дуалістычная (двухадзіная) дзяржава ў 1867—1918. Пл. 676,615 тыс.км², нас. 52,8 млн.чал. (1914). Гал.адм. цэнтры — Вена і Будапешт. Створана ў выніку рэарганізацыі Аўстрыйскай імперыі Габсбургаў на аснове пагаднення (чэрвень 1867) паміж Аўстрыяй і Венгрыяй. Падзялялася (па р. Лейта) на 2 часткі: Аўстрыйскую імперыю («Каралеўствы і землі, прадстаўленыя ў рэйхсраце»),
ці Цыслейтанію (тэр. на З ад Лейты: Ніжняя і Верхняя Аўстрыя, Ціроль, Штырыя, Карынтыя, Зальцбург, Форарльберг, Багемія, Маравія, Сілезія, Крайна, Далмацыя, Герц і Градзішка, Істрыя, Трыест з вобласцю, Галіцыя, Букавіна), і Каралеўства венграў («землі свяшчэннай венгерскай кароны»), ці Транслейтанію [тэр. на У ад Лейты: Венгрыя, Харватыя, Славенія, Славакія, Трансільванія, Закарпацкая Украіна, Ваяводзіна, порт Рыека (Фіуме)]. Венгрыя і Аўстрыя прызнаваліся суверэннымі часткамі дзяржавы. Узначальвалася аўстр. імператарам (ён жа венг. кароль), улада якога фармальна абмяжоўвалася ў Аўстрыі рэйхсратам, у Венгрыі — сеймам. Імператарамі Аўстра-Венгрыі былі Франц Іосіф I і Карл I. Разам з самаст.аўстр. і венг. мін-вамі дзейнічалі 3 агульныя мін-вы (замежных спраў, ваен.-марское, фінансавае), падпарадкаваныя імператару. Агульнадзярж. канстытуцыі не было. Выдаткі на агульныя справы вызначаліся для абедзвюх частак манархіі ў пэўнай прапорцыі, рэгуляваліся пагадненнем рэйхсрата і сейма. Заканадаўчая ўлада ажыццяўлялася т.зв. дэлегацыямі, якія склікаліся штогод (па 60 чал. ад рэйхсрата і сейма). Пасля эканам. спаду 1873—95 гаспадарка Аўстра-Венгрыі ажывілася і набыла аграрна-індустрыяльны кірунак (да 1900 65—85% прамысл. прадукцыі давала Цыслейтанія, гал. чынам яе чэшскія землі), значныя капіталы ў яе ўкладалі інвестары (пераважна Германія). У сельскай гаспадарцы панавала буйн. памешчыцкае землеўладанне. У знешняй палітыцы Аўстра-Венгрыя арыентавалася на Германію, была чл.Траістага саюза 1882. У 1878 акупіравала, у 1908 анексіравала Боснію і Герцагавіну (гл.Баснійскі крызіс 1908—09), што прывяло да пагаршэння адносін з Расіяй. Як саюзнік Германіі ўдзельнічала ў 1-й сусв. вайне. Распалася ў кастр.—ліст. 1918 у выніку паражэння ў 1-й сусв. вайне, уздыму нац.-вызв. і рэв. руху ў краіне. На яе тэр. ўтварыліся самаст. дзяржавы Аўстрыя, Венгрыя, Чэхаславакія, частка зямель увайшла ў склад Каралеўства Сербаў, Харватаў, Славенцаў, Румыніі, Польшчы. Гл. таксама гіст. нарыс у арт.Аўстрыя.
Літ.:
Австро-Венгрия и славяно-германские отношения. М., 1965;
Полтавский М.А. История Австрии: Пути гос. и нац. развития. Ч. 2. От революции 1948 г. до революции 1918—1919 гг.М., 1992. С. 86—303.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВА́НА (La Habana),
горад, сталіца Кубы. Размешчана на ПнЗ вострава на беразе Мексіканскага заліва. Адм. ц. правінцыі Гавана. Мае статус самаст. правінцыі — Горад Гавана (Ciudad de la Gabana). 2176 тыс.ж. (1993). Буйны трансп. вузел. Гал. порт Кубы (больш як 3/5 імпарту і каля ¼ экспарту краіны), рыбалоўны порт. Міжнар. аэрапорт Хасэ Марці. Гал.эканам. (каля 1/2 усёй прамысл. прадукцыі краіны), навук. і культ.цэнтр. Металургічны камбінат, нафтаперапр.з-д, прадпрыемствы маш.-буд., суднарамонтнай, цэм., хім., фармацэўтычнай, тэкст., швейнай, гарбарна-абутковай, мэблевай, шкларобнай, папяровай, харч. (перапрацоўка мяса, малака, мукамольная), тытунёвай, піваварнай, спіртагарэлачнай прам-сці.
Засн.ісп. заваёўнікам Д.Веласкесам каля 1515 на паўд. беразе в-ва Куба, у 1519 перанесена на паўн.-зах. бераг. У 16—17 ст. неаднойчы спустошана англ., франц. і галандскімі піратамі. З канца 16 ст.адм. ц. Кубы. У 1762—63 акупіравана Англіяй, да 1898 належала Іспаніі, у ісп.-амер. вайну 1898 акупіравана ЗША (да 1902). З 1902 сталіца Рэспублікі Куба. У 1959 пасля перамогі рэвалюцыі ў Гаване створаны нац.-рэв. ўрад Кубы.
Старая Гавана захавала маляўнічае аблічча калан. перыяду: крэпасці Эль Мора (1589—1630), Сан-Карлас дэ ла Каванья, Сан-Сальвадор дэ ла Пунта, Ла Рэаль Фуэрса, Пласа дэ Армас з муніцыпалітэтам і Домам пошты, Кафедральны сабор (усе 18 ст.), шматлікія цэрквы і будынкі ў стылі барока. У 19 ст. ўзніклі раёны багатых асабнякоў, у 20 ст. — арыстакратычныя раёны Мар’янао і Мірамар. Сярод арх. помнікаў: Нац. капітолій (1925—29, арх. Р.Атэра), Мін-ваўнутр.спраў (1951—54, арх. А.Капабланка), Мед. цэнтр (1956—58, арх. А.Кінтана), гасцініцы «Гавана Лібрэ» і «Гавана Рыўера» (1958—59). Пасля рэвалюцыі 1959 пабудаваны Універсітэцкі гарадок, Школа мастацтваў, Нац. цэнтр навуковых даследаванняў і інш. Сярод манументаў — помнікі Х.Марці (1943), Э.Хемінгуэю (1962) і інш. Старая Гавана ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Ун-т (з 1728). АН (з 1962). Б-кі (буйнейшая Нац. імя Хасэ Марці). Музеі, у т. л.Нац. музей (еўрап. і кубінскае мастацтва), Антрапал. музей Л.Мантане (культура народаў Амерыкі, Азіі, Афрыкі), Музей Рэвалюцыі, Дом-музей Э.Хемінгуэя і інш. Тэатры.
Літ.:
Филиповская Н.М. Гавана. Л., 1980.
Да арт.Гавана. Кафедральны сабор. 1748—77.Гавана. Капітолій (цяпер Акадэмія народнай гаспадаркі).Гавана. Помнік Антоніо Масео. 1916.
нарада кіраўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі ў Лівадзійскім палацы каля г. Ялта (Крымскі п-аў) 4—11.2.1945 у канцы 2-й сусв. вайны. Удзельнічалі І.В.Сталін (СССР), Ф.Д.Рузвельт (ЗША), У.Чэрчыль (Вялікабрытанія), міністры замежных спраў, начальнікі штабоў і саветнікі названых саюзных дзяржаў (у т. л. А.А.Грамыка). Мела на мэце каардынацыю дзеянняў саюзнікаў для канчатковага разгрому фаш. Германіі, ажыццяўленне ўмоў яе безагаворачнай капітуляцыі і пасляваен. ўпарадкавання свету. Саюзнікі вырашылі стварыць у Германіі свае зоны акупацыі (пры жаданні Францыі і яе зону) і агульнагерм. кантрольны орган у Берліне (яго таксама меркавалася падзяліць на акупац. зоны), выпрацавалі праграму выкаранення герм. мілітарызму і нацызму (гл.Дэмілітарызацыя, Дэнацыфікацыя), узнялі пытанне аб кампенсацыі нанесеных ім Германіяй страт (вырашана стварыць у Маскве спец. камісію па рэпарацыях, частку якіх пасля вайны атрымала і БССР). Прадугледжвалася рэпатрыяцыя з Германіі ўрадамі ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі сав. грамадзян, якія не жадалі вяртацца ў СССР. У развіццё рашэнняў Думбартан-Окс канферэнцыі 1944 бакі вырашылі склікаць 25.4.1945 у г. Сан-Францыска (ЗША) Устаноўчую канферэнцыю Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, дамовіліся аб тым, што яе членамі разам з СССР будуць УССР і БССР — сав. рэспублікі, якія найб. пацярпелі ў вайне і ўнеслі вялікі ўклад у разгром ням.-фаш. войск. Саюзныя дзяржавы прынялі «Дэкларацыю аб вызваленай Еўропе», паводле якой яны абавязаліся садзейнічаць дзяржавам у аднаўленні іх суверэнітэту, дэмакратызацыі паліт. жыцця і эканамічна дапамагаць ім, разгледзелі пытанні аб Польшчы (яе ўрадзе і граніцах) і Югаславіі. Яны вырашылі, што ўсх. польск. граніца пройдзе па «Керзана лініі» з адхіленнем ад яе ў некат. месцах на 5—8 км на карысць Польшчы (г.зн. Польшчы перадавалася б.ч. Беластоцкай вобл.). Па югасл. пытанні прыняты рэкамендацыі аб утварэнні Часовага аб’яднанага ўрада Югаславіі і Часовага парламента на аснове Анты-фашысцкага веча народнага вызвалення Югаславіі. Было таксама прынята сакрэтнае пагадненне аб уступленні СССР у вайну супраць Японіі праз 2—3 месяцы пасля капітуляцыі Германіі і заканчэння вайны ў Еўропе, вяртанні паўд. часткі в-ва Сахалін, прадастаўленні ваенна-марской базы ў г. Порт-Артур на Ляадунскім п-ве і перадачы Курыльскіх а-воў СССР. Рашэнні К.к. дапоўніла і замацавала Патсдамская канферэнцыя 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТСДА́МСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1945,
сустрэча кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі [старшыня СНКСССР І.В.Сталін, прэзідэнт ЗША Г.Трумэн, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі У.Чэрчыль (28 ліп. яго замяніў новы прэм’ер-міністр К.Р.Этлі)], якая адбылася 17.7—2.8.1945 у г.Патсдам. Мэта — вырашыць гал.міжнар. праблемы, што ўзніклі ў сувязі з разгромам гітлераўскай Германіі. Канферэнцыя разглядала пытанні пасляваен. мірнага ўрэгулявання ў Еўропе і ў тым ліку парадак падрыхтоўкі мірных дагавораў з пераможанымі краінамі. З гэтай мэтай быў створаны пастаянны орган — Савет міністраў замежных спраў у складзе прадстаўнікоў краін — пастаянных чл. Савета Бяспекі ААН (СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Кітая). Гал. месца ў рабоце канферэнцыі заняло герм. пытанне. Германія разглядалася як адзінае эканам. і паліт. цэлае. У адносінах да яе дзяржавы-пераможцы вырашылі праводзіць у перыяд акупацыі ўзгодненую палітыку, сутнасць якой была ў дэмілітарызацыі, дэнацыфікацыі і дэмакратызацыі краіны. Канферэнцыя пастанавіла ліквідаваць герм.манапал. аб’яднанні як небяспечны ачаг мілітарызму і перавесці ўсю прам-сць Германіі на мірныя рэйкі. На канферэнцыі канчаткова ўзгоднена сістэма чатырохбаковай акупацыі Германіі; вырашана, што рэпарацыйныя прэтэнзіі кожная дзяржава задаволіць шляхам канфіскацый у сваіх зонах акупацыі (ЗША і Вялікабрытанія перадавалі СССР 25% канфіскаванага ў іх зонах прамысл. абсталявання). Герм. флот краіны-пераможцы падзялілі паміж сабой пароўну. П.к. вырашыла важныя тэр. пытанні: аб перадачы СССРг. Кёнігсберг (цяпер Калінінград) з прылеглымі раёнамі, а Польшчы — яе карэнных зямель на У ад рэк Одэр (Одра) і Нейсе (Ныса), б.ч. былой Усх. Прусіі і тэр.б. вольнага г. Данцыг (Гданьск). Ням. насельніцтва з Польшчы, Чэхаславакіі і Венгрыі высялялася ў Германію. Прынята рашэнне пра арышт і аддачу пад суд гал.ваен. злачынцаў (гл.Нюрнбергскі працэс). Сав. дэлегацыя пацвердзіла гатоўнасць СССР уступіць у вайну супраць Японіі. 26 ліп. ЗША, Вялікабрытанія і Кітай падпісалі Патсдамскую дэкларацыю 1945 аб асн.паліт. прынцыпах капітуляцыі Японіі. Вынікі П.к. мелі вял. значэнне для пасляваен. мірнага ўрэгулявання.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939—1945. М., 1979. Т. 10. С. 475-185;
Тегеран—Ялта—Потсдам: Сб. док. 3 изд. М., 1971;
История дипломатии. 2 изд. М., 1975. Т. 4. С. 664—691.
І.А.Літвіноўскі.
Да арт.Патсдамская канферэнцыя 1945. І.В.Сталін, Г.Трумэн і У.Чэрчыль у перапынку паміж пасяджэннямі Патсдам. Ліпень 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ АДДЗЕ́Л РУ́СКАГА ГЕАГРАФІ́ЧНАГА ТАВАРЫ́СТВА, Паўночна-Заходні аддзел імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства. Існаваў у 1867—1915 у Вільні як тэр. філіял Рус.геагр.т-ва. Узначальваў яго папячыцель Віленскай навуч. акругі; першы кіраўнік І.П.Карнілаў, члены — вайскоўцы, чыноўнікі, духавенства. Паводле палажэння ад 2.7.1867 павінен быў займацца вывучэннем 6 губерняў Паўн.-Зах. краю, пераважна ў галіне археаграфіі, археалогіі, этнаграфіі, статыстыкі. Меў секцыі: фіз.-матэм., этнаграфіі, археалогіі і археаграфіі, статыстыкі. Секцыя этнаграфіі выпусціла праграму па збіранні этнагр. і фалькл. матэрыялаў (паўтарала праграму Рус.геагр.т-ва без уліку нац. асаблівасцей нар. творчасці беларусаў). У выніку актывізацыі дзейнасці настаўнікаў сабраны запісы розных фалькл. жанраў, апісанні нар. календара і абрадаў, стану сельскай гаспадаркі, промыслаў, побыту і інш. Секцыя археалогіі і археаграфіі падрыхтавала і выдала шэраг апісанняў архіваў, у т. л. архіва віленскага ген.-губернатара М.В.Рапніна (1783—84). Да 1876 работа аддзела фактычна прыпынілася. У 1910 па ініцыятыве папячыцеля Віленскай навуч. акругі д-ра астраноміі Р.В.Лявіцкага віленскі губернатар Дз.М.Любімаў аднавіў дзейнасць аддзела. Яго старшынёй стаў Лявіцкі, кіраўніком спраў — Дз.І.Даўгяла; у кіраўніцтва ўвайшлі мясц. этнографы, фалькларысты, гісторыкі, археолагі, археографы, біёлагі і географы. На канец 1911 аддзел яднаў больш за 300 чал., пераважна сельскіх настаўнікаў, чыноўнікаў; створаны 4 секцыі: геаграфіі і статыстыкі, этнаграфіі і археалогіі, археаграфіі, гісторыі. У 1910—12 праведзены навук. экспедыцыі ў розныя рэгіёны Беларусі. У 1910—14 выдаваліся «Записки Северо-Западного отдела Русского географического общества». У 1910 па ініцыятыве аддзела выдадзены шэраг кніг па гісторыі Беларусі, у т. л. «Нарыс гісторыі Літоўска-Рускай дзяржавы да Люблінскай уніі ўключна» М.К.Любаўскага, «Апошняе ўз’яднанне з праваслаўнай царквой уніятаў Беларускай епархіі» Г.Шавельскага, «Гродзенская даўніна» Я.Ф.Арлоўскага (ч. 1). На працягу ўсёй гісторыі аддзела ў яго працы прымалі ўдзел гісторыкі і архівісты П.М.Бацюшкаў, Я.Ф.Галавацкі, М.І.Гарбачэўскі, Ф.М.Дабранскі, М.А.Дзмітрыеў, Ю.Ф.Крачкоўскі, М.Я.Нікіфароўскі, Е.Р.Раманаў, У.Г.Сакалоў, А.М.Семянтоўскі, І.А.Сербаў, М.М.Чуркін, П.В.Шэйн, А.М.Энгель і інш. Дзейнасць аддзела спынілася ў сувязі з акупацыяй Вільні герм. войскамі.
Літ.:
Довгяло Д.И. К истории Северо-Западного отдела: (Материалы и заметки) // Зап. Северо-Западного отд. имп. Русского географического о-ва. Вильна, 1910. Кн. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫДНЯСТРО́ЎСКІ КАНФЛІ́КТ 1992,
міжнацыянальны ўзбр. канфлікт на тэр. Рэспублікі Малдова, які набыў форму ваен. дзеянняў (сак.—жн. 1992) паміж афіц. ўладамі Малдовы і кіраўніцтвам самаабвешчанай (1990) на левым беразе р. Днестр т.зв. Прыднястроўскай Малд. Рэспублікі (ПМР; цэнтр — г. Ціраспаль, 39% нас. малдаване, 26% — украінцы, 24% — рускія, 11% — інш.; 550 тыс. жыхароў у 2000). Улады Малдовы імкнуліся аднавіць фактычна страчаны суверэнітэт над усх. раёнамі краіны. Канфлікту папярэднічала абвастрэнне адносін паміж уладамі Малдовы і кіраўніцтвам ПМР у канцы 1991 — пач. 1992. Ваен. дзеянні пачаліся з інцыдэнту ў г. Дубэсар на левым беразе Днястра, дзе 2.3.1992 гвардзейцы ПМР захапілі падначалены МУС Малдовы раённы аддзел паліцыі. Нягледзячы на шматлікія міратворчыя намаганні (дзейнасць пагаджальнай камісіі бакоў, пасяджэнні ў Кішынёве міністраў замежных спраў Малдовы, Расіі, Украіны і Румыніі, па выніках якіх у крас. двойчы абвяшчалася спыненне агню, і інш.), маштабы канфлікту нарасталі. Арэнай узбр. супрацьстаяння стала ўся даліна р. Днестр, па якой пралягла мяжа непрызнанай ПМР. З боку Рэспублікі Малдова ў канфлікце ўдзельнічалі яе рэгулярныя войскі, падраздзяленні МУС і валанцёры, з боку ПМР — яе рэсп. гвардыя, апалчэнне, унутр. войскі, тэр.-выратавальныя атрады, фарміраванні казакоў-добраахвотнікаў з Расіі і інш. рэспублік б.СССР. У баях ужываліся артылерыя, танкі, авіяцыя. У канфлікт была ўцягнута 14-я рас. армія (штаб у г. Ціраспаль), якая абараняла свае аб’екты ад нападзенняў войск Малдовы. Да пач.ліп., калі ў асн. завяршылася актыўная стадыя канфлікту, у зоне баявых дзеянняў загінула 650 чал., 4 тыс. паранена (пераважна мірныя жыхары). Значна пацярпела эканоміка краю, асабліва прадпрыемствы гарадоў Бендэр і Дубэсар. Баявыя дзеянні паступова спыніліся без значных тэр. вынікаў для абодвух бакоў у пач.жн. 1992 пасля падпісання ў Маскве 21.7.1992 прэзідэнтамі Малдовы (М.Снегур) і Расіі (Б.Ельцын) Пагаднення аб прынцыпах мірнага ўрэгулявання ў Прыднястроўі. Прадугледжвалася захаванне тэр. цэласнасці Малдовы, наданне асаблівага статуса левабярэжжу Днястра, у т. л. права яго насельніцтва вырашаць свой лёс у выпадку далучэння Малдовы да Румыніі. Нягледзячы на наступныя шматлікія намаганні ўрадаў Малдовы, Расіі, Украіны і міжнар. арг-цый, паліт. праблемы, якія выклікалі ў 1992 П.к., да гэтага часу не вырашаны, бо Малдова настойвае на захаванні сваёй тэр. цэласнасці, а кіраўніцтва ПМР — на прызнанні яе незалежнай дзяржавай. Гл. таксама раздз. Гісторыя ў арт.Малдова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУБЛІЦЫ́СТЫКА (ням. Publizistik ад лац. publicus грамадскі),
від твораў, прысвечаных актуальным праблемам і з’явам грамадскага жыцця. Скіравана на аператыўнае асэнсаванне рэчаіснасці (пераважна сучаснасці) шляхам спалучэння лагічнага і эмацыянальна-вобразнага спосабаў даследавання і адлюстравання жыцця. Спецыфічным чынам удзельнічае ў працэсах дзярж., грамадскага і гасп. кіраўніцтва, актыўна ўздзейнічае на ход практычных спраў ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці. Выконвае сац.-пед., прапагандысцкія, інфарм. функцыі, фарміруе грамадскую думку. Як від грамадска-паліт. л-ры найб. пашырана ў журналістыцы. Пісьменніцкая П. прасякнута кампанентамі маст. творчасці. Асн. якасці П.: тэарэт. абгрунтаванасць, доказнасць, праўдзівасць, прынцыповасць, тэндэнцыйнасць, паліт. вастрыня, эмацыянальнасць, палемічнасць (гл.Публіцыстычны стыль). Асн. жанры П.: артыкул, агляд, карэспандэнцыя, рэцэнзія. У ходзе сінтэзу маст. і публіцыстычных форм паявіліся маст.-публіцыстычныя жанры: нарыс, эсэ, фельетон, памфлет. На стыку навук. л-ры і П. ўзніклі навук.-папулярныя жанры, якія вызначаюцца выразнай публіцыстычнасцю.
Элементы П. ёсць у летапісах ВКЛ 15—16 ст. Публіцыстычная паводле свайго характару палемічная літаратура канца 16—1-й пал. 17 ст. Узор бел. публіцыстычнага слова — газ.«Мужыцкая праўда» К.Каліноўскага, першая легальная газета на бел. мове «Наша ніва». Публіцыстычнымі з’яўляюцца асобныя творы Ф.Багушэвіча, З.Бядулі, М.Гарэцкага, Цёткі, нарысы Я.Лучыны. П. заняла значнае месца ў творчасці М.Багдановіча. У 1920-я г. з публіцыстычнымі творамі выступалі Ц.Гартны, М.Зарэцкі, Я.Скрыган, М.Чарот. У гады Вял.Айч. вайны са старонак розных выданняў звярталіся да народа Я.Купала, Я.Колас, К.Чорны, А.Куляшоў, П.Броўка, П.Панчанка і інш. Публіцыстычныя па сваёй скіраванасці кнігі А.Адамовіча, Я.Брыля, У.Калесніка «Я з вогненнай вёскі», С.Алексіевіч «У вайны — не жаночы твар», створаныя на матэрыяле ўспамінаў жыхароў Беларусі пра Вял.Айч. вайну. Найб. ўклад у развіццё бел. П. пасляваен. часу зрабілі пісьменнікі Брыль, В.Быкаў, І.Дуброўскі, М.Лынькоў, В.Палтаран, Я.Сіпакоў, М.Танк, І.Чыгрынаў, І.Шамякін. У сучаснай П. працуюць Н.Гілевіч, У.Глушакоў, Л.Екель, А.Казловіч, Л.Левановіч, У.Ліпскі, С.Шаўцоў, М.Шыманскі, Л.Юнчык, В.Якавенка і інш. Трывалае месца заняла П. ў дакументальным кіно, на тэлебачанні і радыёвяшчанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў СТАРАЖЫ́ТНЫХ А́КТАЎу Маскве.
Склаўся на базе 5 асн.гіст. архіваў Рас. імперыі: Маскоўскага архіва Мін-ва юстыцыі, Маскоўскага гал. архіва Мін-ва замежных спраў, Дзярж. архіва МЗС (з 1917 Дзярж. архіў Рас. імперыі), Маскоўскага аддз. Агульнага архіва Мін-ва імператарскага двара, Архіва Межавой канцылярыі (у 1919—39 Цэнтр. межавы архіў). У 1918 дакументы гэтых архіваў увайшлі ў склад юрыд. і гіст.-культ. секцый Адзінага дзярж. архіўнага фонду. У 1925 яны (за выключэннем Цэнтр. межавога архіва) зліты ў Старажытнасховішча Маскоўскага аддз. Цэнтр гіст. архіва РСФСР, сюды далучаны нацыяналізаваныя архівы маскоўскіх устаноў Сінода, манастыроў, асабістыя і родавыя фонды. У 1931 Старажытнасховішча пераўтворана ў Дзярж. архіў феад.-прыгонніцкай эпохі, у склад якога ўвайшоў і Цэнтр. межавы архіў. У 1941 перайменаваны ў Цэнтр.дзярж. архіў стараж. актаў, з 1992 сучасная назва. 1383 фонды, 3313 тыс. адзінак захоўвання з 11 ст. да 1917. Зберагае матэрыялы ўстаноў вышэйшага, цэнтр. і мясц. кіравання Рас. дзяржавы і Рас. імперыі да адм. рэформ канца 18 — пач. 19 ст. (акрамя фондаў Адміралцейскай, Замежнай і Ваен. калегій), цэнтр. межавых устаноў Расіі 18 — пач. 20 ст., дакументы дзярж. і грамадскіх дзеячаў, дзеячаў навукі і культуры, памесна-вотчынныя, родавыя і манастырскія архівы, зборы пісьмовых помнікаў гісторыі, культуры і побыту рус. і інш. народаў Рас. імперыі, зборы рус. і замежных рукапісных кніг, старадрукі і рэдкія выданні 15—19 ст. Захоўвае асн. частку Метрыкі Вялікага княства Літоўскага, дакументы Прыказа ВКЛ, матэрыялы, якія асвятляюць дыпламат. адносіны і ваен. канфлікты Расіі з ВКЛ, дзейнасць рас. адміністрацыі на тэр. Беларусі, перапісы бел. насельніцтва, гісторыю Мяшчанскай слабады ў Маскве, заселенай выхадцамі з Беларусі; сувязі рус. і бел. цэркваў 16—18 ст., выдачу прывілеяў бел. гарадам і інш. У рукапісных зборах архіва ёсць рукапісы бел. асветнікаў, у т. л. Сімяона Полацкага, матэрыялы аб іх службе пры маскоўскім двары; у архівасховішчы старадрукаў і рэдкіх выданняў — кнігі Ф.Скарыны і бел. друкароў 16—18 ст.
Літ.:
Российский государственный архив древних актов: Путеводитель. Т. 1—4. М., 1991—99 [назва т. 1—2: Центральный государственный архив древних актов СССР];
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 146—151;
Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́РМУНТЫ,
шляхецкі род уласнага герба (з 19 ст. герба «Дуб») у ВКЛ і Рас. імперыі. Выводзілі сябе ад легендарнага летапіснага кн. Скірмунта. Верагодна, паходзілі з Упіцкага пав. Пачынальнік пінскай лініі роду Богуш С. у 1543 быў падстаростам давыд-гарадоцкім. Найб. вядомыя:
Аляксандр (? — да сак. 1746), пінскі абозны, скарбнік з 1720, гараднічы з 1726. Аляксандр (? — да чэрв. 1801), сын Баніфація, пінскі каморнік гранічны з 1779, мастаўнічы з 1793, харунжы. Каспар Вінцэнт (4.1.1775—?), сын Аляксандра, пінскі падсудак у 1799—1805, падкаморы ў 1820—26. Сымон (1751—?), сын Ігнація, пінскі мастаўнічы з 1776, мечнік з 1790, падчашы з 1793, маршалак брэсцкі ў 1799, дэп. Трыбунала ВКЛ (1776), з 1790 пасол на Чатырохгадовы сойм 1788—92. Адам (? — да студз. 1820), сын Міхала, пінскі канюшы з 1765, суддзя земскі з 1790, падкаморы з 1811, пасол на соймы 1773—75 і 1793, з 1794 чл. Пастаяннай рады. Аляксандр Ізідар [1(21?).1.1799, в. Моладава Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 22.7.1870], сын Сымона, маршалак пінскі ў 1832—34, камергер (1834). У 1830 заснаваў цукр. ф-ку ў Моладаве, у 1836 — суконную і цукровую ф-кі ў Парэччы, свечачную і мылаварную ф-ку ў Альбрэхтаве, ф-ку с.-г. прылад у Дастоеве, паравы млын у Пінску. Займаўся вінаградарствам у Крыме і Італіі. Алена (1827—74), гл.Скірмунт А. Канстанцыя (1852, в. Калоднае Столінскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.1.1934), дачка Казіміра і Алены С., публіцыстка, гісторык. Аўтар кн. «Гісторыя Літвы, выкладзеная ў нарысе» (1886), «З найстаражытнейшых часоў літоўскага племені» (1892), «Паданні: Даміндоўгавы часы. Гісторыя старажытнай Прусіі» (1903), «Міндоўг — кароль Літвы» (1909). Належала да краёўцаў, як публіцыст выступала ў час.«Край», газ. «Przegląd Wileríski» («Віленскі агляд»), «Виленский вестник». Канстанцін (30.8.1866, в. Моладава — 24.7.1949), сын Генрыка, дыпламат. Адзін з заснавальнікаў Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907). У 1909—17 чл.Дзярж. Савета. У 1919—21 польскі пасол у Італіі, у 1921—22 міністр замежных спраў, у 1922—34 пасол у Вялікабрытаніі. Аўтар мемуараў. Генрык (1868, в. Моладава — 20.9.1939), сын Генрыка, паэт (пісаў на польск. мове), кампазітар. У 1898 выдаў зб. «З вершаў і песень Генрыка Скірмунта», у 1903—12 — зб. «Паэзія» (т. 1—2). Аўтар оперы «Пан Валадыёўскі» (пастаўлена ў 1902 у Львове). З 1920 гаспадарыў у Моладаве. Расстраляны сав. ўладамі. Раман Мар’ян (1868—1939), гл.Скірмунт Р.А.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТРЫКА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА (недакладная скарочаная назва Літоўская метрыка; ад лац. matricula спіс),
збор спецыфічных матэрыялаў (сшыткаў, кніг) велікакняжацкай канцылярыі Вялікага княства Літоўскага 15—18 ст. з копіямі дакументаў, якія выдаваліся ад імя вялікага князя (гаспадара), Рады ВКЛ, сеймаў і падлягалі неабмежаванаму ў часе захаванню. У складзе Метрыкі знаходзяцца агульназемскія прывілеі, абласныя прывілеі, прывілеі гарадам, асобным групам насельніцтва, феадалам на валоданне маёнткамі, фінансавыя, судовыя і інш. льготы, на пабудову гарадоў і мястэчак, адкрыццё корчмаў, правядзенне таргоў, кірмашоў, пра наданне пасад, збор падаткаў і інш.Вял. месца займаюць судовыя дэкрэты па справах, што разглядаліся велікакняжацкім судом. У Метрыку заносіліся велікакняжацкія (каралеўскія) наказы, статуты, сеймавыя пастановы і г.д. У пасольскіх кнігах Метрыкі — матэрыялы знешняй палітыкі: лісты да кіраўнікоў замежных дзяржаў і ад іх, дагаворы, інструкцыі паслам і інш. У склад Метрыкі ўваходзілі таксама некаторыя важныя пабочныя матэрыялы (пераклады ярлыкоў крымскіх ханаў, спісы з маскоўскіх дыпламат. дакументаў і інш.), справаводчыя матэрыялы (рэестры актаў, інвентары Метрыкі і інш.). Метрыка стала асновай велікакняжацкага, а пазней гал.дзярж. архіва ВКЛ і выконвала нотафікацыйныя (юрыдычна-рэгістрацыйныя) функцыі. Выкарыстоўвалася ў юрыд. і даведачных мэтах усімі суб’ектамі права, найперш вярх. уладай, дзярж. ўстановамі, магістратамі, царквой, этнарэлігійнымі абшчынамі, прывілеяванымі саслоўямі, мяшчанамі. На аснове матэрыялаў Метрыкі паводле адпаведных запытаў выдаваліся юрыдычна завераныя дакументы (копіі з копій). Як асн. і самы багаты комплекс крыніц па гісторыі феад. Беларусі і ВКЛ у цэлым, Метрыка дае магчымасць даследаваць вядучыя кірункі ўнутр. і знешняй палітыкі на працягу больш за тры стагоддзі, змены ў адм.-тэр. і судовай сістэмах, заканадаўстве, рэальным эканам. і грамадскім жыцці, паліт., гандлёвыя, культ. і інш. сувязі з Польшчай, Расіяй, Латвіяй, Эстоніяй і інш. краінамі. Метрыка — найбольшы па памерах, значнасці і храналагічным ахопе збор помнікаў духоўнай культуры, старабел. («рускай»), польскай, лац. моў, пісьмовасці.
Сшыткі і кнігі Метрыкі больш-менш сістэматычна вяліся з сярэдзіны 15 ст. Да пач. 16 ст. яны зберагаліся, як мяркуецца, у Трокскім замку пад наглядам гаспадарскага падскарбія, пазней захоўваліся ў велікакняжацкім скарбе ў асобных памяшканнях у Вільні. Загадваў кнігамі Метрыкі канцлер, а з 1566 — і падканцлерВКЛ. Пасля размежавання канцылярый канцлера і падканцлера Метрыка стала падзяляцца на вялікую і меншую. Інтэнсіўнае выкарыстанне кніг Метрыкі ўжо да канца 16 ст. значна папсавала іх. Пад кіраўніцтвам канцлера Л.Сапегі ў 1594—1607 старыя кнігі былі перапісаны (у 17 ст. яны амаль усе загінулі). Новыя кнігі разам з пазнейшымі матэрыяламі Метрыкі выкарыстоўваліся ў гаспадарскай канцылярыі ў 17—18 ст. Яны склалі аснову сучасных архіўных фондаў Метрыкі. Да сярэдзіны 18 ст. кнігі Метрыкі былі перавезены ў Варшаву. Пасля задушэння паўстання 1794 Метрыка вывезена ў Санкт-Пецярбург, большая яе частка перададзена ў Сенат. У 1835—37 кнігі Метрыкі разбіты на 12 аддзелаў: Кнігі запісаў; Кнігі судовых спраў; Кнігі публічных спраў; Кнігі перапісаў; Кнігі выпісаў; Сігілата; Кнігі Пастаяннай Рады і найноўшага справаводства; Інвентары (вопісы кніг Метрыкі); Новыя кнігі (пераплеценыя зборнікі арыгінальных актаў розных часоў, вывезеныя з Варшавы); Старажытныя акты; Радаводы; Межавыя карты. У 1887—88 б.ч. матэрыялаў Метрыкі пераведзена ў Маскоўскі архіў Мін-ва юстыцыі, цяпер зберагаецца ў Рас.дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве (фонд 389, 662 адзінкі захоўвання; у Нац.гіст. архіве Беларусі ёсць іх мікрафільмы). Некаторыя кнігі і дакументы са складу Метрыкі цяпер захоўваюцца ў Гал. архіве стараж. актаў у Варшаве, Рас.Нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу, Нац. б-цы Украіны імя У.І.Вярнадскага ў Кіеве і некат. інш. зборах.
Дакументы Метрыкі паслужылі крыніцай для прац па гісторыі ВКЛ М.К.Любаўскага, М.В.Доўнар-Запольскага, М.А.Максімейкі, І.І.Лапы, У.І.Пічэты, І.А.Маліноўскага, Г.Лаўмянскага і інш. Значны ўклад у вывучэнне Метрыкі зрабілі С.Л.Пташыцкі, М.Г.Беражкоў, П.К.Грымстэд і інш. Шмат матэрыялаў Метрыкі апублікавана ў «Актах Заходняй Расіі», «Скарбніцы грамат», «Актах Літоўскай Метрык», «Актах Літоўска-Рускай дзяржавы», «Рускай гістарычнай бібліятэцы», «Беларускім архіве» і інш. выданнях. 11 кніг Метрыкі з матэрыяламі сярэдзіны 15—16 ст. у апошнія гады апублікаваны ў Літве.
Літ.:
Пташицкий С.Л. Описание книг и актов Литовской метрики. СПб., 1887;
Бережков Н.Г. Литовская метрика как исторический источник. Ч. 1. М.; Л., 1946;
Исследования по истории Литовской метрики: Сб. науч. тр. [Ч.] 1—2. М., 1989;
Литовская Метрика: Исслед. 1988 г. Вильнюс, 1992;
Grimsted P.K. The «Lithuanian Metrica» in Moscow and Warsaw. Cambridge (Mass.), 1984.
Г.Я.Галенчанка.
Да арт.Метрыка Вялікага княства Літоўскага (злева направа): Устава Жыгімонта II Аўгуста ўраднікам гаспадарскіх двароў. 1529 (копія канца 16 ст. Кніга № 225); тытульны ліст кнігі з дакументамі 1540—43 (копія 1596. Кніга № 231); друкаваны тытульны ліст 1786 да ўсіх кніг Метрыкі.