ПРЭВЕНТЫ́ЎНАЯ ВАЙНА́ (франц. préventif ад лац. praevenio апярэджваю, папярэджваю),
вайна, пачатая для апярэджвання праціўніка з прычыны пагрозы нападу з яго боку. Часта пачынаецца і па фальшывай прычыне. Прыкладам такіх войн з’яўляюцца пачатак савецка-фінляндскай вайны 1939—40, 2-й сусв. вайны 1939—45. З 1980-х г. тэрмін П.в. трансфармуецца ў паняцце «прэвентыўны ўдар» і выкарыстоўваецца для дэкларацыі магчымасці нанясення прэвентыўных ракетна-ядз. і інш. удараў па патэнцыяльным агрэсары. У 2-й пал. 20 ст. большасць войн пачыналася з нанясення прэвентыўных удараў. Гл. таксама Маланкавая вайна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЛА,
старажытная ворыўная прылада, папярэдніца сахі і плуга. Пашырана ва ўсіх земляробчых народаў. Складалася з рабочай часткі — ральніка, на канец якога насаджваўся жал. наральнік, градыля (дышля) і ручак для кіравання. Паводле канструкцыі падзяляліся на Р. з полазам і без яго, прама- і крываградзільнае, якія ў сваю чаргу мелі шэраг варыянтаў. Ва Усх. Еўропе Р. паявілася ў 1-й пал. 1-га тыс.н.э. Самае стараж. на Беларусі Р. знойдзена каля в. Капланавічы Клецкага р-на Мінскай вобл., якое належала плямёнам зарубінецкай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБАІ́ (араб. чатырохрадкоўе),
форма лірычнай паэзіі Б. і Сярэдняга Усходу, Сярэдняй і Паўд.-Усх. Азіі. Служыць для выражэння лірычнай тэмы, па-філасофску асэнсаванай і інтэрпрэтаванай. Запазычаны з фальклору персаў і таджыкаў (інш. назвы Р. — дубайці ці таранэ). З персамоўнай л-ры Р. праніклі ў араб. і цюркамоўныя л-ры і ў л-ру урду. Складаюцца з чатырохрадкоўяў (ці двух бейтаў), якія рыфмуюцца ааба, радзей аааа. У пісьмовай л-ры з’явіліся ў 9—10 ст. З 2-й пал. 12 ст. саступілі месца газелі. Найб. вядомыя майстры Р. — Умар Хаям, Рудакі, Ханзале.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗЕРВА́Ж (франц. réservage ад лац. reservare зберагаць, захоўваць),
1) від паглыбленай гравюры на метале спосабам траўлення; разнавіднасць афорта. Узнік у 2-й пал. 19 ст. Малюнак пяром або пэндзлем, нанесены мастаком спец. чарнілам непасрэдна на паверхню металу, пакрываюць кіслотатрывалым грунтам і апускаюць друкарскую форму ў ваду. Пры набрынянні чарніла прыўзнімае часткі грунту, якія лёгка здымаюцца і агаляюць метал для траўлення.
2) Спосаб двухколернай афарбоўкі керамічных вырабаў з выкарыстаннем натуральнага тону самой керамікі: часткі вырабу, не прызначаныя для афарбоўкі, пакрываюць слоем тлушчу ці алею, які выгарае пры абпальванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ДКА,
агульная назва нар. духавых муз. інструментаў флейтавага тыпу на Беларусі, Украіне, у Расіі. Падобныя інструменты вядомы з глыбокай старажытнасці ў многіх народаў свету пад рознымі назвамі. Мае выгляд трубкі даўж. 20—30 см з адной свістковай і 5—8 (найчасцей 6) бакавымі ігравымі адтулінамі; у верхні канец трубкі ўстаўлена свістковае прыстасаванне. Бываюць Д. даўж. да 100 см без бакавых адтулін. Вырабляюцца са ствалоў дрэў розных парод (хвоя, клён, крушына, арэшнік і інш.), кары вярбы і лазы, у апошні час з алюмінію. Маюць мяккі, пяшчотны гук разнастайнай афарбоўкі і сілы ў розных рэгістрах, значныя кантыленныя і тэхн. магчымасці.
На тэр. Беларусі Д. вядома з 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. (паводле даных археал. раскопак і літ. помнікаў). У этнагр. працах 19—1-й пал. 20 ст. адзначана выкарыстанне Д. ў некат. каляндарна-земляробчых і сямейных абрадах, на гулянках і бяседах. Пра Д. складзены загадкі, казкі, песні; у прафес. паэзіі яна побач з інш.нар. інструментамі выступае як сімвал паэт. душы народа («Мая дужа» Ф.Багушэвіча). У наш час сустракаецца на ўсёй тэр. Беларусі, на ёй іграюць нар. музыканты, Д. ўведзена ў многія прафес. і самадз. творчыя калектывы, ансамблі і аркестры. Навучанне ігры на Д. існуе ў Бел. ун-це культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́ЙСКАЯ МО́ВА,
адна з кітайска-тыбецкіх моў. Афіц. мова Кітая, адна з афіц. моў ААН. Пашырана таксама ў Камбоджы, Лаосе, В’етнаме, М’янме, Малайзіі, Тайландзе, Сінгапуры і інш. дзяржавах Паўд.-Усх. Азіі. Існуе ў 2 формах — пісьмовай і вуснай, якія не маюць адпаведнасцей. У пісьмовай К.м. выкарыстоўваюцца іерогліфы, якія забяспечваюць цэласнасць арэала распаўсюджання К.м. і часта з’яўляюцца адзіным сродкам міждыялектных зносін. Вылучаюць 7 асн. дыялектных груп: паўн., у, сян, гань, хакка, юэ, мінь. Літ. мова абапіраецца на паўн. дыялекты, у аснову літ. вымаўлення пакладзена пекінская гаворка. Галосныя і зычныя вуснай К.м. арганізаваны ў таніраваныя склады; усяго ў К.м. 4 тоны (узыходны, сыходны, высокі і нізкі). У безнаціскным становішчы тон страчваецца. У К.м. адсутнічае словазмяненне; у словаўтварэнні дамінуе коранескладанне. Часціны мовы прадстаўлены 2 вял. класамі слоў, якія абазначаюць прадмет або яго прыкмету. Сінтаксіс характарызуецца жорсткім парадкам членаў сказа.
Стараж.-кіт. мова (гувэнь) узнікла ў 1-м тыс. да н. э. У 4—3 ст. да н. э. склалася яе літ. норма (вэньянь), якая са зменамі выкарыстоўвалася як пісьмовая літ. норма да 20 ст. У 1-й пал. 20 ст. незразумелы на слых вэньянь быў выцеснены ў пісьмовых зносінах «агульназразумелай мовай» (путунхуа), якая стала нац.літ. мовай. К.м. карыстаецца кітайскім пісьмом. Стараж.літ. помнікі датуюцца 1-й пал. 1-га тыс. да н. э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛДА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,
дзяржава, якая існавала ў 14—19 ст. на сумежных тэр. сучасных Румыніі, Малдовы і Украіны, паміж Усх. Карпатамі і р. Днестр. Узнікла ў 1-й пал. 14 ст. як васальнае княства Венгрыі ў даліне р. Малдова (цяпер тэр. Румыніі), у 1359 пры гаспадару (князю) Багдане I стала фактычна незалежным. З 1387 фармальна васал Польшчы. З канца 14 ст. ўключала гіст. вобласці Малдова, Букавіна і Бесарабія. Сталіцы — гарады Бая, Сучава (з канца 14 ст.), Ясы (з 2-й пал. 16 ст.). Дзярж. мова слав., з 17 ст. малдаўская. Падзялялася на Верхнюю і Ніжнюю «землі» і на малыя акругі (цынуты). Улада гаспадара была абмежавана баярскай думай (дыванам). Да 1552 у М.к. правілі нашчадкі Багдана I, у 1552—1629 гаспадароў выбіралі баяры. З пач. 16 ст. М.к. — васал Турцыі, якая адарвала ад яго і непасрэдна ўключыла ў склад сваіх уладанняў паўд.ч. Бесарабіі з гарадамі Бендэр, Кілія, Белгарад-Днястроўскі. Тур. султан зацвярджаў, а з 1629 прызначаў і пазбаўляў прастола малд. гаспадароў (у 1711—1821 выключна прадстаўнікоў грэч. знаці — фанарыётаў). У выніку рус.-тур. войнаў 18—19 ст.тур. панаванне ў М.к. аслаблена. У 1774 Аўстрыя захапіла Букавіну, у 1812 да Расіі адышла Бесарабія. Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1856 Расія вярнула М.к. паўд.-зах.ч. Бесарабіі. У 1859—62 М.к. аб’ядналася з Валахіяй у адзіную дзяржаву Румынію. Гл. таксама раздзелы Гісторыя ў арт.Румынія і Малдова (рэспубліка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЖА́НКА,
вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., каля аўтадарогі Масты—Шчучын. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Шчучын». За 8 км на Пд ад г. Шчучын, 65 км ад Гродна, 5 км ад чыг. ст. Ражанка. 2140 ж., 796 двароў (2001). Філіял Гродзенскага занальнага НДІ сельскай гаспадаркі, рамонтны з-д, райаграпрамтэхніка, лясніцтва. Сярэдняя школа, спец. школа-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Ражанкаўскі Петрапаўлаўскі касцёл, капліца (19 ст.), сядзіба (2-я пал. 19 ст.).
З 2-й пал. 16 ст. ў складзе Лідскага пав. Віленскага ваяв.ВКЛ. У 1674 пабудаваны Петрапаўлаўскі касцёл. З 1795 у Рас. імперыі. З 1801 у Лідскім пав. Гродзенскай, з 1843 Віленскай губ. У 1866 мястэчка, цэнтр воласці, меліся касцёл, царква, сукнавальная ф-ка. У 1885 у Р. 604 ж., 63 двары, валасное праўленне, 2 вадзяныя млыны, 3 корчмы; у 1897—777 ж. У 1905 існавалі Р. — маёнтак (45 ж.) і мястэчка (504 ж.), за 2 вярсты ад старой — новая Р. (135 ж.). У 1907 пры пракладцы чыгункі Ліда—Масты—Ваўкавыск пабудавана чыг. ст. Р. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка Навагрудскага ваяв., 734 ж., касцёл, царква, пошта (1933). З 1939 у БССР, вёска, 965 ж., цэнтр сельсавета ў Шчучынскім р-не Баранавіцкай вобл., з 1944 у Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРЫ́Я (араб.Аль-Іскандарыя),
горад на Пн Егіпта. Адм. ц. мухафазы Александрыя. Размешчаны паміж Міжземным м. і воз. Мар’ют. Другі па насельніцтве (3,2 млн.ж., 1987) і эканам. значэнні (пасля Каіра) горад краіны. Гал. марскі порт Егіпта (даступны для акіянскіх суднаў), звязаны суднаходным каналам з Нілам. Вузел чыгунак і аўтадарог. Цераз Александрыю ажыццяўляюцца 4/5 знешніх перавозак Егіпта. Буйны гандл.-прамысл.цэнтр.Нафтаперапр., хім., металургічная, маш.-буд., металаапр., радыёэлектронная, цэментная, тэкст., харч., гарбарна-абутковая, папяровая прам-сць; вытв-сць аўтапакрышак; суднабудаванне і суднарамонт. Разнастайныя рамёствы. Гандаль бавоўнай, збожжам і інш.Ун-т. У прыгарадах Александрыі — летні марскі курорт.
Засн. ў 332—331 да н.э.Аляксандрам Македонскім, які назваў горад сваім імем і зрабіў яго марской базай для далейшага заваявання Усходу. Пры Пталамеях сталіца Егіпта. Цэнтр эліністычнай культуры. Тут знаходзіліся Александрыйскі мусеян, Александрыйская бібліятэка. З 30 да н.э. Александрыя ў складзе Рым. імперыі, з канца 4 ст.н.э. — Візантыі. Адзін з гал. цэнтраў ранняга хрысціянства. З 7 ст.н.э. пад уладай арабаў. У 1517 заваявана туркамі і разбурана. Адноўлена ў 1-й пал. 19 ст. У 1882 захоплена англічанамі і ператворана ў каланіяльны порт. У 1-й пал. 20 ст. адзін з цэнтраў нац.-вызв. руху ў Егіпце.
Антычная Александрыя мела рэгулярную планіроўку (грэч.арх. Дэйнакрат, 4 ст. да н.э.). Са старажытнасці захавалася т.зв. калона Пампея (або Дыяклетыяна), некропалі, катакомбы. На в-ве Фарос, які злучаўся дамбай з Александрыяй, стаяў славуты маяк вышынёй больш за 120 м (арх. Састрат, 3 ст. да н.э.), прылічаны да «сямі цудаў свету» (на яго месцы цяпер крэпасць Кайт-Бей — частка араб. умацаванняў).
Сучасная Александрыя складаецца са старой ч. з вузкімі вулачкамі і новай — з шырокімі праспектамі, набярэжнай, камфартабельнымі асабнякамі і шматпавярховымі будынкамі (у т. л. марскі вакзал, аздоблены мазаікай і рэльефамі). Мячэці 17—19 ст., палацы (цяпер музеі) Рас-эт-Цін (пач. 19 ст.), Мунтаза з вял. паркам (пач. 20 ст.), Мухамеда Алі (20 ст.). Цэнтр. плошча — Ат Тахрыр з коннай статуяй Мухамеда Алі (2-я пал. 19 ст., франц.скульпт. А.Жакмар). Ун-т, 5 музеяў, у т. л. грэка-рым. старажытнасцяў, прыгожых мастацтваў; Нац.б-ка.
Набярэжная ў Александрыі.Александрыя. Мячэць Аль-Каід Ібрагім Машэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму ў г. Паставы Віцебскай вобл. Створаны ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. на паўд. ускраіне горада на левым беразе р. Мядзелка. Комплекс, які ўключае палац і парк, пабудаваны на месцы сядзібы 1-й пал. 17 ст.
Першапачатковая сядзіба складалася з жылых і гасп. пабудоў (5 драўляных жылых дамоў, кухня, 5 свірнаў, 3 стайні, вазоўня, склеп і інш.), якія ўтваралі прамавугольны ў плане двор, абнесены астрогам з 2 брамамі. Гал. жылы дом — 1-павярховы будынак складанай канфігурацыі з 2 алькежамі і 2 ганкамі, завершаны гонтавым дахам. Астатнія дамы — традыц. 2- і 3-камернае жыллё. Асобнае падвор’е ўтваралі 3-камерны жылы дом для прыслугі, сыраварня, склеп і абора, на гумнішчы — стадола, асець, адрына, абарогі. Пры сядзібе быў бровар.
Буд-ва П.п.-п.к. распачата на месцы сядзібы ў 1760-я г. (верагодна, паводле праекта арх. Дж.Сака). У 1770-я г. спынена (пабудаваны 2 бакавыя флігелі і падмурак палаца). У 1-й пал. 19 ст. на паўд. беразе возера пабудаваны П-падобны ў плане 1-павярховы мураваны палац. Цэнтр. часткі паўд. і ўсх. крылаў вылучаны больш высокімі аб’ёмамі з мезанінамі. Усе часткі палаца накрыты пакатымі 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Сіметрычны ўсх. фасад мае па баках глыбокія рызаліты і аздоблены пілястрамі, плоскі рызаліт у цэнтры з вял. тэрасай перад ім. У 1830-я г. да паўн. фасада прыбудаваны 6-калонны дарычны порцік з манум. лесвіцай; у паўн. крыле — капліца, аздобленая лепкай і размалёўкай у тэхніцы грызайль. Парк — рэгулярна-пейзажнага тыпу, размешчаны на раўнінным рэльефе. Ствараўся ў 2 этапы. Пл. каля 10 га. Меў форму выцягнутага з Пн на Пд прамавугольніка, абмежаванага па баках каналамі, з Пн — возерам. Каля палаца знаходзілася пейзажная частка парку з экзотамі ў дэкар. групах. Ад рэгулярнага парку ўцалелі і рэшткі старых ліпавых прысад, ад пейзажнага — асобныя групы дрэў па берагах вадаёма і ўсх. канала, а таксама на ўзгорку паміж каналам і гал. вуліцай горада.
В.Р.Анціпаў, А.М.Кулагін, Ю.А.Якімовіч.
Пастаўскі палацава-паркавы комплекс. Фрагмент парку.Пастаўскі палацава-паркавы комплекс. Галоўны фасад палаца.