судовы працэс у 1821—35 па лжывым абвінавачанні групы яўрэяў г. Веліж Віцебскай губ. (цяпер у Смаленскай вобл.) у рытуальным забойстве 3-гадовага хлопчыка. З-за недахопу доказаў справа ў Віцебскім губернскім судзе ў 1824 была закрыта, але ў 1825 па настаянні ўлад адноўлена. На падставе лжэсведчанняў былі арыштаваны 42 чал. У 1835 паводле пастановы Дзярж. савета справа спынена, абвінавачаныя апраўданы, ілжэсведкі сасланы ў Сібір. Гал. ролю ў выкрыцці нагавору адыграў М.С.Мардвінаў, старшыня дэпартамента грамадзянскіх і духоўных спраў Дзярж. савета. Веліжская справа прыцягнула да сябе шырокую грамадскую ўвагу. Пад уражаннем Веліжскай справы напісана п’еса М.Ю.Лермантава «Іспанцы».
Літ.:
Гессен Ю.И. Велижская драма. СПб., 1904;
Гроссман Л. «Испанцы» и велижское дело // Литературное наследство. М., 1941. Кн. 43—44.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ «КАЦЁЛ»,
акружэнне пад Бабруйскам войскамі правага крыла 1-га Бел. фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944 6 дывізій 9-й ням. арміі ў Вял.Айч. вайну. Сав. 3-я і 48-я арміі, якія наступалі з раёна Рагачова, і 65-я армія, што наступала з раёна на Пд ад Парычаў, 27.6.1944 злучыліся на Пн ад Бабруйска, замкнулі акружэнне 40-тысячнай групоўкі ворага і пачалі яе ліквідацыю. 526 самалётаў 16-й паветр. арміі на працягу 1,5 гадзіны наносілі ўдары па праціўніку, які рыхтаваў прарыў. 28 чэрв.сав. войскі закончылі ліквідацыю акружанага праціўніка. 5-тысячнай групоўцы ворага ўдалося прарвацца з раёна Бабруйска ў напрамку Асіповіч, але і яна была ўзята ў палон. 29 чэрв. быў вызвалены Бабруйск.
Да арт.Бабруйскі «кацёл». Гітлераўцы, узятыя ў палон пад Бабруйскам. Чэрвень 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГРАТЫЁНІ,
дынастыя, якая царавала ў Грузіі ў 9—19 ст. У 1-й пал. 9 ст. картлійскі цар Ашот Багратыёні стварыў княства Тао-Кларджэты, якое стала паліт. і культ. цэнтрам Грузіі. У 10 ст.Баграту III удалося аб’яднаць груз. землі. Найб. выдатныя прадстаўнікі Багратыёні: Давід IV Будаўнік, Георгій III [1156—84], Тамара. Яны пашырылі паліт. ўплыў на ўсё Закаўказзе, Паўн. Каўказ і паўн.-ўсх. ўзбярэжжа Чорнага м. Пасля распаду адзінай груз. дзяржавы ў канцы 15 ст. Багратыёні правілі ў Картлійскім, Кахецінскім, Імерэцінскім царствах. У 1762 Усх. Грузія пад уладай Багратыёні аб’ядналася ў адну дзяржаву. У 1801 Грузія далучана да Рас. імперыі і царская ўлада Багратыёні скончылася. Адна з 4 галін роду Багратыёні была запісана ў рас. княжацкі род. З роду Багратыёні выйшлі многія вядомыя дзеячы, у т. л.рас. палкаводзец П.І.Баграціён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕ́КА МІЖНАРО́ДНАЯ,
сістэма кіравання былымі залежнымі тэрыторыямі, якая ажыццяўлялася ад імя і пад кіраўніцтвам ААН. Створана ў 1945. Апекавала тэрыторыі, на якія раней распаўсюджвалася мандатная сістэма Лігі Нацый, а пасля 2-й сусветнай вайны былі адарваны ад дзяржаў гітлераўскай кааліцыі і добраахвотна ўвайшлі ў сістэму апекі. Грунтавалася на праве нацый на самавызначэнне, была больш прагрэсіўная па сваіх мэтах і накіравана на ліквідацыю каланіяльнай залежнасці. У сістэму апекі міжнароднай было ўключана 11 тэрыторый. Кантрольныя функцыі за выкананнем дзяржавамі-апекунамі сваіх абавязкаў ускладаліся на Савет па апецы ААН і Савет Бяспекі ААН. Прыняцце Ген. Асамблеяй ААН у 1960 Дэкларацыі аб прадастаўленні незалежнасці каланіяльным краінам і народам садзейнічала таму, што ўсе падапечныя тэрыторыі да 1994 атрымалі незалежнасць. Такім чынам сістэма апекі міжнароднай вычарпала свае функцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНЕ́ТКА-ПЛАН, Уінетка-план,
адна з сістэм арганізацыі навуч. работы ў пач. школе, адметнай рысай якой з’яўлялася спалучэнне індывідуалізаванага навучання з некаторымі формамі калект. работы (дыспуты, гурткі і інш.). Узнік у 1919—20 у ЗША. Аўтар К.Уошберн — інспектар школ Уінеткі — прыгарада Чыкага (адсюль назва). Атрымаў сусв. вядомасць у 1920—30-я г.
Паводле гэтай сістэмы настаўнік пераважна толькі назіраў за заняткамі вучняў і ў патрэбных выпадках дапамагаў. Навуч. матэрыялы былі разлічаны на дасягненне вучнямі канкрэтна вызначаных вучэбных мэт і прапрацоўваліся ў 1-й пал. дня індывідуальна ў аптымальным для кожнага вучня тэмпе. Індывідуалізацыя навучання па «акадэмічных» школьных дысцыплінах дапаўнялася сумеснай дзейнасцю вучняў у 2-й пал. дня, якая была накіравана на пераадоленне іх раз’яднанасці і прывучала да калект. працы. Дыдактычныя асаблівасці Вінетка-плана вызначылі практыку праграмаванага навучання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫГО́ЎСКІ (Іван Яўстахавіч) (? — 26.3.1664),
гетман Украіны. Служыў у польск. войску, у бітве пад Жоўтымі Водамі (1648) трапіў у тат. палон, з якога выкуплены Б.Хмяльніцкім. Быў у апошняга генеральным вайск. пісарам. Пасля смерці Хмяльніцкага выбраны гетманам Украіны (1657—59). Арыентаваўся на збліжэнне з Польшчай, рыхтаваў план сумеснай з палякамі барацьбы супраць маскоўскага войска. Падпісаў Гадзяцкі дагавор 1658, паводле якога Украіна на федэратыўных асновах зноў уваходзіла ў Польскае каралеўства. Паводле ўмоў пагаднення, гетман павінен быў вызваліць ад казакоў тэр. Беларусі. Летам 1659 Выгоўскі пры падтрымцы польск. войска і татар разграміў пад Канатопам буйныя сілы рус. ваяводы А.Трубяцкога. Большасць казакоў была незадаволена палітыкай Выгоўскага, супраць яго выбухнула паўстанне на чале з І.Багуном і інш. Выгоўскі ўцёк у Польшчу, адмовіўшыся ад гетманства. Расстраляны ў выніку інтрыг гетмана Правабярэжнай Украіны П.Цяцеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДВА́НА (ад назвы гіст. вобласці ў Цэнтр. Індыі),
гіганцкі суперкантынент, які існаваў у Паўд. паўшар’і Зямлі на працягу б.ч. палеазою (верагодна, і ў дакембрыі) і ў пач. мезазою. Мяркуюць, што Гандвана — мацярык яйцападобнай формы, антыподам якой у Паўн. паўшар’і былаЛаўразія. У тэктанічных адносінах Гандвана — дакембрыйская платформа, адна з найб. структур Зямлі. Уключала шэраг стараж. платформаў Паўд. Амерыкі, Афрыкі, Азіі (Аравійская і Індастанская), Аўстраліі і Антарктыды. Пра тое, што гэтыя часткі кантынентаў былі адзіным цэлым, сведчаць вялікае падабенства або ідэнтычнасць познапалеазойскіх і раннемезазойскіх кантынентальных адкладаў, наяўнасць слядоў палеазойскага мацерыковага зледзянення, пашырэнне гласаптэрыевай флоры і інш. агульныя рысы. У сярэдзіне юрскага перыяду пачаўся раскол Гандваны, які завяршыўся да канца ранняга мелу. Часткі яе пачалі разыходзіцца і ў выніку дрэйфу кантынентаў занялі сучаснае становішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСЦІ́НЕЦ,
1) тракт, бальшак, шаша, упарадкаваная вял. дарога. Звычайна меў шырокую праезную частку, абмежаваную канавамі і абсаджаную абапал дрэвамі, за канавамі — сцежкі для пешаходаў. Вядомы з часоў Кіеўскай Русі, звычайна пракладаліся праз густанаселеныя раёны. У 13—14 ст. на важнейшых дарогах была наладжана служба дастаўкі карэспандэнцыі — загадаў і распараджэнняў улад, пасылак; пазней яна склалася ў рэгулярную паштовую сувязь. Работы па ўпарадкаванні і будаўніцтве гасцінца лічыліся цяжкай феад. павіннасцю. Паштовыя гасцінцы мелі рэгулярную пасаж. сувязь. Уздоўж іх у 19 ст. на адлегласці 17—22 вёрст размяшчаліся станцыі з заезным домам для гасцей, стайняй для коней, карчмой, кузняй і інш. У наш час назва «гасцінец» ужываецца пераважна для старых грунтавых дарог.
2) Устарэлая назва памяшкання для праезджых, гасцініца, карчма.
3) Падарунак, звычайна ласунак, прывезены з кірмашу ці з дарогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВОР,
1) участак зямлі пры доме, хаце, прадпрыемстве, абгароджаны плотам або сценамі будынка, тое, што і сядзіба.
2) У ВКЛ у 13—18 ст. адна з назваў сял. гаспадаркі як аб’екта і адзінкі абкладання павіннасцямі і падаткамі, адпаведнік больш пашыранаму тэрміну дым.
3) У ВКЛ да сярэдзіны 16 ст. назва ўласнай гаспадаркі феадала з комплексам жылых і гасп. будынкаў, ворнымі землямі і інш. ўгоддзямі. Гал. прызначэннем такіх Д. былавытв-сцьс.-г. прадукцыі, якая ішла на ўтрыманне феад. адміністрацыі і задавальненне ўласных патрэб феадала. Былі пашыраны гаспадарскія (велікакняжацкія) Д. — адм. ці адм.-гасп. цэнтры валасцей або асобных уладанняў вял. князя. З пачаткам валочнай памеры паняцце Д. заменена тэрмінам фальварак.
4) Цэнтр. сядзіба феад. гаспадаркі (маёнтка, фальварка), дзе жыў сам уласнік ці размяшчалася яго адміністрацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДАКУМЕ́НТЫ, ШТО ТЛУМА́ЧАЦЬ ГІСТО́РЫЮ ЗАХОДНЯРУ́СКАГА КРА́Ю», «Документы, объясняющие историю Западно-Русского края и его отношения к России и к Польше»,
зборнік дакументаў, выдадзены ў 1865 Археаграфічнай камісіяй у С.-Пецярбургу. Падрыхтаваны ў сувязі з паўстаннем 1863—64, разлічаны на замежнага чытача і мае выключна паліт. характар. Дакументы надрукаваны на мове арыгінала і ў перакладзе на франц. мову. Паводле слоў рэдактара і аўтара прадмовы М.В.Каяловіча, мэта зборніка — даказаць, што «заходнярускі край» быў рускім, а не польскім. Публікацыя дакументаў пачынаецца з прывілея караля Ягайлы, дадзенага ў 1387 віленскаму біскупу. Большасць змешчаных дакументаў была апублікавана раней. Сярод надрукаваных упершыню ўрыўкі з дзённіка Люблінскага сейма 1569, крыніцы з архіва уніяцкіх мітрапалітаў.
Літ.:
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.