АГАТАНГЕЛО́С,

армянскі гісторык 5 ст. Аўтар «Гісторыі Арменіі» (збераглася ў рэдакцыі 7—8 ст.; апубл. ў 1709, навукова вывераны тэкст — у 1909), якая асвятляе падзеі 226—30, эпоху прыняцця армянамі хрысціянства, дае звесткі пра грамадскі і дзярж. лад Арменіі, гіст. асоб, барацьбу хрысціянства і язычніцтва, спалучаныя з нар. легендамі і паданнямі. Перакладзена на мовы многіх народаў свету; мела некалькі версій.

А.Казінян.

т. 1, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАНУЛАЦЫТО́З,

алейкія, рэзкае памяншэнне колькасці або амаль поўнае знікненне з крыві гранулацытаў. Агранулацытоз можа быць сімптомам прамянёвай хваробы, лейкозу, малярыі, брушнога тыфу, віруснага гепатыту, грыпу і інш., а таксама самаст. хваробай (востры агранулацытоз), агранулацытоз міэлатаксічны ўзнікае пры парушэнні ўтварэння гранулацытаў у касцявым мозгу, агранулацытоз імунны назіраецца пры разбурэнні гранулацытаў крыві. Можа сведчыць пра парушэнне функцыі крывятворнай,. імуннай і інш. сістэм арганізма.

т. 1, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЫ́Х,

стаянка першабытнага чалавека ў пячоры каля в. Азых (Нагорны Карабах, даліна р. Куручай). У напластаваннях таўшч. каля 14 м выяўлены матэрыялы ад ранняга ашэля да мусцье, у т. л. фрагмент сківіцы самага стараж. на Каўказе выкапнёвага чалавека — азыхантрапа (сярэдні ашэль). На думку некат. даследчыкаў, знаходкі аббітых галек у ніжніх пластах стаянкі даюць падставу меркаваць пра з’яўленне тут чалавека ў эпоху олдувай.

т. 1, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́НА, Алена Прыгожая,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка Зеўса і Леды, жонка цара Спарты Менелая, якая лічылася надзвычайнай прыгажуняй. Паводле міфаў, сын траянскага цара Прыяма Парыс з дапамогай Афрадыты выкраў Алену, што стала зачэпкай Траянскай вайны. Міф пра Алену — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. вазы, фрэскі, карціны Я.Тынтарэта, Ж.Л.Давіда), л-ры (Гамер, Эўрыпід, І.В.Гётэ), музыцы (К.В.Глюк, К.Сен-Санс, Р.Штраус) і інш.

т. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБВЯШЧЭ́ННЕ ПАМЕ́РЛЫМ,

паводле бел. права прызнанне па рашэнні суда грамадзяніна памерлым пры адсутнасці ў месцы яго пастаяннага жыхарства звестак пра яго месцазнаходжанне на працягу 3 гадоў, а калі ёсць падставы меркаваць, што ён прапаў без вестак пры абставінах, калі яму пагражала смерць, — на працягу 6 месяцаў. У выпадку яўкі або выяўлення месцазнаходжання такога грамадзяніна рашэнне аб абвяшчэнні памерлым адмяняецца судом.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАСПЕРМІ́Я

(ад гема... + грэч. sperma семя),

з’яўленне крыві (эрытрацытаў) у сперме, якая пры гэтым набывае чырвоны або «ржавы» колер. Найчасцей кроў трапляе ў сперму з семявых пузыркоў або прастаты пры іх захворваннях, а таксама пры наяўнасці камянёў у прастаце, разрыве невял. варыкозных вен, папілом, семявага бугарка і інш. Гемаспермія не зніжае жыццяздольнасці сперматазоідаў, але сведчыць пра захворванне палавых органаў, што патрабуе лячэння.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЛІКАВА Таццяна Іванаўна

(н. 28.11.1947, в. Патапаўка Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. празаік. Скончыла БДУ (1970). Друкуецца з 1962. Аўтар кніг апавяданняў і аповесцей «Дзе лес шуміць» (1978), «Пры святле расстанняў» (1985) і інш. Асноўнае ў яе творах — маральна-этычныя аспекты грамадства, духоўныя пошукі героя. Адметнае ў маст. манеры — аўтарская занепакоенасць людскімі лёсамі, шматграннасць чалавечай душы, клопат пра заўтрашні дзень Сусвету.

т. 5, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РСІЯ

(ад позналац. versio відазмяненне, паварот),

1) адзін з варыянтаў выкладанняў, тлумачэнняў якога-небудзь факта, падзеі.

2) У следчай і судовай практыцы меркаванне (гіпотэза) следчага або суда пра наяўнасць ці адсутнасць падзей або фактаў з тых, што маюць значэнне для правільнага вырашэння справы і абгрунтавання на доказах і матэрыялах пэўнай крымін. справы, а таксама магчымае тлумачэнне іх узнікнення і характару.

т. 4, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАВІЛО́НСКАЕ СТОЎПАТВАРЭ́ННЕ,

біблейскі міф пра спробу людзей пабудаваць пасля сусветнага патопу ў зямлі Сенаар (Месапатамія) горад і вежу да нябёс (гл. Вавілон, Вавілонская вежа). Разгневаны дзёрзкасцю людзей, Бог, паводле Бібліі, «змяшаў іх мовы» так, што тыя перасталі разумець адзін аднаго, і «рассеяў іх па ўсёй зямлі, і яны перасталі будаваць горад». Недабудаваны горад назвалі Вавілон. У пераносным значэнні Вавілонскае стоўпатварэнне — мітусня, поўны беспарадак.

т. 3, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЙВАЛ Валерый Яўгенавіч

(н. 3.7.1955, г. Вышні Валачок Цвярской вобл., Расія),

бел. мастацтвазнавец. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў С.-Пецярбургу (1977). У 1977—89 працаваў у Нац. маст. музеі Беларусі. Даследуе бел., а таксама італьян., ісп., ірл., англ. мастацтва. Аўтар-складальнік буклетаў пра мастакоў У.Пасюкевіча (1987), Каміля-Камала (1992), альбома «Брэсцкая крэпасць-герой у творчасці мастакоў» і інш.

т. 3, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)