МАЛІ́НСКАЯ (магчыма, Малевіч) Мар’яна (Марыя; 1767? — ?), бел. танцоўшчыца. Родам з Палесся. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетных школах у Гродне і Паставах. У вер. 1778 саліравала ў школьным спектаклі «Сялянскі балет» Г.Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра. У 1785—94 першая танцоўшчыца балетнай трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве, выступала на каралеўскіх сцэнах і ў Нац. т-ры. Выконвала партыі Сіліі («Капітан Сандор на востраве Караліна»), Эляны («Шлюб самнітаў»), выступала ў балетах «Гілас і Сільвія», «Кора і Алонза, або Дзяўчаты Сонца», «Мірза і Ліндор», «Лукас і Калінета». У 1795—97 салістка ням.т-ра ў Львове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАЦЫ́Т (ням. Monazit ад грэч. monazō бываю адзін, жыву адзін),
мінерал класа фасфатаў, фасфат цэрыю і рэдказямельных элементаў (Ce, La...)[PO4]. Змяшчае 66—70% аксідаў (агульнай ф-лы TR2O3) гэтых элементаў, прымесі торыю, ітрыю, крэмнію, урану, кальцыю. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі сплошчаныя да таблітчастых, кароткапрызматычныя, ізаметрычныя, утварае скарыначкі, зямлістыя масы, зярністыя і сферычныя агрэгаты. Колер карычневы, мядова-жоўты або зеленаваты. Паўпразрысты. Бляск тлусты, на сколах шкляны. Цв. 5—6. Шчыльн. 4,9—5,5 г/см³. Прысутнічае ў многіх гранітоідах, вял. крышталі трапляюцца ў пегматытах. Пераважна канцэнтруецца ў рачных і марскіх россыпах і пляжных пясках. Часта радыеактыўны. Руда торыю і рэдказямельных элементаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬД, лісцевы бурак (Beta cicla, B. vulgaris cicla),
падвід бурака звычайнага, агароднінная культура з сям. лебядовых. Вядомы з 8 ст. да н.э., продак звычайнага караняплоднага бурака. Культывуецца пераважна ў Зах. і Паўд. Еўропе.
Двухгадовая травяністая расліна. У 1-ы год утварае разетку лісця і моцна разгалінаваны корань, на 2-і дае кветаносы і насенне. Лісце буйное, кучаравае, маршчыністае з чаранкамі і жылкамі рознага колеру (дэкар. сарты) або гладкае, хвалістае. Кветкі дробныя, зялёныя ці белаватыя. Плады пры выспяванні зрастаюцца ў суплоддзе (клубочак). У лісцевых сартоў М. ядомае лісце, у чаранковых — і чаранкі. Харч. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НДЭР ((Mander) Карэл ван) (май 1548, Мёлебеке, каля г. Кортрэйк, Бельгія — 2.9.1606),
нідэрландскі пісьменнік, жывапісец, гісторык і тэарэтык мастацтва. У 1573—77 жыў у Рыме. З 1583 у Харлеме, дзе заснаваў (разам з Х.Голцыусам і Карнелісам ван Харлемам) першую ў Нідэрландах маст. «акадэмію», потым у Амстэрдаме. Аўтар маралітэ на біблейскія тэмы, зб. вершаў «Свяшчэнныя песенькі» (1595), «Залатая арфа, або Ігра на струнах сэрца» (1599), «Нідэрландскі Гелікон» (1610), збор жыццеапісанняў нідэрл. і ням. мастакоў 15—16 ст. «Кніга пра мастакоў» (1603—04) — аднаго з найб.літ. помнікаў нідэрл. гуманізму. Як тэарэтык і жывапісец-практык (міфал. і жанравыя кампазіцыі) прымыкаў да маньерызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІ́ЛІЯ (Monilia),
род недасканалых грыбоў сям. маніліевых. Некалькі дзесяткаў відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 2 віды: М. пладовая (M. fructigena) — узбуджальнік пладовай гнілі семечкавых і костачкавых пладовых парод, М. шэрая (M. cinerea) — выклікае вясной маніліяльны апёк (маніліёз) у выглядзе засыхання кветак, лісця і парасткаў, а ў летне-асенні перыяд — паяўленне шэрай гнілі на пладах.
Міцэлій грыба пранізвае пашкоджаныя органы. Аднаклетачныя канідыі фарміруюцца на канідыяносцах, размешчаных групамі накшталт шаравата-бурага налёту або даволі шчыльных падушачак, раскіданых ці ў канцэнтрычных кругах. Зімуе ў пашкоджаных органах і муміфікаваных сухіх пладах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНО́МЕТР (ад грэч. manos рэдкі, няшчыльны + ...метр),
прылада для вымярэння ціску газаў ці вадкасцей. М. для вымярэння атм. ціску наз.барометрам, для вымярэння ціску газаў, ніжэйшага за атмасферны, — вакуумметрам.
Адрозніваюць М. вадкасныя. механічныя, электрычныя, іанізацыйныя і інш. У вадкасных ціск вымяраецца вышынёю слупка вадкасці (ртуці, вады, спірту), які ўраўнаважвае гэты ціск, у механічных — значэннем пругкай дэфармацыі спружыны або мембраны ці вагою грузу, у электрычных — зменаю эл. параметраў (эрс, току, супраціўлення, індуктыўнасці), прапарцыянальнай ціску. Эл. М. зручныя для вымярэння ціску на адлегласці. Дзеянне іанізацыйных М. заснавана на выкарыстанні ўплыву ціску газаў на іх іанізацыю. Для вымярэння рознасці ціскаў карыстаюцца дыферэнцыяльным манометрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЖАЛУДЫ́ (Balanomorpha і Venucomorpha),
2 надсямействы вусаногіх ракападобных жывёл падатр. тарацыкавых. Больш за 400 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах да глыб. 160 м. Жывуць на дне, прымацоўваюцца да цвёрдага субстрату (скалы, канструкцыі) або да прадметаў ці жывёл (кіты, чарапахі і інш.), днішчаў суднаў (адмоўна ўплываюць на іх мараходныя якасці). Устойлівыя да неспрыяльных умоў асяроддзя, могуць некаторы час абыходзіцца без вады.
Вышыня вапністага пласціністага доміка-ракавіны, што ўкрывае цела, да 25 см, шыр. да 10 см. Кормяцца планктонам, водарасцямі, якія фільтруюць праз ракавіну з дапамогай 6 пар двухгалінастых ножак. Пераважна гермафрадыты, развіццё з лічынкай. Некат, ядомыя. Гл. таксама Вусаногія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЫ́ШКІ (Cercopithecus),
род ніжэйшых вузканосых малпаў падсям. мартышкавых. 23 віды. Пашыраны ў Афрыцы на Пд ад Сахары. Жывуць у трапічных лясах, трымаюцца пераважна на дрэвах, групамі.
Даўж. цела да 87 см, хваста да 100 см; маса да 9 кг. Валасяное покрыва сярэдняй даўжыні, густое і мяккае. Афарбоўка ад аліўкавай да зялёнай, можа быць шараватая або амаль чорная. Галава акруглая, тваравы аддзел укарочаны, нос не выдаецца. Заднія канечнасці даўжэйшыя за пярэднія. Першы палец задняй канечнасці проціпастаўлены астатнім. Кормяцца лісцем, кветкамі, пладамі, дробнымі жывёламі. Нараджаюць 1, зрэжу 2 дзіцяняці. Утрымліваюцца ў няволі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЭ́НАЎСКІ ПРАЦЭ́С,
працэс выплаўкі сталі, што адбываецца ў мартэнаўскай печы. Заключаецца ў расплаўленні шыхты (чыгуну, стальнога лому, раскісляльнікаў, жал. руды, агламерату, флюсаў), памяншэння ў ёй вугляроду, крэмнію, марганцу, выдаленні непажаданых дамешкаў (серы, фосфару), пры неабходнасці — увядзенні легіруючых элементаў. Прапанаваны франц. металургам П.Мартэнам.
Пры плаўленні матэрыялаў інтэнсіўна акісляюцца дамешкі і ўтвараецца шлак, а ў перыяд кіпення адбываецца акісленне вугляроду і метал набывае зададзены хім. састаў. Затым метал раскісляюць і легіруюць. Для інтэнсіфікацыі М.п. выкарыстоўваюць кісларод, які ўводзіцца для абагачэння паветра і акіслення дамешкаў. З печаў сталь выпускаюць ў каўшы, разліваюць ва ўліўніцыабо на ўстаноўках бесперапыннага ліцця. Больш эфектыўны за М.п. кіслародна-канвертарны працэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЭ́ННЫ РЭЛЬЕ́Ф,
рэльеф, створаны дзейнасцю ледавікоў. Фарміраванне М.р. звязана з ледавіковай экзарацыяй, акумуляцыяй марэннага матэрыялу (гл.Марэна) і флювіягляцыяльных адкладаў. Вылучаюць тыпы М.р.: марэнныя раўніны (роўныя або злёгку хвалістыя паверхні, якія ўскладняюцца асобнымі марэннымі ўзгоркамі, катлавінамі, лагчынамі); канцова-марэнны (сістэмы моцна расчлянёных канцова-марэнных узвышшаў і град, выцягнутых на дзесяткі кіламетраў уздоўж краю былога ледавіка); узгорыста-марэнна-азёрны (спалучэнне марэнных і камавых узгоркаў з озамі, катлавінамі, лагчынамі і паніжэннямі, занятымі азёрамі і балотамі). У горных далінах М.р. прадстаўлены бакавымі марэнамі, градамі канцавых марэн, цыркамі, трогамі і інш. На Беларусі найб. выразны ў зоне паазерскага зледзянення.