ГЕРМА́НА-ПО́ЛЬСКІ ПАКТ 1934 аб ненападзе.

Падпісаны ў форме дэкларацыі 26 студз. ў Берліне тэрмінам на 10 гадоў (набыў сілу 24 лют.) ва ўмовах збліжэння Польшчы з фаш. Германіяй. Абавязваў бакі да мірнага вырашэння спрэчных пытанняў паміж імі. Дэнансаваны герм. рэйхсканцлерам А.​Гітлерам 28.4.1939 у час падрыхтоўкі нацыстамі 2-й сусв. вайны.

т. 5, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ГЕР (ад ням. Jäger паляўнічы),

службовая асоба ў паляўнічых гаспадарках ці заказніках; спецыяліст-паляўнічы, які абслугоўвае паляўнічых-аматараў. За Е. замацавана акрэсленая тэр. (егерскі ўчастак), дзе ён ажыццяўляе ахову ўгоддзяў, звяроў і птушак, прымае ўдзел у арганізацыі паляванняў, правядзенні біятэхн. мерапрыемстваў і работ па ўліку паляўнічых жывёл; кантралюе выкананне правіл прыродакарыстання і законаў аб паляванні.

т. 6, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКОНАПРАЕ́КТ,

тэкст прапанаванага да прыняцця закону, падрыхтаваны для ўнясення на разгляд заканад. органа або на рэферэндум. Працэс падрыхтоўкі З. ўключае прыняцце рашэння аб падрыхтоўцы праекта, выпрацоўку яго тэксту, абмеркаванне і дапрацоўку першапачатковага праекта, узгадненне яго з усімі зацікаўленымі органамі і арг-цыямі. Пасля завяршэння падрыхтоўкі З. уносіцца на разгляд заканад. органа ў парадку заканадаўчай ініцыятывы.

т. 6, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЧА́К,

хан полаўцаў у 2-й пал. 12 ст. Аб’яднаў полаўцаў і стварыў моцную ваен. арг-цыю, вёў упартую барацьбу супраць Кіева. Здзейсніў шэраг паходаў у Пераяслаўскую зямлю (1174, 1178, 1183), у 1185 нанёс паражэнне Ігару Святаславічу і паланіў яго. Паходы Ігара і інш. рус. князёў супраць К. апісаны ў «Слове аб палку Ігаравым».

т. 8, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮКО́ВІЧ (Пётр Мікалаевіч) (22.11.1937, в. Вяляцічы Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. гідрагеолаг. Д-р тэхн. н. (1997), праф. (1998). Скончыў Маскоўскі ун-т.(1960). З 1993 у БПА. Навук. працы па дынаміцы падземных вод, тэорыі і метадалогіі атрымання зыходнай інфармацыі аб ваданосных пластах і ўзбуральных свідравінах.

Тв.:

Гидрологические основы вертикального дренажа. Мн., 1979.

т. 8, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОРАНЕГАЛО́ВЫЯ (Rhizocephala),

падатрад вусаногіх ракападобных. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў акіянах, акрамя халодных вод, ёсць прэснаводныя віды. Будова спрошчаная (адсутнічаюць кішэчнік, органы пачуццяў і выдзялення). Паразіты крабаў, крэветак, ракаў-пустэльнікаў. Аб прыналежнасці К. да ракападобных сведчыць наяўнасць у цыкле развіцця лічынкавых стадый — наўпліуса і цыпрысападобнай лічынкі (як у ракушкавых ракападобных роду Cyprus).

т. 8, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЕРА ПРАБЛЕ́МА матэматычная гіпотэза ў тэорыі лікаў аб сапраўдным парадку меры трансцэндэнтнасці амаль усіх лікаў. Прапанавана ў 1932 ням. матэматыкам К.​Малерам у сувязі з класіфікацыяй сапраўдных і камплексных лікаў; вырашана У.Г.Спрынджуком, які распрацаваў для яе прынцыпова новы метад — метад істотных і неістотных абласцей. Рашэнне М.п. спрыяла развіццю метрычнай тэорыі дыяфантавых набліжэнняў.

т. 10, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАЖЭ́ННЕ,

нарматыўны акт, які мае зводны, кадыфікацыйны характар і вызначае структуру, функцыі, кампетэнцыю сістэмы органаў дзяржавы або аднаго дзярж. органа. Вызначае парадак дзеянняў дзярж. органаў і арг-цый у пэўных выпадках (напр., Інструкцыя аб парадку вядзення прац. кніжак на прадпрыемствах, ва ўстановах і арг-цыях) або рэгулюе сукупнасць арганізац., маёмасных, прац. адносін па канкрэтным пытанні.

т. 11, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАЛАЖЭ́ННІ» 19 ЛЮ́ТАГА 1861,

сукупнасць заканад. актаў, што аформілі адмену прыгоннага права ў Рас. імперыі. Зацверджаны імператарам Аляксандрам II 3 сак. (19 лют. па старым стылі) 1861, апублікаваны 17.3—14.4.1861. Складаліся з «Агульнага палажэння аб сялянах, якія выйшлі з прыгоннай залежнасці», 4 «Мясцовых палажэнняў», «Правіл» і «Дадатковых правіл». Гл. Сялянская рэформа 1861.

т. 11, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВЫЯ РЭСУ́РСЫ,

сукупнасць прамысловых запасаў узнаўляльных прыродных рэсурсаў, якія мае асобная краіна ці рэгіён. Для рацыянальнага выкарыстання П.р. неабходна прытрымлівацца пэўных аб’ёмаў эксплуатацыі, якія не перавышаюць здольнасць папуляцый да самаўзнаўлення, выкарыстоўваць метады экстэнсіўнага, штучнага ўзнаўлення (напр. з дапамогай рыбагадоўчых гаспадарак і інш.). Звесткі аб П.р. заносяць у прамысловы кадастр.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)