спосаб апрацоўкі металаў ціскам паміж вярчальнымі валкамі пракатнага стана з мэтай атрымання вырабаў пэўнага сячэння. П. атрымліваюць розныя віды пракату: пруткі і палосы рознага папярочнага сячэння, трубы, колы, кольцы і інш.
Адрозніваюць П. гарачую, цёплую і халодную. Вядомы 3 асн. віды: падоўжная (найб. пашыраная), папярочная і папярочна-вінтавая (касая). Пры падоўжнай П. метал дэфармуецца паміж паралельна размешчанымі валкамі, якія верцяцца ў процілеглых напрамках. Пры гэтым метал зацягваецца ў міжвалковую прастору сілай трэння і пластычна дэфармуецца (вышыня сячэння вырабу пры праходжанні паміж валкамі змяншаецца, даўжыня павялічваецца). Такім спосабам вырабляюць сартавы і ліставы пракат, раскочваюцца загатоўкі ў гатовыя трубы. Папярочнай і папярочна-вінтавой П. робяць толькі дэталі форм вярчэння. Пры гэтым вырабу, што апрацоўваецца папярочнай П., надаецца вярчальны рух і апрацоўка адбываецца ў папярочным напрамку. Такой П. атрымліваюць шасцерні, кольцы, вырабы з перыяд. профілем. Пры папярочна-вінтавой П. выраб мае яшчэ і паступальны рух уздоўж яго восі. Гэты спосаб выкарыстоўваюць у вытв-сці труб, шароў і інш. цел вярчэння. Бесперапыннасць П. забяспечвае высокую прадукцыйнасць. У індустр. краінах П. апрацоўваюць больш як 3/4 усёй выплаўленай сталі.
Літ.:
Машины и агрегаты металлургических заводов. Т. 1—3. 2 изд. М., 1987—88;
Поперечно-клиновая прокатка в машиностроении. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЬЦЗЯ́Н-УЙГУ́РСКІ АЎТАНО́МНЫ РАЁН, Сіньцзян,
аўтаномны раён на ПнЗ Кітая. На Пн і З мяжуе з Манголіяй, Расіяй, Казахстанам, Кіргізіяй, Таджыкістанам, Афганістанам, Пакістанам, Індыяй. Пл. 1600 тыс.км², нас. каля 18 млн.чал. (2001), у т. л. уйгуры (75%), сярод астатніх найб. кітайцаў. Адм. і гал.прамысл. цэнтр — г.Урумчы. Большая ч. паверхні — пустынная і паўпустынныя Джунгарская і Кашгарская раўніны, падзеленыя хрыбтамі Усх. Цянь-Шаня. На Пд горы Куньлунь і Каракарум (г. Чагары выш. 8611 м), на Пн Мангольскі Алтай. Клімат субтрапічны засушлівы, кантынентальны. Ападкаў на раўнінах 100—300 мм за год, у гарах да 800 мм. Расліннасць пераважна пустынная і паўпустынная. У гарах хваёвыя лясы. Найб. развіта сельская гаспадарка. Земляробства пераважна на арашальных землях. Гал.с.-г. культуры — пшаніца, кукуруза, рыс (займаюць больш за 50 % апрацаваных зямель), а таксама бавоўнік, рапс, каноплі. У аазісах вінаградарства і садоўніцтва (абрыкосы, яблыкі, грушы, грэцкі арэх), бахчаводства (дыні, кавуны). Шаўкаводства. У пустынях і паўпустынях (найб. на Пн) жывёлагадоўля (авечкі, козы, буйн. раг. жывёла, вярблюды, коні). Здабыча нафты, вугалю, рэдкіх і каштоўных металаў, графіту, нефрыту. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: нафтаперапр., металургічная, маш.-буд. (аўтазборка і аўтарамонт, с.-г. машынабудаванне і інш.), хім., буд. матэрыялаў, тэкст., гарбарная. Рамёствы (тканіны, дываны, кашма, скуры і скураныя вырабы, папера і інш.). Транспарт чыг. і аўтамабільны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРУ́НКІ,
тэкстыльны выраб без тканай асновы, у якім ажурны арнамент і выявы атрымліваюцца ў выніку перапляцення нітак (ільняных, шаўковых, метал. і інш.); від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вызначаюцца тонкасцю, лёгкасцю, эластычнасцю, узорыстасцю, зліццём ажурных узораў і сеткі фону або кантрастам шчыльнага ўзору (часам рэльефнага) і ажурнага фону, разнастайнымі рытмічнымі пабудовамі ўзору, выяўленнем колеру, бляску і фактуры нітак. Выкарыстоўваюцца для аздобы адзення, бялізны ў выглядзе тасьмы або ўставак і як самаст.вырабы (сурвэткі, пакрывалы, абрусы і інш.). Паводле тэхнікі выканання бываюць ручныя (плеценыя на каклюшках — точаных палачках; шытыя іголкай, вязаныя кручком або пруткамі) і машынныя.
Першыя К. (шытыя) вядомы з канца 15 — пач. 16 ст. ў Італіі. З канца 16 ст. з’явіліся ў Фландрыі (напачатку шытыя, пазней плеценыя «бенш», «валансьен», з канца 17 — пач. 18 ст. цюлевыя «малін», «англетэр», «дзюшэс», «брабанцкія»). У Італіі (Венецыя, Мілан, Генуя) пашырыўся гіпюр. З 1-й пал. 17 ст. выраб К. вядомы ў Расіі (валагодскія карункі, галіцкія, таржкоўскія, растоўскія і інш.), з сярэдзіны 17 ст. — у Францыі (седанскі гіпюр і алансон, цюлевы «аржант», чорныя шаўковыя К. з Шантыльі і інш.). У 18 ст. цэнтрамі вытворчасці К. сталі Фландрыя і Францыя. У 19 ст. чорныя шаўковыя К. з залатымі ніткамі выраблялі ў Іспаніі, вязаныя кручком — у Ірландыі. З 1930-х г. пашырыўся машынны выраб танных К. на цюлі з баваўняных нітак і інш., ручны спосаб ператварыўся ў нар.маст. промысел.
На Беларусі вядомы з 16 ст. на адзенні духавенства, магнатаў, шляхты і гар. знаці. Першапачаткова іх прывозілі з Францыі і Германіі, з 18 ст. пры манастырах і ў маёнтках стваралі майстэрні па вырабе К. з залатых і сярэбраных нітак, пазней з шаўковых і баваўняных. У 2-й пал. 18 ст. ў Гарадніцы (прадмесце Гродна) існавала мануфактура, дзе выраблялі К. па замежных узорах. З сярэдзіны 19 ст. пашырыліся машынныя К. На Беларусі найб. вязалі і плялі К. драўлянымі, пазней метал. кручкамі. Быў вядомы стараж. спосаб пляцення на каклюшках — «вылічальны», заснаваны на паўторы аднаго малюнка з дапамогаю вылічэння нітак без гатовага ўзору. Вылічальныя К. з роўнымі краямі выраблялі сяляне для ўпрыгожвання адзення, ручнікоў і інш. Узоры нар. К. блізкія да ўзораў нар. тканін і вышывак. Бел. К. характэрны геам. («ромбы», «шахматы», «палоскі») і раслінныя («кветкі», «зорачкі», «сняжынкі» і інш.) узоры. З сярэдзіны 20 ст. вядомы аб’ёмныя карункавыя вырабы (карзінкі, кошыкі, вазы). Шырока выкарыстоўваюцца мастакамі-прафесіяналамі для тэатр. касцюмаў, аздаблення вопраткі і бялізны. Бытуюць як нар.маст. промысел. Вырабляюць К. на ф-ках маст. вырабаў і ў хатніх умовах.
Літ.:
Беларускае народнае мастацтва. Т. 1. Мн., 1951;
Бирюкова Н.Ю. Западноевропейское кружево XVI—XIX вв. в собрании Эрмитажа. Л., 1959.
Да арт.Карункі. Падзор, Салігорскі раён Мінскай вобл.Да арт.Карункі. Пакрывала. Чашніцкі раён Віцебскай вобл.Да арт.Карункі. Валан рэльефнага гіпюру. Ільняныя ніткі, шыццё іголкай. Італія. Сярэдзіна 17 ст.Да арт.Карункі. Валан французскага гіпюру. Пач. 18 ст.Валагодскія карункі. В.Ельфіна. Пано «Лета». 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ТРЫКАЎСКІ РАЁН.
Размешчаны на З Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2,8 тыс.км². Нас. 43,1 тыс.чал. (2000), гарадскога 36,4%. Сярэдняя шчыльн. 15 чал. на 1 км. Цэнтр — г.Петрыкаў. Уключае г.п.Капаткевічы, 125 сельскіх населеных пунктаў, Капаткевіцкі пасялковы Савет, 16 сельсаветаў: Бабуніцкі, Галубіцкі. Грабаўскі, Камаровіцкі, Капцэвіцкі, Колкаўскі, Конкавіцкі, Лучыцкі, Ляскавіцкі, Муляраўскі, Мышанскі, Навасёлкаўскі, Петрыкаўскі, Пціцкі, Снядзінскі і Чалюшчавіцкі.
Тэр. раёна ў межах Прыпяцкага Палесся, паверхня плоская, забалочаная, 95% яе на выш. 120—140 м, найвыш. пункт 185 м (каля в. Чалюшчавічы). Уздоўж рэк пясчаныя дзюны і грады. Карысныя выкапні: калійная соль, нафта, буры вугаль, торф, пяскі, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-растудз. -6 °C, ліп. 18,5 °C Ападкаў 554 мм за год. Вегетац. перыяд 198 сут. Найб. рэкі Прыпяць з прытокамі Пціч, Бобрык, Трэмля, Убарць. Воз. Дзікае. Меліярац. каналы: Міхедава-Грабаўскі, Лукіч, Курыціцкі, Галоўчыцкі. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,1%), тарфяна-балотныя (26,9%), поймавыя (алювіяльныя, 19,1%), дзярнова-падзолістыя (13,2%). Пад лесам 56,3% тэр. раёна, у т. л. штучныя хваёвыя насаджэнні (18%). Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, дубовыя. Пад балотамі 4% тэрыторыі. На тэр. раёна ч.нац. парку Прыпяцкі; біял. заказнікі мясц. значэння: Камаровіцкі, Бобрыкаўскі, Возера Белеў; ахоўныя тарфянікі: Глухі Мох, Снапішча-1, Маркаў Мох, Ліпнікі (частка), Варанецкі Мох, Слабадское, Бажылаў Гул, Касішча, Тапіла. Помнікі прыроды: рэсп. значэння — геал. агаленне Дарашэвічы, мясц. значэння — паркі: Дарашэвічы, І.Шклярэўскага, дубровы ў Капаткевіцкім, Петрыкаўскім, Кашэвіцкім лясніцтвах.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 89,6 тыс.га, з іх асушаных 45,2 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 10 калгасаў, 12 саўгасаў, 9 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі і свінагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы машынабуд. і металаапр. (Петрыкаўскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод), буд. матэрыялаў (керамзіт, сценавыя блокі, цэгла, сталярныя вырабы і інш.), дрэваапр. (мэбля, сувеніры), камбікормавай, харч. (цэльнамалочныя прадукты, сухое і абястлушчанае малако, масла, казеін, кансервы), кааператыўнай (каўбасныя, хлебабулачныя, кандытарскія, макаронныя вырабы, кісель) прам-сці. Лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Гомель—Брэст, аўтадарога Гомель—Кобрын. У раёне 23 сярэднія, 9 базавых, 9 пач., у т. л. школа-садок, 4 муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, Капаткевіцкая дапаможная школа для дзяцей з недахопамі разумовага і фіз. развіцця, Петрыкаўская школа-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы, СПТВ, 2 навучальна-вытв. камбінаты, 2 цэнтры пазашкольнай працы, 2 дамы рамёстваў, клуб «Юны марак», 27 дашкольных устаноў, 50 клубаў, 49 б-к, 4 бальніцы, паліклініка, 8 амбулаторый, 37 фельч.-ак. пунктаў, Пціцкі дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр. Музей В.І.Талаша ў в. Навасёлкі. Помнікі архітэктуры: Успенская царква (1642) у в. Кашэвічы, паркі (19 — пач. 20 ст.) у вёсках Брынёў, Дарашэвічы, Лучыцы, свіран (19 — пач. 20 ст.) у в. Людзвіноў. Мемарыяльны комплекс «Загінуўшым і жывым» (1975) у в. Навасёлкі ў гонар партызан і на ўшанаванне памяці 520 землякоў, што загінулі ў Вял.Айч. вайну. Выдаецца газ. «Петрыкаўскія навіны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМАТУ́РА (ад лац. armatura узбраенне, амуніцыя),
дапаможныя, звычайна стандартныя прылады, прыстасаванні і дэталі, неабходныя для забеспячэння нармальнай работы абсталявання і трываласці канструкцый. Арматура жалезабетонных канструкцый успрымае пераважна расцягвальныя намаганні і стварае папярэдняе напружанне. Падзяляецца на рабочую (разліковую), мантажную і размеркавальную (канструкцыйную). Арматура павінна быць трывалая, пластычная, вязкая, добра зварвацца.
Найб. пашырана арматура стальная стрыжнёвая (гарачакачаная, умацаваная тэрмічна і выцягваннем) і драцяная (арматурны дрот, пасмы, канаты, тканыя і зварныя сеткі). Дыям. стрыжнёвай арматуры 6—90 мм, драцяной 3—8 мм. Для паляпшэння счаплення арматуры з бетонам ёй надаюць перыядычны профіль. У якасці арматуры жалезабетонных канструкцый выкарыстоўваюць таксама шкловалакно і вырабы з яго, шклапластыкі і інш. Арматура трубаправодная рэгулюе цячэнне вадкасці, паліва, газу, пары па трубах. Падзяляецца на запорную, рэгулявальную, вадазборную і засцерагальную (вентылі, краны, засаўкі, клапаны, рэгулятары ціску, кандэнсатаадводчыкі і інш.). Арматура электратэхнічная — шчыткі, патроны, выключальнікі, штэпсельныя разеткі і вілкі, некаторыя дэталі эл. машын, дэталі і прыстасаванні для мацавання ізалятараў і правадоў і інш. Арматура святлотэхнічная — часткі асвятляльных прыстасаванняў, прызначаныя для размеркавання светлавога патоку і аховы вачэй ад яркіх прамянёў, для падводу эл. току, прымацавання і аховы лямпаў ад пашкоджанняў і інш. Арматура пячная (металургічных пячэй) — сукупнасць метал. частак, якія павялічваюць трываласць печы і ахалоджваюць яе вонкавую паверхню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 34,9 тыс.км². Нас. 1466,9 тыс.чал. (1994), гарадскога — 61%. Цэнтр — г.Бранск. Найб. гарады: Клінцы, Навазыбкаў, Унеча.
Прырода. Бранская вобласць размешчана ў цэнтр.ч.Усх.-Еўрап. раўніны. Пераважная выш. 200—250 м, найб. да 288 м; нахіл паверхні з ПнУ на ПдЗ. У рэльефе — спалучэнне моцна расчлянёных Сярэднярускага ўзвышша і Смаленскага ўзвышша і плоскай эразійнай Прыдняпроўскай нізіны. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -7 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 600 мм за год. Гал.р. Дзясна (сістэма Дняпра) з прытокамі Балва, Наўля, Няруса, Судасць; на З рэкі Іпуць і Беседзь (прытокі р. Сож). Пераважаюць падзолістыя, дзярнова-падзолістыя і шэрыя лясныя глебы. Ландшафты ў асн. мяшаных лясоў — хваёвыя, значная ч. бярозавых і асінавых (найб. Бранскі лясны масіў); на ПдУ — лесастэп.
Гаспадарка. Вядучыя галіны прамысловасці — машынабудаванне (дызелі, цеплавозы, рэфрыжэратарныя секцыі, аўтамабілі, станкі, веласіпеды; с.-г., буд.-дарожныя, ірыгацыйныя машыны, электратэхніка і інш.) і металаапрацоўка. Развіта вытв-сцьбуд. матэрыялаў (азбестацэментныя вырабы, цэмент, шкло, шкловалакно, ізаляцыйныя матэрыялы і інш.), хім. (фасфатная мука), лёгкая (шарсцяная, гарбарна-абутковая, швейная), харч. (кансервавая, крухмальная, мясная і інш.), лясная і дрэваапр.прам-сць. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — вырошчванне збожжавых культур, малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля. Пашыраны пасевы тэхн. культур. Бульбаводства. Пладаводства. Птушкагадоўля. У Бранскай вобласці густая сетка чыгунак, найб. важныя магістралі Масква—Кіеў, Арол—Валгаград, значная сетка аўтадарог. Суднаходства па Дзясне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й,
навуковая і культурна-асветная ўстанова, у якой сабраны калекцыі жывёл (у фіксавальных вадкасцях, высушаныя ці дасканала прэпараваныя жывёлы, іх чучалы, шкілеты, скуры, а таксама вырабы з рогу, косці, ракавін і інш.). Калекцыі З.м. складаюцца з навук. фондаў і экспанаваных матэрыялаў. Асн. задачы З.м.: навук. даследаванні па сістэматыцы, фауністыцы, зоагеаграфіі, зменлівасці, параўн. марфалогіі і анатоміі жывёл, тэорыі эвалюцыі; культ.-асв. работа па заалогіі, папулярызацыя справы аховы прыроды; вучэбная работа са школьнікамі і студэнтамі, кансультацыі па пытаннях у галіне паляўнічай, сельскай, лясной гаспадаркі і мед. заалогіі.
Па калекцыях 1-е месца ў свеце належыць Брытанскаму музею ў Лондане, 2-е — С.-Пецярбургскаму (створаны на базе пятроўскай Кунсткамеры ў 1832). Існуюць З.м. ў Нью-Йорку, Вашынгтоне, Чыкага, Парыжы, Берліне, Вене, Празе, Капенгагене, Стакгольме, Калькуце, Пекіне, Рыме, Мюнхене, Маскве, Кіеве, Тбілісі, Ерэване, Ашгабаце, Ташкенце, Алматы і інш.
На Беларусі першы Віцебскі губ.вет.-заал. музей засн. ў 1918; у 1921 на базе энтамалагічнай калекцыі В.А.Плюшчэўскага-Плюшчыка пры Віцебскім с.-г. тэхнікуме створаны З.м. (з 1924 прыродазнаўча-гіст. музей Віцебскага вет. ін-та). З.м. існуюць у БДУ (1923), Гомельскім ун-це (1981). У 1992 пры музеі БДУ створаны Цэнтр заал. калекцый імя А.У.Фядзюшына (каля 120 тыс.экз., у т. л. каля 8 тыс. пазваночных жывёл).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАХО́Р,
горад на У Пакістана, на р. Раві, за 25 км ад мяжы з Індыяй. Адм. ц.прав. Пенджаб. 5 млн.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны эканам., гандл. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, харч., маш.-буд. (станкабудаванне, эл.-тэхн., зборка трактароў і матаролераў), металаапр., папяровая, шкляная, хім., у т. л.вытв-сцьмінер. угнаенняў. Нар. промыслы; ручное дыванаткацтва, вышыўка, саматужна-мастацкія вырабы з тэкстылю, воўны і шоўку, серабра, бронзы і медзі. 2 ун-ты, у т. л. Пенджабскі. Музеі, у т. л. музей зброі. Арх. помнікі пераважна эпохі Вял. Маголаў (16—18 ст.): Шыш-Махал («Люстраны палац»), Бадшахі-Масджыт (адна з найбуйнейшых мячэцяў свету). Сады Шалімара (засн. ў 1641) і форт (16 ст.) уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Вядомы з 7 ст. У 10 ст. цэнтр індускага княства. У 1099—1114 і 1153—86 сталіца дзяржавы Газневідаў. Пры дэлійскіх султанах і Вялікіх Маголах цэнтр Пенджабскага намесніцтва. Л. неаднаразова разбуралі маголы (1240), хахары (1342, 1394), войскі Цімура (1398). Найб. росквіту дасягнуў у 16—17 ст., цэнтр транзітнага караваннага гандлю. У 1739 захоплены Надзір-шахам. У 1799—1849 сталіца дзяржавы сікхаў. У 1849—1947 пад уладай Вялікабрытаніі, цэнтр Лахорскай вобл. і аднайм. акругі Брыт. Індыі. У 1947—55 і з 1970 адм. ц. пакістанскай прав. Пенджаб, у 1955—70 — вобласці Лахор і прав.Зах. Пакістан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РВЕНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў 4—3-м тыс. да н.э. жылі на тэр.паўд.-ўсх. Прыбалтыкі і паўн. Беларусі. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, у канцы неаліту — земляробствам і жывёлагадоўляй. Паселішчы, стаянкі размяшчаліся па берагах азёр і рэчак па ўсім Падзвінні, у бас. Віліі, у вярхоўях Бярэзіны (прытока Дняпра). Выяўлены рэшткі наземных жытлаў з агнішчамі, разнастайныя прылады працы і зброя з крэменю, рогу і косці, гліняны посуд (вастрадонныя гаршкі з грабеньчатымі расчосамі на паверхні сценак, пад краем венчыкаў былі ўпрыгожаны глыбокімі круглымі ямкамі), касцяныя і бурштынавыя ўпрыгожанні і творы першабытнага мастацтва. На Н.к. актыўна ўплывала тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культура, носьбіты якой у сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. пачалі прасочвацца ў паўд.-ўсх. Прыбалтыку. У гэты перыяд Н.к. спыніла сваё існаванне на паўн. арэале, а на Беларусі, дзе ўплывы былі слабейшыя, утварыўся крывінскі варыянт Н.к. Асаблівасці гэтага варыянта найб. праяўляюцца ў кераміцы: выкарыстоўваліся прысадзістыя гаршкі з круглаватымі днішчамі і гладкімі сценкамі, брыжы венчыкаў былі патоўшчаныя і скошаныя ўсярэдзіну, паверхні аздабляліся разрэджаным арнаментам, у т. л. фігуркамі змей, птушак, абрысамі раслін. Найб. значныя помнікі Н.к. на Беларусі: Скема, Галоўск, Асавец, Зацэнне.
Да арт.Нарвенская культура. Касцяныя і рагавыя вырабы са стаянкі Зацэнне: 1 — абломак кінжала; 2 — гарпун; 3 — сякера; 4, 5, 8 — матыкі; 6 — цясла; 7 — прылада з трубчастай косці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎПРАВАДНІКО́ВЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады, дзеянне якіх заснавана на электронных працэсах у паўправадніках. Адрозніваюць прылады на аснове аднародных паўправаднікоў (фотарэзістар, Гана дыёд і інш.) і паўправадніковых пераходаў (электронна-дзірачны пераход, гетэрапераход, Шоткі дыёд і інш.).
У П.п. выкарыстоўваюцца працэсы, абумоўленыя адчувальнасцю паўправаднікоў да знешніх уздзеянняў (змены т-ры, апрамянення, святла, эл. і магн. палёў і інш.), іх паверхневыя ўласцівасці (кантакты паўправаднік—метал, паўправаднік—дыэлектрык і іх спалучэнні), а таксама залежнасць уласцівасцей паўправадніковых узораў ад іх памераў. Адрозніваюць П.п. дыскрэтныя (асобныя вырабы) і інтэгральныя (актыўныя элементы маналітных інтэгральных схем). П.п. выкарыстоўваюцца для апрацоўкі эл. сігналаў (паўправадніковы дыёд, транзістар, тырыстар), пераўтварэння сігналаў аднаго віду ў другі (паўправадніковы лазер, фотатранзістар і інш.), атрымання адных відаў энергіі з іншых (тэрмаэлемент, сонечная батарэя і інш.), успрымання відарысаў (прылада з зарадавай сувяззю), пераўтварэння мех. і магн. велічынь у электрычныя (тэнзарэзістар, Хола пераўтваральнік), рэгістрацыі часціц (паўправадніковы дэтэктар), эмісіі электронаў у вакуум (халодны катод) і інш.
На Беларусі распрацоўкай і вытв-сцю П.п. займаюцца ў навук.-вытв. аб’яднанні «Інтэграл» і Маладзечанскім вытворчым аб’яднанні «Электрамодуль».
Літ.:
Зи С.М. Физика полупроводниковых приборов: Пер. с англ.Кн. 1—2. 2 изд. М., 1984;
Пасынков В.В., Чиркин Л.К. Полупроводниковые приборы. 4 изд. М., 1987;