу рыбозы (рыбануклеазіды) ці дэзоксірыбозы (дэзоксірыбануклеазіды); N-гліказіды пурынавых або пірамідзінавых асноў. Найб.значэнне маюць Н., што ўваходзяць у склад нуклеінавых кіслот: адэназін, гуаназін, урыдзін, цытыдзін, цымідзін. Свабодныя Н. ўтвараюцца пры гідролізе нуклеінавых к-т і нуклеатыдаў. Абарачальнае фасфат-залежнае расшчапленне Н. да рыбоза-1-фасфату і свабоднай асновы адбываецца пад уздзеяннем ферментаў нуклеазідфасфарылаз. Спецыфічныя нуклеазідазы каталізуюць гідроліз Н. і разрываюць сувязі паміж цукрам і асновай. Фасфарыліраванне Н. кіназамі выклікае ўтварэнне нуклеатыдаў. Некат. пурынавыя і пірымідзінавыя Н. з хім. мадыфікаванай вугляводнай ч. малекулы і (або) асновай валодаюць антыбіятычнай актыўнасцю і блакіруюць абмен пурынаў, пірамідзінаў і бялкоў як антыметабаліты натуральных субстратаў. Яны знаходзяцца ў клетцы ў свабодным стане і не ўваходзяць у склад нуклеінавых к-т.