рэчы утылітарнага і дэкар.-прыкладнога характару, зробленыя з бяросты.
Здаўна пашыраныя ў многіх народаў лясной паласы Еўропы. Тэхнал. і маст. ўласцівасці бяросты давалі магчымасць вырабляць з яе рознае гасп. начынне, выкарыстоўваць у якасці ізаляцыйнага матэрыялу, для пісьма, малявання і інш. Вядомыя берасцяныя граматы 11—15 ст. з Ноўгарада, 13—14 ст. з Віцебска, берасцяны посуд з размаляваным і праразным дэкорам з рускай Поўначы.
Берасцяныя вырабы здаўна бытавалі і ў беларусаў. Стужкі бяросты клалі пад ніжні вянок зруба, каб засцерагчы ад гніення, імі для трываласці абгортвалі гліняны посуд (гл.Берасцень). На Палессі з берасцяных палос плялі наплечныя сумкі (вярэнькі) для пераноскі прадуктаў, у цэнтр. раёнах Беларусі — заплечныя каробкі (кашалі) для збору ягад і грыбоў. Сшываючы кавалкі бяросты гнуткімі карэньчыкамі ці скуранымі стужкамі, выраблялі разнастайны посуд (каробчыкі, берасцянкі) для сыпкіх і вадкіх прадуктаў. Невялікія берасцянкі для мёду, прыпраў і інш. нярэдка аздаблялі ціснёным узорам у выглядзе сеткі, хваёвых лапак, кружочкаў з кропкамі. Табакеркі і сальнічкі часта рабілі з некалькіх накладзеных адзін на адзін слаёў бяросты з нарэзанымі ў зубчыкі краямі. З бяросты рабілі таксама пастухоўскія трубы. У сучасным побыце берасцяныя вырабы сустракаюцца рэдка.
Я.М.Сахута.
Да арт.Берасцяныя вырабы. Берасцянка. Мінская вобл. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РГМАН ((Bergman) Інгмар) (н. 14.7.1918, г. Упсала, Швецыя),
шведскі рэжысёр тэатра і кіно, сцэнарыст. З 1942 працаваў у тэатры, ставіў п’есы У.Шэкспіра, Г.Ібсена, А.Стрындберга, А.Чэхава, сучасных драматургаў. Сусв. вядомасць набыў у кіно. У фільмах 1940-х г. («Крызіс», «Дождж над нашым каханнем», «Карабель ідзе ў Індыю», «Партовы горад», «Турма») стварыў вобразы людзей са зламанымі лёсамі, якія дарэмна шукаюць шчасця і цяпла ў абыякавым да іх грамадстве. У творчасці 1950-х г. маральныя і філас. праблемы сэнсу жыцця, сутыкнення паміж верай і нявер’ем («Усмешкі летняй ночы», «Сёмая пячатка», «Сунічная паляна», «Ля вытокаў жыцця», «Твар»). У фільмах 1960-х г. тэма пакутаў і зла, якое пануе ў свеце, паўстае асабліва рэзка, з мноствам жорсткіх падрабязнасцяў («Крыніца», «Як у люстэрку», «Прычасць», «Маўчанне»), Сярод найб. вядомых фільмаў 1970—80-х г. «Дотык», «Восеньская саната», «Фанні і Аляксандр». Многія фільмы Бергмана адзначаны на міжнар. кінафестывалях (у т. л. 3 прэміямі «Оскар»). Здымаў таксамадакумент. і тэлефільмы. Аўтар сцэнарыяў большасці сваіх стужак.
Літ.:
Бергман о Бергмане: Ингмар Бергман в театре и кино: Пер. с англ. и швед.М., 1985;
Bergom-Larsson M. Ingmar Bergman och den borgerliga ideologin. Stockholm, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТО́ННЫЯ РАБО́ТЫ,
сукупнасць тэхнал. працэсаў па бетанаванні маналітных бетонных і жалезабетонных канструкцый і збудаванняў. Уключаюць падрыхтоўку бетоннай сумесі, яе транспартаванне на буд. пляцоўку, укладку (звычайна ў апалубку), ушчыльненне, нагляд за бетонам пры яго цвярдзенні, кантроль якасці бетанавання.
Рыхтуюць бетонную сумесь на спец. устаноўках ці бетонных з-дах з дапамогай бетоназмяшальнікаў і дастаўляюць да месцаў укладкі спец.бетанавозамі, аўтамабілямі-самазваламі, канвеерным, помпавым і кранавым транспартам. Укладваюць сумесь у блокі бетанавання і разраўноўваюць пры дапамозе бетонаўкладчыкаў, бетанапомпаў, эстакад (з праходжаннем сумесі па вібраправодах), стужачных транспарцёраў, пнеўманагнятальнікаў, латакоў, вібражалабоў, вібрахобатаў і інш. Ушчыльняюць сумесь вібрыраваннем (гл.Вібраўшчыльненне бетону), цэнтрыфугаваннем, прасаваннем, вакуумаваннем. Выкарыстоўваюць таксама метад таркрэт-бетону, пры якім па адным гнуткім шлангу сціснутым паветрам падаюцца сухія кампаненты сумесі, а па другім — вада пад ціскам; бетонная сумесь са змяшальніка выкідваецца на паверхню, паслойна накладваецца і ўшчыльняецца пад напорам струменя. У пачатку цвярдзення бетону яго засцерагаюць ад мех. пашкоджанняў і страсенняў, падтрымліваюць неабходны тэмпературна-вільготнасны рэжым. Пры выкананні бетонных работ зімой выкарыстоўваюць супрацьмарозныя дабаўкі, падаграюць сумесь (пры прыгатаванні ці перад укладкай) і ўкладзены бетон.
Бетонныя работы: а — выгрузка бетоннай сумесі аўтамабілямі-самазваламі; б — бетанаванне з эстакад; в — укладка сумесі пад’ёмнымі кранамі; г — утоптванне буйнога запаўняльніка ў раствор цяжкім вібратарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ДКАСНЫ РАКЕ́ТНЫ РУХАВІ́К,
ракетны рухавік, які працуе на вадкім паліве; асн. тып рухавікоў касм. апаратаў. Схему рухавіка распрацаваў К.Э.Цыялкоўскі (1903). Адрозніваюць асноўныя (для разгону ракеты) і дапаможныя (рулявыя, тармазныя і інш.). У залежнасці ад акісляльніку бываюць кіслародныя, азотнакіслотныя, фторныя і інш. Гаручае — газа, вадарод, аміяк і інш.
Складаецца з камеры згарання, рэактыўнага сапла, сістэм сілкавання, рэгулявання падачы і ўзгарання паліва і дапаможных агрэгатаў. Сістэма сілкавання палівам — выцясняльная (газабалонная) ці турбапомпавая. Гаручае і акісляльнік змешваюцца і ўзгараюцца ў камеры, адкуль газавы струмень праз сапло з вял. скорасцю выкідваецца ў навакольнае асяроддзе і стварае цягу. Асн. ахалоджванне камеры ажыццяўляецца цёкам гаручага па каналах у сценцы. У сучасных вадкасных ракетных рухавіках выкарыстоўваецца двухкампанентнае ракетнае паліва (складаецца з акісляльніку і гаручага, якія захоўваюцца ў асобных баках) і аднакампанентнае (вадкасць, здольная да каталітычнага раскладання). Выкарыстоўваюцца таксама ў балістычных ракетах далёкага дзеяння, зенітных кіроўных ракетах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́НСКІ (Міхал Казімір) (1730 — 31.5.1800),
дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, пісьменнік, мецэнат. З роду Агінскіх. Атрымаў муз. адукацыю (ігры на скрыпцы вучыўся ў Дж.Б.Віёці). З 1748 пісар польны літ., з 1764 ваявода віленскі, з 1768 гетман вял. літоўскі. Адзін з кандыдатаў Кацярыны II на польскі трон. У 1771 перайшоў на бок барскіх канфедэратаў (гл.Барская канфедэрацыя 1768), але яго войска было разбіта і Агінскі эмігрыраваў. У 1775 вярнуўся на Беларусь. Жыў у Слоніме, дзе пабудаваў некалькі прамысл. прадпрыемстваў, друкарню, стварыў тэатр і капэлу, балетную і муз. школы (гл.Слонімская капэла Агінскага, Слонімскі тэатр Агінскага, Слонімская балетная школа, Слонімская музычная школа). Аўтар опер «Зменены філосаф» (1771), «Елісейскія палі» (1788; верагодна, з Ф.Марыні), як мяркуюць, таксама «Сілы свету» і «Становішча саслоўяў» (1784), скрыпічных п’ес, рамансаў, у т. л. аднаго з першых вядомых вак. цыклаў «Да Касі». Займаўся і літ. дзейнасцю (оперныя лібрэта, вершы). Выдаў «Гістарычныя і маральныя аповесці» (1782), «Байкі і нябайкі» (1788). Па яго ініцыятыве і на яго сродкі пабудаваны Агінскі канал.
Літ.:
Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер. з ням.Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНО́СІНЫ,
1) філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае адзін з аб’ектыўных момантаў узаемасувязі рэчаў, абумоўленай матэрыяльным адзінствам свету. Існаванне, спецыфічныя ўласцівасці і развіццё рэчаў залежаць ад сукупнасці іх адносін да інш. рэчаў. Паняцце аб адносінах узнікае як вынік параўнання дзвюх ці больш рэчаў па выбранай (зададзенай) аснове (прыкмеце). Калі аснова параўнання не адвольная, то і адносіны як вынік параўнання таксама не адвольныя, іх анталагічны статус у дадзеным выпадку праяўляецца ў існаванні асновы (пры гэтым самі адносіны можна разглядаць як уласцівасць гэтай асновы).
Адрозніваюць унутраныя адносіны частак рэчы і яе знешнія адносіны з інш. рэчамі, адносіны істотныя і неістотныя, неабходныя і выпадковыя і інш. Істотныя агульныя ўстойлівыя адносіны паміж з’явамі выступаюць як закон іх развіцця і функцыяніравання. Асаблівы характар маюць грамадскія адносіны, вывучэнне якіх дае ключ да разумення сутнасці чалавека і гісторыі грамадства. Тыпы і ўласцівасці адносін, законы іх узаемасувязі вывучаюцца тэорыяй пазнання, логікай, матэматыкай, агульнай тэорыяй сістэм. 2) Эмацыянальна-валявая ўстаноўка асобы на што-небудзь (выказванне яе пазіцыі).
Літ.:
Уемов А.И. Вещи, свойства и отношения. М., 1963;
Райбекас А.Я. Вещь, свойство, отношение как философские категории. Томск, 1977;
Проблема связей и отношений в материалистической диалектике. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЧУВА́ННЕ,
псіхічны працэс адлюстравання асобных уласцівасцяў і з’яў аб’ектыўнага свету пры іх непасрэдным уздзеянні на органы пачуццяў. Узнікаюць ад таго, што раздражняльнікі дзейнічаюць на ўспрымальныя часткі аналізатараў—рэцэптары; нервовыя імпульсы дасягаюць галаўнога мозга і выклікаюць адчуванне. Спецыфіка адчування чалавека, іх дасканаласць абумоўлены сац.-гіст. прычынамі, працоўнай дзейнасцю. Адчуванні з’яўляюцца крыніцай непасрэднай інфармацыі аб навакольным свеце. Як адлюстраванне аб’ектыўных уласцівасцяў рэчаў адчуванне з’яўляецца сродкам пазнання рэчаіснасці. У чалавека найб. развіты зрокавыя адчуванні. Потым ідуць адчуванні слыху, смаку, нюху, дотыку. Працэсы, што адбываюцца ў арганізме, выклікаюць арганічныя адчуванні (голад, смагу, боль). Існуюць таксама адчуванні вібрацыйныя, руху і становішча органаў цела, раўнавагі і інш.
У працэсе пазнання адчування выконваюць функцыі: як субстрат успрымання даюць апошняму магчымасць адлюстраваць структуру вонкавых прадметаў; выступаюць у ролі прыкмет аб’ектыўных уласцівасцяў вонкавых прадметаў пры ўмове, што ўзаемасувязь паміж якасцю адчування і ўласцівасцю прадмета раней вядомая; з’яўляюцца асновай для фарміравання элементарных уяўленняў. Праблематыка адчування распрацоўваецца ў псіхафізіцы сенсорных працэсаў і розных раздзелах фізіялогіі. Разнастайнасць адчування адлюстроўвае якасную разнастайнасць навакольнага свету. Адчуванні дапамагаюць чалавеку прыстасоўвацца да асяроддзя і ўздзейнічаюць на яго.
Літ.:
Ковалгин В.М. Рефлекторная теория ощущений. Мн., 1963;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙЧЫ́ННЫ ФРОНТ,
форма аб’яднання масавых грамадка-паліт. арг-цый для вырашэння праблем нацый на пэўных этапах іх гіст. развіцця. Дзейнічалі ў Балгарыі (1942—89), Венгрыі (1944—89) і В’етнаме (з 1955). У Айчынны фронт уваходзілі грамадзяне, паліт. партыі, рухі. У час 2-й сусв. вайны меў антыфаш. накіраванасць. У пасляваен. час дамінуючую ролю ў Айчынным фронце набылі камуніст. партыі, прыкрываючы такім чынам сваю манаполію на ўладу.
Айчынны фронт Балгарыі пасля рэарганізацыі (1948) аб’ядноўваў Балг. Кампартыю Балг. земляробчы нар. саюз, Дзімітраўскі камуніст. саюз моладзі, прафсаюзы; выдаваў газ. «Отечествен фронт». У Венгрыі айчынны фронт дзейнічаў пад кіраўніцтвам Венг.сацыяліст. рабочай партыі пад назвамі: Венг. фронт (з мая 1944), Венг.нац. фронт незалежнасці (са снеж. 1944), Венг.нар. фронт незалежнасці (з лют. 1949) і Айчынны нар. фронт (з 1954); выдаваў газ. «Maguar Nemzet» («Венгерская нацыя»), «Szabad Föld» («Свабодная зямля»), Айчынны фронт В’етнама ў 1977 аб’яднаў Нац. фронт вызвалення Паўд. В’етнама (дзейнічаў з 1960), Саюз нац.дэмакр. і міралюбівых сіл Паўд. В’етнама (з 1968), асн. мэтай якіх было аб’яднанне краіны, а таксамакамуніст., дэмакр., сацыяліст. партыі, прафсаюзы, жаночыя і маладзёжныя арг-цыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКО́РД (ад італьян. сугучнасць),
спалучэнне некалькіх гукаў рознай вышыні, якія ўспрымаюцца як гукавое адзінства. Асн. элемент гармоніі. Заканамернасць будовы акорда — тэрцавасць складу (гукі размешчаны або шляхам перастановак могуць быць размешчаны па тэрцыях; гл.таксамаАбарачэнне). Ніжні гук акорда наз. асноўным тонам. Адрозніваюць 2 класы акорда: тэрцавыя (трохгуччы, септакорды, акорды з секстай, нон-акорды, ундэцым- і тэрцдэцымакорды) і нятэрцавыя монаакорды і поліакорды (акорды складанай структуры, частка якіх, узятая асобна, можа разглядацца як акорд). Выразнасць акорда абумоўлена яго функцыяй, звязанай са становішчам акорда ў ладзе, і фанізмам — характарам гучання, які залежыць ад інтэрвальнага складу, размяшчэння, рэгістра, муз. кантэксту. Найб. пашыраны акорд тэрцавай будовы, ускладненыя храматычнай зменай гукаў — альтэрацыяй; некат. пашырэнне атрымалі акорды квартавай будовы.
Перадформа акорда — двухгучча ў раннім шматгалоссі. Гістарычна першая канцэпцыя акорда — у поліфанічнай музыцы канца 12 ст. Тэрмін «акорд» узнік у 14 ст. У практыцы генерал-баса (17 — 1-я пал. 18 ст.) замацавалася аперыраванне акордамі-комплексамі, якія трактаваліся як кансанантныя і дысанантныя сугуччы. У 18—19 ст. катэгорыя акорда супрацьпастаўляецца сугуччу з неакордавымі гукамі. У 20 ст. рэзка ўзмацнілася санорная трактоўка акорда. (гл.Санорыка), фактар гучнасці.
Літ.:
Гуляницкая Н. Введение в современную гармонию. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСАНАМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. axōn вось + ...метрыя),
спосаб адлюстравання прасторавых фігур на чарцяжы пры дапамозе паралельных праекцый. Для пабудовы аксанаметрычнай праекцыі выбіраюць 3 узаемна перпендыкулярныя восі OX, OY, OZ і маштабы даўжыняў на гэтых восях; праецыруюць на плоскасць восі і дадзеную фігуру. Калі X, Y, Z — даўжыні 3 адрэзкаў у фігуры, то іх аксанаметрычныя праекцыі, паралельныя восям, будуць мець даўжыні x, y, z, пры гэтым x/X=lx, y/Y=ly, z/Z=lzназ. паказчыкамі скажэння. Найбольш выкарыстоўваецца аксанаметрыя, пры якой lx: ly : lz = 1 : 1 : 1 (ізаметрыя) і lx : ly: lz=1/2 : 1 : 1 (дыметрыя). У залежнасці ад вугла паміж напрамкам праецыравання і плоскасцю аксанаметрычных праекцый адрозніваюць прамавугольную і косавугольную аксанаметрыю. Гл.таксамаНарысоўная геаметрыя. Аксанаметрыя ў архітэктуры — адзін з відаў перспектыўнага адлюстравання. Выкарыстоўваецца ў арх. праектах і чарцяжах будынкаў, комплексаў, ансамбляў для нагляднага паказу іх структуры, асабліва ў выпадку, калі генпланы, планы, фасады і разрэзы не даюць поўнага ўяўлення пра іх арх.-прасторавую арганізацыю. Нярэдка аксанаметрыя агульнага выгляду пабудоў сумяшчаецца з іх арх. разрэзам, што ўдакладняе структуру ў цэлым.
Да арт.Аксанаметрыя: а — ізаметрыя; б — дыметрыя.Да арт.Аксанаметрыя. Праект Дома урада Беларусі. Архітэктар І.Лангбарп. 1931.