участкі паляўнічых угоддзяў са спец. рэжымам выкарыстання, вылучаныя для зберажэння каштоўных відаў дзікіх звяроў і птушак і стварэння спрыяльных умоў для іх размнажэння. На Беларусі існавалі ў 1960—2000. У П.з. забаранялася здабыча і адлоў звяроў і птушак, начны лоў рыбы ў месцах пражывання баброў і інш. прыбярэжных звяроў, выпас жывёлы ў раёнах цецеруковых такавішчаў і інш. месцах размнажэння жывёл, разбіўка палатак і раскладанне вогнішчаў. Для аховы П.з. стваралася егерская служба. На тэр. П.з. ажыццяўляліся біятэхн. мерапрыемствы па павелічэнні колькасці відаў паляўнічай фауны, вялася барацьба з ваўкамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАКЛІ́МАКС (ад пара... + клімакс),
адносна ўстойлівае супольніцтва арганізмаў; экасістэма, якая ўзнікае пасля разбурэння клімаксу — апошняй стабільнай сукцэсійнай стадыі развіцця біягеацэнозаў. Разам з інш. супольніцтвамі, што развіваюцца да стану раўнавагі ў дадзеным асяроддзі (эдафічныя клімаксы), П. — найб. характэрная праява адносна найб. устойлівых экасістэм у прыродзе, якія змяняюцца дзейнасцю чалавека (напр., супольніцтва пашы, якое пастаянна падтрымліваецца выпасам жывёлы на месцы зведзенага лесу). Як і клімакс, П. — экасістэма, якая знаходзіцца ў стане раўнавагі і ўзаемазлучэння са знешнім асяроддзем у дадзеных умовах існавання. Ступень устойлівасці антрапагеннага П. залежыць ад частаты і характару ўздзеяння чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАСЕ́НЯ Ціт Пятровіч (7.9.1902, в. Пагост Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 13.11.1965),
расійскі вучоны ў галіне паталаг. фізіялогіі. Д-рвет.н., праф. (1940). Засл. дз. нав. РСФСР (1965). Скончыў Ленінградскі вет.ін-т (1928). З 1939 у Данскім с.-г. ін-це (да 1948 дырэктар, да 1965 заг. кафедры). Навук. працы па страваванні, абмене рэчываў, водным рэжыме, мерах барацьбы з лейкозамі буйн. раг. жывёлы. Стваральнік і кіраўнік праблемнай лабараторыі па вывучэнні лейкозаў.
Тв.:
Патологическая физиология и патологическая анатомия. 5 изд. М., 1956 (разам з П.В.Мараевым);
Патологическая физиология и патологическая анатомия животных. М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫДО́НСКАЯ ПАРО́ДАкоз,
старажытная пуховая парода. Гадуюць у Варонежскай, Валгаградскай і інш. абласцях Расіі. Выкарыстоўваецца для паляпшэння пуховай прадукцыйнасці мясц. парод. З яе ўдзелам выведзена горнаалтайская пародная група коз.
Маса казлоў 65—70, матак 40—43 кг. Воўна складаецца з шэрага пуху (на 65—70%) і чорнай восці ў выглядзе падпушку даўж. да 6 см. Пуховыя касіцы на канцах закручваюцца ў карычневыя кольцы. Сустракаюцца жывёлы белай масці. Сярэдні начос пуху 0,4—0,8 (да 1,5) кг. Казліна П.п. падобна да аўчыны раманаўскай пароды авечак; выкарыстоўваецца для пашыву футравых вырабаў. Пладавітасць 130—140%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРОДНААЧАГО́ВЫЯ ХВАРО́БЫ,
група хвароб, узбуджальнікі, пераносчыкі і жывёлы-носьбіты якіх ствараюць у прыродных умовах (ачагах) устойлівыя біяцэнозы. У гэтых ачагах узбуджальнік цыркулюе сярод мясц. дзікіх жывёл, і заражэнне чалавека ці с.-г. жывёл магчыма пры іх часовым або пастаянным там знаходжанні. П.х. характарызуюцца сезоннасцю і прыналежнасцю да пэўных геагр. ландшафтаў. Вучэнне аб П.х. распрацаваў Я.Н.Паўлоўскі (1939). Да П.х. адносяцца: некат. бактэрыял. (бруцэлёз, лептаспіроз, лістэрылёзы, некрабактэрыёз, рожа жывёл, сібірская язва, тулярэмія) і вірусныя (чума, шаленства, яшчур) хваробы, протазаозы (лейшманіёзы, піраплазмідозы, трыпанасамозы), гельмінтозы (апістархоз, трыхінелёзы, шыстасаматозы, эхінакакозы) і інш. Вывучае П.х. геаграфія медыцынская і эпідэміялогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКАЯ ВО́ЎНАВАЯ ПАРО́ДАкоз,
воўнавага кірунку. Выведзена ў 1947—62 у Сярэдняй Азіі і Казахстане скрыжаваннем мясц. грубашэрсных парод з казламі ангорскай пароды. Выкарыстоўваюць для паляпшэння воўнавай прадукцыйнасці мясц. грубашэрсных парод коз. Гадуюць у краінах Сярэдняй Азіі, Казахстане, на Паўн. Каўказе.
Жывёлы буйныя, моцнай канстытуцыі. Маса казлоў 55—65, матак 38—40 кг. Воўна 46—56-й якасці, даўж. Да 20 см, ангорскага тыпу, паўтонкая, белая, з люстраным бляскам. Гадавы настрыг воўны з казлоў 3—4, з матак 1,6—2 кг. Выхад чыстай воўны 75—80%. Плоднасць 105—110 казлянят на 100 матак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКІ МАРДЭ́Р (ад ням. Marder куніца),
парода трусоў шкуркавага кірунку. Выведзена ў 1930—40 у Арменіі складаным скрыжаваннем мясц. блакітных трусоў з рускім гарнастаевым трусам і шыншылай. Гадуюць пераважна ў Арменіі, на Беларусі — аматары.
Жывёлы сярэдніх памераў, моцнага целаскладу, з кароткім тулавам (47—50 см), абхват грудзей 28—35 см. Сярэдняя маса 3,8 (да 5) кг. Поўсць шчыльная, мяккая, бліскучая, колерам нагадвае поўсць куніцы: у нованароджаных трусоў мышастая, у дарослых — светла і цёмна-карычневая (больш каштоўная). Плоднасць 7—8 трусянят. Шкуркі выкарыстоўваюць у натуральным выглядзе ці імітуюць пад больш каштоўнае футра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́МА,
сухія сцёблы раслін, што застаюцца пасля малацьбы збожжавых і зернебабовых культур, таксама лёну, канапель і інш., з якіх выдалены лісце, суквецці, насенне. С. збожжавых культур — грубы баластны корм пераважна для буйн. раг. жывёлы ці дабаўка да сакаўных кармоў. Пажыўная каштоўнасць невял. — клятчаткі 35—45%, мала пратэіну (3—4%), мінер. рэчываў, вітамінаў. Для паляпшэння пажыўнасці С. здрабняюць, запарваюць, сіласуюць, апрацоўваюць хім. рэчывамі. Выкарыстоўваюць таксама на подсціл жывёле, у цэлюлознай і папяровай прам-сці, для прыгатавання буд. матэрыялаў (саману і саламіту), плеценых вырабаў. С. лёну і канапель — сыравіна для атрымання трасты, з якой вылучаюць тэкст. валокны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПРАФА́ГІ [ад грэч. sapros гнілы + фаг(і)],
жывёлы, якія кормяцца гнілымі і адмерлымі рэшткамі жывёл і раслін. Вылучаюць дэтрытафагаў (кормяцца сумессю гніючых рэчываў — дэтрытам), капрафагаў (кормяцца экскрэментамі), некрафагаў (кормяцца трупамі жывёл), ксілафагаў (кормяцца драўнінай) і інш. Большасць С. належыць да беспазваночных жывёл. На Беларусі тыповыя С. — крумкач, жукі-магільшчыкі, мерцвяеды, караеды, лічынкі мух, дажджавыя чэрві і інш.; частковымі С. з’яўляюцца воўк, янотападобны сабака, ліс, мядзведзь, сом, рачны рак, плывунцы і інш. С. адыгрываюць у прыродзе ролю санітараў, паскараюць кругаварот рэчываў у біягеацэнозах, удзельнічаюць у глебаўтварэнні, павышаюць урадлівасць глеб, з’яўляюцца звяном кармавых сувязей, некат. скураеды, молі прычыняюць значную шкоду.