1) карэнная перабудова населенага пункта, абнаўленне горада (яго планіроўкі, забудовы і добраўпарадкавання), выкліканыя сац.-эканам., сан.-гігіенічнымі і арх.-маст. патрабаваннямі. У Зах. Еўропе Р. вядомы з эпохі Адраджэння. На Беларусі першыя Р. гарадоў зроблены ў 16 — пач. 17 ст. на аснове рэгулярных планаў пад уплывам горадабуд. ідэй Адраджэння (Нясвіж, Слуцк Мінскай, Быхаў Магілёўскай абл.). У канцы 18—19 ст. Р. вялася з вырашэннем задач землекарыстання, арх.-планіровачнай будовы паводле дакладнай рэгулярнай схемы адпаведна горадабуд. прынцыпам стылю класіцызму, забудовы цэнтр. раёнаў гарадоў на новай рацыянальнай аснове. З 2-й пал. 20 ст. Р. прадугледжваецца генпланамі развіцця гарадоў, ажыццяўляецца на аснове дасягненняў навукі і тэхнікі.
2) Аднаўленне першапачатковага аблічча па рэштках, выяўл. матэрыялах ці апісаннях помніка (Р. помніка архітэктуры, горадабуд. ансамбля, твора скульптуры ці дэкар.-прыкладнога мастацтва). Таксама Р. — гэта і праект такога аднаўлення (у выглядзе рысунка, чарцяжа, апісання), напр., Р. цэркваў Спаса-Ефрасіннеўскай у г. Полацк (П.А.Рапапорт), Барысаглебскай у Гродне (М.М.Варонін), Дабравешчанскай у Віцебску (Г.А.Лаўрэцкі), замка ў г.п. Мір Карэліцкага р-на (В.В.Калнін), гіст.ч. Мінска — Верхняга горада (С.Г.Багласаў), шэрагу драўляных замкаў, палацаў, сядзіб (Ю.А.Якімовіч) і інш.Навук., глыбока аргументаваная Р. помніка можа быць важным матэрыялам яго наступнай рэстаўрацыі. У адрозненне ад рэстаўрацыі Р. не абавязкова прадугледжвае практычнае аднаўленне помніка.
3) Перабудова будынка з мэтай паляпшэння яго функцыянавання ці выкарыстання ў новым прызначэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЧЫТАТЫ́Ў (італьян. recitativo ад recitare дэкламаваць),
тып вакальнай, радзей інструм. мелодыкі, якая ўвасабляе інтанацыі, рытміку і агульную структуру натуральнай гаворкі, захоўваючы фіксаваны муз. строй; таксама назва раздзела ў оперы, кантаце, араторыі ў 17—19 ст., які папярэднічаў арыі (А.Скарлаці, І.С.Бах, В.А.Моцарт, Дж.Вердзі і інш.). Р. адрозніваюцца паводле моўнага прататыпу.
У фальклоры розных народаў — гэта абрадавыя песні, плачы-галашэнні і інш. Вылучаецца рэчытатыўная літургічная псалмодыя. У творах кампазітараў неапалітанскай опернай школы пач. 18 ст. склаліся 2 віды Р.: «secco», які імітаваў бытавую гаворку, і «accompagnato», арыентаваны на патэтычную тэатр. дэкламацыю. Р. у інстр. музыцы паявіўся пад уплывам оперы (Ф.Банпорці, Дж.Тарэлі, І.Кунаў і інш.). Пазней семантычныя магчымасці інстр. Р. ўзбагачаліся за кошт пераўтварэння ім новых інтанацыйных прататыпаў — культавай псалмодыі, фалькл. Р., кантрастнай і медытатыўнай унутр. мовы.
У бел. музыцы Р. прадстаўлены ў сольных і ансамблевых нумарах першых бел. опер (быў невыразны, часам пераважаў дэкламацыйны пачатак). Багатыя магчымасці Р. ў операх А.Багатырова, С.Картэса, Ю.Семянякі, Дз.Смольскага, А.Туранкова, Я.Цікоцкага, дзе ён гнутка адлюстроўвае эмац. стан герояў, адценні розных сітуацый у працэсе развіцця дзеяння. Магчымасці інстр. Р. шырока выкарыстаны ў бел.сімф. музыцы.
Літ.:
Друскин М.С. Речитатив в русской классической опере // Друскин М.С. Исследования. Воспоминания. Л.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ВІЧ-ЗАБЛО́ЦКІ (Суліма-Савіч-Заблоцкі) Войслаў
(Вайніслаў) Казімір Канстанцінавіч [15.3.1850 (паводле інш. звестак у 1849),
маёнтак Панчаны Міёрскага р-на Віцебскай вобл. — пасля 1893], бел. і польскі паэт, празаік, публіцыст. Пісаў на бел., польскай, франц. і рус. мовах. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, ун-тах Прагі, Лейпцыга, Страсбурга. Рана пранікся ідэямі вызв. руху і нац. абуджэння бел. народа. З 1868 у нац.-асветнай суполцы «Крывіцкі вязок» (Пецярбург, яе кіраўнік). Суполку забаранілі, а С.-З. апынуўся пад наглядам паліцыі ў Варшаве. Апублікаваў сатыр. паэму на польскай мове «Праўдападобная гісторыя» (1871), гіст. творы пра М.Каперніка (1873). З 1875 за мяжою (Аўстра-Венгрыя, Германія, Егіпет, Францыя, Бельгія). Выдаваў газеты на польскай і франц. мовах. Супрацоўнічаў у многіх франц., ням. і польскіх газетах і часопісах. У 1887 вярнуўся на радзіму. Працаваў у рэдакцыі газ. «Виленский вестник» (1888—89). У 1889—91 жыў у маёнтку Губіна Лепельскага пав. З 1891 у Мінску, пасля ў Пецярбургу. Перапісваўся з Я.Карловічам, М.Канапніцкай, А.Ельскім, М.Драгаманавым, П.Лаўровым і інш. Польскамоўная паэма «Аповесць пра мае часы» (1876) пра Беларусь пярэдадня 1863. Аўтар аповесці «Полацкая шляхта» (1885). Рукапісы і дакументы С.-З. ў архівах і б-ках Мінска, Вільнюса, Масквы, С.-Пецярбурга, Львова, Варшавы, Кракава і інш.
Тв.:
У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.
Літ.:
Мальдзіс А. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАУ́ХІН (Уладзімір Аляксеевіч) (14.6.1924, с. Алепіна Собінскага р-на Уладзімірскай вобл., Расія — 4.4.1997),
рускі пісьменнік, публіцыст. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1951). Друкаваўся з 1945. Паэзія С. шырокага тэмат. (грамадз., пейзажная, любоўная), эмацыянальнага і рытміка-інтанацыйнага (ад верлібра да «вянка санетаў») дыяпазону (зб-кі «Дождж у стэпе», 1953; «Жыць на зямлі», 1965; «Аргумент», 1972; «Вершы», 1990). Лірычныя аповесці-нататкі «Уладзімірскія прасёлкі» (1957) і «Кропля расы» (1960) пра «малую радзіму» і лёсы сваіх аднавяскоўцаў. У эсэістычных кн. «Лісты з Рускага музея» (1966), «Чорныя дошкі» (1969), «Час збіраць камяні» (1980) роздум пра шляхі рус. мастацтва і нац. традыцыі. Аўтабіягр. аповесць «Смех за левым плячом» (1984) пра гады дзяцінства ў драм. часы калектывізацыі. Аўтар рамана «Маці-мачаха» (1964, пра студэнцкае жыццё), маст.-дакументальных кніг-інвектыў «Пры святле дня» (1992), «Салёнае возера» (1994), «Апошняя ступень» (1995), кн. публіцыстычных нататак, лірычных і анекдатычных былей «Каменьчыкі на далоні» (1977—92) і інш. На рус. мову пераклаў аповесці В.Гігевіча «Калі пойдзе снег» і «Жыціва» (у пер. «Вяртанне памяці»). Яго вершы на бел. мову перакладалі П.Макаль, Я.Сіпакоў, В.Шымук, апавяданні — Я.Брыль, В.Вітка, Гігевіч, Г.Далідовіч, У.Дамашэвіч, А.Жук, А.Кудравец, Я.Лецка, М.Стральцоў, І.Чыгрынаў і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1983—84;
Созерцание чуда: Очерки. М., 1986;
Возвращение к началу: Лирич. повесть и роман. М., 1990;
Древо: [О представителях рода князей Волынских] М., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САР’Я́Н (Мартырос Сяргеевіч) (28.2.1880, г. Растоў-на-Доне, Расія — 5.5.1972),
армянскі жывапісец, адзін з заснавальнікаў нац. школы жывапісу. Нар.маст.СССР (1960). Правадз.чл.АМСССР (1947). Правадз.чл.АН Арменіі (1956). Герой Сац. Працы (1965). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1897—1904), у майстэрнях В.Сярова і К.Каровіна (1902—04). Зазнаў уплывы творчасці П.Гагена і А.Матыса. Чл.маст. аб’яднанняў «Блакітная ружа», «Саюз рускіх мастакоў», «Свет мастацтва», «Чатыры мастацтвы». Творчасць адметная дэкаратыўнасцю, плоскаснасцю кампазіцыі, пабудаванай на вял. колеравых плямах, дзе святлопаветраныя эфекты і перспектыва замяняюцца супастаўленнем і кантрастам колераў. У ранніх работах казачнасць усх. матываў спалучаў з музыкальнасцю кампазіцыйных рытмаў і падкрэсленай дэкаратыўнасцю каларыту («Каля гранатавага дрэва», 1907). У творах 1910—13, выкананых пад час вандровак у Турцыю, Егіпет і Іран, імкнуўся да зліцця дэкар. і канструктыўна-прадметнага пачаткаў («Фінікавая пальма»). З 1921 у Арменіі. З 1930-я г. шмат працаваў як партрэтыст, спалучаючы вострую характарнасць з увагай да душэўнага стану мадэлі (партрэты Р.Сіманава, 1939; А.Ісаакяна, 1940). У 1940—50-я г. пераважаў пейзажны жанр, эпічна-абагульненыя віды Арменіі: «Арарацкая даліна» (1945), «Арменія» (1957), цыкл «Мая Радзіма» (1952—58). Працаваў таксама як кніжны графік («Армянскія народныя казкі», 1933, і інш.) і тэатр. дэкаратар (сцэнаграфія і касцюмы да оперы «Алмаст» А.Спендыярава ў Т-ры оперы і балета імя Спендыярава ў Ерэване, 1938—39, і інш). Дзярж. прэмія СССР 1941. Ленінская прэмія 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́РСКАЯ ГРАДА́.
На крайнім ПнУ Гродзенскай і крайнім ПнЗ Мінскай абласцей. Уваходзіць у склад Нарачана-Вілейскай нізіны. Цягнецца з ПнЗ на ПдУ уздоўж паўд.-зах. берага воз.Свір. Даўж. каля 70 км, шыр. 0,5—4,5 км, выш. 165—185 м, найб. 210 м (на паўд.-ўсх. і ўсх. краі грады). Над прылеглымі ўчасткамі водна-ледавіковай.і марэннай раўніны прыўзнята на 10—35 м, часам 50—60 м.
У тэктанічных адносінах С.г. прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Крышт. фундамент перакрыты чахлом магутнасцю каля 370 м, які складзены з парод верхняга пратэразою, кембрыю, ардовіку, сілуру, сярэдняга дэвону. У антрапагенавай тоўшчы пашыраны адклады дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Града створана паазерскім ледавіком.
Рэльеф узгорыста-западзінны. У аснове С.г. масіўны цокаль з марэнных супескаў з лінзамі і праслоямі пяскоў, на якім размешчаны збліжаныя адзін да аднаго марэнныя і камавыя ўзгоркі (адносная выш. 1—12, часам да 14—16 м), нярэдка падоўжаныя, выцягнутыя ў ланцугі. Паміж узгоркамі акруглыя западзіны, а паміж ланцугамі ўздоўж грады лагчынападобныя паглыбленні і водна-ледавіковыя лагчыны, па якіх цякуць р. Тушчанка і Струна. Абапал лагчын озы. Даліны р. Страча і яе прытока Свірыцы ў месцах перасячэння грады — вузкія, часта з абрывістымі схіламі. Глебы дзярнова-падзолістыя слаба- і сярэднеападзоленыя, у паніжэннях дзярнова-перагнойна-глеевыя і тарфяна-балотныя. Невял. ўчасткі хваёвых лясоў на паўн. і паўн.-ўсх. схілах. Па ўскраінах балот ельнікі, па берагах рэк чорнаалешнікі. Пад ворывам 30% тэрыторыі. На С.г. помнік прыроды рэсп. значэння — геал. агаленне «Камарышкі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАБО́ДКА,
вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., паміж азёрамі Поцех, Недрава і Ільмёнак, на аўтадарозе Браслаў—Друя. Цэнтр сельсавета. За 9 км на ПнУ ад г. Браслаў, 220 км ад Віцебска, 21 км ад чыг. ст. Друя. 860 ж., 387 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, абл. псіхіятрычная і ўчастковая бальніцы, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Лабараторыя азёразнаўства БДУ, турысцкая база нац. парку Браслаўскія азёры, летнія базы адпачынку. Помнік архітэктуры — Слабодкаўскі касцёл Сэрца Ісуса. Каля вёскі 2 гарадзішчы днепра-дзвінскай культуры.
У гіст. крыніцах вядома таксама пад назвамі Слабада, Слабодка Заверская, Быхаўка, Юзафова. Упершыню ўпамінаецца ў 1618 як паселішча Друйскага двара. У інвентары Браслаўскага староства за 1649 згадваецца як мяст. Слабада. У 18—19 ст. адносілася да маёнтка Завер’е, што належала Мірскім. У 1806 С.Мірскі фундаваў буд-ва мураванага касцёла. У сярэдзіне 19 ст. С. — мястэчка, цэнтр воласці Новааляксандраўскага пав. Ковенскай губ., 303 ж., 27 двароў, валасное праўленне, пазыковая каса, касцёл. У 1865 адкрыта нар школа. 643 ж., 124 двары (1897). У 1-ю сусв. вайну побач з мястэчкам пабудавана вузкакалейка, якая ў 1920—60-я г дзейнічала як пасажырская лінія. Летам 1919 С. была адным з цэнтраў антыбальшавіцкага паўстання «зялёных». З 1920 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. Віленскага ваяв. У 1931 у С. 848 ж., 146 двароў, чыг. станцыя, школа, пошта, аптэка, карчма, крамы. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Браслаўскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ, версіфікацыя,
сістэма гукавой арганізацыі вершаванай мовы на аснове пэўнай рытміка-інтанацыйнай суладнасці і перыядычнасці. У адпаведнасці з культ. традыцыямі і прасадычнымі асаблівасцямі мовы еўрап. вершаскладанне падзяляецца на дысметрычнае (несувымернае) і метрычнае (размеранае, урэгуляванае). Адзінка сувымернасці вершаў у розных мовах — склад. Асн. фанетычныя характарыстыкі склада (складаўтваральнага галоснага) — вышыня, даўжыня і сіла. Упарадкавацца можа як агульная колькасць складоў (сілабічнае вершаскладанне), так і колькасць складоў пэўнай вышыні (меладычнае вершаскладанне), даўжыні (антычнае, або метрычнае вершаскладанне) і сілы (танічнае вершаскладанне). Звычайна гэтыя фанетычныя прыкметы ўзаемазвязаны, таму існуюць сістэмы, заснаваныя на дзвюх і больш прыкметах (напр., сілаба-меладычнае, сілаба-метрычнае, сілаба-танічнае вершаскладанне). У розных мовах розныя сістэмы вершаскладання развіваюцца па-рознаму. Напр., у рус. мове, дзе вышыня і даўжыня гукаў не з’яўляюцца фаналагічнымі (сэнсавызначальнымі), не развілося меладычнае і метрычнае вершаскладанне. У франц. мове, дзе таксама не фаналагічны націск у слове, не развіліся танічнае і сілаба-танічнае вершаскладанне. Разам з тым не ўсе сістэмы, прыдатныя для пэўнай мовы, атрымліваюць аднолькавае развіццё (напр., стараж.-грэч. мова дазваляла пашырэнне і метрычнага, і танічнага, і сілабічнага вершаскладання, а пераважным стала метрычнае).
У бел. паэзіі склаліся 2 віды дысметрычнага вершаскладання — інтанац.-сказавае і танічнае, або акцэнтнае. Першы з іх заснаваны на гукавой уладкаванасці пэўных сінтаксічных частак ці перыядаў паэт. фразы (напр., стараж. ўзоры нар. паданняў, асобныя ўрыўкі «Слова пра паход Ігараў»). Танічны верш заснаваны на раўнамернасці т.зв. моцных акцэнтаў у рытмарадзе, якія падкрэсліваюць сэнсавую і структурную ролю пэўных слоў. Да танічнага верша звярталіся амаль усе бел. пісьменнікі (паэма «Безназоўнае» Я.Купалы, «Сымон-музыка» Я.Коласа, «Сцяг брыгады» А.Куляшова). Найб. развітыя і арыгінальныя ўзоры антычнага вершаскладання ёсць у творчасці бел. паэтаў-лаціністаў 16—17 ст. Я.Вісліцкага, М.Гусоўскага і інш. Зараджэнне бел. сілабікі ў 16—17 ст. звязана з дзейнасцю Ф.Скарыны, Я.Пашкевіча, Сімяона Полацкага. Нягледзячы на сваю неадпаведнасць прасодыібел. мовы, сілабічнае вершаскладанне праіснавала амаль да канца 19 ст. і было важным этапам у гіст. развіцці нац. паэзіі. У творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча і інш. прадстаўнікоў новай бел. л-ры сілабічнае вершаскладанне мадэрнізавалася і ўзбагацілася. Пад уплывам нар.-песенных формаў, жывых традыцый гутарковай мовы яно прыкметна танізавалася, набліжаючыся да сілаба-танічнага гучання (пачатак паэмы «Гапон» Дуніна-Марцінкевіча). Паралельна з гэтым у пач. 19 ст.пад уплывам рус. і ўкр. літаратур зарадзілася і бел. сілабатоніка (паэмы «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»). Працэс сінтэзу сілабічных і танічных прынцыпаў вершаскладання завяршыўся ў канцы 19 ст. (цыкл «Песні» Багушэвіча, вершы і байкі Я.Лучыны, А.Гурыновіча). У пач. 20 ст. сілаба-танічнае вершаскладанне стала пануючым у бел. паэзіі. Для яго характэрна максімальная танізацыя вершаванай мовы, кандэнсацыя энергіі рытму на самых значных у сэнсавых адносінах словах, шырокае выкарыстанне сродкаў эмац. падкрэслівання (эмац. звароты і выклічнікі, паўзы, міжрадковыя пераносы, паўторы, гукаперайманні). Істотную выяўл. ролю адыгрывае страфа як вышэйшая форма арганізацыі верша. У сувязі з далейшым паглыбленнем сац.-эстэтычных і філас. асноў сучаснай бел. паэзіі побач з традыц. формамі сілабатонікі ўсё большае пашырэнне набывае свабодны верш, які будуецца на чаргаванні эквівалентных па гучанні рытмарадоў, аб’яднаных адзінствам думкі, дынамізмам унутр. лірычнай плыні.
Літ.:
Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Пытанні тэорыі літаратуры. М., 1964;
Ралько І.Д. Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі. Мн., 1969;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДСКАЯ БУРЖУА́ЗНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ16 ст.
Адбывалася ў 1566—1609 на тэр.гіст.Нідэрландаў, спалучала антыфеад. барацьбу рэв. сіл і нац.-вызв. вайну супраць Іспаніі, якой належалі Нідэрланды. Гал. прычына — бурнае развіццё ў 16 ст.капіталіст. адносін у Нідэрландах, якому перашкаджаў нац., рэліг. і феад. прыгнёт з боку ісп. абсалютызму і каталіцкай царквы. Адносіны паміж Нідэрландамі і Іспаніяй моцна пагоршыліся пры ісп. каралю Філіпе II [1556—98], калі была ўзмоцнена эканам. эксплуатацыя Нідэрландаў, жорстка праследаваліся кальвіністы (іх абшчыны-кансісторыі на чале з прадстаўнікамі буржуазіі карысталіся вял. уплывам), рабіліся замахі на старадаўнія правы і прывілеі нідэрл. гарадоў і правінцый і інш. На чале антыісп. апазіцыі сталі нідэрл. буржуазія, дваране і асобныя арыстакраты, у т. л. прынц Вільгельм I Аранскі. Вясной 1566 дэлегацыя дваран запатрабавала ад намесніцы караля Маргарыты Пармскай змякчэння рэліг. законаў, склікання Генеральных штатаў і аднаўлення былых вольнасцей. За сціплае адзенне дэпутатаў назвалі гёзамі (жабракамі). Тым часам падзеі ў Нідэрландах набылі характар нар. рэвалюцыі. Яе 1-м этапам стала антыкаталіцкае Іканаборскае паўстанне 1566, якое было жорстка задушана. Новы намеснік герцаг Ф.Альба ўстанавіў у краіне тэрарыст. рэжым, але антыісп. барацьба працягвалася ў форме партыз. руху лясных гёзаў, якія забівалі ісп. салдат, каталіцкіх святароў і суддзяў; у Паўн. моры дзейнічалі флатыліі марскіх гёзаў. Прынц Аранскі, які апіраўся на падтрымку ням. пратэстанцкіх князёў, франц.гугенотаў, англ. каралевы Лізаветы I і атрады наёмнікаў, ажыццявіў няўдалыя ўварванні ў Нідэрланды з тэр. Германіі (1567, 1572). 1.4.1572 марскія гёзы захапілі порт Брыл, што стала сігналам для ўсеагульнага паўстання ў паўн. правінцыях. У выніку 2-га этапа рэвалюцыі правінцыі Галандыя і Зеландыя фактычна выйшлі з-пад улады Іспаніі і заклікалі на пасаду штатгальтара (кіраўніка выканаўчай улады) Вільгельма I Аранскага. Антыісп. паўстанне ў Бруселі 4.9.1576, якое перакінулася на інш. гарады паўд. правінцый, паклала пачатак 3-му этапу рэвалюцыі. Скліканыя ў кастр. 1576 у г. Гент Ген. штаты абвясцілі сябе вярх. уладай. Яны распрацавалі пагадненне паміж паўд. і паўн. правінцыямі, якое прадугледжвала вывад ісп. войск, адмену ўказаў супраць ератыкоў, але захаванне каталіцкай царквы і суверэнітэту над Нідэрландамі ісп. караля. Галандыя і Зеландыя захавалі свае аўт. правы і кальвінісцкую царкву. У пач. 1579 па-праіспанску настроеныя сілы паўд. правінцый заключылі ў г. Арас т.зв. Араскую унію з чарговым ісп. намеснікам Аляксандрам Фарнезе (захаванне каталіцызму, аднаўленне некаторых дарэв. парадкаў). У адказ паўн. правінцыі Галандыя, Зеландыя, Гелдэрн, Утрэхт і Фрысландыя 23.1.1579 заключылі Утрэхцкую унію — саюз для сумеснай барацьбы супраць Іспаніі. Пазней да іх далучыліся прав. Аверэйсел і Гронінген. Утрэхцкая унія юрыдычна аформіла стварэнне Рэспублікі Злучаных правінцый. 26.7.1581 Ген. штаты Злучаных правінцый абвясцілі пра звяржэнне Філіпа II і поўную незалежнасць Паўн. Нідэрландаў. У паўд. правінцыях рэвалюцыя і вызв. вайна да 1585 скончылася паражэннем, і яны засталіся пад уладай Іспаніі. Вайна Рэспублікі Злучаных правінцый з Іспаніяй працягвалася да 1609, калі было падпісана перамір’е, якое фактычна азначала прызнанне ісп. каралём яе незалежнасці. Фармальнае прызнанне рэспубліка атрымала пасля падпісання Іспаніяй Вестфальскага міру 1648. Гал. вынікам Н.б.р. было ўтварэнне незалежнай дзяржавы на Пн Нідэрландаў, дзе былі створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця капіталізму.
Літ.:
Чистозвонов А.Н. Нидерландская буржуазная революция XVI в. М., 1958;
Люди эпохи завоеваний: [Сб.]: Пер. с нем. Ростов н/Д., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ РАЁН.
Размешчаны на ПдЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 0,9 тыс.км². Нас. 46,2 тыс.чал. (2000), гарадскога 41,1%. Сярэдняя шчыльн. 51 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Нясвіж. Уключае г.п.Гарадзея, 117 сельскіх нас. пунктаў, 13 сельсаветаў: Астроўскі, Гарадзейскі, Грыцкавіцкі, Казлоўскі, Карцэвіцкі, Ланскі, Ліпскі, Лявонавіцкі, Навасёлкаўскі, Нясвіжскі, Сейлавіцкі, Сноўскі, Юшавіцкі.
Паўн. частка тэр. раёна размешчана на Стаўбцоўскай раўніне, паўд. — у межах Капыльскай грады. Паверхня хвалістая, на Пд дробнаўзгорыстая, 63% яе на выш. 180—200 м, 30% — вышэй за 200 м. Найвыш. пункт 230 м (на Пд ад г. Нясвіж). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліна. Сярэдняя т-растудз. -6,2 °C, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 195 сут. Найб. рэкі Уша са Сноўкай, Тур’я, Лань з Цапрой. На р. Уша маляўнічыя сажалкі. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (61,2%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,2%). Пад лесам 12% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя, дубовыя, альховыя. Пад балотамі 596 та (0,6%) тэрыторыі. У раёне гідралагічны заказнік мясц. значэння Малеўскі; помнікі прыроды рэсп. значэння: хвоя крымская, звычайная і горная (насаджэнне) ў Вінклераўскім лясніцтве, дуб пірамідальны ў в. Заазер’е, дуб у в. Казлы, лесапарк «Альба», 8 дубоў-волатаў, дуб і хвоя звычайная («Брат і сястра») у нясвіжскім лясніцтве, парк «Нясвіж»; помнікі прыроды мясц. значэння: паркі «Новая вёска» і «Сноў».
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 58,6 тыс.га (65%), з іх асушаных 14,1 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 12 калгасаў, 3 саўгасы, 3 фермерскія гаспадаркі, сортавыпрабавальная станцыя, дзяржплемпрадпрыемства, Бел. занальная доследная станцыя па цукр. бураках, рыбгас «Альба». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, птушкагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя, кармавыя і тэхн. культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. (крухмал, макарона, цэльнамалочныя і хлебапрадукты; Гарадзейскі цукровы камбінат), пачатковай апрацоўкі лёну (ільновалакно, кастрапліта, валакно катанізаванае), паліўнай (торфабрыкет), швейнай, хіміка-фармацэўтычнай (лекавыя сродкі) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць электрыфікаваная чыгунка Мінск—Брэст, аўтамагістраль Брэст—Мінск. Цэнтр раёна аўтадарогамі звязаны з Баранавічамі, Капылём, Клецкам, Навагрудкам, Стоўбцамі, Асіповічамі і інш. У раёне 19 сярэдніх (у т. л. гімназія, 2 сярэднія школы — дзіцячыя сады і 1 школа — вытворчы камбінат), 7 базавых (у т. л. базавая школа—дзіцячы сад), 3 пачатковыя, 2 маст., 2 муз. і спарт. школы, цэнтр пазашкольнай працы, вячэрняя школа, 22 дашкольныя ўстановы, дзіцячы дом сямейнага тыпу, раённы цэнтр культуры і адпачынку, 34 дамы культуры і клубы, 41 б-ка, 3 бальніцы, 2 паліклінікі, 5 амбулаторый, 22 фельч.-ак. пункты, санаторый «Нясвіж». Гісторыка-краязн. музей, музей-кватэра бел. мастака М.К.Сеўрука. Помнікі архітэктуры: царква Раства Багародзіцы (1844) у в. Астроўкі, сядзіба (канец 19 — пач. 20 ст.) і царква са званіцай (канец 18 ст.) у в. Вялікая Ліпа, Свята-Крыжаўзвіжанская царква (18 ст.) у в. Вялікая Лысіца, сядзібна-паркавы комплекс «Завушша» (2-я пал. 18 ст. — пач. 20 ст.) у в. Завушша, царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Кунаса, Свята-Пакроўская царква з брамай-званіцай (1842) у в. Лань, Мікалаеўская царква (канец 18 — пач. 19 ст.) у в. Мацылёўшчына, Козьмадзям’янаўская царква (1836) і сядзібны дом (сярэдзіна 19 — пач. 20 ст.) у в. Новы Сноў, касцёл са званіцай (19 ст.) у в. Салтанаўшчына, касцёл (канец 18 ст.) і палацава-паркавы ансамбль (1827) у в. Сноў. Выдаецца газ. «Чырвоны сцяг».