«МИ́НСКИЙ ГО́ЛОС»,

штодзённая грамадска-паліт. газета ліберальна-бурж. кірунку. Выдавалася з 1(14).11. 1909 да 29.11.1918 у Мінску на рус. мове. Асвятляла міжнар. і ўнутр. становішча Расіі, дзейнасць Дзярж. думы, грамадска-побытавыя праблемы Мінска і губерні, выкрывала нападкі газ. «Минское слово» і рас. «Нового времени» на бел. культ.-нац. рух, выступала за правы беларусаў на сваю нац. мову і культуру. Змясціла артыкул рэдактара «Нашай нівы» А.​Уласава «Край з пяццю нацыянальнасцямі» пра неабходнасць мірнага супрацоўніцтва ўсіх народаў краю і развіцця іх культур. У перакладзе на рус. мову надрукавала вершы М.​Багдановіча «Мая душа», Я.​Купалы «Я не паэта», рэцэнзію на зб. вершаў А.​Гаруна «Матчын дар» і яго верш «Хто сказаў: «І я з народам...». Прапагандавала творчасць рус. і інш. пісьменнікаў. У 1912—14 выдавала дадатак — газ. «Северо-Западная копейка».

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РГАН ((Morgan) Томас Хант) (25.9. 1866, г. Лексінгтан, штат Кентукі, ЗША —4.12.1945),

амерыканскі біёлаг, заснавальнік школы генетыкаў. Чл. Нац. АН ЗША, Лонданскага каралеўскага т-ва. Ганаровы замежны чл. АН СССР (1932). Скончыў ун-т штата Кентукі (1886) і ун-т Дж.​Хопкінса ў г. Балтымар (1891). З 1891 праф. Жаночага каледжа ў Брын-Моры, з 1904 — Калумбійскага ун-та ў Нью-Йорку. З 1928 кіраўнік біял. лабараторыі Каліфарнійскага тэхнал. ін-та ў г. Пасадэна. У 1927—31 Прэзідэнт Нац. АН ЗША. Навук. працы па эксперым. эмбрыялогіі, рэгенерацыі органаў і ўстанаўленні полу ў жывёл. Эксперыментальна абгрунтаваў і сфармуляваў асн. палажэнні храмасомнай тэорыі спадчыннасці (разам з Г.Мёлерам, А.Сцёртэвантам, К.​Брыджэсам). Устанавіў заканамернасці размяшчэння і счаплення генаў у храмасомах, красінговера. Працы М. высветлілі цыталагічны механізм Мендэля законаў і спрыялі распрацоўцы генет. асноў тэорыі натуральнага адбору. Нобелеўская прэмія 1933.

т. 10, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫЧ (Генадзь Міхайлавіч) (н. 25.2.1935, в. Магільна Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Акад. Нац. АН Беларусі (1991, чл.-кар. з 1986). Д-р эканам. н. (1973), праф. (1977). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Брат Л.М.Лыча. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1958). У 1958—61 на Брэсцкай абл. с.-г. доследнай станцыі; з 1967 у Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, з 1977 у БелНДІ эканомікі і арг-цыі сельскай гаспадаркі (нам. дырэктара). З 1988 дырэктар Ін-та эканомікі і адначасова з 1992 акад.-сакратар Аддзялення гуманіт. навук Нац. АН Беларусі. Даследуе праблемы павышэння эканам. эфектыўнасці сельскай гаспадаркі, у т. л. меліярацыі, кіравання нар. гаспадаркай, эканам. суверэнітэту, міждзярж. эканам. інтэграцыі.

Тв.:

Размещение и специализация сельского хозяйства Белорусской ССР. Мн., 1986 (у сааўт.);

Экономическая эффективность сельскохозяйственного производства. Мн., 1988;

Эффективность использования производственных ресурсов. Мн., 1990.

т. 9, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ ІНФАРМАЦЫ́ЙНА-ДАВЕ́ДАЧНАЯ СІСТЭ́МА ПА ПРАБЛЕ́МАХ АХО́ВЫ НАВАКО́ЛЬНАГА АСЯРО́ДДЗЯ, Інфатэра. Арганізавана ў 1972 у сістэме Міжнароднай праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП) як глабальная сетка абмену аператыўнай інфармацыяй аб стане навакольнага асяроддзя, пошуку і выяўленні крыніц тэхн. і інш. інфармацыі па навакольным асяроддзі. Забяспечвае інфармацыяй пра атмасферу, клімат, хім. рэчывы, энергет. рэсурсы, чысціню вады, землекарыстанне, адходы вытв-сці, прыродаахоўнае заканадаўства і інш. Кіраванне сістэмай ажыццяўляецца ЮНЕП (штаб-кватэра ў Найробі, Кенія). У складзе сістэмы каардынацыйнае бюро пры штаб-кватэры і міжнар. сетка нац. цэнтраў (178 нац. цэнтраў, 11 цэнтраў рэгіянальнай службы і 34 спец. цэнтры рэгіянальных крыніц). Крыніцы інфармацыі размешчаны ў мін-вах і цэнтрах дакументацыі, НДІ, ун-тах, няўрадавых і грамадскіх арг-цыях, агенцтвах ААН, ЮНЕСКА і прыватных агенцтвах. На Беларусі цэнтр дзейнічае з 1982. У 1993 створаны Бел. рэгіянальны цэнтр супрацоўніцтва Інфатэра.

У.​Я.​Рошчын.

т. 10, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ РАБО́ЧАЯ ДАПАМО́ГА, Міжрабдап,

міжнародная арг-цыя рабочай салідарнасці ў 1921—35. Утворана ў вер. 1921 на Міжнар. канферэнцыі к-таў дапамогі насельніцтву галадаючых раёнаў Сав. Расіі, якая праходзіла ў Берліне. Аказвала вял. дапамогу сав. працоўным харчаваннем, медыкаментамі, машынамі, а з 1922 гал. чынам вытв.-тэхн. дапамогу (у т. л. садзейнічала перасяленню ў СССР груп замежных рабочых). Падтрымлівала класавую і нац.-вызв. барацьбу працоўных капіталіст. краін, дапамагала ахвярам стыхійных бедстваў, удзельнічала ў змаганні з фашызмам. Сярод заснавальнікаў і дзеячаў М.р.д. вядомыя паліт. дзеячы, вучоныя, пісьменнікі: К.Цэткін, А.Эйнштэйн, Р.Ралан, А.Барбюс, Б.Шоу і інш. У М.р.д. ўваходзілі нац. секцыі з індывід. і калект. членствам (у т. л. сав. прафсаюзы ў якасці калект. члена). Дзейнасць арг-цыі каардынаваў ЦК (да 1933 — у Берліне, потым у Парыжы), які выбіраўся на кангрэсах (1921, 1922, 1925, 1927, 1929, 1931). Спыніла існаванне ў 1935.

т. 10, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ КАМІТЭ́Т ЧЫРВО́НАГА КРЫ́ЖА (МКЧК),

міжнародная арг-цыя дапамогі ахвярам вайны і стыхійных бедстваў. Створаны ў кастр. 1863 на канферэнцыі прадстаўнікоў 16 краін па ініцыятыве А.Дзюнана. З гэтага часу пачалі ўзнікаць нац. т-вы Чырв. Крыжа (у мусульм. краінах — Чырв. Паўмесяца). Для каардынацыі сваіх намаганняў у 1919 нац. т-вы стварылі Лігу т-ваў Чырв. Крыжа (цяпер Ліга т-ваў Чырв. Крыжа і Чырв. Паўмесяца). Сумесна з МКЧК яны склалі Міжнар. Чырв. Крыж (з 1986 — Міжнар. рух Чырв. Крыжа і Чырв. Паўмесяца). Пад уплывам і пры ўдзеле МКЧК распрацаваны і прыняты Гаагскія канвенцыі 1907 пра законы і звычаі вайны, Канвенцыя пра ваеннапалонных 1929 і Жэнеўскія канвенцыі 1949 пра ахвяр вайны. Цэнтр. орган — Міжнар. камісія Чырв. Крыжа. Бел. т-ва Чырв. Крыжа ўваходзіць у МКЧК з 1995. Нобелеўскія прэміі міру 1917, 1945, 1963.

т. 10, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАНТА́ЙР-ЛІ́МБЕ (Blantyre-Limbe),

Блантайр, горад на Пд Малаві. Складаецца з 2 гарадоў — Блантайра і Лімбе (аб’яднаны ў 1956). 402,5 тыс. ж. (1993). Чыгункай злучаны з портам Бейра (Мазамбік). Міжнар. аэрапорт. Гал. прамысл. і гандл. цэнтр краіны. Прадпрыемствы харчасмакавай (тытунь, чай, арахіс), лёгкай, паліграф. прам-сці. Тытунёвы аўкцыён. Нац. музей.

т. 3, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ДФАРД, Брэдфард (Bradford),

горад у Вялікабрытаніі, на Пн Англіі, у канурбацыі Уэст-Йоркшыр. 477,5 тыс. ж. (1992). Тэкст. (асабліва шарсцяная), маш.-буд. (у т. л. эл.-тэхн.), вугальная, хім., фармацэўтычная, буд. матэрыялаў, паліграф., мікраэлектронная прам-сць. Ун-т. Нац. музей фатаграфіі, кіно і тэлебачання. Маст. галерэя. Арх. помнікі 19 ст.

т. 3, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕ́РТ II ((Albert)) (н. 6.6.1934, Брусель),

бельгійскі кароль з 1993. Скончыў ваенна-марское вучылішча ў г. Бруге, камандор ВМС. У канцы 2-й сусв. вайны дэпартаваны ў Германію, у 1950 вярнуўся ў Бельгію. Да жн. 1993 прынц, пасля смерці старэйшага брата Бадуэна — кароль (6-ы). Ганаровы прэзідэнт Нац. алімпійскага к-та.

т. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДУЛА́ЕЎ (Абдулхак Аксакалавіч) (н. 30.12.1918, г. Туркестан Чымкенцкай вобл., Казахстан),

узбекскі жывапісец. Нар. мастак Узбекістана (1968). Вучыўся ў Самаркандскім маст. тэхнікуме (1931—36), Маскоўскім маст. ін-це (1938—41). Аўтар нац. па каларыце партрэтаў паэта і мысліцеля А.​Наваі, пісьменнікаў Айбека, І.​Рахіма, К.​Яшэна, «Аўтапартрэта ў кіргізскай шапцы» і інш.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)