ПРА́САЛАЎ (Леанід Іванавіч) (13.4.1875, г. Енісейск Краснаярскага краю, Расія — 13.1.1954),

расійскі вучоны ў галіне глебазнаўства і геаграфіі. Акад. АН СССР (1935, чл.-кар. 1931). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1898). У 1908—14 кіраваў глебавымі даследаваннямі ў экспедыцыях у Сярэднюю Азію, Сібір. У 1915—18 кіраваў Данской глебавай экспедыцыяй. З 1926 у Глебавым ін-це АН СССР (у 1937—48 дырэктар). Навук. працы па генезісе, геаграфіі, картаграфіі і класіфікацыі грунтоў. Распрацаваў вучэнне пра глебавыя правінцыі, прапанаваў прынцып глебава-геагр. раянавання, правёў падлік глебавых рэсурсаў свету і асобных краін. Дзярж. прэмія СССР 1942.

т. 13, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭС (Тамара Натанаўна) (н. 10.5.1937, г. Харкаў, Украіна),

расійская спартсменка (лёгкая атлетыка). Сястра І.Н.Прэс. Засл. майстар спорту (1960). Канд. пед. навук (1974). Скончыла Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1962) і Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1967). Чэмпіёнка і рэкардсменка XVII і XVIII Алімп. гульняў (1960, Рым — у штурханні ядра; 1964, Токіо — у штурханні ядра і кіданні дыска; у Рыме — сярэбраны прызёр у кіданні дыска). 3-разовая чэмпіёнка Еўропы (1958, 1962). 16-разовая чэмпіёнка СССР (1958—66). 11-разовая рэкардсменка свету ў штурханні ядра (1959—68) і кіданні дыска (1960—67).

т. 13, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНО́ЎСКІ (Уладзімір Вацлававіч) (н. 21.7.1957, г. Слонім Гродзенскай вобл.),

бел. спартсмен (веславанне на байдарцы-двойцы). Засл. майстар спорту СССР (1976). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1982). У 1994—98 дзярж. трэнер Беларусі па веславанні. Чэмпіён XXI Алімп. гульняў (1976, г. Манрэаль, Канада) у пары з С.​Нагорным (Украіна) на дыстанцыі 1000 м і сярэбраны прызёр на дыстанцыі 500 м. Бронз. прызёр чэмпіянату свету (1977, Сафія) на дыстанцыі 1000 м. Чэмпіён СССР (1976, 1977, 1980 — на дыстанцыі 500 м; 1977 — на дыстанцыі 1000 м).

т. 13, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНЬКО́Ў (Аляксандр Анатолевіч) (н. 7.11.1953, г. Карсакаў Сахалінскай вобл., Расія),

бел. спартсмен (фехтаванне на рапірах). Засл. майстар спорту СССР (1975). Засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі. Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1977). З 1973 у Спарт. к-це Беларусі. Чэмпіён і бронз. прызёр XXIV Алімп. гульняў (1988, Сеул), сярэбраны прызёр XXI Алімп. гульняў (1976, г. Манрэаль, Канада), сярэбраны і бронз. прызёр XXII Алімп. гульняў (1980, Масква). 5-разовы чэмпіён свету ў асабістым і 5-разовы — у камандным заліку. 6-разовы чэмпіён СССР у асабістым заліку.

т. 13, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РО́ЯЛ ДАТЧ-ШЭЛ ГРУП»

(Royal Dutch-Shell Group),

англа-нідэрландская нафтавая кампанія, адна з найбуйнейшых транснацыянальных нафтавых карпарацый, уваходзіць у Міжнар. нафтавы картэль. Засн. ў 1907 у выніку аб’яднання нідэрл. кампаніі «Роял датч петролеум компані» (1890) і англ. кампаніі «Шэл транспарт энд трэйдынг компані» (1897). Займаецца разведкай і здабычай нафты, газу, вугалю, руд каляровых металаў, перапрацоўкай нафты, вытв-сцю нафта-хім. і хім. прадуктаў. Мае ўласны танкерны флот, 69 нафтаперапрац. з-даў, буйныя нафтахім. камбінаты, 27 н.-д. цэнтраў. Аб’ядноўвае больш за 900 даччыных фірм у 100 краінах свету.

т. 13, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЛЬЕ́ (Карл Францавіч) (20.4.1814, Ніжні Ноўгарад, Расія — 22.4.1858),

расійскі прыродазнавец, біёлаг-эвалюцыяніст. Скончыў Маскоўскае аддз. Медыка-хірург. акадэміі (1833). З 1840 праф. Маскоўскага ун-та. Навук. працы па геалогіі, палеанталогіі, тэарэт. біялогіі. Адхіляў вучэнне пра нязменнасць відаў, сцвярджаў, што вопыт вывядзення новых парод і акліматызацыя жывёл — ключ для разумення рухальных сіл эвалюцыі. Развіваў ідэі пра адзінства арганізма і ўмоў існавання, даказаў прычынную залежнасць эвалюцыі жывых форм ад змены навакольнага асяроддзя, развіваў дадарвінаўскую матэрыяліст. тэорыю арган. свету. Засн. навук. школу заолагаў-эвалюцыяністаў, распрацаваў праграму даследаванняў па экалогіі жывёл і зоапсіхалогіі.

т. 13, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛО́ВА (Антаніна Аляксееўна) (24.12.1924, г. Талдам Маскоўскай вобл. — 24.7.1993),

бел. мастак кіно, жывапісец. Засл. работнік культ. Беларусі (1977). Скончыла Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1951). Працавала ў Маскоўскім вышэйшым маст.-прамысл. вучылішчы, Белдзяржкіно, на камбінаце Бел. тэатр. т-ва. Мастак фільмаў: «Чэмпіён свету», «Палеская легенда» і «Пасеялі дзяўчаты лён» (эскізы касцюмаў). У 1960—70-я г. распрацоўвала нац. сцэнічныя касцюмы для ансамбляў «Песняры», «Харошкі», «Равеснік», «Раніца», «Нёман», «Палескія зоры», «Лявоніха», «Маладосць», для хору Цітовіча. Жывапісныя работы: «На рэпетыцыі» (1958), «Сябры» (1960), «Пачатак вясны» (1961), «Флёксы» (1962).

А.​М.​Замай.

А.Бялова. Сцэнічныя касцюмы для фальклорных калектываў. 1977.

т. 3, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАВІЛО́НСКАЯ ВЕ́ЖА,

свяшчэнная вежа (зікурат) у гонар бога Мардука, пабудаваная ў г. Вавілон. Буд-ва адносіцца да 2-га тыс. да н.э., канчатковы выгляд Вавілонская вежа набыла ў 6 ст. да н.э. Паводле Герадота і археал. знаходак, уяўляла сабой масіўнае мураванае збудаванне з сямі ступеняў (даўж. 92 м, выш. 91 м); на верхнім ярусе знаходзілася свяцілішча, дзе быццам бы жыў Мардук. Знёс вежу Аляксандр Македонскі, які планаваў пабудаваць на яе месцы гал. свяцілішча імперыі. Паводле Бібліі, буд-ва і разбурэнне вежы цесна звязаны са змяшаннем моў розных народаў (гл. Вавілонскае стоўпатварэнне). Грэкі лічылі Вавілонскую вежу адным з дзівосаў свету.

т. 3, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНСЭ́ЙСКІЯ ДАГАВО́РЫ,

заключаны ў 1854—58 ЗША, Вялікабрытаніяй, Расіяй, Францыяй, Нідэрландамі з Японіяй у гады Ансэй [афіц. назва гадоў царавання (1854—60) імператара Камэй). Ансэйскія дагаворы паклалі канец больш як двухвяковай ізаляцыі Японіі ад знешняга свету; устанавілі свабоду гандлю замежных купцоў з Японіяй і ўключылі яе ў міжнар. рынак, далі іншаземцам права экстэрытарыяльнасці і консульскай юрысдыкцыі, пазбавілі Японію мытнай аўтаноміі, навязалі нізкія ўвазныя пошліны. Спробы ўрада Японіі скасаваць нераўнапраўныя для яе Ансэйскія дагаворы не мелі поспеху да 1894, калі былі заключаны новыя дагаворы з Вялікабрытаніяй і інш. дзяржавамі. У гандл. пагадненнях 1911 адменены апошнія абмежаванні мытнай аўтаноміі Японіі.

т. 1, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПУСТЫ́НЬВАННЕ,

страта мясцовасцю суцэльнай расліннасці пры немагчымасці яе ўзнаўлення без удзелу чалавека. Адбываецца ў выніку прыродных змен, часцей у выніку антрапагеннага ўздзеяння на прыроду: высечка лясоў у сумежных з пустынямі рэгіёнах і празмерны выпас жывёлы. Назіраецца ў засушлівых (не абавязкова гарачых) абласцях.

Адрозніваюць 2 формы апустыньвання: дэзертыфікацыю — пашырэнне арэала пустыні — і дэзертызацыю — паглыбленне працэсаў апустыньвання на месцы. Агульная плошча пустыняў і паўпустыняў свету складае каля 43% усёй сушы, плошча антрапагенных — каля 6,7%. Мяркуюць, што працэс апустыньвання ідзе са скорасцю 7—24 км² у гадзіну. Пад пагрозай апустыньвання знаходзіцца яшчэ 30 млн. км² — 19% сушы.

т. 1, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)