ГВАЗДЗІКО́ВЫЯ (Caryophyllaceae),

сямейства кветкавых двухдольных раслін з парадку гваздзікакветных (Caryophyllales). Каля 80 родаў і больш за 2000 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераных і арыдных абласцях Паўн. паўшар’я, асабліва ў Міжземнамор’і і Ірана-Туранскай фларыстычнай вобласці. На Беларусі 25 родаў (найб. вядомыя вапнаўка, галадок, гваздзік, гладун, зорка, зоркаўка, куколь, мыльнік, пясчанка, светнік, свінакроп, смалёўка, смалянка, смолка, ясколка) і больш за 70 відаў. Некат. з іх занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Растуць у лясах, хмызняках, на лугах, балотах, палях, па берагах рэк.

Шмат- або аднагадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусты і кусты. Лісце простае, звычайна суцэльнае, супраціўнае, найчасцей без прылісткаў. Кветкі ў рознага тыпу суквеццях, рэдка адзіночныя, двухполыя ці аднаполыя, 5-членныя, з двайным калякветнікам ці без пялёсткаў, апыляюцца насякомымі. Завязь верхняя. Плады розных тыпаў (звычайна каробачка, арэшка- ці ягадападобныя). Лек., тэхн., меданосныя, харч., кармавыя і каштоўныя дэкар. расліны, некат. віды — ядавітыя і пустазелле.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 5, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКО́НАВЫЯ, учэпістапальцыя (Gekkonidae),

сямейства паўзуноў падатр. яшчарак. У сусв. фауне каля 80 родаў, больш як 900 відаў. Выкапнёвыя рэшткі вядомы з эацэну. Жывуць пераважна ў трапічных, субтрапічных, часткова ўмераных зонах. Большасць трымаецца на дрэвах, скалах, абрывах і інш.; селяцца ў дамах; пустынныя віды звычайна рыюць норкі. Змрокавыя і начныя жывёлы. Найб. вядомыя прадстаўнікі родаў геконы, гекончыкі і эўблефары, якія жывуць пераважна ў Закаўказзі і Крыме, у пустынях і паўпустынях Казахстана, Сярэдняй Азіі.

Даўж. 3,5—35 см. Афарбоўка шэрая або карычневая, сярод трапічных відаў — яркаафарбаваныя. Вочы вялікія, звычайна без павек, з верт. зрэнкай. Пальцы растапыраныя, знізу ўкрытыя рагавымі пласцінкамі, якія дазваляюць перамяшчацца па верт. паверхнях. Хвост ломкі, але хутка аднаўляецца (рэгенеруе). Кормяцца насякомымі, павукападобнымі, мнаганожкамі і інш. Многія выдаюць ціхія гукі. Амаль усе — яйцакладныя, ёсць яйцажывародныя. Некат. віды занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Геконавыя: 1 — крымскі гекон; 2 — туркменскі гекон; 3 — гладкі гекончык; 4 — туркменскі эўблефар.

т. 5, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБРЫ́Д (ад лац. hibrida помесь),

арганізм (або клетка), атрыманы ў выніку скрыжавання разнародных у генетычных адносінах бацькоўскіх форм (відаў, парод, ліній і інш.). Паводле паходжання гібрыды бываюць спантанныя, якія ўзніклі пры выпадковым скрыжаванні, і штучныя, атрыманыя шляхам мэтанакіраванага скрыжавання з падборам бацькоўскіх пар у залежнасці ад задач селекцыі. Гібрыды могуць быць 1, 2, 3-га і г.д. пакаленняў і абазначаюцца лац. літарай F з індэксамі (F1, F2, F3...). Атрыманне гібрыда ляжыць у аснове гібрыдалагічнага аналізу. Прыкметы і ўласцівасці гібрыда перадаюцца ў спадчыну і расшчапляюцца (пераразмяркоўваюцца) у наступных пакаленнях паводле пэўных генет. законаў.

У раслінаводстве адрозніваюць гібрыды: міжродавыя, міжвідавыя, унутрывідавыя, міжлінейныя, міжсартавыя, сорталінейныя, трыплоідныя, несапраўдныя (псеўдагібрыды). Шырока выкарыстоўваюцца міжродавыя гібрыды пшанічна-пырнікавыя і трыцікале, міжлінейныя гібрыды кукурузы, шматлікія міжсартавыя гібрыды культурных раслін, што служаць таксама крыніцай зыходнага матэрыялу для селекцыі. У жывёлагадоўлі гібрыдам прынята называць толькі патомкаў, атрыманых ад скрыжавання розных родаў і відаў. Гл. Гібрыдызацыя.

т. 5, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЦІКІ, аканіт (Aconitum),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 350 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмеранай і субтрапічнай зонах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі на зарослых хмызняком і вольхай шэрай схілах рачных берагоў вельмі рэдка трапляюцца боцікі шарсцістагубыя (A. lasiostomum) і боцікі паўночныя, або высокія (A. septentrionale); занесены ў Чырв. кнігу. У бат. садах, парках і на кветніках вырошчваюцца 6 інтрадукаваных відаў — боцікі Вільсана (A. wilsonii), боцікі павойныя (A. volubile), боцікі пірамідальныя (A. pyramidalis), боцікі Фішэра (A. ficheri), боцікі фіялетавыя (A. napellus), боцікі Штэрка (A. stoerkianum).

Шматгадовыя травяністыя караняклубневыя або карэнішчавыя расліны. Сцябло простае або галінастае, прамастойнае ці зрэдку павойнае, выш. 100—250 см. Лісце чаргаванае, далонепадобнарассечанае, на чаранках. Кветкі жоўтыя, сінія, фіялетавыя, рэдка белыя, буйныя, няправільныя (верхні пялёстак накшталт шлема), у гронках. Плод — пераважна апушаная шматлістоўка. Лек. (гарачкапаніжальны і болепатольны сродак), дэкар. і ядавітыя (маюць алкалоіды аканіцін, псеўдааканіцін, зангарын) расліны.

Боцікі: 1 — шарсцістагубыя; 2 — паўночныя.

т. 3, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІВА́ННА (Verbascum),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 350 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. Як пустазелле або здзічэлыя трапляюцца ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, у Аўстраліі. На Беларусі 7 дзікарослых відаў: Дз. звычайная, або мядзведжае вуха (V. thapsus), чорная (V. nigrum), мучністая (V. lychnitis), густакветная (V. densiflorum), фіялетавая (V. phoeniceum), лекавая (V. phlomoides), тараканавая (V. blattaria). Растуць на сухіх пясчаных сонечных месцах, у светлых лясах і інш. Дз. джунгарская (V. songoricum) інтрадукавана як лек. расліна Цэнтр. бат. садам Нац. АН Беларусі.

Адна-, двух- і шматгадовыя пераважна густа апушаныя травяністыя расліны з высокімі прамастойнымі простымі ці галінастымі сцёбламі, рэдка паўкусты. Лісце чаргаванае або папарна збліжанае, цэласнае, рэдка перыстараздзельнае. Кветкі з 5 пялёсткамі, звычайна жоўтыя, рэдка фіялетавыя, адзіночныя ці ў простых (гронках ці каласах) або складаных (мяцёлчатых, коласа- ці гронкападобных) суквеццях. Плод — каробачка. Лек., дэкар. і фарбавальныя расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Дзіванна звычайная.

т. 6, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАПАДО́БНЫЯ (Galliformes),

атрад птушак. Вядомы з ніжняга эацэну. 2 падатр.: гаацыны і ўласна К., 7 сям. (6 сучасных: веліканогія куры, фазанавыя, індычыя, краксавыя, або гока, цецеруковыя, цацаркавыя), 108 выкапнёвых і 283 сучасныя віды. Наземныя або наземна-дрэвавыя птушкі. На Беларусі 7 відаў: глушэц, курапаткі белая і шэрая, перапёлка, рабчык, цецярук, фазан. У Чырв. кнізе МСАП — 26 відаў, 11 падвідаў. У Чырв. кнізе Беларусі — курапатка белая.

Даўж. ад 12 см (карлікавая перапёлка) да 235 см (чубаты аргус), маса ад 45 г (карлікавая перапёлка) да 10 кг (дзікі індык). Самцы буйнейшыя за самак. Палавы дымарфізм добра выражаны. Дзюба кароткая, моцная. Крылы шырокія. Ногі моцныя. Добра ходзяць, бегаюць, палёт непрацяглы. Кормяцца пладамі, насеннем, травой, лісцем, насякомымі, малюскамі, чарвямі. Пераважна палігамы, такуюць. Гнёзды на зямлі (акрамя гаацына і гока). Нясуць да 25 яец. Вывадкавыя птушкі. Банкіўскія куры (гл. Банкіўскі певень), індычыя і цацаркавыя — продкі свойскіх парод. Аб’ект промыслу і развядзення.

т. 9, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́ВАРАНКІ,

птушкі сям. жаваранкавых атр. вераб’інападобных. 15 родаў, 78 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўразіі, Афрыцы, Паўд. Амерыцы, Аўстраліі. Жывуць на адкрытых прасторах: палях, стэпах, горных лугах, радзей лясных палянах і інш. Ж. разуанскі (Calandrella razae) занесены ў Чырв. кнігу МСАП. На Беларусі 4 віды: Ж. лясны (Lullula arborea), Ж. палявы (Alauda arvensis) — звычайныя пералётныя птушкі: Ж. чубаты (Galerida cristata), нар. назвы смяцюх, сметнік — аселы, найб. шматлікі на Пд; Ж. рагаты (Eremophila alpestris) — пралётны.

Даўж. цела 11—25 см, маса 15—70 г. Целасклад моцны. Ногі кароткія, на заднім пальцы шпорападобны кіпцюр. Крылы доўгія. Афарбоўка апярэння зямлістая, валляка і грудзей — часта плямістая. Гнёзды на зямлі, нясуць 2—6 яец (некат. двойчы на год). Самцы многіх відаў у трапяткім палёце пяюць над гнездавой тэрыторыяй. Ж. чубаты можа імітаваць галасы інш. птушак. Кормяцца насякомымі, насеннем раслін.

Жаваранкі: 1 — лясны; 2 — палявы; 3 — чубаты; 4 — рагаты.

т. 6, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПА (Tilia),

род кветкавых раслін сям. ліпавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. драбналістая, або сэрцалістая (T. cordata), і каля 30 інтрадукаваных відаў і форм: Л. амерыканская (T. americana), лямцавая, або венгерская, ці серабрыстая (T. tomentosa), еўрапейская (T. europaea), крымская (T. euchlora) і інш. Расце ў шыракалістых, часам хвойна-лісцевых лясах, утварае ліпавыя лясы.

Лістападныя дрэвы з шырокай раскідзістай кронай выш. да 40 м. Жывуць 300—400 гадоў. Кара гладкая, на старых дрэвах патрэсканая. Лісце круглавата-яйцападобнае, чаранковае, зубчастае. Кветкі двухполыя, жаўтаватыя, духмяныя, у шчыткападобных пазушных суквеццях. Плод — арэшак, ядомы. Мяккая драўніна ідзе на выраб муз. інструментаў, фанеры, мэблі, тары. З лубу вырабляюць вяроўкі, рагожы. З насення атрымліваюць харч. алей (нагадвае міндальны або персікавы). Высушаныя кветкі (ліпавы цвет) патагонны і гарачкапаніжальны сродак. Ліпавы мёд (ліпіца) — адзін з лепшых. Лясныя, лесамеліярац., глебаахоўныя, глебапаляпшальныя, дэкар., лубяныя, меданосныя, перганосныя, лек. расліны.

т. 9, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАТЫ́ (Talpidae),

сямейства млекакормячых атр. насякомаедных. 14 родаў, 31 від. Формы: наземныя бегаючыя, падземнарыючыя (большасць відаў) і паўводныя плаваючыя. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. К. еўрапейскі жыве на ўмерана вільготных лугах, палях, агародах, парках, лясах у глебе на глыбіні 5—60 см. Гнездавыя камеры — на глыб. да 1,5 м. Характэрны сезонныя міграцыі з аднаго біятопу ў другі. Аб’ект промыслу (шкуркі). На Беларусі трапляецца паўднёварускі падвід К. еўрапейскага (Talpa europaea). У Чырв. кнізе МСАП 2 віды.

Тулава выцягнутае, валькаватае, канечнасці ўкарочаныя, прыстасаваныя для рыцця, плавання. На пальцах доўгія пляскатыя кіпцюры. Галава невял., з падоўжанай канічнай мордай. Валасяное покрыва кароткае, густое, мяккае, пераважна чорнае або чорна-бурае. Лінька тройчы за год. Вочы маленькія, у некаторых відаў закрытыя скурай. Вушных ракавін няма. Нюх і дотык добра развітыя. Кормяцца лічынкамі насякомых, дажджавымі чарвямі. Размнажаюцца 1 раз за год, прыплод пераважна 3—7 дзіцянят.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 8, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАХАЛІ́ (Mergus),

род вадаплаўных птушак сям. качыных атр. гусепадобных. 7 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і (5 відаў), у тропіках Паўд. Амерыкі (1 від), на астравах Окленд (1 від, магчыма, вымерлы). Жывуць на рыбных рэках і азёрах. На Беларусі 3 віды: луток, К. вялікі (M. merganser) і К. даўгадзюбы (M. serrator). К. вялікі і даўгадзюбы гняздуюць у паўн. ч. Беларусі, луток — на Палессі. К. лускаваты (M. squamatus) і К. бразільскі (M. octosetaceus) занесены ў Чырв. кнігу МСАП, К. вялікі і даўгадзюбы — у Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 80 см, маса да 2 кг. Дзюба доўгая, вузкая, з вострымі рагавымі зубцамі па краях. На патыліцы чубок. Кормяцца рыбай, воднымі насякомымі, малюскамі. Ныраюць на глыб. да 4 м. Гнёзды на зямлі, у расколінах скал, у дуплах. Нясуць да 15 яец. Аб’ект спарт. палявання.

Крахалі: 1 — вялікі; 2 — даўгадзюбы; 3 — луток (а — самец, б — самка).

т. 8, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)