БЛАГАДА́РНЫ (Уладзімір Маркавіч) (н. 26.4.1937, в. Стараверава Харкаўскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1989), праф. (1991). Скончыў Ленінградскі тэкстыльны ін-т (1960). З 1962 — у Ін-це машыназнаўства АН Беларусі, з 1969 у Магілёўскім машынабуд. ін-це. Навук. працы па надзейнасці мех. сістэм лятальных апаратаў, праектаванні і вырабе драбнамодульных прыборных зубчастых перадач і механізмаў.

Тв.:

Ускоренные ресурсные испытания приборных зубчатых приводов. М., 1980;

Расчет мелкомодульных зубчатых передач на износ и прочность. М., 1985.

т. 3, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОГАЯЎЛЕ́НСКІ (Іван Канстанцінавіч) (1869, Масква — 5.10.1930),

бел. матэматык. Праф. (1918). Скончыў Маскоўскі ун-т (1891). З 1894 выкладаў у ім і адначасова (1903—19) у Маскоўскім ін-це інжынераў транспарту. З 1920 у Горацкім с.-г. ін-це. Навук. працы па лікавым інтэграванні функцый, тэорыі імавернасцяў і матэм. статыстыцы, аналітычнай геаметрыі. Аўтар першых на Беларусі дапаможнікаў па матэматыцы для студэнтаў.

Тв.:

Введение в анализ и дифференциальное исчисление. Горки, 1931;

Аналітычная геаметрыя. Горкі, 1932.

А.​А.​Гусак.

І.К.Богаяўленскі.

т. 3, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЛБАС (Максім Фёдаравіч) (н. 1.7.1918, в. Слабодка Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1984), праф. (1985). Скончыў БДУ (1948). З 1934 на пед. рабоце, з 1958 у Ін-це эканомікі АН Беларусі, у 1968—90 у Брэсцкім інжынерна-буд. ін-це. Даследуе гісторыю прам-сці Беларусі ў дарэв. перыяд.

Тв.:

Развитие промышленности в Белоруссии (1795—1861 гг.). Мн., 1966;

Промышленность Белоруссии, 1860—1900. Мн., 1978;

Прамысловасць дарэвалюцыйнай Беларусі. Мн., 1988.

т. 3, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́ТЦАР (Якуб) (23.7.1690, г. Пінск Брэсцкай вобл. — 11.8.1733),

бел. жывапісец. Зрабіў размалёўку інтэр’ера касцёла езуітаў у Слуцку (1715—17, не захаваўся), капліцы ў Полацку (1717—21); стварыў абразы «Распяцце», «Маці Божая», шэраг партрэтаў. У 1721—22 у Мінскім кафедральным касцёле св. Станіслава выканаў паліхромную размалёўку ў сакрысціях і алтар Маці Божай. У 1731—32 у Віцебску размаляваў карнізы і капітэлі ў езуіцкім касцёле (не захаваліся), напісаў абразы св. Андрэя Баболі і св. Тадэвуша. З 1732 працаваў у Нясвіжы, Пінску.

т. 3, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ІНКАЎ (Васіль Віктаравіч) (25.4.1902, Тбілісі — 4.3.1986),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Творчую дзейнасць пачаў у Сухумі. З 1932 у Рус. драм. т-ры БССР. Майстар псіхалагічна дакладнага раскрыцця характараў персанажаў, ствараў каларытныя эпізадычныя вобразы: Міхей, Гарнец («Галоўная стаўка», «Дзеля жыцця» К.​Губарэвіча), Фірс («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Трубач, Галавасцікаў, Бяссеменаў («Ягор Булычоў і іншыя», «Варвары», «Мяшчане» М.​Горкага), Князь Турэнін («Цар Фёдар Іаанавіч» А.​К.​Талстога), Аргон («Хітрыкі Скапэна» Мальера), Бернарда («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі) і інш.

т. 4, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КТЫ ВІ́ЛЕНСКІХ ЦЭ́ХАЎ,

«Akty cechów Wileńskich», зборнік дакументаў па гісторыі прафесійна-вытв. карпарацый у Вільні ў 1495—1700. Выдадзены ў Вільні ў 1939. Складальнік Г.​Лаўмянскі. Змешчана 487 актаў (у т. л. прывілеі вял. князёў, выпіскі з соймавых пастаноў, судовыя рашэнні), звязаных з дзейнасцю віленскіх цэхаў, рамесных і мядовых «брацтваў», розных прафес. карпарацый — лекараў, купцоў, чл. віленскага магістрата і інш. Дакументы на лац., старабел., польск. мовах. Яны сведчаць, што многія цэхі Вільні аб’ядноўвалі бел. правасл. рамеснікаў.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 1, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКІ ВЕРШ,

у франц. паэзіі — 12-складовы верш з націскам на 6-м і 12-м складах, цэзурай пасля 6-га склада і парнай рыфмоўкай; у ням. і рус. вершаскладанні перадаецца 6-стопным ямбам з цэзурай пасля 3-й стапы. Назву звязваюць з франц. паэмай пра Аляксандра Македонскага (12 ст.), напісанай такім вершам. У рус. паэзію александрыйскі верш увёў В.​Традзякоўскі, асаблівае пашырэнне атрымаў у творчасці А.​Пушкіна. У бел. паэзіі александрыйскім вершам карыстаўся М.​Багдановіч (вершы «Перапісчык», «Летапісец»).

т. 1, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПІНА́РЫЙ, камяністы сад,

участак у бат. садзе, скверы або парку, створаны для вырошчвання горных (альпійскіх) раслін ва ўмовах, набліжаных да натуральных; дэкар. альпінарый наз. таксама ракарыем. У бат. садах альпінарый ствараюць у навук. мэтах на штучных узгорках, дзе экспануюцца расліны пэўных горных раёнаў. Найбольшы ў рэспубліцы альпінарый у Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі. Альпінарый — адна з формаў дэкар. афармлення паркаў і сквераў. З бел. флоры ў альпінарыі выкарыстоўваюць дуброўкі, кураслепы, чубаткі, мінушкі, бурачок скальны, аўсяніцы і інш.

Альпінарый.

т. 1, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМБРАЗУ́РА (франц. embrasure),

прамавугольная, арачная або круглая адтуліна ў сценах абарончага збудавання, бранявежах для вядзення агню з гармат, кулямётаў, мінамётаў, а таксама для назірання за праціўнікам. Формы і памеры амбразуры залежаць, ад віду зброі, сектара абстрэлу (назірання), умоў стральбы. Іншы раз для закрыцця амбразуры, калі праз яе не вядуць агонь (назіраюць), ставяць бранявую засланку. У бел. абарончым дойлідстве вядома з 16 ст. (у Гродзенскім Старым, Мірскім замках, Брэсцкай і Бабруйскай крэпасцях і інш.). Гл. таксама Байніца.

Амбразура.

т. 1, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕ́ГА,

назва апошняй літары грэч. алфавіта ω, што ўзнікла ў выніку графічнага відазмянення Ο («амікрон»). У класічным грэч. і візант. пісьме абазначала доўгі гук «о», мела лічбавае значэнне 800. З’явілася крыніцай для кірыліцкай ω («амега»). У старабел. пісьменстве ўжывалася для перадачы гука «о» пераважна ў пач. слоў («ωлво», «ωрати») і як лічба 800. У бел. мове, многіх еўрап. мовах слова «амега», азначае канец чаго-небудзь («альфа і амега» — пачатак і канец, усё галоўнае).

А.​М.​Булыка.

т. 1, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)