ПАВЕ́РХНЯ,

1) адно з геам. паняццяў, у элементарнай геаметрыі разглядаецца як мяжа цела або як след лініі, што рухаецца. Напр., сфера (мяжа шара), П. мнагагранніка.

Калі рухаецца прамая лінія, то яе след утварае лінейчастую П. (напр., цыліндрычную); вярчэнне лініі вакол прамой дае паверхню вярчэння (напр., канічную). У аналітычнай геаметрыі вывучаюцца алгебраічныя П., якія задаюцца ўраўненнем Φ(x1, x2 ..., xn дзе Φ — мнагасклад, ступень якога наз. парадкам алгебраічнай П. П. першага парадку — плоскасць, прыклады П. другога парадку — эліпсоіды, гіпербалоіды, парабалоіды Уласцівасці П. вывучаюцца паверхняў тэорыяй, у тапалогіі.

2) П. ў фізіцы — мяжа раздзелу паміж двума асяроддзямі, што кантактуюць. У кожным з гэтых асяроддзяў на пэўную адлегласць ад П. распасціраецца слой, у якім элементны састаў і хім. стан, атамная і электронная структура, дынамічныя, магн. і інш. ўласцівасці рэчыва істотна адрозніваюцца ад яго ўласцівасцей у аб’ёме. Таўшчыня гэтага слоя залежыць ад прыроды асяроддзяў, што кантактуюць, і знешніх умоў. Яму ўласцівы разнастайныя паверхневыя з ’явы.

т. 11, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛІВА,

рэчывы, якія пры спальванні вылучаюць значную колькасць цеплаты і выкарыстоўваюцца для атрымання цеплавой энергіі. Паводле паходжання падзяляюць на прыроднае (антрацыт, буры вугаль, газы прыродныя гаручыя, гаручыя сланцы, драўніна, каменны вугаль, нафта, торф) і штучнае (напр., кокс каменнавугальны, коксавы газ, генератарныя газы), паводле агрэгатнага стану — на цвёрдае, вадкае і газападобнае, паводле прызначэння — на маторнае паліва, кацельнае і інш. Многія віды П. выкарыстоўваюць як сыравіну ў хім. і нафтахім. прам-сці (гл. Нафтаперапрацоўка).

Уласцівасці П. ў значнай ступені абумоўлены яго хім. саставам. Большасць гаручых рэчываў — вугляродзістыя рэчывы (ад амаль чыстага вугляроду да складаных арган. злучэнняў), некаторыя віды П. (напр., ракетнае паліва) не маюць вугляроду. Асн. характарыстыка П. — цеплата згарання. Важнымі з’яўляюцца экалагічныя характарыстыкі П. і прадуктаў яго згарання, напр., выкарыстанне маторнага паліва дае каля 50% таксічных атм. выкідаў (аксіду вугляроду, аксідаў азоту і вуглевадародаў). Выкарыстанне т.зв. альтэрнатыўнага П. — звадкаваныя гаручыя газы, спірты, прадукты іх перапрацоўкі і сумесі з бензінам, штучнае вадкае паліва, вадарод, памяншае расход нафты і таксічнасць адпрацаваных газаў.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 11, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫЯДЫ́ЧНЫ ДРОБ,

бясконцы дзесятковы дроб, у якім, пачынаючы з некаторага месца, перыядычна паўтараецца пэўная група лічбаў (перыяд). Перыяд запісваюць у дужках, напр., замест 5,6666... пішуць 5,(6) і чытаюць «5 цэлых і 6 у перыядзе».

Дроб наз. чыстым, калі перыяд пачынаецца адразу пасля дзесятковай коскі, і змешаным, калі паміж коскай і перыядам ёсць інш. лічбы. Напр., 8,(3) — чысты П.д., а 2,3(41) — змешаны. Усякі П.д. — рацыянальны лік. Усякі рацыянальны лік пераўтвараецца у канечны дзесятковы дроб ці бясконцы П.д. Кожны П.д. можна пераўтварыць у звычайны дроб, дзе лічнік — рознасць паміж лікам, які стаіць паміж коскай і другім паўтарэннем перыяду, і лікам паміж коскай і перыядам; назоўнік мае лічбу 9 столькі разоў, колькі лічбаў у перыядзе, і справа ад яе дапісваецца столькі нулёў, колькі лічбаў стаіць паміж коскай і перыядам. Напр., 0,(45) = 45/99 = 5/11; 0,58(3) = (583 − 58)/900 = 525/900 = 7/12.

А.​А.​Гусак.

т. 12, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЯЎЛЕ́ННЕ ФАТАГРАФІ́ЧНАЕ,

пераўтварэнне скрытага фатагр. відарыса, што ўзнік у святлоадчувальным матэрыяле пры фатаграфаванні, у бачны. Найб. пашырана хім. П.ф. з выкарыстаннем спец. рэчываў (праявіцеляў) для пераўтварэння (аднаўлення) галагенідаў серабра да метал. серабра, неабходнага для ўтварэння бачнага відарыса.

Пры праяўленні колерафатаграфічных матэрыялаў атрыманне відарыса з фарбавальнікаў адбываецца адначасова з аднаўленнем метал. серабра, якое выдаляецца пры наступнай апрацоўцы. Праявіцелі для хім. П.ф. маюць праяўляльныя рэчывы (напр., метол, гліцын), захавальныя рэчывы (найб. пашыраны сульфіт натрыю), якія прадухіляюць акісленне праявіцелю кіслародам паветра, і паскаральныя рэчывы (напр., карбанат ці гідраксід натрыю), якія актывізуюць праявіцель. У праявіцель таксама дадаюць процівуаліруючыя рэчывы (брамід калію) і інш. кампаненты. Для выдалення рэшткаў галагенідаў серабра, не адноўленых пры П.ф., выкарыстоўваюць замацаванне фатаграфічнае. Акрамя хімічнага распрацавана фіз. П.ф., дзе метал. серабро відарыса аднаўляецца з раствору сярэбранай солі. Для П.ф. выкарыстоўваюць кюветы, спец. бачкі, праявачныя машыны і інш. Праяўленне бессярэбраных фотаматэрыялаў грунтуецца на інш. прынцыпах, напр., на выкарыстанні электрычна зараджаных парашкоў (гл. Электрафатаграфія).

т. 13, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РТУЦЬАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

металаарганічныя злучэнні, у малекулах якіх ёсць сувязь ртуць—вуглярод (Hg—C).

Большасць Р.з. — злучэнні тыпу RR′Hg (R, R′ — аднолькавыя або розныя арган. радыкалы) і RHgX (X — галаген, кіслотны астатак, OH, OR′, SH і інш.); вядомы Р.з. аднавалентнай ртуці.

Р.з. тыпу R2Hg (R — ніжэйшы алкіл) — бясколерныя лятучыя вадкасці з непрыемным пахам [напр., (CH3)2Hg дыметылртуць, tкіп 92 °C], астатнія — нізкаплаўкія цвёрдыя рэчывы [напр., (C6H5)2Hg дыфенілртуць, tпл 125 °C]. Нерастваральныя ў вадзе, раствараюцца ў арган. растваральніках. Злучэнні тыпу RHgX звычайна крышт. рэчывы, маларастваральныя ў вадзе. Р.з. хімічна даволі ўстойлівыя: не ўзаемадзейнічаюць з вадой, спіртамі, карбанільнымі злучэннямі; у паветры не акісляюцца. Лёгка раскладаюцца мінер. к-тамі, уступаюць у рэакцыі абмену вуглевадароднымі радыкаламі з інш. металаарганічнымі злучэннямі. Выкарыстоўваюць для атрымання высакачыстых металаарган. злучэнняў, некаторыя (напр., этылртуцьхларыд C2H5HgCl — граназан) як фунгіцыды. Усе Р.з. вельмі таксічныя (асабліва лятучыя); адсарбіруюцца скурай, раздражняюць вочы, верхнія дыхальныя шляхі. ГДК 0,01 мг/м³ (па ртуці), для граназану 0,005 мг/м³, у вадзе — 0,0001 мг/л.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 13, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛІ́КТЫ (ад лац. relictum астатак),

віды і іншыя групы раслін і жывёл, што захаваліся ад флор і фаун мінулых геал. эпох. Р. адрозніваюць па геал. узросце (неагенавыя — метасеквоя, секвоя, хахуля, ледавіковыя — бакаплаў Паласа, карлікавая бяроза, мянтуз, рапушка еўрап., рэліктавая мізіда і інш.), па месцы паходжання (напр., міжземнаморскія, туранскія), экалагічных умовах (напр., гігра- і мезафільныя), па часе ранейшага панавання і пашырэння (напр., неагенавыя, мезазойскія, мелавыя) і інш. Для Р. характэрна ізаляванасць у філагенет. сістэме. Іх падзяляюць на кансерватыўныя (віды, якія амаль не змяніліся пры адносна нязменных умовах асяроддзя) і адаптыўныя, што змяніліся і прыстасаваліся да новых умоў. Таксама адрозніваюць сурэлікты (захоўваюць свой арэал), адаптаны (пашыраюць яго), дэграданты (скарачаюць арэал і колькасць відаў). Маюць у сабе багатую генет. і геагр. інфармацыю. Выкарыстоўваюцца пры даследаванні гісторыі ўзнікнення і фарміравання біягеацэнозаў, вывучэнні працэсаў відаўтварэння, выяўленні філагенет. сувязей. Найб. рэдкія Р. ўключаюць у Міжнар. і нац. Чырв. кнігі.

В.​М.​Прохараў, А.​У.​Суднік.

т. 14, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́НТЭЗ МІНЕРА́ЛАЎ,

штучнае атрыманне мінералаў і монакрышталёў; адзін з раздзелаў эксперымент. мінералогіі. Ажыццяўляецца рознымі метадамі з аднакампанентных і многакампанентных сістэм. Крышталізацыя з расплаву — найб. пашыраны працэс прамысл. вырошчвання крышталёў і мінер. злучэнняў: карунд і яго разнавіднасці, рутыл, фабуліт, шпінэлі, флюарыт, александрыт, гранаты і інш. Крышталізацыя з насычаных раствораў адбываецца пры т-рах 30—600 °C — з водных раствораў (гідратэрмальны метад), 600—1400 °C — з солевых і інш. раствораў-расплаваў пры розных цісках (напр., пры сінтэзе алмазаў некалькі гігапаскаляў). Гэтым метадам атрымліваюць кварц (зялёныя і блакітныя крышталі, аметыст, цытрын), кальцыт, берлініт, цынкіт, карунд і яго разнавіднасці, сфалерыт, садаліт, кінавар і інш. Крышталізацыя з паравой (газавай) фазы адбываецца праз кандэнсацыю з малекулярных або плазменных пучкоў, катоднае або высокачастотнае распыленне, сінтэз у замкнёных аб’ёмах або ў патоку інертных газаў. Гэтым метадам вырабляюць галеніт, паратэлурыд і інш. Існуюць таксама метады хім. асаджэння з раствораў (напр., сінтэз апалу), цвердафазных рэакцый з прасаваннем пры высокіх цісках (напр., атрыманне бірузы, жадэіту). Гл. таксама Мінералы штучныя.

У.​Я.​Бардон.

т. 14, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУКЦЭ́СІЯ (ад лац. successio пераемнасць, наследаванне),

паслядоўная змена біяцэнозаў на пэўным участку зямной паверхні. Класічную тэорыю С. распрацаваў амер. батанік Ф.​Клеменс (1916). С. адбываецца на фоне ўскладнення стратэгіі відаў, структуры папуляцый, трафічных ланцугоў і інш. і вядзе да ўстойлівага стану — клімаксу. Біяцэнозы, што змяняюць адзін аднаго, утвараюць сукцэсійны рад або серыю. Асн. механізм С. — аднаўленне раўнавагі экалагічнай паміж біятычнымі згуртаваннямі і фактарамі знешняга асяроддзя.

Пры першасных С. згуртаванні раслін і жывёл узнікаюць на месцах, пазбаўленых жыцця (пясчаных дзюнах, горных пародах, лавах, маладых алювіях). Пры другасных С. адбываецца самаўзнаўленне парушаных згуртаванняў (напр., пасля пажараў, паводак, засух). Вылучаюць С. прыродна абумоўленыя (энда- і экзагенныя) і антрапагенныя. Эндагенныя С. адбываюцца ў выніку ўнутр. працэсаў развіцця біягеацэнозаў (напр., пры зарастанні вадаёмаў), экзагенныя С. выкліканы ўздзеяннем знешніх экалагічных фактараў (напр., эрозіяй глеб, кліматычнымі ўздзеяннямі). Экзагенныя С., што абумоўлены агульнымі геал. зменамі, наз. голагенетычнымі. Антрапагенныя С. развіваюцца пад уздзеяннем гасп. дзейнасці (высечкі лесу, разворванне зямель, выпас жывёл, выкіды і сцёкі прамысл. прадпрыемстваў).

т. 15, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРМАЖЭ́ННЕ ў фізіялогіі,

актыўны нервовы працэс, які прыгнечвае або прадухіляе ўзбуджэнне. Адбываецца пры ўзаемадзеянні медыятара з постсінаптычнай мембранай шляхам гіперпалярызацыі, якая зніжае ўзбудлівасць. Існуюць медыятары, здольныя выклікаць працэсы Т. і ўзбуджэння (напр., ацэтылхалін), медыятары Т. (напр., гліцын у спінным мозгу) і тармазныя нейроны (напр., клеткі Рэншоу спіннога мозга). Адрозніваюць Т. перыферычнае (адбываецца ў сінапсах на мышачных і залозістых клетках), цэнтральнае (рэалізуецца ў межах ц. н. с.), прэсінаптычнае і постсінаптычнае (у міжнейронных сінапсах), безумоўна- і ўмоўнарэфлекторнае (гл. Вышэйшая нервовая дзейнасць). Ва ўзбудлівых сінапсах Т. дзейнасці нейрона часам узнікае пад уплывам празмернага паступлення нерв. імпульсаў — песімальнае Т. (гл. Парабіёз). Ахоўнае Т. засцерагае нерв. цэнтры ад моцнага раздражнення або ператамлення. Складаныя каардынацыйныя ўзаемадзеянні паміж Т. і ўзбуджэннем — аснова нармальнай дзейнасці органаў і тканак, фарміравання паводзінскіх звычак у працэсе выспявання арганізма, эвалюцыі аналітычна-сінт. дзейнасці мозга.

Літ.: Анохин П.К. Внутреннее торможение как проблема физиологии. М., 1958; Судаков К.В. Общая теория функциональных систем. М., 1984.

С.​С.​Ермакоеа.

т. 15, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕВЫМЯРЭ́ННІ, тэлеметрыя,

галіна тэлемеханікі, якая вывучае тэорыю, прынцыпы і тэхн. сродкі вымярэнняў на адлегласці фіз. велічынь, што характарызуюць які-н. працэс, з’яву прыроды ці стан жывога арганізма. Вынікі Т. у выглядзе кадзіраванага эл.- або радыёсігналу аўтаматычна перадаюцца з аб’екта кіравання (кантролю) на пункт кіравання для апрацоўкі на ЭВМ, рэгістрацыі і інш.

Адрозніваюць Т. бягучых значэнняў параметраў (перадаюцца іх неперарыўныя ці дыскрэтныя значэнні) і інтэгральных значэнняў параметраў (перадаюцца дыскрэтныя значэнні праз пэўныя прамежкі часу, напр., расходу электраэнергіі, паліва, газу). Правільнасць і надзейнасць работы вымяральнага тэлеметрычнага прыстасавання (сукупнасці пераўтваральных і вымяральных прылад з каналамі сувязі паміж імі) залежаць ад каналаў сувязі, якія бываюць акустычныя, аптычныя, гідраўлічныя і эл. (найб. пашыраныя) — правадныя, кабельныя і радыёрэлейныя лініі сувязі, а таксама радыёканалы. Вынікі Т. могуць быць прадстаўлены ў аналагавай (напр., з дапамогай стрэлачных вымяральных прылад, асцылографа) або ў лічбавай (напр., з дапамогай лічбавых індыкатараў) форме.

Літ.:

Проектирование и надежность систем автоматики и телемеханики. Мн., 1981.

М.​І.​Сарока.

т. 16, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)