ДРАЖДЖАВА́Я ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

вытворчасць пякарскіх дражджэй роду Saccharomyces cerevisiae, якія выкарыстоўваюць у хлебапячэнні і мед. прам-сці. Сыравіна для Д.в. — адходы цукр. вытв-сці (мелес), вугляводы мелесу ў прысутнасці кіслароду і азоцістых рэчываў у выніку біяхім. працэсаў ператвараюцца ў клетачную біямасу. У заводскіх умовах выхад біямасы дражджэй складае 70—90% у адносінах да масы мелесу.

Таварныя дрожджы вырошчваюць у дрожджавырошчвальных апаратах у водным растворы мелесу пры аэрацыі. Перад падачай у вытв-сць мелес асвятляюць на сепаратарах ачышчальніках (для выдалення прымесей), разбаўляюць вадой, дабаўляюць мінер. пажыўныя кампаненты, што маюць азот і фосфар(напр., сульфат амонію, дыамонійфасфат і інш.), сумесь мікраэлементаў, кукурузны экстракт (крыніца роставых рэчываў) і матачныя дрожджы з чыстых культур для размнажэння. Дрожджы са зброджанага сусла выдаляюць на сепаратарах-раздзяляльніках у выглядзе густога дражджавога малака, з якога фільтр-прэсамі ці вакуум-фільтрамі выдаляюць вільгаць. На аўтам. лініях ажыццяўляюць фармаванне і расфасоўку прасаваных дражджэй у брыкеты (т-ра захоўвання 1—4 °C). З прасаваных дражджэй высушваннем пры т-ры да 70 °C атрымліваюць сухія дрожджы (т-ра захоўвання 15 °C).

М.​В.​Грыц.

т. 6, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯФРА́ГМА,

дэталь машын, прылад, апаратаў, збудаванняў у выглядзе сценкі або пласціны (з адтулінай ці суцэльная). У некаторых прыладах Д. наз. мембранай. 1) Д. вымяральная — дыск з адтулінай; адно са стандартных звужвальных прыстасаванняў. Выкарыстоўваецца пры вымярэнні расходу вадкасцей, газаў і пары, якія працякаюць па трубаправодзе.

2) Д. канструкцыі — суцэльны або рашотчаты элемент прасторавай канструкцыі для павелічэння яе жорсткасці. Выкарыстоўваецца ў танкасценных канструкцыях, каркасна- і буйнапанэльных збудаваннях і інш. 3) Д. плаціны — проціфільтрацыйная верт. сценка ўнутры цела земляной ці каменна-накідной плаціны. Вырабляецца з бетону, жалезабетону, металу, пластмас або драўніны.

4) Д. ў оптыцы — элемент аптычнай сістэмы ў выглядзе перагародкі, якая абмяжоўвае папярочнае сячэнне светлавых пучкоў. Вызначае апертуру, поле зроку, глыбіню рэзка адлюстраванай прасторы і інш., уплывае на аберацыі аптычных сістэм і раздзяляльную здольнасць сістэмы. Адрозніваюць Д. апертурную (вызначае памеры светлавых пучкоў, што праходзяць праз сістэму) і палявую (памеры прасторы прадметаў, што адлюстроўваюцца сістэмай). Д. перад аб’ектывам кіна- ці фотаапарата наз. святлоахоўнай блендай.

Дыяфрагма ірысавая фатаграфічная: 1 — рухомае кальцо; 2 — пялёстак; 3 — вядучы штыфт; 4 — святлопранікальная адтуліна.

т. 6, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСІ́ЦКІ ((Krasicki) Ігнацы) (3.2.1735, в. Дубецка, Польшча — 14.3.1801),

польскі пісьменнік; прадстаўнік эпохі Асветніцтва. Вучыўся ў Львове, Варшаве, Рыме. З 1766 біскуп вармінскі, з 1795 арцыбіскуп гнезненскі. Першы твор — іроікамічная паэма «Мышаіда» (1775) — бліскучая сатыра на сярэдневяковую гістарыяграфію і культ «рыцарскай доблесці». У паэмах «Манахамахія» (1778), «Антыманахамахія» (1780) крытыкаваў духавенства. У вершаваных цыклах «Сатыры» (1779, 1784) выкрываў сарматызм польскай шляхты, яе бяздумнае нізкапаклонства перад усім чужаземным; творы вылучаюцца трапнасцю аўтарскіх назіранняў, лёгкасцю паэт. формы. Асветніцкі скептыцызм К. выявіўся ў лапідарных «Байках і прытчах» (1779). У першым польск. асветніцкім рамане «Прыгоды Мікалая Дасвядчынскага» (1776) стварыў свой ідэал чалавека і дзяржавы. Раман «Пан Падстолі» (ч. 1—3, 1778—1801) — своеасаблівая энцыклапедыя польск. рэчаіснасці 2-й пал. 18 ст. Аўтар філас. аповесцей («Гісторыя», 1778), энцыклапедыі «Збор патрэбных ведаў» (т. 1—2, 1781—83), камедый, гісторыка-літ. трактатаў, од, гімнаў, фрашак, літ.-крытычных артыкулаў.

Тв.:

Pisma wybrane. T. 1—4. Warszawa, 1954;

Рус. пер. — Избр. произв. М., 1951.

Літ.:

Липатов А.В. Возникновение польского просветительского романа. М., 1974;

Dworak T. Ignacy Krasicki. Warszawa, 1987.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 8, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—18 ст. на правым беразе р. Сож. Займаў пляцоўку берагавога плато, дзе ў канцы 11—13 ст. быў дзядзінец стараж. Крычава. Комплекс умацаванняў замка складаўся з 5 вежаў, у т. л. вежы-брамы. Сцены фартыфікацыі мелі выгляд «клетей замковых» тыпу 2-ярусных гародняў. На замкавым двары былі драўляная царква св. Міколы, дом дзяржаўцы, свірны, стайні, паграбы, жылыя будынкі служак, цэйхгауз-«скрабец» для захоўвання пораху, амуніцыі і рознай зброі. К.з. перажыў аблогі ў 1507, 1508, 1514, 1535, 1633 (тройчы), 1648, 1651, 1654, 1658, 1661 і 1744. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак моцна разбураны. У час працяглай аблогі войск рус. ваявод Шарамецева і Шчарбатага знясілены гарнізон К.з. быў вымушаны здацца К.​Паклонскаму. У Паўн. вайну 1700—21 замак канчаткова разбураны і адрадзіўся толькі перад 1744, калі змог вытрымаць штурмы паўстанцаў В.​Вашчылы ў час Крычаўскага паўстання 1743—44. У 1778 рус. ваен. тапографы зафіксавалі замак з палісадам на вяршыні вала і амаль засыпаны роў, пасля 1780-х г. ён страціў ваен. значэнне.

М.​А.​Ткачоў.

т. 8, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКІЯ ГАРАДСКІ́Я ЎМАЦАВА́ННІ.

Існавалі ў 14—18 ст. у сярэдневяковым г. Крычаў. Узніклі вакол гандлёва-рамеснага паселішча, т.зв. «Зубялышынскага пасада», уключалі вал і драўляныя збудаванні. З У пасад засцерагалі воды і высокі правы бераг р. Сож, з ПдЗ — забалочаны роў і ручай. Пазней на ручаі зроблена запруда з вял. ставам і млыном. Існавала некалькі брам, адна з якіх служыла выхадам з пасада на плаціну і да Крычаўскага замка. У пач. 16 ст. «Зубялышынскі пасад» перамясціўся за забалочаны роў, на паўд.-зах. частку плато перад замкам, дзе працягваўся рост сярэдневяковага Крычава. У 16 ст. і гэта частка горада абнесена земляным валам і драўлянымі сценамі. З Пн да яго прымыкалі крутыя схілы прыроднага яра і млынавы стаў на р. Крычаўка. Уезд і выезд з горада быў праз Мсціслаўскую і Магілёўскую брамы. У 17 ст. ўмацаванні часткова разбураны рус. войскамі (1633) і паўстанцамі-сялянамі (1648 і 1651) у час Антыфеадальнай вайны 1648—51, у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 поўнасцю разбураны. Пазней яны адноўлены і ўпамінаюцца ў дакументах пад назвай «астрог». Пасля Паўночнай вайны 1700—21 канчаткова разбураны.

т. 8, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫ́НТУПСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры пач. 20 ст. ў г.п. Лынтупы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Першапачатковая драўляная сядзіба апісана ў інвентары 1591. Належала Гільзенам, сучасны выгляд набыла пры ўладальніку Ю.​Бішэўскім. Ансамбль сядзібы падзяляецца на 2 зоны. Перад сядзібным домам размешчана парадная зона, якая ўключае партэр, мураваны арачны мост, капліцу, службовы флігель і бровар. За домам і ставам — выцягнутая па папярочнай восі гасп. зона. Цэнтр ансамбля — 2-павярховы мураваны сядзібны дом (1907, арх. Т.​Раствароўскі) у стылі неарэнесансу. У асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынка дамінуе тарцовая 3-ярусная чацверыковая вежа. Насычаная арх. пластыка ўключае канеліраваныя калоны, пілястры, анты, рустоўку, ракавіны, атык з балюстрадай і інш. Парк пейзажна-рэгулярнага тыпу (пл. 6 га). Насаджэнні згрупаваны па перыметры 4 ставоў і каналаў паміж імі на р. Лынтупка. У парку растуць клён серабрысты, елка блакітная, лістоўніца еўрап., піхта сіб. і інш. Сярод інш. пабудоў вылучаецца вежа-вяндлярня з машыкулямі і вокнамі-байніцамі ў рэтраспектыўна-замкавым стылі, у 1897 пабудаваны МЛЫН.

А.​М.​Кулагін.

Лынтупская сядзіба. Галоўны фасад сядзібнага дома.

т. 9, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СЛЕНІЦА.

масленка, старажытнае перадвеснавое свята ў слав. народаў. Звязана з культам прыроды, адраджэннем пладаносных сіл зямлі, ушанаваннем продкаў, павінна была паскорыць вясну, забяспечыць дастатак і багаты ўраджай. М. прыпадала на 8-ы тыдзень перад Вялікаднем. На М. забаранялася есці мяса, яго замянялі бліны — сімвал сонца, надыходу вясны. На Беларусі святкаванне М. пачыналася ў чацвер, на Уласа; у пятніцу праводзілі бяседныя застоллі, у нядзелю — развітальныя, прабачальныя бяседы. На М. адведвалі бабку-павітуху, вадзілі па вёсцы маладзіцу, што выйшла замуж у апошні мясаед, халасцякам і незамужнім дзяўчатам прывешвалі да нагі калодкі, дзяўчаты і хлопцы гойдаліся на варотах у гумне і на арэлях (каб доўгім рос лён), рабілі і запальвалі кола, спальвалі сімвалічную антрапаморфную выяву холаду-зімы — саламяную ляльку або імітавалі «пахаванне» М. з «папом» і «галашэннямі», спявалі масленічныя песні, вадзілі карагоды, жартавалі, пачыналі «гукаць вясну». М. заканчвалася «запускамі» на малако і малочныя стравы. Традыцыі М. захаваліся ў сучасным святкаванні праводзін зімы. У краінах Зах. Еўропы М. адпавядаў карнавал.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, [ч.] 1. С. 137—141;

Ліцьвінка В. Святы і абрады беларусаў. 2 выд. Мн., 1998.

т. 10, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗАРЧУ́К (Мікалай Аляксандравіч) (н. 5.8.1927, в. Санюкі Ельскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). У 1952—55 выкладаў у Віцебскім маст. вучылішчы, у 1964—77 — у Мінскім арх.-буд. тэхнікуме, Рэсп. школе-інтэрнаце па музыцы і выяўл. мастацтве, БПІ. У 1982—89 нам. старшыні Маст. фонду Бел. саюза мастакоў. Для твораў характэрны выразная дэкаратыўнасць каларыту і кампазіцыі, узгодненасць колеравых мас. Аўтар сюжэтна-тэматычных кампазіцый «Вечар у вёсцы Яршэвічы» (1963), «Ветэраны рэвалюцыі» (1967), «У новую вёску», «Сын» (абедзве 1978), «М.​Гусоўскі на Радзіме» (1981), «Салдаты і кветкі» (1985), «Танкавы бой пад Сянно. 1941» (1986), «В.​Дунін-Марцінкевіч чытае сваю паэму над Іслаччу» (1987), «Святая і чыстая» (1990), «Т.​Касцюшка перад войскам» (1994), «Беларусь, твой народ дачакаецца...» (1996), «І прыйдзе час» (1999), партрэтаў «Маці салдата» (1967), К.​Каліноўскага, М.​Багдановіча, Ф.​Багушэвіча, Героя Сав. Саюза У.​З.​Царука, Героя Сац. Працы Я.​І.​Фаменкі (усе 1984), трыпціха «Ахвяра» (1998), дыярамы «Прырода Палесся» ў калгасе «Прамень Кастрычніка» (в. Махнавічы) Мазырскага р-на Гомельскай вобл. (з У.​Летуном, У.​Гоманавым, В.​Цюрыным; 1984).

т. 11, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГРАНІ́ЧНАЯ СІТУА́ЦЫЯ ў філасофіі,

момант найглыбейшага ўзрушэння ў жыцці чалавека, калі ён асэнсоўвае сваю існасць, імкнецца да поўнай яе рэалізацыі і адчувае безумоўную свабоду выбару; катэгорыя экзістэнцыялізму. З’яўляецца аптымальным варыянтам для высвятлення сутнасці свабоды, якая ставіць індывіда на мяжу быцця і небыцця перад тварам смерці, пакуты, віны, клопату; пры гэтым чалавек здымае з сябе ўсе аб’ектыўныя абмежаванні свабоды (знешнія нормы, агульнапрызнаныя каштоўнасці, паліт. ўціск — усё, што складае яго асобны свет і дазваляе незалежны выбар). Дае асобе магчымасць пераадолець недасканаласць паўсядзённага існавання і выйсці за яго межы. Звязана з абвостраным самаадчуваннем асобы, якая знаходзіцца ў крызісных жыццёвых умовах і ўсведамляе сваю сутнасць, абапіраючыся толькі на свае сілы і магчымасці, і павінна рабіць адзіна правільны выбар. П.с. стымулюе актыўнасць асобы, як імкненне да рэфлексіі, аднак можа прывесці чалавека да неўрозаў, стрэсаў. Метад дасканалага высвятлення чалавечых перажыванняў — П. с. ў мастацтве. Як элемент экзістэнцыяльнага светаадчування П.с. з яе абвостранай дынамікай, непрадказальнай фабулай, праблемай выбару з’яўляецца атрыбутам эстэт. ўспрымання быцця. Феномен П.с. стаў сінтэзам філасофіі, тэалогіі, мастацтва, этыкі, псіхалогіі і г.д.

А.​А.​Цітавец.

т. 11, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. positio становішча),

1) пункт гледжання па якім-небудзь пытанні; акрэсленая ацэнка факта, з’явы, падзеі; дзеянні, паводзіны, што зыходзяць з гэтай ацэнкі (П. ў спрэчках, П. чакання і да т.п.).

2) Ваенная П. — паласа (раён, участак) мясцовасці (акваторыі), занятая або намечаная для заняцця войскамі. П., як правіла, абсталёўваюцца ў інж. адносінах і з’яўляюцца састаўной ч. глыбока эшаланіраваных абарончых палос, размешчаных у пэўным парадку па фронце і ў глыбіню. Аснову кожнай П. складаюць звязаныя паміж сабой адзінай сістэмай агню і загарод апорныя пункты падраздзяленняў, якія абараняюцца. П. абсталёўваюцца акопамі, траншэямі, хадамі зносін і інш. Рыхтуюцца таксама П. агнявых сродкаў, а для пускавых установак ракетных войск — стартавыя П. У сухап. войсках адрозніваюць П. баявыя, запасныя, абарончыя, перадавыя, прамежкавыя і інш. Перад наступленнем у зыходным раёне рыхтуюцца чакальныя П.; у ходзе наступлення войскі займаюць і абсталёўваюць П. для замацавання захопленай мясцовасці. П. для ВМФ (ВМС) з’яўляецца водная прастора, якую займаюць караблі для вядзення бою; у прыбярэжных раёнах абсталёўваюцца мінна-артыл. П.

3) Становішча, размяшчэнне чаго-небудзь (напр., П. фігур на шахматнай дошцы).

т. 11, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)