ДЭЗОКСІРЫБАНУКЛЕА́ЗЫ, ДНКазы,
ферменты класа нуклеаз, якія каталізуюць расшчапленне фосфадыэфірных сувязей у полінуклеатыдных ланцугах ДНК. Шырока прадстаўлены ў клетках жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Удзельнічаюць у рэгуляванні распаду і сінтэзу ДНК, аднаўленні структуры яе малекул праз выдаленне пашкоджаных участкаў. Уласцівасць Д. аднаўляць структуры малекул выкарыстоўваюць у геннай інжынерыі пры выдаленні ці ўманціраванні ў малекулу ДНК патрэбнага гена.
т. 6, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСАКО́Ў (Валянцін Кузьміч) (н. 3.2.1933, в. Ужляціна Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р біял. н. (1975), праф. (1977). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1959). З 1961 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны. Навук. працы па вывучэнні сакраторна-ферментатыўнай дзейнасці стрававальнага тракту ў розных відаў с.-г. жывёл.
т. 5, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАНО́ВІЧ (Віктар Іосіфавіч) (н. 28.10.1934, в. Карысць Салігорскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р біял. н. (1987), праф. (1989). Скончыў Віцебскі вет. Ін-т (1959). З 1966 у Віцебскім пед. ін-це, з 1969 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны. Навук. працы па вывучэнні вугляводнага абмену ў эндакрыннай сістэме жывёл.
т. 5, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЮКАЗАМІ́Н,
C6H13O5N, амінацукар, вытворнае глюкозы, у малекуле якой гідраксільная група другога атама вугляроду замешчана амінагрупай (-NH2). У выглядзе N-ацэтыл-D-глюказаміну вельмі пашыраны ў прыродзе: уваходзіць у састаў алігацукрыдаў малака, групаспецыфічных поліцукрыдаў чалавека, жывёл і бактэрый, гліказамінагліканаў (гіялуронавай к-ты, гепарынсульфату), гепарыну, кератансульфату, хіціну, які ўтварае вонкавы шкілет членістаногіх і клетачныя сценкі грыбоў.
т. 5, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ГЕР (ад ням. Jäger паляўнічы),
службовая асоба ў паляўнічых гаспадарках ці заказніках; спецыяліст-паляўнічы, які абслугоўвае паляўнічых-аматараў. За Е. замацавана акрэсленая тэр. (егерскі ўчастак), дзе ён ажыццяўляе ахову ўгоддзяў, звяроў і птушак, прымае ўдзел у арганізацыі паляванняў, правядзенні біятэхн. мерапрыемстваў і работ па ўліку паляўнічых жывёл; кантралюе выкананне правіл прыродакарыстання і законаў аб паляванні.
т. 6, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРО́ДКАВЫЯ ЛІСТКІ́, зародкавыя пласты,
слаі клетак зародка шматклетачных жывёл і чалавека, што ўтвараюцца ў працэсе гаструляцыі. Адрозніваюць тры З.л.: вонкавы — эктадэрма, сярэдні — мезадэрма, унутраны — энтадэрма. Кожны З.л. складаецца з маладыферэнцыраваных клетак з вял. магчымасцямі развіцця і дае пачатак пэўнай групе тканак і органаў. Тканкавая спецыфічнасць вытворных З.л. захоўваецца і ва ўмовах росту пухлін.
т. 6, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЙМАКО́Ў (Пётр Васілевіч) (17.1.1894, с. Коржаўка Карсунскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія — 1973),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1956), праф. (1958). Скончыў Казанскі вет. ін-т (1926). У 1955—61 заг. кафедры Віцебскага вет. ін-та. Навук. працы па этыялогіі, патагенезе, тэрапіі і прафілактыцы хвароб с.-г. жывёл.
т. 7, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЮ́ЧКІ ў раслін,
цвёрдыя востраканцовыя ўтварэнні ў выніку метамарфозы парастка (у глогу, цёрну), ліста (у барбарысу, кактусаў), прылісткаў, чаранка (у акацыі, сукулентных малачаяў), зрэдку кораня (у некат. лазячых пальмаў). Характэрны для раслін сухіх і гарачых абласцей, сустракаюцца таксама і ў раслін інш. кліматычных зон (ліяны). Біял. значэнне К. — ахова раслін ад жывёл, памяншэнне выпарэння вады.
т. 7, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́Н (перс.),
1) група ўючных жывёл, якія перавозяць грузы ў пустыні, стэпе; доўгая чарада аднародных істот ці прадметаў, якія рухаюцца ў адным напрамку.
2) Група трансп. суднаў, якія ідуць (ці стаяць) адно за адным або выконваюць агульную задачу; група несамаходных суднаў (напр., баржаў) або плытоў, якія ідуць адно за адным на буксіры.
т. 8, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПРА,
высушаны алеісты эндасперм арэхаў какосавай пальмы. Белыя ці жаўтаватыя кавалачкі таўшчынёй 6—12 мм, пакрытыя скуркай. Мае ў сабе ў сярэднім (у %): вады 5,8, тлушчу 67, вугляводаў 16,5, бялку 8,9. Гарачым прасаваннем з К. атрымліваюць легкаплаўкі алей (tпл 20—27 °C), які выкарыстоўваюць для вырабу какосавага алею, маргарыну, мыла. Макуха — каштоўны корм для жывёл.
т. 8, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)