АЛЬХО́ЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Беларусі, у Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. На р. Страча, за 26 км на ПнУ ад г.п. Астравец. Створана ў 1951 для водазабеспячэння кардоннай ф-кі «Альхоўка». Пл. 0,7 км². Даўж. 3,7 км, найб. шыр. 0,28 км, найб. глыб. 5,2 м, аб’ём вады 2,1 млн. м³. Пл. вадазбору 1140 км². Берагі абрывістыя (мясцінамі вышынёй да 7 м), парослыя лесам.
т. 1, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Расійскай Федэрацыі, на р. Ангара. Утворана плацінай Брацкай ГЭС. Запоўнена ў 1961—67. Пл. 5470 км², аб’ём вады 169,3 км². 2 асн. плёсы: па р. Ангара (даўж. больш за 500 км, найб. шыр. 33 км) і па р. Ака (даўж. 370 км). Ваганні ўзроўню да 10 м. Выкарыстоўваецца для суднаходства, лесасплаву, водазабеспячэння і рыбнай гаспадаркі. Порт г. Брацк.
т. 3, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯССЦЁКАВАЕ ВО́ЗЕРА возера, якое не мае паверхневага і падземнага сцёку. Найчасцей трапляецца ў абласцях унутранага сцёку стэпавай і паўпустынных зон і ў абласцях развіцця шматгадовай мерзлаты. Расход вады ідзе праз выпарэнне, таму ў засушлівым клімаце ў бяссцёкавым возеры назапашваюцца мінер. солі. Прамысл. здабыча кухоннай солі вядзецца ў азёрах Эльтон і Баскунчак, соды ў Даронінскім воз. (Расія), мірабіліту ў Салёным воз. (ЗША) і інш.
т. 3, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РТА (Warta),
рака ў Польшчы, правы прыток р. Одра. Даўж. 808 км, пл. бас. 53,7 тыс. км². Пачынаецца з Малапольскага ўзвышша, перасякае Кракаўска-Чанстахоўскае ўзвышша, цячэ па Велікапольскай нізіне. Паводкі вясной і ўвосень. Сярэдні расход вады 215 м³/с. Суднаходная (ад Познані) з дапамогай шлюзаў. Злучана з Віслай прытокам Ноцец і Быдгашчцкім каналам. На Варце гарады Чанстахова, Познань, Гожаў-Велькапольскі.
т. 4, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛІКАБО́РСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Беларусі, у Хойніцкім р-не Гомельскай вобл. На р. Віць (за 51,1 км ад вусця), у бас. р. Прыпяць. За 14 км на ПнЗ ад г. Хойнікі, каля в. Вял. Бор. Створана ў 1986. Пл. 2,7 км², даўж. 2,63 км, найб. шыр. 1,5 км, найб. глыб. 13,9 м. Аб’ём вады 8,95 млн. м³. Выкарыстоўваецца для арашэння і рыбагадоўлі.
т. 4, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНЦЫ́,
рознакаляровыя кольцы вакол Сонца, Месяца або яркіх зорак. Утвараюцца ў выніку дыфракцыі святла пры праходжанні яго праз кроплі вады або ледзяныя крышталікі ў тонкіх вадзяных або ледзяных воблаках. Вуглавая адлегласць паміж кольцамі адваротна прапарцыянальная радыусу кропляў: чым драбнейшыя кроплі, тым большыя вянцы. Адрозніваюцца ад гало меншым радыусам кольцаў (не больш за 5°). У метэаралогіі вянцы выкарыстоўваюць для вывучэння воблакаў і туманаў.
т. 4, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДА́ВАРЫ, Годзі,
рака ў Індыі. Даўж. 1450 км, пл. бас. 290 тыс. км². Пачынаецца ў Зах. Гатах, перасякае пласкагор’е Дэкан, упадае ў Бенгальскі заліў, утварае дэльту. Мнагаводная летам. Сярэдні расход вады 3500 м³/с. Суднаходства ў сярэднім і ніжнім цячэнні і ў дэльце, дзе злучана каналам з дэльтай р. Крышна. ГЭС. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Гадавары — гарады Нашык, Нандэр, Раджамандры.
т. 4, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАХАРЫ́Я (ад гідра... + ...харыя),
распаўсюджванне спораў, пладоў, насення і інш. зачаткаў раслін з дапамогай вады. Бывае выпадковая (перанясенне плынямі на плывучых прадметах) і звычайная, што абумоўлена асаблівай марфалогіяй і біялогіяй дыяспор (нязмочвальнасць вадой, нізкая шчыльнасць, працяглая жыццяздольнасць насення ў вадзе). Звычайная гідрахарыя характэрная для водных і каляводных раслін (асокі, ірдзесты і інш.). Распаўсюджванню відаў найб. садзейнічаюць марскі прыбой, рачное цячэнне, паводка і інш.
т. 5, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАБІГЕРЫ́НЫ (Globigerina),
род прасцейшых жывёл атр. фарамініфер кл. караняножак. Некалькі дзесяткаў відаў, у т. л. шмат выкапнёвых. Пашыраны ў цёплых морах, акіянах, вядуць планктонны спосаб жыцця.
Ракавіна порыстая, вапняковая, складаецца з некалькіх шарападобных камер, злучаных паміж сабой. Паверхня камер укрыта доўгімі радыяльнымі калючкамі, якія аблягчаюць «лунанне» ў тоўшчы вады. Ракавіны памерлых глабігерынаў падаюць на дно і ўтвараюць асн. частку глыбакаводнага глабігерынавага мулу.
т. 5, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНД-КУ́ЛІ (Grand Coulee),
каньён на Пн Калумбійскага плато на ПнЗ ЗША. Даўж. каля 70 км, шыр. 2,5—7 км, глыб. да 270 м. Адкрываецца ў даліну р. Калумбія каля г. Гранд-Кулі. Утвораны патокамі вады ледавікоў, у тоўшчы базальтаў. Рэчышча ў асноўным сухое, месцамі знаходзяцца прэсныя ці саленаватыя азёры. Каля Гранд-Каньёна на р. Калумбія — аднайм. ГЭС з вадасховішчам.
т. 5, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)