ПУНІ́, Пуньі (Pugni) Цэзар (Чэзарэ; 31.5.1802, г. Генуя, Італія — 26.1.1870), італьянскі кампазітар. Вучыўся ў Міланскай кансерваторыі. З канца 1820-х г. пісаў балеты, якія прынеслі вядомасць. Больш за 20 гадоў супрацоўнічаў з М.Петыпа. З 1851 у Расіі ў якасці «стваральніка балетнай музыкі» пры пецярб. імператарскіх т-рах. У Пецярбургу напісаў 35 балетаў (усяго 312), у т. л. «Дачка фараона» (1862), «Канёк-Гарбунок» (1864; доўгі час адзіны балет на рускі сюжэт), «Цар Кандаўл» (1868). Аўтар балетаў «Эсмеральда» (1844), «Мармуровая прыгажуня» (1847); 10 опер, у т. л. «Кантрабандыст» (1833); сімфоній; мес (каля 40), камерна-інстр. твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМЕ́СНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,
прафесійна-тэхнічныя навуч. ўстановы ў СССР для падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых. Існавалі ў 1940—59. Створаны замест школ фабрычна-заводскага вучнёўства адначасова са школамі фабрычна-заводскага навучання. Рыхтавалі металургаў, гарнякоў, нафтавікоў, работнікаў марскога і рачнога транспарту, прадпрыемстваў сувязі і інш. Прымаліся асобы ва ўзросце 14—15 гадоў з 7-гадовай адукацыяй, пераважна гарадская моладзь. Тэрмін навучання 2 гады. Падлеткі знаходзіліся на дзярж. забеспячэнні. З 1943 дзейнічалі спец. Р.в. з 4-гадовым тэрмінам навучання для сірот, дзяцей воінаў, якія загінулі на фронце, і партызан. На Беларусі ў 1940 было 15 Р.в. Пераўтвораны ў прафес.-тэхн. вучылішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЁНТАК (Казімір) (н. 21.10.1914, г. Валга, Эстонія),
рымска-каталіцкі царк. дзеяч Беларусі. Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю імя Фамы Аквінскага ў Пінску (1939). У 1939—44 в.а. пробашча парафіі ў Пружанах. У крас. 1941 арыштаваны і зняволены на 2 месяцы ў брэсцкую турму. У снеж. 1944 зноў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў, зняволенне адбываў у лагерах Сібіры і Комі АССР. Пасля вызвалення 16.6.1954 вярнуўся да пастырскай дзейнасці, з 1.12.1954 пробашч парафіі ў Пінску. З 13.4.1991 архібіскуп, мітрапаліт мінска-магілёўскі, апостальскі адміністратар Пінскай рымска-каталіцкай епархіі. 26.11.1993 ад папы Іаана Паўла 11 атрымаў званне кардынала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКВО́Я (Sequoia),
род голанасенных раслін сям. таксодыевых. 1 рэліктавы від — С. вечназялёная (S. sempervirens). Трапляецца на зах. узбярэжжы Паўн. Амерыкі, у гарах Каліфорніі і Паўд. Арэгона (ЗША). Утварае парасткавыя лясы. У Еўропе і Азіі рэшткі С. выяўлены ў юрскіх і ніжнемелавых пластах. Культывуецца.
Вечназялёныя хваёвыя дрэвы з вузкаканічнай кронай. Адносяцца да найвыш. дрэў (выш. ствала 110—112 м, дыяметр 6—10 м). Жывуць больш за 3 тыс.гадоў. Ігліца лінейна-ланцэтная, размешчана грабеньчата. Шышкі амаль шарападобныя, даўж. 2—3 см. Насенне з доўгімі крыльцамі. Драўніна светла-чырв., выкарыстоўваецца для падводных збудаванняў, мэблі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛІВО́НІК (Васіліса Сямёнаўна) (1907, в. Літвінкі Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. — 14.12.1990),
удзельніца рэв. руху ў Зах. Беларусі. Чл. Брэсцкага, сакратар Гродзенскага, Слонімскага і Пінскага акр. к-таў КПЗБ. Дэлегат II з’езда КПЗБ (май 1935). У сак. 1936 арыштавана польск. ўладамі і прыгаворана да 10 гадоў турмы. Дэп.Нар. сходу Зах. Беларусі (28—30.10.1939, Беласток). У Вял.Айч. вайну ўдзельніца партыз. барацьбы на тэр. Жабінкаўскага і Брэсцкага р-наў, чл. Жабінкаўскага раённага антыфаш. к-та. Пасля вайны на парт. і сав. рабоце ў Брэсце. Ганаровы грамадзянін г. Брэста (1969). Аўтар успамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНТ-КІ́ЛДА (Saint Kilda),
біясферны рэзерват у Вялікабрытаніі, на аднайм. астравах, за 70 км на З ад Гебрыдскіх астравоў. Адзін са старэйшых у свеце (першыя ахоўныя меры ўведзены вікінгамі каля 1000 гадоў назад). Пл. 852 га. Архіпелаг утвораны са стромкіх скал (выш. да 430 м), як вынік разбурэння вулкана. Флора складаецца з беднай скальнай расліннасці. Найбольшыя ў Паўн. Атлантыцы калоніі марскіх птушак (глупышоў, олушаў, тупікаў, качурак і інш.). У выніку геагр. ізаляцыі ўзнік шэраг унікальных эндэмічных форм і відаў жывёл. У 1986 С.-К. ўключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЗІ́Ф, Сісіф,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі сын Эола — родапачынальніка племя эалійцаў, будаўнік і цар стараж.Карынфа. Праславіўся сваёй хітрасцю. С. падмануў нават багіню смерці Танатас і закаваў яе ў кайданы (вызвалена Арэсам праз некалькі гадоў, на працягу якіх людзі не паміралі), потым быў адзіным з памерлых, каму ўдалося ўцячы з царства мёртвых — аіда. Калі С. зноў, ужо назаўсёды, трапіў у аід, то быў жорстка пакараны багамі за свае хітрыкі і злачынствы: яго прымусілі бясконца каціць на высокую гару вялізны камень, які, дасягнуўшы вяршыні, кожны раз скочваўся ўніз. Адсюль выразы «сізіфава праца», «сізіфаў камень» — цяжкая, марная, бясконцая праца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЎНАСЦЬу праве,
устаноўлены законам тэрмін, сканчэнне якога цягне юрыд. вынікі: страту права на іск (іскавая Д.), на прымусовае выкананне рашэння суда, арбітражу і да т.п. (выканаўчая Д.), выключэнне крымін. адказнасці або магчымасці выканання абвінаваўчага прыгавору.
Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь цячэнне іскавай Д. звычайна пачынаецца з дня ўзнікнення права на іск, Д. для прыцягнення да крымін. адказнасці — з дня ўчынення злачынства, Д. прывядзення ў выкананне абвінаваўчага прыгавору ці суд. рашэнняў па цывільных справах — з часу набыцця імі законнай сілы. Агульны тэрмін іскавай Д. ўстанаўліваецца ў 3 гады (для асобных яе відаў закон прадугледжвае спец. тэрміны Д.). Пры наяўнасці законных падстаў цячэнне тэрмінаў іскавай Д. можа прыпыняцца або перарывацца.
Тэрміны Д. прыцягнення да крымін. адказнасці і выканання абвінаваўчага прыгавору дыферэнцыраваны законам і залежаць ад цяжкасці злачынства і назначанага судом пакарання. У такіх выпадках ён доўжыцца ад 1 да 10 гадоў з моманту ўчынення злачынства ці асуджэння. Цячэнне Д. перарываецца або прыпыняецца, калі да сканчэння гэтых тэрмінаў вінаваты зробіць новае злачынства ці асуджаны ўхіліцца ад адбывання пакарання або зробіць новае злачынства. Вылічэнне Д. ў такіх выпадках пачынаецца з моманту ўчынення новага злачынства або затрымання асуджанага. Асоба не можа быць прыцягнута да крымін. адказнасці, калі з моманту ўчынення злачынства мінула 15 гадоў і Д. не была перарвана ўчыненнем новага злачынства. Прымяненне Д. да асобы за злачынства, за якое паводле закону можа быць назначана пакаранне смерцю, вырашае суд. У адпаведнасці з міжнар. канвенцыяй Д. крымін. праследавання не ўжываецца да ваен. злачынцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРА́ЗІЯ [ад назвы Лаўрэнцьеўскі шчыт (цяпер Канадскі шчыт) + Азія],
старажытны суперкантынент, што аб’ядноўваў мацерыкі Паўн. паўшар’я — Паўн. Амерыку, Еўропу і Азію. Стварыўся ў палеазоі ў выніку пераўтварэння Атлантычнага, Урала-Мангольскага, Арктычнага і Міжземнаморскага геасінклінальных паясоў у складкавыя, якія паступова звязалі стараж. платформы паўн. рада; Канадскую (Лаўрэнцію), Усх.-Еўрапейскую, Сібірскую, а таксама Калымскі масіў. У канцы сілуру — пачатку дэвону (канец эпохі каледонскай складкавасці) паўн.ч. Атлантычнага геасінклінальнага пояса перайшла ў стадыю арагенезу і злучыла Паўн.-Амерыканскую і Усх.-Еўрапейскую платформы ў адзіны кантынентальны масіў — Лаўрусію. З сярэдзіны карбону б.ч. Урала-Ахоцкага і Міжземнаморскага геасінклінальных паясоў пачала пераўтварацца ў складкавыя, што ў позняй пярмі—сярэдзіне трыясу прывяло да аб’яднання Лаўрусіі з Сібірскай платформай у Лаўразію. Л. размяшчалася бліжэй да экватара і шырокім марскім басейнам ак.Тэціс аддзялялася ад суперкантынента Паўд. паўшар’я Гандваны. Паводле геал. даных вызначана сувязь паміж зах. часткамі Л. і Гандваны (усх. часткі былі больш раз’яднаныя). Пазней, але таксама ў пярмі — сярэдзіне трыясу Л. і Гандвана разам з Кітайска-Карэйскай платформай і Паўднёва-Кітайскай платформай былі адзіным звышкантынентам, якому А.Вегенер (гл.Вегенера гіпотэза) даў назву Лангея. Распад Пангеі, а разам з ёй Л. і Гандваны пачаўся 200 млн.гадоў назад (у канцы трыясавага — пачатку юрскага перыяду мезазойскай эры). У сярэдзіне мезазою Л. распалася на 2 часткі — Паўн. Амерыканскую і Еўразіяцкую, з утварэннем паміж імі Атлантычнага акіяна. У выніку дрэйфу кантынентаў каля 10 млн.гадоў назад Паўн. Амерыка і Еўразія занялі сучаснае становішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДЗЕ́ЛЫ ЗЯМЕ́ЛЬНЫЯу Расійскай імперыі,
спосаб перыядычнага аднаўлення сельскай абшчыннай ўраўняльнасці землекарыстання, якая пастаянна парушалася зменай складу сям’і і колькасці двароў абшчыннікаў. Пры феадалізме П.з. праводзілі або кантралявалі памешчыкі. Пасля сялянскай рэформы 1861 яны сталі выключнай функцыяй пазямельнай абшчыны і вызначаліся патрабаваннем 2/3 гаспадароў дамоў на сельскім сходзе. П.з. падзяляліся на агульныя, прыватныя і т.зв. перавёрсткі. Агульныя (усіх двароў) П.з. праводзіліся праз шэраг гадоў, прыватныя (перадача зямлі з адной сям’і ў другую пры змене іх люднасці або канфіскацыі надзелаў нядоімшчыкаў) — штогод. Перавёрсткі азначалі прымусовы абмен раўнацэннымі зямельнымі ўчасткамі, каб зменшыць цераспалосіцу. Паводле правіл 1893 агульныя П.з. праводзіліся пад кантролем земскіх участковых начальнікаў не часцей як праз 12 гадоў, а прыватныя дапускаліся толькі ў выключных выпадках. На Беларусі П.з. праводзіліся ва ўсх. паветах, дзе часткова існавала абшчыннае ўладанне ворнай зямлёй і сенажацямі. Размеркаванне надзельных зямель адбывалася пераважна па колькасці наяўных работнікаў (мужчын ці ўсіх) у сям’і. Пасля адмены прыгону агульныя і прыватныя П.з. не атрымалі ў бел. паветах значнага пашырэння і адсутнічалі ў большасці паселішчаў з абшчынным землеўладаннем, што ўзмацняла працэс разлажэння сялянства. У ходзе сталыпінскай аграрнай рэформы ў адпаведнасці з законам ад 14.6.1910 усе абшчыны, у якіх не было агульных П.з. з часу іх надзялення зямлёй, былі абавязаны перайсці да падворнага землеўладання. П.з. адрадзіліся пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 з ажыццяўленнем дэкрэта аб зямлі ад 27.10(9.11). 1917 у вёсцы. Спыніліся з ліквідацыяй сельскай пазямельнай абшчыны ў ходзе суцэльнай калектывізацыі.