МАРАІ́НА, Мараіні (Maraino, Maraini) Іначэнца, архітэктар і мастак-дэкаратар 2-й пал. 18 ст. Родам з Італіі (Лугана). Вучыўся ў Мілане ў Брэры. З 1764 працаваў пераважна ў Рэчы Паспалітай. З 1.6.1777 пры двары М.К.Агінскага ў г. Слонім Гродзенскай вобл., да 1780 кіраваў буд-вам спец. памяшкання для Слонімскага т-ра Агінскага («Новы дом оперы»), пісаў дэкарацыі. Верагодна, у 1786 ствараў дэкарацыі для т-ра «Ла Скала» (Італія). Гал. работы: перабудова Нац. т-ра ў Варшаве, буд-ва драўлянага амфітэатра ў г. Львоў (Украіна; 1790-я г.).
т. 10, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРГАРЫ́ТА ДА́ЦКАЯ (Margarethe af Danmark; сак. 1353, Зёберг, Данія — 28.10.1412),
каралева Даніі і Нарвегіі (з 1387), Швецыі (з 1389). Дачка дацкага караля Вальдэмара IV Атэрдага і жонка нарв. караля Хокана VI. Замест малалетняга сына Олуфа (дацкі кароль з 1376, нарв. — з 1380) правіла Даніяй і Нарвегіяй. Пасля смерці сына (1387) — каралева Даніі і Нарвегіі, пасля перамогі ў дацка-швед. вайне 1389 — таксама і Швецыі. Ініцыіравала Кальмарскую унію (1397), пры заключэнні якой каралём Даніі, Швецыі і Нарвегіі (суправіцелем і спадкаемцам М.Д.) быў выбраны яе стрыечны пляменнік герцаг Эрык Памеранскі.
т. 10, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРГІНА́ЛЬНАСЦЬ,
стан асобы або групы людзей, якія знаходзяцца на мяжы розных сац. груп, сістэм, культур і цалкам не ўключаны ні ў адну з іх. Тэорыю маргінальных асоб і супольнасцей распрацаваў у 1920-я г. амер. вучоны Р.Э.Парк пры вывучэнні сац.-псіхал. наступстваў неадаптацыі мігрантаў (імігрантаў) да патрабаванняў урбанізму. Як самаст. сацыялаг. канцэпцыя развіта ў 1930-я г. Паняцце «маргінальная асоба» («маргінал») ужываецца як негатыўная адзнака ў адносінах да люмпенаў, ізгояў і інш., а таксама ў пазітыўным сэнсе — у адносінах да творчых людзей, здольных пераадолець стэрэатыпы, звыклыя, усталяваныя прынцыпы дзейнасці.
т. 10, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЖА́ [ад франц. marge поле (старонкі), край],
1) велічыня, якая паказвае розніцу паміж двума пэўнымі паказчыкамі (напр., цаной прадаўца і цаной пакупніка).
2) У банку — розніца паміж працэнтнымі стаўкамі па крэдытах і па дэпазітах.
3) Розніца паміж рыначным коштам каштоўных папер і атрыманай пад іх пазыкай (можа вылічацца банкам пры выдачы пазыкі пад закладную каштоўнымі паперамі).
4) У маркетынгу — гандлёвая нацэнка, якая вызначаецца прамысл. прадпрыемствамі.
5) На біржы — сума грошай, якая выплачваецца разліковай палаце брокерам або брокеру кліентамі для пакрыцця неспрыяльных ваганняў у кошце ф’ючарснага кантракту пасля яго рэгістрацыі.
т. 10, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗКІНА (Таццяна Сяргееўна) (н. 4.6.1940, г. Шчолкава Маскоўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне эксперыментальнай анкалогіі. Д-р біял. н. (1978), праф. (1983). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1963), працуе ў ім. Навук. працы па выбіральнай хіміярадыеахове нармальных (незлаякасных) тканак пры тэрапіі хворых на рак. Распрацавала нетаксічны радыепратэктар (антыаксідантны комплекс вітамінаў A, E, C), спосаб стабілізацыі расліннага алею. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Тв.:
Энергетический обмен и питание при злокачественных новообразованиях. Мн., 1989; Питание в профилактике и лечении рака. Мн., 1998 (разам з К.К.Далідовічам).
т. 10, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1371,
бітва на р. Марыца (пры Чарнамене, на З ад сучаснага тур. г. Эдырне) паміж тур. войскамі і апалчэннем народаў Паўд.-Усх. Еўропы (сербаў, харватаў, баснійцаў, балгар, венграў, валахаў і інш.), якое сабраў паўднёвасербскі кароль Вукашын. У ноч на 26 вер. туркі знянацку атакавалі колькасна пераўзыходзячае іх саюзнае войска, якое не мела адзінага камандавання, і знішчылі яго. У бітве загінуў Вукашын. М.б. адкрыла тур. заваёўнікам шлях у глыб Балканскага п-ва. Яны авалодалі Зах. Фракіяй, амаль усёй Македоніяй, значнымі часткамі Сербіі і Балгарыі.
т. 10, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ ЧАКА́ННЕ, сярэдняе значэнне,
лікавая характарыстыка выпадковай велічыні X. Абазначаецца MX або EX. Характарызуе размяшчэнне значэнняў велічыні X і роўнае сярэдняму значэнню яе размеркавання. З вялікіх лікаў закона вынікае, што сярэдняе арыфм. значэнне велічыні X пры павелічэнні колькасці выпрабаванняў набліжаецца да MX. Паняцце М.ч. ўзнікла ў 18 ст. ў сувязі з тэорыяй азартных гульняў: калі выйгрышы гульца прымаюць значэнні X1, X2, ..., Xn з імавернасцямі p1, p2, ..., pn, дзе p1 + p2+ ... + pn = 1, то яго чаканы выйгрыш за гульню роўны MX = Xlp1 + X2p2 + ... + Xnpn (адсюль назва).
т. 10, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎРАКАРДА́ТАС ((Maurokardatos) Аляксандрас) (11.12.1791, г. Стамбул, Турцыя — 18.8.1865),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Грэцыі; адзін з кіраўнікоў Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. У студз. 1822 прэзідэнт Нац. сходу ў Эпідаўры, які абвясціў незалежнасць Грэцыі і выбраў М. яе прэзідэнтам (1822—23). Імкнуўся цэнтралізаваць кіраванне краінай, арыентаваўся на Вялікабрытанію. У сувязі з абвастрэннем супярэчнасцей паміж кіраўнікамі паўстання адмовіўся ад пасады прэзідэнта. У 1827—31 быў у апазіцыі да І.Кападыстрыі. Пры каралю Атоне I займаў урадавыя і дыпламат. пасады, у 1844 і 1854—55 прэм’ер-міністр.
т. 10, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎЧА́НСКІ (Дзмітрый Сцяпанавіч) (26.10.1901, в. Рагатка Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 23.6.1979),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партыз. руху на тэр. Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Камуніст. ін-т журналістыкі ў Мінску (1934), Вышэйшую школу партарганізатараў пры ЦК ВКП(б) (1946). З 1924 на сав., парт. і журналісцкай рабоце. У Вял. Айч. вайну з 1942 у ЦШПР, з 2.4.1943 сакратар Магілёўскага падп. абкома КП(б)Б, адзін з кіраўнікоў Магілёўскага партыз. злучэння. Пасля вайны на парт. і сав. рабоце. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1938—47.
т. 10, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХМУ́Д II (Mahmut; 20.7.1784, Стамбул — 1.7.1839),
турэцкі султан [1808—39]. Узведзены на прастол у выніку дварцовага перавароту. З сярэдзіны 1820-х г. правёў шэраг рэформ, накіраваных на стварэнне цэнтралізаванага дзярж. апарату і ліквідацыю феад. раздробленасці. Знішчыў корпус янычараў (1826), пазбавіў губернатараў права мець уласнае войска (1836—39), адкрыў шэраг свецкіх школ і вучылішчаў. Пры М. II Асманская імперыя пацярпела паражэнні ў войнах з Расіяй (1806—12 і 1828—29), вымушана была прызнаць незалежнасць Грэцыі і аўтаномію Сербіі (1830), вяла няўдалыя войны супраць Мухамеда Алі (1831—33 і 1839).
т. 10, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)