ВАРЭ́ЦА (Ляіля Ахцямаўна) (н. 13.1.1951, г. Харкаў, Украіна),
бел. мастак. Скончыла Харкаўскі маст.ін-т (1974). Працуе ў тэхніцы каляровай літаграфіі, кніжнай графікі, акварэлі. Асн.работы: графічныя серыі «Украінскія матывы» (1977), «Зямля ў квецені» (1979), «Чарнобыльскі след» і «Праява» (1989), «Гістарычныя асобы Беларусі» (1993—96, разам з В.Варэцам) і інш.; іл. да кніг «Мая рэспубліка», «Намеснік бабулі» П.Кавалёва (абедзве 1988), «Буду настаўнікам» Э.Агняцвет (1990), «Беларуска-італьянская кухня» (1995), «Паміж Масквой і Варшавай» В.Іпатавай (1996, у сааўт.) і інш. Стварыла серыі паштовых марак «Мастакі Беларусі», «Гістарычныя асобы Беларусі», «Беларускія спартсмены да алімпіяды ў Атланце».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧЫ ЦЫКЛ,
час, неабходны для вырабу пэўнай прадукцыі на прамысл. прадпрыемстве. Уключае тэхнал. перыяд і перапынкі ў вытв-сці. Тэхнал. перыяд складае асн. частку вытворчага цыклу і ўключае час, неабходны для выканання аперацый па вырабе прадукцыі і ажыццяўлення натуральных працэсаў. Перапынкі падзяляюцца на міжаперацыйныя (сушка дрэва, браджэнне піва і г.д.) і абумоўленыя рэжымам работы прадпрыемства і патрэбамі вытворцаў (перапынкі паміж рабочымі зменамі і інш.). Агульная працягласць вытворчага цыклу характарызуе ўзровень арганізацыі вытв. працэсу па часе і залежыць ад прадукцыі, што вырабляецца, узроўню механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці, тэхнікі і тэхналогіі, відаў руху прадметаў працы ад адной аперацыі да другой і інш. Скарачэнне вытворчага цыклу павышае эфектыўнасць вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛШТЫ́НСКАЯ ПАРО́ДАбуйной рагатай жывёлы.
Малочнага кірунку. Выведзена ў ЗША і Канадзе ў выніку селекцыйнай работы на працягу 19—20 ст. з чорна-пярэстай жывёлы, завезенай з паўн.ч. Нідэрландаў. Найбольш высокамалочная парода. На Беларусі гадуюць на племзаводзе «Ведрыч» Рэчыцкага р-на. Выкарыстоўваюць у скрыжаваннях з мэтай павелічэння малочнай прадукцыйнасці ў першую чаргу чорна-пярэстай жывёлы.
Жывёла мае вял. памеры цела, сухую канстытуцыю, развітое вымя. Масць пераважна чорна-пярэстая з рознымі меткамі. Жывая маса нованароджаных бычкоў 44—47 кг, цялушак 38—42, дарослых быкоў 950—1200 і кароў 670—700 кг. Інтэнсіўны раздой на 1-й і 2-й лактацыях. Надой за лактацыю 6500—7000 кг пры сярэдняй тлустасці малака 3,5—3,7%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НКІН (Евель Мордухавіч) (26.10.1922, в. Шчадрын Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 2.5.1996),
бел. мастак кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1968). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1943). З 1946 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Лепшыя работы адметныя кампазіцыйнай завершанасцю, трапнай характарыстыкай вобразаў. Мастак-пастаноўшчык фільмаў «Паўлінка» (1952), «Пяюць жаваранкі» (1953), «Хто смяецца апошнім» (1954, з А.Грыгар’янцам), «Нашы суседзі» (1957), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1958), «Апошні хлеб» (1963), «Крыніцы» (1965), «Я родам з дзяцінства» (1967), «Вайна пад стрэхамі» (1971), «Заўтра будзе позна» (СССР — Чэхаславакія, 1973), «Хлеб пахне порахам» (1974), тэлефільмаў «Кафедра» (1982), «Яго батальён» (1988), «Пайсці і не вярнуцца» (1989). Працаваў таксама ў галіне станковай і кніжнай графікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАЛАГІ́ЧНАЯ ЗДЫ́МКА,
комплекс геал. даследаванняў на пэўнай тэр. з мэтай складання геалагічных картаў і выяўлення перспектыў на карысныя выкапні. У якасці асновы пры геалагічнай здымцы выкарыстоўваюць тапаграфічныя карты. Вылучаюць віды геалагічнай здымкі: на асобных лістах, групавую (на некалькіх лістах адначасова), для давывучэння знятых лістоў, аэрафота- і космааэрафотагеал., глыбінную і інш.
Падзяляецца на дробнамаштабную (для стварэння аглядальных геал. картаў), сярэднемаштабную (для прагнозных картаў) і буйнамаштабную (для пошукавых картаў). Уключае падрыхтоўчы, палявы і камеральны этапы. На ўсіх этапах праводзіцца дэшыфраванне аэрафота- і космаматэрыялаў. Завяршаецца геалагічная здымка стварэннем геал. карты, справаздачы або тлумачальнай запіскі.
На ўсёй тэр. Беларусі зроблена сярэднемаштабная геал. здымка (1:200 000), на асобных лістах — буйнамаштабная (1:50 000). Геолагаздымачныя работы вядзе Беларуская гідрагеалагічная экспедыцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАФІЗІ́ЧНАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ,
вытворчая арганізацыя па забеспячэнні геафіз. даследаванняў геолагаразведачных работ. Створана ў г. Мінск у 1968 як комплексная геафіз. экспедыцыя ў складзе Белгеагідратрэста. З 1987 геафізічная экспедыцыя ў ВА«Беларусьгеалогія». Выконвае геафіз. даследаванні пры пошуках карысных выкапняў, геал. і гідрагеал. здымках, геаэкалагічным вывучэнні тэр. Беларусі. Уключае партыі: 2 доследна-метадычныя (фіз. уласцівасцей і лічбавай апрацоўкі), 7 вытв.-палявых геафіз., камеральную геолага-геафіз. інфармацыі, шэраг дапаможных службаў. Асн. кірункі дзейнасці (1996): усе віды геафіз. здымкі — аэра- і наземная магнітная, граві-, радые-, радона- і тэрмаметрычная; наземныя электраразведачныя работы, пенетрацыйныя і свідравальныя даследаванні, радые- і літагеахім. здымка на паверхні і на геал. разрэзах; працы па павышэнні выхаду нафты і вады са свідравін пры іх здабычы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЙДУКЕ́ВІЧ (Станіслаў Сільвестравіч) (13.5.1876, Мінск — 25.5.1937),
бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1910). З 1910 у Мінску. У 1921—27 заг. праектнага аддзела К-тадзярж. пабудоў пры СНКБССР, у 1929—37 выкладаў у Мінскім арх.-буд. тэхнікуме. У 1937 рэпрэсіраваны. Асн.работы ў Мінску: жылыя дамы па вул. Захар’еўскай (сучасная вул. Савецкая), даходны дом Е.Кастравецкай, будынак польск. банка (не зберагліся), Дом селяніна (1929, у сааўт; разбураны ў Вял.Айч. вайну). Удзельнічаў у распрацоўцы праекта 1-й Усебеларускай с.-г. і прамысл. выстаўкі (1930, гал. ўваход, асн. павільёны) і інш. У яго творчасці выразна прасочваецца імкненне да адраджэння бел.арх. традыцый і ансамблевай забудовы горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ДАЎ (Юрый Міхайлавіч) (н. 26.6.1934, г. Чарапавец, Расія),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1979). Скончыў Маскоўскі арх.Ін-т (1958). З 1960 у ін-це «Мінскпраект». Работы ў Мінску: рэканструкцыя цэнтра горада (праект 1974, кіраўнік аўтарскага калектыву), праекты дэталёвай планіроўкі і забудовы Машэрава праспекта, рэканструкцыі і добраўпарадкавання Траецкага прадмесця, павільён Рэсп. выставачнага цэнтра, будынак Мін-ва ўнутраных спраў (1979), станцыя метрапалітэна «Плошча Незалежнасці» (1984, усе ў сааўт.). Працуе таксама ў галіне манум. Мастацтва: арх.-скульпт. мемар. комплексы «Хатынь» (Ленінская прэмія 1970), «Прарыў», «Кацюша», «Праклён фашызму»; помнікі М.Ф.Гастэлу і яго экіпажу каля г.п. Радашковічы (1976), у Мінску — Я.Купалу і Я.Коласу (абодва 1972; усе ў сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЧО́Ў (Уладзімір Карпавіч) (14.7.1926, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне эканомікі. Д-рэканам.н. (1977), праф. (1979). Засл. дз. н. Латвіі (1986). Скончыў Ленінградскі дзярж.ун-т (1957). З 1968 у Мінскім радыётэхн. ін-це, з 1969 у БДУ (у 1971—78 заг. кафедры палітэканоміі). У 1978—92 заг. кафедры палітэканоміі Рыжскага ін-та інжынераў грамадз. авіяцыі. З 1992 на прамысл. прадпрыемствах Рэчыцы. Даследуе тэаратыка-метадалагічныя праблемы фарміравання эканам. свядомасці, методыкі выкладання і вывучэння эканам. тэорыі ў ВНУ, метады эканоміка-матэм. аналізу работыпрамысл. прадпрыемстваў.
Тв.:
Экономическое сознание как фактор развития общественного производства при социализме (методологический анализ). Мн., 1977;
Экономические знания — наука и идеология. Рига, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ЦГЕН ((Dietzgen) Іосіф) (9.12.1828, г. Бланкенбург, Германія — 15.4.1888),
нямецкі філосаф. Самастойна авалодаў асновамі філас. навукі і развіваў матэрыяліст. дыялектыку. Знаходзіўся пад уплывам ідэй Л.Феербаха, К.Маркса і Ф.Энгельса. Жыў і працаваў у Германіі, Расіі і ЗША. Асн. працы «Сутнасць галаўной работы чалавека» (1869), «Экскурсія сацыяліста ў галіну тэорыі пазнання» (1887), «Аквізіт філасофіі» (1895) і інш. прысвечаны гнасеалогіі, якую Д. лічыў тэарэт. падставай даследавання сац.-эканам. праблем. Цэнтр. месца ў яго філас. поглядах займае выснова, што мысліцельная здольнасць чалавека з’яўляецца прыроднай функцыяй яго мозга. Вывучаў таксама формы, ступені і супярэчнасці працэсу пазнання, магчымасці адлюстравання бясконцага універсуму ў формах адноснай і канкрэтнай ісціны.